Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
— А сам практыкуешся?
— У акруговай вайсковай газеце. Я пасля збораў, як званне атрымаю, пайду служыць. Можа, там, у газеце, і застануся. У мяне бацька — вайсковец. Дапаможа. Дый перспектыва, сам уяві: у сорак пяць на пенсію, а працу пасля, калі захочаш, то заўсёды знойдзеш.
— А мяне ніхто не пытаўся? — кружыў здалёк вакол свайго Ігнат Мазур.
Студэнт Дзяніс Маркін раптам ляпнуў сябе па невялікай галоўцы.
— А, добра, што падказаў. Тут зазірнула неяк Конкіна. Пакінула табе канверт. Толькі — дзе ён? Я зараз успомню, чакай...
Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка.
— Шукай. Мне трэба. Ды хутчэй думай, што ты корпаешся!
— Знойдзем, чаго так узвар’яваўся? Ага, вось ён.
Дзяніс Маркін выцягнуў з-пад нейкіх пажухлых папак і лістоў даволі ўжо змяты канверт і аддаў нецярпліўцу.
— Нешта я не даганяю. Ты ж быццам з Мараковай “прыкурваеш”, а тут Конкіна. Яна ганарлівая, кручаная нейкая, які ў ёй інтарэс? Можа, патлумачыш? Але, бадай, твае справы. Маўчу, маўчу.
Студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў таго. Выскачыў у калідор, пасунуўся да акна і ўскрыў канверт.
“Ігнат!
Першакурсніцы і клапы дасталі мяне напоўніцу, і я ўсё болый і болый хачу заставацца адна. Ну, хіба толькі яшчэ з табой. Апошняга сама не чакала, і вось так адбылося.
Айчым завочна зняў мне пакойчык у прыватнай кватэры. Тут недалёка, на першым паверсе. Калі апынуцца тварам да фасада, то злева трэцяе вакно.
Я практыкуюся ў абласной газеце. Урэшце, мне ўсё роўна.
Разам са мной, пюлькі ў іншым аддзеле, наш калега Вінцук Кішчык. О-о, які гэта прадбачлівы і хітры калгасан! Ён вылазіць са скуры, каб застацца тут па размеркаванні. Нават у мясцовай партарганізацыі стаў ужо на ўлік. Ды зашмат гонару пра яго пісаць, бо лічу дні, калі ўсё гэта скончыцца, і можна будзе неяк змяніць свой лёс.
Я вось часта думаю, што чалавек — гэта проста нейкая нікчэмнасць. I сябе з гэтага шэрагу не выключаю, бо за мной шмат усялякіх брыдкіх учынкаў. Хочаш — раскажу, калі пабачымся?
Днямі прачытала «Чуму» Альбэра Камю (я цяпер шмат чытаю) і проста абалдзела ад таго, як ён апісвае каханне. Бо яго, кахачня, прысутнасці (фізічнай) у тэксце зусім няма, але яно схавана ў глыбіні, па-за кантактам. Так кранальна. Гэта супер!
У мяне, пэўна, дэпрэсія. He хачу падрабязнасцяў, бо яйічэ хто дадумаецца прачытаць, а гэта вельмі непажадана. А калі ты апынешся ў Менску раней, то мой адрас: зав. Зароўскага, д. 6, кв. 8.
Астатняе — потым, потым.
Святлана К.”.
Студэнт Ігнат Мазур таропка прывёў сябе ў парадак. Памыўся, пагаліўся, рукі яго пры гэтым дрыжэлі, апрануўся і на пытанне Дзяніса Маркіна, калі вернецца, адказаў:
— Перадай клапам, што не ведаю.
Вахцёрка ўнізе, як паведаміла, сама жыве непадалёк, і адразу патлумачыла яму, дзе завулак Зароўскага і як туды дайсці бліжэйшым шляхам.
Неба ўжо там-сям пакрылася дробнымі зоркамі. На ходніках, у святле ад ліхтароў, спяшаліся кудысьці заклапочаныя мінакі. Асабліва людна было ля бліжняй, нядаўна адбудаванай гасцініцы “Планета”, дзе месяціўся і рэстаран. Студэнт Ігнат Мазур ледзь не спартыўнай хадой прайшоў далей, збочыў у патрэбным напрамку і неўзабаве знайшоў дом, на вуглавой сцяне якога ўбачыў адтрафарэчаную лічбу “6”. Дом быў звычайны, пяціпавярховы, з няўклюднымі балконамі, шэрымі цаглянымі сценамі і невялікімі вокнамі.
Ён вылічыў патрэбнае яму трэцяе злева — адтуль выпраменьвалася слабая паласа святла — узняўся на муравы парэбрык і ціха пагрукаў у шкло. Праз некалькі секунд святло пагасла, акно прыадчынілася. Знаёмая ўскудлачаная галава дзяўчыны з’явілася над падваконнем.
— Ты, Ігнат?
На кароткі міг адчуванне поўнага шчасця цалкам авалодала ім.
— Я зайду? Адчыні дзверы!
— Пачакай, гаспадыня, пэўна, спіць. Лепш яе не турбаваць. Ты здолееш сюды залезці? А то я вымушана буду сама адчыняць. Дык яна можа пачуць.
Замест адказу студэнт Ігнат Мазур падцягнуўся на руках, злаўчыўся і ўціснуўся ў расчыненае акно.
Моўчкі яны накінуліся адзін на другога. Распранаць дзяўчыну амаль не было патрэбы, бо пад лёгкім халацікам на ёй нічога не аказалася. Яна сама ўжо дапамагала яму скінуць пінжак, кашулю і нагавіцы, пакуль ён не застаўся
ў свабодных футбольных трусах, якія таксама адразу зляцелі на падлогу.
I зноў, калі ўжо на канапе моцна прыціснуў да сябе яе гарачае цела, ён адчуў усё тое ж пачуццё шчасця і падумаў раптам, што раней з ім такога не было.
Гадзіны праз дзве студэнтка Святлана Конкіна прыадчыніла дзверы з пакойчыка і крадком прынесла з халадзільніка ўсё сваё, што там было: некалькі звараных крута яек, шакаладку, ліманад, кавалак кілбасы і палавіну бохана сітніка з хлебніцы.
Перагаворваючыся шэптам, абодва прагна паелі, а потым, абняўшыся, на кароткі час заснулі.
На досвітку дзяўчына разбудзіла яго, і студэнт Ігнат Мазур апрануўся, развітаўся з ёй да абеду — так дамовіліся — і вылез праз акно на падворак.
* * *
Да самага канца практыкі, праз дзень-два, пасажырскі лятак “АН” прымаў яго на борт і назаўтра з аэрапорта забіраў назад. Сцюардэсы ўжо пазнавалі яго і ўсміхаліся яму на нейкі бал вышэй за норму.
Неяк у летаку студэнт Ігнат Мазур разгарнуў кішэнны нататнік і запісаў туды:
“Ці з’яўляюцца ў нечым незвычайныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, калі абодва не могуць працягла існаваць адно без другога? Можа, сапраўды, цалкам верагодная тэорыя вірусаў, якія незаўважна кіруюць усім на зямлі? Многія класікі, сярод якіх, лічу, былі сапраўдныя вялікія псіхолагі, даволі холадна і разлікова апісвалі такія адносіны. Прустаўскі Сван у фінале знакамітага рамана з сарказмам пытае сябе — маўляў, і што: на гэтую пустую жанчыну я згубіў два гады жыцця? Іва Андрыч нават перасцерагае: нельга давярацца жанчыне, бо гэта смяротна небяспечна. Песіміст і Кнут Гамсун у «Пане» ці
ў знакамітых «Пад восеньскай зоркай». Талстой? He, не тое. У нечым ён слабаваты. У тым-сім фальшывы. А вось «Кроткая» Дастаеўскага (на нашай мове «Рахманая») гэта моц. Мяркую, найлепшая навелаўсіх часоў і народаў. Так унікнуць і апісаць жанчыну мог толькі ён, дарэчы, ліцвін па паходжанні...”
А так — у студэнта Ігната Мазура ўсё ішло без асаблівых прыгодаў. Абкарнаны Казімірам Шахто, яго сюжэт урэшце прайшоў па праграме літаратурна-драматычных перадач, і дырэктар Кухарчук падпісаў яму паперы і характарыстыку.
* * *
Дзяржаўных іспытаў было няшмат. Шанцаў здаць іх без асаблівых намаганняў таксама пабольшала: у дэканаце ўжо не рызыкавалі адлічваць студэнтаў на апошнім этапе, бо ўсіх, каго не маглі і не жадалі вучыць, адлічылі на першым і другім курсах.
На іспыце па савецкай публіцыстыцы, які прымала “Блакітны агеньчык”, студэнт Ігнат Мазур упершыню пакарыстаўся шпаргалкамі. Сам прадмет — публіцыстыку — ён ціха ненавідзеў, як і многія іншыя дысцыпліны. Літаратуру — аўтэнтыкі і дапаможнікі — амаль не чытаў, дый бракавала часу. Тое-сёе з праграмы чытаў раней, але гэтага для іспыту не хапала.
Шпаргалкі, вядома, былі не яго. Іх пакінулі ў нішы стала дзяўчаты, пра што яму паведамілі перад іспытам. Але, як толькі ён палез туды, каб адшукаць адказы на свае пытанні ў білеце, пільная выкладчыца Спіркіна маланкай кінулася да яго, выхапіла з рук вузкія стужкі паперы, складзеныя гармонікам, і з радасным трыумфуючым віскатам пабегла з імі да свайго стала.
Сядзець далей і прасіць аб пераздачы менавіта цяпер не выпадала. I студэнт Ігнат Мазур забраў залікоўку і пайшоў з аўдыторыі.
Настрой быў сапсаваны. Крыху палепшылі яго дзве шклянкі таннага белага сухога віна з бочкі на праспекце, але ненадоўга.
— Ты, Ігнат, не бяры ў галаву, a то прычэпіцца да цябе радзімец, — у сваёй манеры жартавала ўвечары Юля Маракова. — Спіркіна, яна ж “Блакітны агеньчык”, — старая дзева, векавуха, з комплексамі паводле Ясперса, ёй, пэўна, штоноч падаецца, быццам пад ложкам у яе хаваецца мужчына. Здаць ёй табе будзе цяжка. Але не хвалюйся, я, пры нагодзе, закіну слова. I, магчыма, гэта апошняе, што я для цябе зраблю, бо ты, як мне далажылі, стаў заходжваць да Конкінай. Яна, канешне, дзеўка выбітная, як кажуць, на аматара, але далёка не femme fatale. Звычайная німфаманка. Дарэчы, яе ўлюбёнае прыслоўе “зашмат гонару” раней не перашкодзіла ёй і з Ванем Гужыным пашаптацца.
Паўза.
— Дзякуй за клопат, Юля. Ты ўвогуле — мой анёлахоўнік, — сказаў Ігнат Мазур, раптам адчуўшы сябе нібы пасля прапушчанага ўдару пад дых.
Ваня Гужын? Са Святланай Конкінай? I калі гэта — раней? На першым, другім курсе? Яго, Ігната, тут тады не было. Што дакладна ведае пра ўсё гэта Юля Маракова? Але ж дарэмна пытацца — яна нічога не скажа, і тут справа не толькі ў жаночай салідарнасці. Ісці высвятляць да самой Святланы Конкінай? Але гэта ўжо зусім глупства. Ды, можа, нічога такога і не было. Гужын, Ганабец. Яна ж сама з іх перадусім смяялася. Хоць — чаму “з іх”? 3 Ганабца — сапраўды кпіла. А пра Ваню Гужына — ні слова.
Можа, упершыню ў сваім небагатым на вопыт маладым жыцці ён задумаўся пра так званыя гендарныя адносіны. Роля жанчыны ў нашым грамадстве толькі на першы погляд даволі сціплая, а на самай справе гэта своеасаблівая прыхаваная плынь, часам мутная, незразумелая, але якая ўплывае на ўсіх нас. Жанчыны нараджаюць дзяцей, выхоўваюць іх, закладваюць ім у голаў матрыцу
мовы, спакушаюць мужчын, прагнуць аддацца ім і зноў нараджаюць, але апошнім часам у адладжанай стагоддзямі сістэме пачалі адбывацца збоі.
He вельмі схільны да аналітычных высноў студэнт Ігнат Мазур прыпамінаў цяпер некаторыя факты і выпадкі, пра якія неяк вычытаў у газетах альбо часопісах, альбо пачуў па радыё.
Асабліва зацікавіла яго гісторыя адной даволі забяспечанай еўрапейскай жанчыны з сярэдняга класа, белай, якая пасялілася ў адсталым афрыканскім племені ў якасці адной з жонак нейкага чарнаскурага. Яе так званы муж зрэдку авалодваў ёю, але, каб у яго ўзнікла жаданне блізкасці, націраў жанчыну тухлым свіным тлушчам. Але якая ў яе была матывацыя — вось што цікава?
3 гэтай нагоды ён зрабіў адпаведны кароткі запіс у нататнік.
“Якая матывацыя рухала белай жанчынай, што пасялілася ў афрыканскім племені? Гэта даволі цікава. Магчыма, гэта сведчыла пра нейкія псіхічныя адхіленні? Нават захворванні? Дык, на маю думку, людзі, як і прыматы, пэўна, мала звяртаюць увагі на шкадобу ці спачуванне да блізкіх. Тым болый, блізкія да антрапафагаў. Яны адразу вылучаюць псіхапатаў і пазбаўляюцца ад іх. Варта пачытаць Стэнлі, Лівінгстона і іншых. Хоць дастаткова і выключэнняў. Людства не мурашнік і не вулей, у якіх захоўваецца спрадвечны парадак. Розум — вось дзе, мяркую, прычына”.