Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
А возьмем кампазыцыю помніка Якубу Коласу. Тут зь левага боку Сымон-музыка зь дзяўчынаю, справа — Дзед Талаш са стрэльбаю й хлопчык, які паказвае пальцам, куды мусіць страляць дзед... Пасярэдзіне кампазыцыі — аграмадная постаць Якуба Коласа сьпінаю да шматлюднай вуліцы Веры Харужай... Паэт нібы падпёр рукою падбародзьдзе. Фантаны абапал гэтак і не былі ўведзеныя ў дзеяньне. Сам Азгур завяршыў гэтую натуралістычную кампазыцыю бярозамі. Гэтыя дрэвы хоць неяк скрадваюць сьпіну помніка. Памятаю сваю гутарку з Данілам, сынам Коласа, пра тое, што мастакам і скульптарам гэты мэмарыял Коласу зусім не падабаецца. Даніла мне адказаў, што сам факт стварэньня помніка Коласу на плошчы ягонага імя, ды ў дадатак і вуліцы, таксама названая ў гонар Коласа, яго цалкам задавальняюць. А крытыка, маўляў, ад мастакоў і асабліва скульптараў паходзіць ад зайздрасьці: кожны хацеў бы атрымаць такі заказ.
У Менску засталося яшчэ два помнікі работы Азгура: Дзяржынскаму, які глядзіць у вокны свайго ж ведамства, і лётчыку, Герою Савецкага Саюзу Грыцаўцу. Гэтая манаполія Азгура тлумачылася тым, што ўладам тыя званьні і ўзнагароды, якімі ўганаравалі скульптара, не давалі заўважыць, што ня ўсё падуладна гэтаму творцу.
Яўген Ціхановіч
Пра Вацлава Іваноўскага
Можна многа чаго распавядаць пра Вайлава Іваноўскага як навукоўца, палітыка, аднаго з пачынальнікаў вызвольнага руху...
Прафэсара Іваноўскага я зблізку бачыў толькі адзін раз, калі ён, як заўжды без аховы, праходзіў па Нізкім завулку, у раёне Нямігі, да прафэсара Лыкоўскага. Лыкоўскі быў галоўным эпідэміёлягам гораду. Іваноўскі заўсёды спакойна й годна хадзіў па ўсім Менску.
Ад 3 лістапада 1941 г., як яго прызначылі бурмістрам Менску, ён шмат зрабіў для ратаваньня людзей ад нямецкіх рэпрэсіяў. Я гэта
ведаю. Улетку 1943 г. з ініцыятывы групы прафэсара Іваноўскага было створанае й падпольнае беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднаньне дзеля гуртаваньня сілаў, якія мелі на мэце адбудову беларускае незалежнае дзяржавы па вайне...
7 сьнежня 1943 г. Вацлаў Іваноўскі быў забіты на рагу цяперашніх вуліцаў Нямігі й Камсамольскай. Іваноўскі, як заўжды, без аховы ехаў на фурманцы. Ролю ахоўніка й выконваў фурман. Некалькі чалавек жалезнымі прутамі забілі іх абодвух, Іваноўскага з фурманам. Прутамі — каб не было чуваць стрэлаў. Хто гэта зрабіў, невядома было ні тады, ні цяпер. Магчыма, забойства было ўчыненае са згоды гаўляйтара фон Готбэрга. Але тады ўсе забойствы валілі на партызанаў, і, каб гэтак выглядала, Іваноўскаму як бурмістру немцы зрабілі шыкоўнае пахаваньне на Кальварыі. Так ня стала вялікага чалавека. Было яму толькі 62 гады...
Прафэсара Лыкоўскага я ведаў даволі добра. Ён, пэўна, меркаваў, што мая сям’я мае сувязі з партызанамі... Колькі разоў ён нам дапамагаў. Яго, прафэсара мэдыцыны, закатавалі «сталінскія сокалы» на Валадарцы. Разам з тымі, хто «працаваў на немцаў»...
Яўген Ціхановіч
Гісторыя аднаго партрэта98
Гэта было 3 чэрвеня 1997 г., калі Дзяржаўнаму мастацкаму музэю было адмоўлена ў набыцьці партрэта мастака Антона Каржанеўскага ў маім выкананьні. Прычынаю сталася тое, што Каржанеўскі ў гады апошняе вайны знаходзіўся ў акупаваным Менску і немцы ўзнагародзілі яго мэдалём. Гэтак гаворыцца ў выпісцы з пратаколу паседжаньня мастацкае экспэртнае рады. Пратакол падпісаў старшыня рады сп. Гедройць. Адразу скажу, што экспэртная рада мусіла разглядаць мастацкую вартасьйь твору. У гэтым сэнсе ён выкананы на высокім узроўні, бо інакш музэй і не прапанаваў бы гэтага закупу.
Тое, што рада занялася справаю КДБ на прапанову мастака Грамыкі і што менавіта ад яго й сыходзіла прапанова забараніць гэтае набыцьцё, дзівіць...
Гэты партрэт быў напісаны ў 1940 г. для выставы на Дэкадзе літаратуры й мастацтва ў Маскве. Гэта па-першае. А па-другое, у чым віна Каржанеўскага?
Дзясяткі мільёнаў чалавек, што апынуліся на акупаваных немцамі тэрыторыях, былі закладнікамі. Хто ж вінаваты ў гэткім лёсе?
Мне было 30 гадоў, як камуністы ўцякалі зь Менску на дзяржаўных машынах, як у паніцы пакідалі ўсё немцам. Пакінулі й будынкі ЦК КПБ, Дому ўраду й нават НКУС. He спалілі ані архіваў, ані дакумэнтаў, ані сьпісаў. Для гестапа карты ў рукі. За немцамі пачаліся адразу ж арышты, вобшукі, расстрэлы. Разам з тым немцы актывізавалі работу па прыцягненьні беларускае інтэлігэнцыі ў палітыку. Мастакам давалі працу ў газэтах, мастацкіх майстэрнях, у нагляднай агітацыі. Было нават дзьве мастацкія выставы...
Жонка Каржанеўскага да вайны працавала ў Вярхоўным Савеце БССР, была ў кампартыі і ў часе вайны эвакуявалася. Па вайне ёй прапанавалі выбар — развод з мужам альбо членства ў КПСС. Яна абрала сям’ю — мужа і сына, які ўсю вайну прабыў з бацькам.
Бадай, я адзіны застаўся жывы, хто можа апавядаць у друку пра жыцьцё інтэлігэнцыі ў часы нямецкае акупацыі.
Вось што было на самай справе... Усе мастакі, якія апынуліся пад акупацыяй, мусілі стаць на ўлік ва Ўправе, што выдавала ім (а таксама пісьменьнікам і артыстам) даведку, зь якой раз на тыдзень яны павінны былі зьяўляцца ў аддзел мастацтва, каб засьведчыць, што яшчэ жывы. Намесьнікам загадчыка Дому мастацтва быў мастак Мікола Дучыц, а загадчыкам — Ільінскі (колішні журналіст), родны брат народнага артыста СССР. I, натуральна, па-над усімі аддзеламі ўправы быў немец (гэтак званы шэф). Дык вось, гэтыя шэфы змушалі мастакоў браць удзел у выставе, што мусіла адбыцца ў памяшканьні Опэры, пры ўмове, што кожны прынясе ня менш як 3 работы на вольныя тэмы... Я асабіста даў эцюд партрэта жонкі, краявід і нацюрморт. Тутака й Каржанеўскі просіць мяне зірнуць на тое, што ён прынес Дучыцу. «Многа, замнога,— кажу я. — Знайшоў
час выстаўляцца ў такім аб’ёме». А ён у адказ: «Вы на Дэкадзе ў Маскве бралі ўдзел у выставах. А я ў той час служыў у войску. I вось толькі цяпер ёсьць магчымасьць паказаць свае творы». Карацей кажучы, не паслухаў ён маіх парадаў, выставіў больш за 40 малюнкаў алоўкам, былі й акварэлі, але не было ніякіх тэматычных кампазыцыяў. Заняў сваімі творамі невялікі пакойчык у тэатры, толькі колькасьць ягоных твораў вылучала яго сярод іншых мастакоў. Але калі мы йзноў сустрэліся каля кінатэатру, ён мне кажа: «Ня ведаю, Жэня, ці цешыцца мне, ці плакаць...». — «А што здарылася?» — пытаюся ў яго. — «Немцы ўзнагародзілі мяне “Мэдалём для Ўсходу” за актыўны ўдзел у выстаўцы...» — «А што ты пасьля скажаш? Плач», — кажу.
Гэтак яно й выйшла пасьля. Выслалі яго на 10 гадоў, а пасьля забаранілі жыць у сталіцы. Знайшліся людзі, сярод іх і мастак Яўген Мікалаеў зь Віцебску, якія ўсё жыцьцё не давалі Каржанеўскаму ходу ў мастацтве. Нават юбілейнай выставы той Мікалаеў не дазваляў зрабіць. Хоць Антон Каржанеўскі заставаўся сябрам Саюзу мастакоў.
Мікалаеў быў членам Віцебскага гаркаму партыі. Гэтая акалічнасьць вельмі спрыяла яму ў мастакоўскай кар’еры. Ён за кароткі час атрымаў ганаровае званьне заслужанага дзеяча мастацтваў, а пасьля й народнага мастака БССР. Каржанеўскі быў зьвярнуўся да праўленьня Саюзу мастакоў з просьбаю дазволіць зрабіць выставу ў Менску, але й тут Віцебскі гаркам выступіў з пратэстам. Тая забарона дзейнічала да самое сьмерці Каржанеўскага. Дзейнічала й пасьмяротна.
Так мэдаль мастака крочыў зь ім побач, як нейкае таўро. Хоць ягоныя палотны выстаўляліся побач з творамі таго ж Грамыкі, Савіцкага, Уродніча. Ягонае імя ёсьйь і ў энцыкляпэдыях. Ну, а што з тым маім партрэтам? Я напісаў ліст у Міністэрства культуры. Адказу не дастаў. А новы дырэктар Мастацкага музэю спасылаецца на тое, што грошай няма на гэткія партрэты. Я паказаў той партрэт Антона Каржанеўскага на выставе «Бацькі і дзеці» на пачатку 2000 г. Гледачы ўспрынялі яго добра.
Ціхановіч Я. Партрэт стагодзьдзя вачыма мастака //
Наша Ніва. 2006. № 1.
Пра Пётру Сергіевіча"
У Вільні, у Беларускім музэі, я ўпершыню сустрэў Сергіевіча. Ён пазнаёміў мяне з маладзейшымі працаўнікамі, якія сядзелі ў маленькім пакойчыку. Іх было трое. Яны сустрэлі мяне спачатку ня дужа ветліва, але як дазналіся, што я зяць Уладзіслава Галубка, дык і гамана пайшла па-іншаму. Штодня я заходзіў у Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча да Сергіевіча і потым разам зь ім абыходзіў віленскія касьцёлы, дзе было багата абразоў італьянскіх майстроў, якія, на думку Сергіевіча, мне трэ было ўбачыць абявязкова. Маўляў, іншага выпадку можа ня быць.
Зазвычай Сергіевіч вёў мяне проста да службовага ўваходу ў касьцёл ці царкву, даваў касьцельнаму служку ў рукі якія тры рублі савецкія й прасіў па-польску дазволу паглядзець разам з «панам зь Менску» мастацтва ў бажніцы. Мы заходзілі ў храм Божы, Сергіевіч ставаў на калені, жагнаўся даланёй і толькі пасьля дазваляў сабе прайсьці далей...
Напружанасьць у горадзе тым часам павялічвалася. Горад жыў прадчуваньнем нечага вельмі важнага, вельмі страшнага. Гэта можна было зразумець нават па тым, што ўва ўсіх касьцёлах служылі імшу несупынна.
Аднаго разу Сергіевіч запрасіў мяне ў сваю мансарду, якую быў узяўшы ў арэнду ад старога мастака. Майстэрня была немалая, але ўтульная. Там мы разглядалі партрэты дзеячаў беларускае культуры. Яны мне ўвогуле падабаліся, але адчувалася нейкая сухаватасьць у калярыце. А аднолькавыя фарматы стваралі ўражаньне царкоўных абразоў. Між тым тыпажы былі розныя, кантрасныя. Гэта й вылучала партрэты міжсобку, каб іх параўноўваць. Мне запомнілася вялікае палатно — партрэт ксяндза Станіслава Глякоўскага.
На разьвітаньне Сергіевіч даў мне фатастужку з тымі партрэтамі, а я, у сваю чаргу, перадаў яе старшыні Саюзу мастакоў БССР, Рубінштэйну. Давялося яму яшчэ й на словах патлумачыць, хто такі Пётра Сергіевіч. У газэце «ЛіМ» Рубінштэйн (да
ўсяго ён лічыўся й журналістам!) зьмясьціў колькі здымкаў тых партрэтаў з кароткімі анатацыямі да іх. Але партрэту ксяндза Глякоўскага спаміж іх не было...
Яўген Ціхановіч
Пра Вільню
У Вільні, у Акруговым інжынэрным упраўленьні, праходзіў вайсковую службу мой бацька, Мікалай Сяргееў сын Ціхановіч. Тутака нарадзіўся мой старэйшы брат Валянцін. Бацька быў родам з Рэчыцы. Натуральна, ён быў беларусам, хоць пісаўся расейцам. Адкуль майму бацьку было ведаць, што Паўночна-Заходні край і ёсьць Беларусяй... Забраны край. Паўсюдна стаялі акупацыйныя расейскія войскі, што дысьлякаваліся па ўсіх гарадох, і ў Вільні таксама. Бацька пісаўся расейцам, а мне расказваў пра паўстаньне 1863 году й пра Кастуся Каліноўскага, і пра ягонага ката, графа Мураўёва... Пра тое, што паўстанцаў вешалі на Лукішках.