Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Шырыня поймы ад 15 да 200 м. Востраў (агульная пл. 2,6 км2). У малаводныя гады колькасць астравоў можа павялічвацца да 3. Найбольшая глыбіня ў паўднёвым плёсе. Мелкаводдзе пясчанае, пясчана-галечнае і камяністае. Празрыстасць да 8 м. Мезатрофнае. Упадаюць больш за 17 ручаёў. Уздоўж берага паласа трыснягу і чароту шырынёй да 300 м. Урэчнік, рагаліснік, эладэя, харавыя водарасці растуць да глыбіні 8 м...”
Слядак пакінуў чытаць і пстрыкнуў кнопкай. Тэкст на дысплеі знік. Урэшце, зусім не гэтая “проза” яго цікавіла цяпер, калі ён набліжаўся да вады. Паскараючы міжволі крокі, ён падумаў пра тое, што заўсёды любіў ваду, аж з дзяцінства, калі яшчэ да Катастрофы бацькі вадзілі яго ў басейн, а потым ён амаль кожнае лета з’язджаў на вялікае вадасховішча, штучна створанае колькі гадоў таму ў сувязі з будаўніцтвам даўно спыненай цяпер атамнай электрастанцыі.
Мінуўшы раён смеццевых звалак, Слядак агледзеўся. Узбярэжная паласа возера была пакрыта рэдкім хмызняком, вольхай, якая месцамі ўтварыла цэлыя гушчары, а таксама маларослымі, гузаватымі дубамі. Тут жа расло многа ляшчыны. Чорная глеба і вільгаць, якая раз-пораз чвякала пад нагамі, пэўна, давалі магчымасць сяліцца і расці тут пралесцы, макрыцы, кісліцы, чартапалоху, аеру, падбелу, малачаю і яшчэ шмат якім раслінам, назваў якіх ён не ведаў. Ён пакрочыў далей, выбіраючы месца, дзе можна было спыніцца, але ўсюды было аднастайна задушліва і вільготна, пакуль урэшце ён не знайшоў адносна чысты і пясчаны кавалак берага.
Некалькі кнігавак з істэрычнымі крыкамі пачалі лётаць у яго над галавой, але неўзабаве сцішыліся і адляцелі ў бакі. Шэрая варона нязграбна прайшлася па ўзгорку непадалёк, з цікаўнасцю пазіраючы на чалавека цёмнымі пацеркамі вачэй.
Слядак удыхнуў у грудзі паветра і знерухомеў, аддаючыся незнаёмым дагэтуль пачуццям. Пакрыты смогам
Мегаполіс, які ён часова пакінуў, быццам адышоў у мінулае, выпаў з жыцця, як разам выпадае згнілы і аджылы сваё хворы зуб.
Ён скінуў красоўкі і застаўся басанож. Калі ён вось так ступаў нагамі па зямлі? Колькі часу прайшло з той пары?
Ён раздзеўся і зайшоў у ваду. Грунт быў цвёрды, пясчаны і без прыкмет глею. Па меры руху наперад вада дасягнула яму каленяў, пояса, паднялася да грудзей, і тады ён набраў у лёгкія паветра і адштурхнуўся ад дна. Далёкі востраў наперадзе, на які Слядак зрэдку кідаў позірк, быў яму арыенцірам. Але да вострава ён не паплыў, вырашыў зрабіць гэта пасля, напрыклад, заўтра ці пазней. Ён перакуліўся на спіну і застаўся так ляжаць на вадзе, углядаючыся ў неба, па якім зрэдку паўзлі белыя празрыстыя аблокі. На кароткі міг пачуццё шчасця цалкам ахапіла яго.
Ён доўга ляжаў так, амаль што выключыўшы сябе з адчування часу, калыхаючыся ў халаднаватых хвалях, толькі зрэдку варушыў нагамі і кісцямі рук, каб заставацца на плыву. Але стан няўцямнай трывогі і напружанасці, які суправаджаў яго ўсе апошнія гады і які пачаўся даўно, нават перад Катастрофай, і цяпер звыкла апанаваў яго. У думках Слядак вярнуўся назад, да гутаркі са сваім начальнікам, якога ўсе звалі Цэнзар. Белы, ён, як хадзілі чуткі, быў чальцом “Паўночнага Кардона” — забароненай супольнасці, якая змагалася за правы белай меншасці. Цэнзар выклікаў яго, каб даць наказ на дарогу, але не толькі. Слядак ведаў яго як скрытнага, але рашучага чалавека, дарэчы, земляка. У іх адбылася кароткая гутарка без сведкаў.
“Я даўно сачу за табой, ведаў і тваіх бацькоў, — гаварыў яму напаследак Цэнзар — сівы, знешне малапрыкметны чалавек з такім жа малапрыкметным, ардынарным тварам, але лоб яго быў па-мужчынску высокі, а з-пад надброўяў небяспечна свяціліся жывым розумам вочы. — I заданне, з якім ты едзеш у Паселішча, мае два кірункі. Адзін — афіцыйны: ты павінен раскрыць што-небудзь пра
забойствы і прадставіць, калі здолееш, доказы вінаватасці злачынца ці злачынцаў, а другі — крыху іншы: ты таксама павінен раскрыць, што здолееш, пра забойствы, знайсці таго ці тых, хто іх здзейсніў, і паведаміць іх імя ці імёны спачатку асабіста мне. Той чалавек ці людзі, адзін, два іх, тры ці нават пяць, магчыма, маюць мэты, якія супадаюць з нашымі. I тады першы кірунак тваіх вышукаў будзе ануляваны, але гэта ўжо толькі мая справа”.
“Чалавек ці людзі, якіх я, можа, і знайду, — яны маюць для нас нейкую асабістую каштоўнасць?” — спытаў ён тады.
“Так, — адказаў Цэнзар, — у нас мала аднадумцаў, здольных на дзеянне. Нехта пачынае знішчаць наркадылераў ці бандытаў? Выдатна! Калі ж мы ўсе ў розных кутках знойдзем адно аднаго і аб’яднаем сілы, то цалкам верагодна, выжывем самі і не дапусцім прыніжэння сябе і сваіх блізкіх”.
“А ўвогуле, яны якія -— нашы мэты?” — зноў крыху па-наіўнаму запытаўся ён тады.
“Я сам не больш як фігура на шахматнай дошцы. Ты малады, здаровы, але і ты — пакуль што толькі выканаўца. Так што дзейнічай”.
...Слядак прыўзняў галаву і абвёў вачыма бераг і месца, дзе ляжала яго вопратка. У яго быў нож, які, вядома, ён з сабой не ўзяў, а пакінуў на беразе. Там было пуста, і ён зноў лёг патыліцай у ваду і заплюшчыў вочы.
Але так ён прабыў нядоўга. Раптоўны шолах і рэзкі посвіст над галавой, а потым адчувальны моцны ўдар па твары, быццам анучай, прымусілі яго даць нырца. Вынырнуўшы, Слядак імкліва агледзеўся па баках — нікога і нічога не ўбачыў, ніякай небяспекі, але незразумелы страх пасяліўся ў ім і прымусіў неадкладна плысці да берага, а плаваць хутка ён умеў з дзяцінства. Зноў быццам нейкі цень пагрозліва праслізнуў над яго галавой, ён нават адчуў над плячыма халодны подых, як ад нечаканага парыву паўночнага ветру. А потым ён, што самае дзіўнае, пачуў смех.
Калі ногі яго неўзабаве намацалі дно, ужо ля самага берага, ён няўпэўнена азірнуўся, паглядзеў у неба над ім, але нічога і нікога не ўбачыў. Слядак таропка апрануў кашулю, нагавіцы і скіраваў да дома Крэза тым жа шляхам, якім і прыйшоў сюды, — берагам возера.
Неўзабаве ён дасягнуў ускраіны Паселішча, і, як і раней, яго зноў пры выглядзе мясцовых людзей і наваколля ахапіла пачуццё сораму, прыніжэння і злосці. Насустрач яму мільгалі не людзі, а хутчэй за ўсё нейкія невыразныя іх падабенствы, “людзі-цені”, як ён ахрысціў іх у думках. Патухлыя позіркі, вузкія сутулыя плечы, уцягнутыя ў іх галовы невялікага памеру — ён мог бы пабіцца аб заклад, што памер гэты ніжэйшы за нармальны, мітуслівая хада, пэўна, у спрадвечных пошуках алкаголю, наркатычнай дозы і, вядома, неабходнай для існавання пайкі. А развярні іх і падштурхні ў процілеглы бок — пойдуць і туды, бо ім — усё адно.
У многіх ён заўважыў на руках электронныя бранзалеты, якія з’явіліся адразу пасля Катастрофы і якімі былі “акальцаваны” ў асноўным тыя, хто адбываў пакаранне ў калоніях агульнага рэжыму з правам работы за межамі тэрыторыі, — звычайныя відазмененыя рабы. Слядак ведаў таксама, што ні зняць, ні перапраграмаваць прыстасаванне нельга. Калі ж хто асмеліцца яго сапсаваць ці спілаваць нажоўкай, сігнал адразу пойдзе на пульт аператару, пасля чаго парушальніка, калі ён не знойдзе спосаб блакіроўкі, чакае значна больш жорсткае пакаранне. Вядома, калі яго паспеюць злавіць. Як ён ужо ведаў, многія з іх працавалі на плантацыях цыбулі альбо агуркоў ці бульбы на ўскраінах Паселішча. Частка жанчын выходзіла на асфальтавы шлях, які вёў да Мегаполіса, дзе яны гандлявалі садавіной ці зараблялі прастытуцыяй. Кіравалі імі, як правіла, прыхадні, большасць з якіх — цемнаскурыя (яны былі арганізаваныя і энергічныя), зневажаючы і прыніжаючы першых, якія калісьці называліся тут аўтахтонамі і тытульнай нацыяй.
Быццам разам прарвала гаць, і ўся прастора ад Міжземнага да Нарвежскага мораў перакулілася з ног на галаву і на працягу якіх двух-трох дзесяцігоддзяў стала замест Еўропы... Еўрабіяй, ад спалучэння назваў Еўропы і Аравіі. Тэрмін гэты, прыдуманы значна раней, з лёгкай рукі сацыёлага і навукоўца Бат Йеар, якая, дарэчы, знікла без вестак падчас Катастрофы, так і прыжыўся, увайшоўшы апошнім часам нават у афіцыйную дакументацыю. Але яшчэ да Катастрофы масавы тэрарызм ператварыў еўрапейцаў у баязліўцаў, прымусіўшы іх спачатку ўсяляк запабягаць перад новымі варварамі, а потым і поўнасцю саступіць ім месца пад сонцам.
Якраз тады былі зарэзаны ў сваіх кватэрах, пад’ездах, лецішчах і так нешматлікія прадстаўнікі эліты: навукоўцы, пісьменнікі-радыкалы, мастакі, палітолагі, нават некаторыя музыкі-барды і спевакі. I калі ў далёкім мінулым, як ведаў Слядак з падручнікаў па гісторыі, гома сапіенс выцеснілі неандэртальцаў з тэрыторыі сучаснай Еўропы, цяпер гэтак жа, з механічнай дакладнасцю маятніка, у новым варыянце адбываўся, хутчэй, заканчваўся адваротны працэс.
Сонца, між тым, хілілася бліжэй на захад. Крыху пасвяжэла, толькі дым ад нешматлікіх пажараў на закінутых тарфяніках казытаў горла і вочы. I цяпер, як увогуле днём ці ноччу, над Паселішчам стаяў грукат барабанаў: у бараках і былой школе працавалі музычныя аўтаматы, якія бясконца вывяргалі на нізкіх частотах афрыканскі джазавы рытм, і Слядак раптам успомніў старажытнага філосафа Шапенгаўэра. Той неяк заўважыў, што, бадай, узровень шуму, які можа вытрымаць чалавек, адваротна прапарцыянальны яго інтэлекту.
Крэз сядзеў на драўлянай напаўгнілой калодзе перад сваімі дзвярыма — пэўна, чакаў нязванага пастаяльца.
“Я наведаў возера, — паведаміў яму Слядак, — і добра паплаваў”.
Крэз дапытліва глядзеў на яго.
“Вам не варта рызыкаваць, — урэшце азваўся ён. — На возеры сталі гінуць людзі. Па невядомых прычынах”.
“Тое, што часам невядома ўсім, становіцца зразумелым для іншых. Ва ўсялякім разе кожны з іх вызначае для сябе сваё тлумачэнне таму, што здарылася. Вы ж таксама, пэўна, зрабілі выснову?” — скончыў сваю заўвагу Слядак.
“Так, — кіўнуў гаспадар дома. — Але вам мая выснова, магчыма, падасца дзіўнай. Так што без паўлітра мы наўрад ці разбярэмся”.
“Яшчэ не позна, і ваша мясцовая крама, верагодна, не зачынена. Я зараз выдам вам, так бы мовіць, аванс, і мы з вамі працягнем гутарку”, — закінуў вуду Слядак.
Крэз адразу ажывіўся, хоць і не згубіў самавітасці. Ён падняўся на ногі і сказаў:
“Думка ваша цалкам прыстойная. Што яшчэ трэба старому чалавеку ў гэтым жыцці? Глыток-другі гарэлкі і — гутарка з цікавым суразмоўцам. Вы згодны?”