Паўночны вецер для спелых пладоў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
Там-сям заўсміхаліся. Нехта хіхікнуў.
— Правільна! Малайцом! — раптам падтрымаў яго з суседняга століка намеснік дырэктара камбіната бытавога абслугоўвання Кісляк. — Вып’ем за Ільіча!
Хістаючыся, ён падняўся ўслед за Гачком і нечакана зароў:
— Усім устаць!
Той-сёй у зале сапраўды ўзняўся з чаркамі ў руках.
Выпілі.
Рэпарцёр Мартын Кайра пра сябе адзначыў, што Берыя за сваім столікам адклаў газету, бо раней рабіў выгляд, што яе праглядаў, і ўтаропіўся ў іх бок.
Між тым, у зале пабольшала кліентаў. Падцягнуліся дзяўчаты і разняволеныя жанчыны, вядома, з мэтай знайсці тут сабе сябра альбо на ноч, альбо са спадзяваннем — на ўсё жыццё, бо ў горадзе і паблізу яго дыслакаваліся дзве дывізіі, і маладыя лейтэнанты раз-пораз знаходзілі тут сваіх каханак ці жонак.
Там-сям сядзелі і сямейныя пары: мужчыны ў каструбаватых касцюмах, проста ў пінжаках і старанна адпрасаваных нагавіцах, амаль усе з безгустоўна выбранымі гальштукамі, і іх жанчыны — у сваіх найлепшых сукенках, з узбітымі ў складаныя прычоскі валасамі, з пярсцёнкамі на пальцах і залатымі ці падробленымі пад золата завушніцамі. Смугласкурыя ўсходнія гандляры заставілі свой стол разнастайнымі закускамі і прагна разглядалі жанчын. Яны ўжо пераслалі блатным за іх столік пару пляшак гарэлкі — адкупіліся такім чынам ад магчымых канфліктаў і перагаворваліся па-свойму, пэўна, вырашалі гандлёвыя ці якія іншыя, вядомыя толькі ім, справы.
Час, між тым, ішоў. Афіцыянтка Марыйка прынесла замоўленыя раней салаты “аліўе” і гарэлку.
— Кілбаса харошая, якасная, — сказала яна на вуха інструктару Бур’яку. — Але вы што, яе аднекуль выдзіралі? Абалонка там-сям падраная.
— Так, — згадзіўся той. — Вядома, выдзіралі. Такі дэфіцыт проста так не набудзеш. Нават за грошы.
З’явіліся музыкі, пачалі спрабаваць інструменты. Урэшце выканалі некалькі песняў запар з рэпертуару Сафіі Ратару і Алы Пугачовай. У зале адразу пачалі танчыць.
Сябры-спартсмены, з якімі сядзеў за столікам рэпарцёр Мартын Кайра, былі ўжо на добрым падпітку. Схадзілі патанчыць былы баксёр-лёгкавагавік Салівончык і трэнер па грэка-рымскай барацьбе Гачок. Мартын Кайра засумаваў, бо яму не надта падабалася публіка, музыка, уся вартая жалю непрыхаваная правінцыйная атмасфера ў зале, Берыя за сваім столікам, які, надта не саромеючыся, пільна разглядваў усіх наведвальнікаў рэстарана.
— Зірні туды, — паказаў на яго рэпарцёр Кайра Міхалевічу. — He п’е, не закусвае і не танчыць. Чаго ён сюды ходзіць, як ты думаеш?
— Пэўна, маладзёвы аддзел курыруе, — патлумачыў шматвопытны старшыня таварыства “Спартак”. — Вось і косіць пад шарачковага, а сам цікуе: хто ды што...
— Берыя тут пастаянны кліент, так бы мовіць “смотряіцмй”, толькі з іншага боку, — падтрымаў іх гутарку былы баксёр Салівончык. — Пайсці да яго і спытаць хіба — чаму ён такі дурны?
— He будзі ліха, — сказаў на тое Міхалевіч.
— Пакуль яно ціха, — дадаў Бур’як.
Якраз у гэты момант са свайго месца за спінай Кайры з-за століка раптам зноў падняўся намеснік дырэктара камбіната бытавога абслугоўвання Кісляк, які дасюль чуйна прыслухоўваўся да таго, што гавораць за спінай суседзі і пэўна пачуў слова “Берыя”.
Ён узняў угору келіх і ў надышоўшай паўзе (музыкі якраз адпачывалі) гучна крыкнуў:
— Да здравствует Берыя!
Пасля чаго пахіснуўся і сеў на сваё месца. Але выпіць яму ўжо не далі, хуценька выклікалі афіцыянтку, разлічыліся і павялі яго на выхад.
У зале там-сям змушана засмяяліся. Гэбіст Шахрай па-ранейшаму нерухома сядзеў за сталом. Перад ім стаяла бутэлька піва і напаўпусты фужэр.
Інструктар па фізкультуры гарадскога мясакамбіната Бур’як між тым выцягнуў з сумкі пад сталом трэцюю па ліку бутэльку гарэлкі і разліў па чарках. Хітраватая ўсмешка не пакідала яго малажавы, дагледжаны твар.
— Вып’ем, — сказаў ён. — I спяём.
— Так, збацаем песню, — падтрымаў яго былы баксёр Салівончык.
Маленькія вочкі яго, звужаныя да пераносся, заблішчэлі няўрымслівым імпэтам. He чакаючы ад сяброў адказу на згоду, ён устаў у поўны рост і зацягнуў:
“...Сіводня мы не на парадзе,
А к камунізму на пуці...”
Гэта быў яўны “сцёб”. Сябры падхапілі словы, якія быццам самі сабой лезлі з галавы:
“В камунісцічаскай брыгадзе
С намі Ленін — впірыдзі'...”
Былога баксёра Салівончыка “панесла”. Ён ускараскаўся на крэсла з нагамі і адтуль завішчэў:
— Будзіт людзям шчасце, Шчасце на віка!..
Рэпарцёр Мартын Кайра спяваў разам з усімі:
— У савецкай уласці Сіла веліка!..
У зале між тым запанавала лёгкае замяшальніцтва. Часам за асобнымі столікамі яно пераходзіла ў смех.
Некаторыя з наведвальнікаў, наадварот, успрынялі ўсё сур’ёзна: там-сям пачалі падпяваць. Тым больш, што гэта было не так і складана — за дзень суботніка песні з рэпрадуктараў запомніла шмат людзей. Тыя песні за апошнія гады літаральна ўеліся ў свядомасць на ўсёй прасторы саюзных рэспублік — імперыі, адкуль нястомна будаваў фантастычныя планы ўцёкаў рэпарцёр Мартын Кайра. Ён добра памятаваў, як зусім нядаўна паўсюль адзначалася стагоддзе крамлёўскага правадыра і якая істэрыя ахапіла сродкі масавай інфармацыі, перакінулася на ўсе бакі жыцця, і тое было для яго і для многіх невыносна, нясцерпна і брыдка.
Цяпер ён спяваў з гэтымі выпадковымі знаёмымі, прыхавана насміхаючыся над усім тым, што яму смяротна надакучыла, і назіраў, як супрацоўнік органаў па мянушцы Берыя сядзеў з акамянелым тварам, тупа ўтаропіўшыся Ў залу.
Але так сядзець ён, пэўна, не збіраўся, бо раптам зрабіў адмысловыя покіўкі пальцамі рукі, паклікаў афіцыянтку (падышла якраз Марыйка) і нешта прашаптаў ёй на вуха. Тая моўчкі выслухала і павярнулася адысці. У зале, верагодна, толькі рэпарцёр Мартын Кайра, дзякуючы сваёй адноснай цвярозасці і назіральнасці, здагадаўся, у чым справа, бо са словамі “Зараз, я зараз!” выбраўся з-за стала і пайшоў услед за афіцыянткай. Ён дагнаў яе якраз перад уваходам у службовы пакойчык і спыніў.
— Пачакай, Марыйка! He варта выклікаць міліцыю!
Афіцыянтка Марыйка падняла ўгору свой свежы тварык з яшчэ не звялым вясковым румянцам на шчоках.
— Адкуль вы ведаеце? Мне ж загадалі!
— Плюнь, Марыйка, — параіў ёй рэпарцёр Кайра, — ну, скажаш, што выклікала, калі ўжо так. А яны не прыехалі. Мо не так зразумелі. I што значыць — загадалі?
— Вы ведаеце, хто ён? Прычэпіцца — не адвяжашся.
— Ведаю.
— Я баюся.
— А здаць свайго сябра — не сорамна? Прыедуць мянты — пачнуцца разборкі, і стане вядома пра тое, што кілбасу за хабар брала, дазволіла гарэлку з сабой пранесці — што тады?
Апошні аргумент адразу падзейнічаў. Афіцыянтка Марыйка вярнулася ў залу. Далучыўся да “сваіх” і рэпарцёр Кайра.
Той-сёй з наведвальнікаў, асабліва вайскоўцы, запатрабавалі, каб зноў іграў ансамбль — жанчынам хацелася танчыць, але песня пра Леніна заглушала нават яго. 3 далёкага вуглавога століка між тым узнялася мажная мужчынская постаць і накіравалася ў іх бок. Гэта быў трэнер па барацьбе дзіцячай спартыўнай школы Крэчатаў, якога Мартын Кайра добра ведаў. Укормлены, дурнаваты расіянін, аматар выпіць, з чырвоным тварам і белай як крэйда незагарэлай лысінай. Ён нахіліўся да свайго калегі Гачка і гучна сказаў таму ў вуха:
— Коля! Что за базар? Дайте народу отдохнуть!
Мікола Гачок спыніўся спяваць. Злез з крэсла і былы баксёр Салівончык.
Паўза.
— Ты мне спяваць не перашкаджай. Я гэта люблю, — незадаволена адказаў яму Гачок.
— I пайшоў бы ты прэч! — дадаў Салівончык.
Мажны Крэчатаў наліўся крывёю.
— Это ты мне, пігмей? — спытаў ён.
— Табе, утырак, — сказаў Салівончык. — Будуць тут мне ўсялякія маскалі ўказваць.
Крэчатаў, які быў на галаву вышэй за Салівончыка і ў два разы шырэйшы, раптам схапіў таго за грудзі.
— Шчас я тмбя выведу!
У адказ былы баксёр лёгкавагавік Салівончык аўтаматычна зрабіў тое, чаму яго раней вучылі доўгі час, — заступіў паўкроку таму за спіну і з левай апушчанай рукі ўляпіў маланкавы, амаль нябачны для іншых, аперкот ў падбародак.
Мажны Крэчатаў рохкнуў як падсвінак і мякка асеў пад стол. Секунд праз дзесяць Гачок з Міхалевічам узнялі таго з падлогі і адвялі за “родны” столік, дзе пасадзілі ў крэсла. Крэчатаў застаўся там сядзець, толькі няўцямна пазіраў навокал вытарашчанымі вачыма.
Ад століка, дзе сядзелі блатныя, да сяброў падышоў яшчэ адзін “ганец”. Гнуткі, коратка стрыжаны, з саркастычна прыхаванай усмешкай у кутках вуснаў.
— Ты што творыш, Салівон? — спытаў ён былога баксёра. — Хочаш, каб уся мянтарня сюды збеглася, хіпеж пачаўся? Нам, дый табе, гэта трэба?
— He збягуцца, супакойся. Бачыш, усё ціха. Спяваць пра Леніна не перашкаджайце. А табе ад нас прэзент. Вось. На адной жа вуліцы выраслі. Сунь у рукаў, каб не бачылі.
I Салівончык піхнуў таму ў руку палку сухой кілбасы, пасля чаго зноў ускочыў на крэсла, узмахнуў рукамі, як дырыжор, і апантана завішчэў:
— й вноў начынаецца бой!
М серцу трывожна ў грудзй!..
I за столікам гучна падхапілі:
— А Ленйн — такой маладой й юный акцябр впйрйдй!..
* * *
У вокнах кватэры гарэла святло, і рэпарцёр Мартын Кайра адразу зразумеў, што Фаня Мельнік чакае яго і,
магчыма, даўно. Калісьці ён ахвяраваў жанчыне дублікат ключа. Рэпарцёр Кайра падняўся ў ліфце на свой паверх і націснуў на кнопку званка.
Каханка Фаня прыціснулася да яго ўсім целам, пацалавала і спыталася толькі, чаму ён так запознена. Усялякіх высвятленняў адносінаў яна абачліва пазбягала.
— Памнажаў уснлмя в борьбе за нзобнлне, — сказаў Мартын Кайра. — А потым павесяліўся ў рэстаране.
— I што ты там такое без мяне рабіў?
— Спяваў.
— I што ты спяваў?
— Песню пра Леніна.
— Ты ўсё цямніш альбо жартуеш.
Важная размова, з якой, як памятаў Мартын Кайра, прыйшла да яго на гэты раз Фаня Мельнік, была на нейкі час адкладзена, бо абодвух пацягнула адно да аднаго, і Кайра аднёс каханку ў ложак, дзе яны і заняліся любоўю.
Праз гадзіну, калі яны супакоіліся, Фаня абняла Мартына Кайру рукой за шыю і прашаптала ў вуха:
— Скажу табе нешта. Толькі не пужайся.
— Гавары.
— Ты ж мяне кахаеш? Скажы па-часнаку!
— Так, — звыкла пацвердзіў Мартын Кайра.
— I я цябе моцна кахаю. I хачу, каб нашыя адносіны ўрэшце набылі пэўны сэнс. Ты разумееш?
— Ну, няхай. Я быццам кемлівы.
— Ты не супраць, каб нам пажаніцца?
— Чаму такі паспех, Фаня?