Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Між тым аб’явілі кароткія вакацыі, пасля якіх студэнты мусілі абараняць дыпломныя работы.
На курсе ўсе разбегліся хто куды. Некаторыя засталіся ў Менску. Урэшце ўсё гэта мала цікавіла студэнта Ігната Мазура. Цалкам пагружаны ў свае пачуцці, ён перадусім небяспечна не звяртаў увагі на наведванне семінараў, кансультацый і заканчваў дыпломную з чарнавіка.
Яго адносіны са Святланай Конкінай не засталіся таемнымі, хоць яны, калі ўсе збіраліся ў аўдыторыі, дарэмна рабілі выгляд, быццам не ведаюць адно аднаго. Юля Маракова між тым выпраменьвала іронію і знешне поўнае раўнадушша, і ён быў за гэта ёй нават удзячны.
У дадатак да ўсяго ён пастаянна адчуваў недахоп грошай. Даводзілася эканоміць нават на дробязях, і “джэнтльменскія наборы” па вечарах скараціліся да таннай паўлітроўкі сухога віна. Ён яшчэ не ведаў, як, але на вакацыях вырашыў здабыць грошай любой, нават самай цяжкай працай. Заставаліся, праўда, дзве рэдкія калекцыйныя манеты — спадчына ад дзядзькі, але іх ён трымаў на самы крайні выпадак.
Ён вельмі хацеў бы запрасіць Святлану Конкіну на вакацыі да сябе, але нешта стрымлівала: хутчэй за ўсё, ён саромеўся сваёй беднасці і неўладкаванасці, ды такое запрашэнне па сутнасці азначала б толькі адно — Hern­ia кшталту заручынаў, а ён да гэтага быў не зусім гатовы. Жанчына, як ён вычытаў аднекуль, заўсёды аддасць перавагу таму, хто мае магчымасць валодаць асобнай вольнай тэрыторыяй. Такой тэрыторыі, а папросту сваёй кватэры, у яго, вядома, пакуль не было.
Тым не менш, праблема з’явілася, і яе варта было неяк вырашаць. Увечары ён, як заўсёды ў апошні час, ціха пагрукаў дзяўчыне ў акно, студэнтка Святлана Конкіна прыадчыніла фортку і, панізіўшы голас, сказала, што так сустракацца ім больш не трэба, бо не зусім прыстойна і гаспадыня даўно падазрае яе ў вольных паводзінах, а гэта не пажадана.
— А ў інтэрнат на адну цёмную ночку ты не супраць? — спытаў Ігнат Мазур. — Я сёння быццам адзін у пакоі. Маркін сышоў да сваёй дзяўчыны. У іх пасля вайсковых збораў вяселле.
— Там клапы і Маракова.
— Клапы наеліся Маркіным. Да таго ж, нядаўна ў нас правялі дэзынсекцыю.
— Гэта я ўжо адчула.
— Што — пах ад вопраткі?
— Давай я табе кашулю памыю ды адпрасую.
— Нічога, я і сам умею. Далёка ад дома ўсяму навучышся.
Паўза.
— Дык я цябе ў панадворку пачакаю, — сказаў Ігнат Мазур, — згода?
Дзяўчына моўчкі кіўнула і прычыніла акно.
Але, калі апынулася на вуліцы, прапанавала:
— Лепш нам па адным праз вахту заходзіць. Ідзі першым, а я потым. Дакладна, Маркіна няма?
У пакоі сапраўды было пуста, не прыбрана і адчувальна несла дэзынсекцыяй. Ложак Міхася Байкова стаяў апорамі ў кансервавых бляшанках, запоўненых вадой. Студэнт Ігнат Мазур прыбраў са стала і расчыніў акно, каб праветрыць памяшканне.
Праз некалькі хвілін дзяўчына ціха пагрукала ў дзверы. Ігнат Мазур адчыніў, і ўжо студэнтка Святлана Конкіна з парога кінулася да яго, абхапіла за шыю, прашаптала толькі на вуха, што варта зачыніцца на ключ, і, зноў ліхаманкава распранаючы яе, ён злавіў сябе на тым, што вось яно — тое імгненне, якое варта па-фаўстаўску доўжыць спыненым як мага долей.
* * *
Пад раніцу студэнт Ігнат Мазур знайшоў у сябе і ў тумбачцы Дзяніса Маркіна паўбохана сітніка, кавалак сыру і бутэльку свайго белага сухога віна, якое пра запас набыў з вечара.
— Ты на вакацыі ў Талін? — урэшце спытаў ён дзяўчыну пра тое, што яго асабліва цікавіла.
— Застануся тут. Папрацую на падхопе ў абласной газеце. Яшчэ дыплом дапісваць, дый лепш быць адной. Мне цяжка ў сям’і, Ігнат.
— Можа, патлумачыш?
— Пасля, пасля.
Яны дапілі віно, запалілі.
—А ўвогуле — жыццё нікчэмная рэч, — раптам зноў сказала пра сваё студэнтка Святлана Конкіна. — Ну, вось нам добра разам, але ж так не можа працягвацца заўсёды — нават гэты няшчасны інтэрнат з клапамі.
— Ну, не край жа. Прыдумаю нешта. Вакацыі, дыплом, зборы — і ўсё. Хутка канец вучобе. Я таксама стаміўся.
—■ А потым, Ігнат?
— Трэба недзе працаваць, альбо тачыцца, як чарвяку, у аспірантуру ці яшчэ куды. Мне, дарэчы, выкладчыца Ліцвінава прапанавала дапамогу. He па мне гэта. Дый “адліга”, прадчуваю, заканчваецца. А я, як ні круці, сын “ворага народа”, і мой “шлях наверх” абмежаваны.
— У Ліцвінавай да цябе сантымент. Старэючая жанчына, тупаваты муж у ложку, машына, лецішча, дачка, якая ўжо пачынае віхляць сваёй пругкай задніцай перад гасцямі, і ўсё такое. Самота. А тут малады, адукаваны, свежы студэнт, нібы персанаж з “Чырвонага і чорнага” ў Стэндаля. Памятаеш, як употайкі паціскае яму руку пад сталом замужняя мадам, маці колькі там дзяцей? Вось дзе сэксу, дарэчы. Ну, скажы па-часнаку: ты б выгнаў Ліцвінаву з ложка?
— Большасць мужчынаў, мяркую, палігамныя.
— Вось бачыш. I мы, жанчыны, такія самыя. Ну, хіба што адбудзецца супадзенне па вірусах. Ты не маніў пра вірусы?
Паўза.
— Скончылася віно, — сказаў Ігнат Мазур. Я яшчэ выпіць хачу. Можа, збегаць? За “аліка” не палічыш?
Студэнтка Святлана Конкіна прыўстала з зэдліка і патушыла цыгарэту.
— Давай лепш паспім, — сказала яна. — Абдымі мяне, як у мінулы раз.
* * *
Кіраўніком дыпломнай работы ў Ігната Мазура з’яўлялася выкладчыца Алена Сініцына. Тэма па расійскім часопісе “Наш современнік” і супрацоўніцтве з ім Салтыкова-Шчадрына па сутнасці была падказана ёй, і толькі пасля, калі ён пачаў працаваць і шмат напісаў, раптам зразумеў, што раўнадушны і да тэмы, і да часопіса. He адчуваў, што нешта там кранае яго настолькі, каб імпэтна гарэць. Урэшце, многія студэнты проста бралі вядомыя і раней тэмы, знаходзілі тэксты дыпломных, якія пісаліся некалькі гадоў таму і пра якія даўно ўжо ніхто не памятаў, набывалі іх, і такім чынам пазбаўлялі сябе ад залішніх клопатаў. У асноўным гэта тычылася шматлікіх адгалінаванняў так званай савецкай публіцыстыкі і набіўшай усім аскомы ленініяны, супраць якой, вядома, ніхто не мог пярэчыць. Адзін вяртлявы, хітры і ўчэпісты вылучэнец пасялковага райкама камсамола Алесь Коцік, які практыкаваўся ў газеце “Фнзкультурннк Белорусснн”, пісаў дыплом па тэме: “Ленін-спартсмен”, і ўсе не толькі змаўчалі, але і дазволілі яму абараніцца на “выдатна”. Менш паставіць не асмеліліся.
Спартыўнасць правадыра заключалася ў тым, што ён калі-нікалі гуляў у шахматы, хадзіў на паляванне і аднойчы падчас паводкі падруліў на лодцы да нейкай адзінокай выспачкі, на якой ратаваліся дзясяткі два зайцоў. Усіх перабіў вяслом і адвёз у хату да жонкі, з якой адбываў ссылку. Гэты гістарычны факт, пра які расказваў у сваёй дыпломнай рабоце студэнт Коцік, не выклікаў ні ў кога з камісіі нават лёгкага абурэння, што само па сабе несла, як лічыў Ігнат Мазур, нейкі злавесны, нават інфернальны матыў. Ён любіў жывёл і не мог уявіць, як гэта можна забіць столькі бездапаможных істот і з якой мэтай? Нават з’есці ўсіх столькі немагчыма. Лядоўняў жа тады не існавала?
Сваю дыпломную работу ён урэшце дапісаў. Працаваў ўрыўкамі, па-ранейшаму без натхнення. Выкладчыца
Сініцына адчула гэта і была не вельмі задаволена. “Чакала ад вас большага, — сказала неяк яму ў размове. — На добрыя чатыры балы пацягнеце, а я для вас, Мазур, планавала “выдатна”.
Урэшце на тым і вырашылася. Абараніўшыся, студэнт Ігнат Мазур адразу выкінуў усё гэта з галавы.
Некаторыя выкладчыкі — іх прозвішчы ўсе ведалі -— не выносілі, калі той-сёй ігнараваў іх асабістыя кансультацыі да іспытаў. Таму прыходзілі на іх амаль усе. Змушаны быў прысутнічаць раз-пораз і Ігнат Мазур. Прыходзіла і Святлана Конкіна, хоць перадусім неяк прызналася студэнту Ігнату Мазуру, што яна, як ні круці, а дамаседка. У аўдыторыі і на перапынках паміж заняткамі яны па-ранейшаму амаль не падыходзілі адно да другога, хоць і не выпускалі з поля зроку. He раз Ігнату Мазуру хацелася плюнуць на гэтую невядома як узніклую канспірацыю, кінуць шыфравацца, падысці і абняць дзяўчыну пры ўсіх — урэшце, чаго і каго саромецца, але нешта стрымлівала яго.
Скончылася ўсё гэта непрыемным выпадкам. У адзін з перапынкаў да Святланы Конкінай, якая ў кутку ля падваконня паліла цыгарэту, падышоў вясёлы Ваня Гужын, паклаў ёй руку на плячо, а другой рукой пацягнуўся выхапіць у дзяўчыны цыгарэту. Даволі рашуча тая адпіхнула яго і адвярнулася да акна. Гэта якраз убачыў Ігнат Мазур, і загнаныя ў падсвядомасць падазрэнні, якія засталіся ў яго пасля размовы з Юляй Мараковай, непазбежна ўсплылі наверх. Ён раптам адчуў самую сапраўдную нянавісць да хамаватага, упэўненага ў сабе Гужына, да яго жыццярадаснага юрліва-прыгожанькага твару, укормленай, дагледжанай постаці, падышоў да яго — Гужын нешта са смехам гаварыў у спіну дзяўчыне — і крануў таго за рукаў.
— Хадзі сюды, Ваня.
— Куды гэта — сюды? — па-дурному спытаў Ваня Гужын, які пэўна нічога толкам яшчэ не разумеў, але пры-
родная яго абачлівасць і хітрасць ужо сігналілі яму пра нейкую незразумелую небяспеку.
Яны адышліся ўніз, пад лесвіцу.
— Ну, ты што, Ігнат? Якая праблема? — зноў спытаў Ваня Гужын. Ён, кемлівы як усе прыстасаванцы, пэўна пачынаў звязваць у адно пакуль яшчэ не ўсвядомленыя фрагменты, асклепкі нечага такога для яго мутнага і недарэчнага, пра што ён раней не здагадваўся.
— Дзяўчыну ручкамі сваімі белымі не кранай, а то я табе пальцы на іх у іншы бок павыкручваю, — ужо не валодаў сабой Ігнат Мазур.
Паўза.
Некалькі секунд Ваня Гужын няўцямна глядзеў на яго, а потым сплюнуў у бок.
— Ды пайшоў бы ты...
Замест адказу студэнт Ігнат Мазур без замаху левым бакавым заехаў таму ў твар. Ваню Гужына адкінула да сцяны, з разбітых вуснаў пацякла кроў. Тым не менш, ён адразу падхапіўся, але ў бойку не палез, а пакратаў у роце і прасіпеў:
— Ты мне зуб выбіў, хістаецца. А вось гэтага не дарую. Зараз жа заяву ў міліцыю і пабоі здыму. Дарожку да дыплома я табе перакрыжую.
Да іх ужо збегліся аднакурснікі. Падышлі і дзяўчаты.
Ад апошніх рэй ужо ўзяла на сябе Юля Маракова.
— Ды ты мужык ці баба? — рашуча заступіла яна шлях Ваню Гужыну. — 3-за нейкай лухты ў мянтарню? Цябе, Ваня, можа, у дзяцінстве з падваконня скінулі галоўкай уніз? Трымайце яго, дзяўчаты! Няхай памірацца!
Мірыцца Ваня Гужын не пажадаў, але і бегчы ў міліцыю пад націскам дзяўчат пасаромеўся. На тым усё быццам і скончылася, але студэнт Ігнат Мазур ад усяго гэтага неспадзявана адчуў яшчэ большы нервовы неспакой, стомленасць і нечаканую тугу — у душы ён разумеў, што многімі ілюзіямі ў яго жыцці з часам паменее.