Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Юры Станкевіч
Паўночны вецер для спелых пладоў
Раман, аповесці, апавяданні
Мінск «Галіяфы» 2015
УДК 821.161.3-3
ББК 84(4Бен)-44
С76
Станкевіч, Ю.
С76 Паўночны вецер для спелых пладоў : раман, аповесці,
апавяданні / Юры Станкевіч. — Мінск : Галіяфы, 2015. — 248 с.
ISBN 978-985-7021-26-0.
Кніга вядомага беларускага пісьменніка Юры Станкевіча хіба што лішні раз сведчыць пра шырокі дыяпазон яго тэм і жанраў.
Раман “Паўночны вецер для спелых пладоў” пра далёкія студэнцкія гады і каханне нечакана пераклікаецца з сучаснасцю. Дзеянне прапанаваных аповесцяў адбываецца як у мінулым, так і ў будучыні, і тая будучыня цяпер падаецца аўтарам на мяжы фантастыкі і прыпавесці.
Некалькі вострасюжэтных апавяданняў толькі дадаюць і разгортваюць асноўныя тэмы творчасці пісьменніка, найважнейшая з якіх — нацыянальнае самавызначэнне.
УДК 821.161.3-3
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-7021-26-0
© Станкевіч Ю., 2015
© Дубовік К„ вокладка, 2015
© Афармленне. ПВУП «Галіяфы», 2015
Раман
Паўночны вецер для спелых пладоў
...У глыбіні саляных капальняў пакідаюць галінку дрэва, якая акорылася за зіму; праз два ці тры месяцы яе вынімаюць адтуль, пакрытую бліскучымі крышталямі. ...Самы пакутлівы міг той, калі заўважаеш, што зроблены няправільныя высновы і даводзіцца разбураць цэлую гронку тых крышталяў.
Стэндаль, “Каханне”
Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны — апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры горада к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі
падмосткі і зацікаўленым мінакам і звычайным разявакам паставілі “Медэю”.
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішча Ігнат Мазур раптам адчуў у сабе непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына, як аказалася, складалася з некалькіх.
Па-першае. Існавалі прадметы, якія ён з незразумелых заганаў розуму не ўспрымаў і не ў стане быў без цяжкасцяў здаць: гістарычны матэрыялізм, палітэканомія, гісторыя партыі і бальшавісцкага друку і некаторыя іншыя з гэтага ж мутнага шэрагу. Справа была не толькі ў тым, што ён быў да іх у лепшых выпадках ціха раўнадушны, а звычайна — ненавідзеў да ванітаў. Магчыма, тут усплывалі гены бацькі, закатаванага нкусаўцамі ў Карлазе, а можа, проста пачуццё нармальнага маладога студэнта гуманітарнага складу, які за ўсім гэтым адчуваў неасэнсаваную, падсвядомую да яго варожасць, мёртванароджанасць і пустату тых штучна выдуманых навук, хто ведае.
Па-другое. Ён заблытаўся ў жанчынах.
Трэцяя прычына, якая выцякала з другой, усплыла пазней і з усімі ад таго наступствамі.
Жанчын, а дакладней дзяўчат, спачатку было двое. 3 Аняй Балтас, даўняй сяброўкай, студэнт Ігнат Мазур сустракаўся больш як два гады. Яна вучылася ў педінстытуце, прыехала ў сталіцу з заходняй вобласці краіны і знешне ўяўляла з сябе тыповую ліцвінку, якую іншым разам выяўляюць на каляндарыках, — высокая, прыгожая бландзінка спартыўнага целаскладу, з тонкімі і пародзістымі рысамі твару. Студэнт Ігнат Мазур упершыню ўбачыў яе ў нейкай харчовай крамцы побач з інтэранатам, а потым выпадкова сустрэў зноў, і так усё пачалося. Яму быццам пашанцавала, бо ў дзяўчыны на той час нікога не было. Яе старэйшая сястра, якая заканчвала медінстытут і ўжо заручаная з трыццаціпяцігадовым забяспечаным чыноўнікам, не адабрала іх сустрэч. Яна лічыла студэнта
Ігната Мазура няздольным сямейнікам з прычыны беднасці і таго, што да дыплома, і тым больш удалага размеркавання, яму яшчэ было далёка.
Між тым, дзякуючы дзядзьку Барысу, роднаму брату маці, які меў сяброў у сталіцы (разам ваявалі), ён перавёўся з філфака на факультэт журналістыкі, што палічыў неверагоднай удачай. Пэўна, гэта было апошняе, што зрабіў для яго дзядзька Барыс, бо нечакана былы франтавік памёр у свае шэсцьдзесят год ад сардэчнага прыступу.
Так Ігнат Мазур апынуўся на незнаёмым дасюль курсе факультэта. На ім вучыліліся скарочана — чатыры гады, і ён мусіў здаваць некаторыя дадатковыя залікі і экзамены самастойна. Апекаваць навічка ўзялася Юля Маракова, крымчанка, якая даволі дзіўным, на яго погляд, чынам паступіла ў беларускі ўніверсітэт, бо не ведала мовы. Урэшце, не адна яна. Былі студэнты з Расіі, Малдавіі, Украіны, нават з Грузіі — таксама рускамоўныя. У Юлі Мараковай аказалася, як яна яму пазней прызналася, падтрымка. Яе цётка працавала выкладчыцай на кафедры англійскай мовы. Невысокая, хударлявая, нягледзячы на ўмовы жыцця ў інтэрнаце, заўсёды з густам апранутая, з ледзь прыкметнай усмешкай у кутках вуснаў, яна выклікала ў яго сімпатыю, і калі хто-небудзь збоку спытаў бы студэнта Ігната Мазура, ці кахае ён цяпер гэтую дзяўчыну, то, пэўна, атрымаў бы станоўчы адказ. Хоць ён і не аб’явіў бы гэтага ўголас: быў даволі стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў і думак.
Юля Маракова шчыльна прынялася за абранніка. Нават, як ён даведаўся пазней, аб’явіла дзяўчатам з курса, што навічок Ігнат Мазур адгэтуль — яе хлопец. Дасціпная, разумная крымчанка з Севастопаля, з дамескам габрэйскай крыві, яна карысталася аўтарытэтам сярод аднакурсніц, і на Ігната Мазура ніхто з апошніх так і не спакусіўся. Урэшце ў заўсёды прагматычным свеце ён пакуль што аніякай асаблівай каштоўнасці не ўяўляў, пра што ведаў і сам.
Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Многія студэнты — слабападрыхтаваныя, з заніжаным інтэлектам, як кажуць, ад зямлі, але яны бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Высокі, пад сто дзевяноста, спартыўнага целаскладу, начытаны Ігнат Мазур, магчыма, неяк і вылучаўся сярод аднакурснікаў. Вось толькі калі мець на ўвазе класічны выраз “бедны студэнт” — то ён належаў якраз да такіх. Падтрымкі ад маці амаль не было, нават ложку ў інтэрнаце яму спачатку не знайшлося, і ён начаваў у выпадковых месцах: у асноўным у інтэрнаце, дзе пражывала Аня Балтас. Па вечарах іншым разам гуляў з ёй там у пінг-понг. Стол для малога тэнісу стаяў у нішы на адным з паверхаў. Часам стол прыбіралі і арганізоўваліся танцы. Потым абодва прасіліся ў каменданта пазычыць ключ ад пустога пакойчыка — такі пакойчык заўсёды знаходзіўся, як ён ведаў, у любым інтэрнаце. Каменданту, адносна маладому былому міліцыянту, ён раз-пораз ахвяраваў бутэльку гарэлкі. Неабходны хабар.
Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў неабходныя прадметы на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.
Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх — пра тое абачліва маўчалі.
Юля Маракова паліла болыл за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.
Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Студэнт Ігнат Мазур выключыў святло
і распрануў сяброўку. Тая заўважна нервавалася, цела яе ўздрыгвала пад ім, вусны нешта шапталі, зрываючыся на стогны. Было звычайна.
Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што на прасцірадле пэўна застануцца плямы крыві, бо ў яе гэта, лічы, магчыма, у першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з “магчыма” і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо сімуляваць дэфларацыю было даволі недарэчна.
Абодва раніцай рассталіся задаволенымі адно другім і быццам сапраўднымі сябрамі.
* * *
На думку студэнта Ігната Мазура, у сістэме навучання гуманітарыяў трывала пасялілася нешта сатанінскае. У прыватнасці, журналіста, на яго думку, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не гнабіць амаль пяць гадоў грамадска-палітычнымі прадметамі — дурасцю, якая ў жыцці, вядома, толькі шкодная і зусім не патрэбная. Што з таго, калі ён нават і загрузіць голаў пра тое, у якім годзе і пра што напісаў калісьці сваю чарговую карэспандэнцыю іх абагоўлены правадыр, чытаць якога ён іншым разам проста не мог — цягнула на ваніты, быццам ад паху мерцвячыны.
Авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах — астатняе залежыць ад асабістых здольнасцяў — хіба не так, думаў часам ён.
Хлусня — вось што ён бачыў за ўсёй іх хвалёнай публіцыстыкай. Але менавіта гэтая хлусня і патрэбна большасці людзей. Скажы якому азвярэламу пралетару, што ён далёка не соль зямлі, а відазменены раб — што адбудзецца? То-та і яно. А да хлусні ён, раб, прывык, і ў ёй яму ўтульна. I галоўную газету “Правда” лепш было б назваць “Хлусня”. I ўвесь свет, хутчэй за ўсё, — таксама прыкрытая слоўным вэлюмам хлусня.
Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы, і тое дзякуючы Ані Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала супакоенаму целам каханку самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, не зважаючы на яго зласлівыя каментары. “Плюнь, што зробіш — так трэба”, — казала яна.
Атрымаўшы ў заліковую кніжку свой выпакутаваны траяк і адзначыўшы гэту падзею бутэлькай сухога, студэнт Ігнат Мазур помсліва пашкамутаў на дробны мак канспекты, якія выкладчыкі прымушалі пісаць у ходзе лекцый, і выкінуў усё з акна аўдыторыі. Следам паляцеў і разадраны ўшчэнт падручнік.
Між тым, яму даволі пагрозліва не хапала часу. На асобных лекцыях варта было абавязкова прысутнічаць — некаторыя з выкладчыкаў былі даволі ўедлівыя і, калі-нікалі, па-садысцку завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць: пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў-партыйцаў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты — іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце з’яўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі ахвотным папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.