• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    Дырэктар абласнога тэлебачання Кухарчук, па ўсёй бачнасці, не жадаў разбірацца з практыкантамі, якія не-
    дарэчна зваліліся на яго абжытую, утульную прастору. Але пасля не то скаргі, не то даносу абуранага Казіміра Шахто, змушаны быў прагледзець сюжэт і выказаць свае адносіны.
    — Скажыце, — асцярожна звярнуўся ён спачатку да студэнта Ігната Мазура зусім з іншага боку, — сябра Вярхоўнага суда Мазур — не ваш сваяк?
    — Так, — раптам зманіў раздражнёны ўсім гэтым Ігнат Мазур, — сваяк.
    — Вы не хвалюйцеся, мы паставілі ў план ваш сюжэт. Ну, крыху дапрацуеце з рэдактарам, — нечакана лагодна паабяцаў дырэктар Кухарчук. — А ўвогуле, мы бачым, што вы праяўляеце ініцыятыву, паводзіце сябе прыстойна, спадзяюся, так і далей будзе, і практыку вам абавязкова залічым. Вы згодны, Казімір Маратавіч? — звярнуўся ён ужо да рэдактара Шахто.
    — Так, так, — заківаў той з няшчырай, халопскай усмешкай.
    Вольны з гэтага часу, студэнт Ігнат Мазур тым не менш вырашыў падпрацаваць на “Навінах”, дзе ўжо абжылася Юля Маракова, і зрабіць які матэрыял для абласной газеты “Зорка”, каб на ўсялякі выпадак падстрахавацца, бо ад “Блакітнага агеньчыка” можна было чакаць усяго заўгоднага.
    Вечарам таго самага дня — а практыкаваліся ўжо ледзь не тыдзень — дзяўчаты сабралі тое-сёе на стол, а Ігнат Мазур схадзіў у бліжнюю краму за бутэлькай чырвонага сухога віна.
    Як заўсёды, шмат палілі і гаманілі пра ўсё і... ні пра што.
    — Уяўляеш, — пасмейвалася, звяртаючыся да сяброўкі Надзя Гусакова, — гэты пшут, Казік Шахто, запаў на мяне. Учора падваліў цішком і прапанаваў адвячоркам пасядзець з ім, ха-ха, за кубачкам кавы ў яго кабінеце.
    — Працяг, спадзяюся, будзе? — пыталася Юля Маракова. Дзяўчына была ў добрым настроі.
    —Магчыма. Праз тыдзень прыедзе на адведкі мой сужэнец, ну вы ж яго ведаеце. Ён працяг і арганізуе, калі наш юрлівец не супакоіцца.
    Студэнт Ігнат Мазур бачыў раней у інтэрнаце жаніха рослай, прыгожай, але, на яго думку, праставатай Надзеі Гусаковай — той заканчваў політэхнічны інстытут і даволі паспяхова займаўся дзесяцібор’ем.
    — А ты што ўсё маўчыш, Ігнат? — пацікавілася Юля Маракова. — Мо захварэў на радзімец?
    Ігнат Мазур нявесела ўсміхнуўся, паціснуў плячыма. Ён раптам адчуў сябе нібы ў іншым вымярэнні.
    — Выйду, запалю. А вы тут без мяне пасакрэтнічайце.
    На амаль бязлюднай вуліцы ўжо ўключыліся ліхтары. Толькі ля найбліжэйшай кавярні было даволі ажыўлена — там віравалі падлеткі.
    Студэнт Ігнат Мазур адчуў, як самота холадам агорала яго знутры. Што ён тут робіць з гэтымі дзяўчатамі, адной з якіх быццам нечым абавязаны — толькі чым? Што яму з гэтага тэлебачання, дзе нельга прыбартаваць звычайны літаратурны сюжэт, дзе яго ва ўпор не хочуць бачыць нават цяпер, а не толькі ў будучыні? Там, у сталіцы, засталася Святлана Конкіна, з якой адной яму б хацелася аказацца зараз побач. Дзе яна ў гэтыя хвіліны, з кім праводзіць вечар, альбо сядзіць адна? Урэшце, раптам успомніў Ігнат Мазур, ён жа па-ранейшаму амаль нічога пра яе не ведае: хто яна, адкуль, хто яе айчым, маці, нават якой яна ўсётакі нацыянальнасці? Хоць што яму, акрамя цікаўнасці, да апошняга?
    Ён выцягнуў з кішэні партманет і палічыў грошы. Заставалася не так і багата ад заробленага на мінулых, пазалеташніх вакацыях, але калі палічыць, колькі дзён яму тут пакутаваць, то можна... Так, выйсце ёсць. Можна вечарам ляцець самалётам у сталіцу, а праз суткі вяртацца назад. Наўрад ці нехта яго тут будзе пасвіць. Дырэктар Кухарчук? Рэдактар Шахто? Ды ім усё роўна — толькі каб было ціха і не адбылося ніякіх незбалансаваных сітуацый.
    Затое ён будзе бачыцца са Святланай Конкінай. “Насланнё” — нібы збоку падумалася яму пра сябе, але з усім гэтым ён не можа пакуль саўладаць. Дык зноў жа — няхай будзе, як будзе.
    * * *
    К ночы Юля Маракова ціха праслізнула да яго на канапу. Прыціснулася аголеным целам, нешта зашаптала, аж уздрыгнула ад таго, што ў ім адразу абудзілася эрэкцыя. Сама адказала на гэта разняволена і ўмела.
    Калі ўжо сцішана ляжалі побач, сказала на вуха:
    — Хоць тут мы разам. Пажыць нармальна нельга.
    — А як жа Гусакова за шырмай? Спіць, ці не?
    — Заснула даўно. Ды яна ўсё разумее.
    — Усё роўна няёмка.
    — Ды годзе табе. Усё-такі як добра, што мы разам на гэтай практыцы. Хоць, шчыра скажу, мяне ад іх абласной студыі далёка не ўстаўляе. А хацелася на заходнюю частку краіны паглядзець, на людзей незнаёмых. Дзіўнаватыя вы, беларусы. У нас у Крыме іншы народ.
    — Дзесяць плыняў эміграцыі. А па вайне ўвогуле шмат паўцякалі. Чым багатыя. Што тут дзіўнага? У вас лепшыя?
    — Я не ў дрэнным сэнсе. Можа, якраз наадварот. He садзіся на крыўду.
    Студэнт Ігнат Мазур маўчаў. Здагадка паволі прабівалася ў свядомасці, урэшце аформілася ў пытанне:
    — Паслухай, Юля! Гэта ж ты паспрыяла таму, каб мяне паслалі сюды на практыку.
    Паўза.
    — Калі па-сапраўднаму, то я, — прызналася дзяўчына. — Папрасіла “Блакітнага агеньчыка”, яна маю цётку добра ведае.
    — Чорт бы вас усіх пабраў.
    — Ты што, Ігнат?
    — Ды пайшла ты...
    — Гэта ты дарэмна. Можа, хочаш сядзець па размеркаванні ў раёнцы? У якой-небудзь Бабінцы альбо Жабінцы? А тэлебачанне ніжэй абласнога цэнтра не бывае. Пакуль. А ты мог бы хутка падняцца, бо адукаваны, дасціпны, начытаны, фотагенічны ўрэшце. Збольшага, вядома. Хіба толькі ўдзячнасці бракуе. Я ўсё сказала.
    Студэнтка Юля Маракова саскочыла з канапы на падлогу і пайшла да сябе за шырму.
    Раніцай Ігнат Мазур пацёрся ў рэдакцыі сярод штатных супрацоўнікаў. Усе былі занятыя сваімі справамі. Казімір Шахто зноў не звяртаў на яго ўвагі, а Юля Маракова моўчкі адвярнулася. Апошняе было не вельмі добра, бо дзяўчына з яе сувязямі магла б у якім неспрыяльным для яго выпадку і прыкрыць, дый жадала яна яму толькі дабра, але думаць пра ўсё гэта не выпадала. Студэнт Ігнат Мазур сабраўся, апрануў свой адзіны касцюм, свежую кашулю, паваксаваў чаравікі і рушыў у аэрапорт. Праз нейкі час невялікі пасажырскі аэробус “АН”, які амаль штодня курсаваў да сталіцы, узняў яго ў паветра.
    * * *
    Увесь час і ў летаку, і пакуль дабіраўся з аэрапорта ў тралейбусе да інтэрната, студэнта Ігната Мазура не пакідала ледзь не ліхаманкавае прадчуванне блізкага шчасця.
    У краме па дарозе набыў бутэльку таннага сухога віна і адразу скіраваў наверх па лесвіцы, да пакоя, дзе пражывала Святлана Конкіна.
    Ён пагрукаў у дзверы, прыадчыніў. Адна з першакурсніц, бялявая дзяўчына са здаровым вясковым румянцам, сядзела за сталом і нешта пісала ў сшытак. Больш у пакойчыку нікога не было.
    — Конкіна калі прыйдзе? — павітаўшыся, спытаў Ігнат Мазур.
    — А яна не прыйдзе.
    Паўза.
    Студэнт Ігнат Мазур асэнсоўваў інфармацыю.
    — Гэта яшчэ чаму?
    — Яна тут больш не жыве.
    — А дзе жыве?
    — He ведаю. Быццам недзе зняла кватэру.
    — I яна нічога не пакідала, не прасіла перадаць?
    — Нам тут — нічога. Яна з намі ўвогуле мала размаўляла. Так, не — і ўсё.
    Студэнт Ігнат Мазур пакінуў дапытваць дзяўчыну і пайшоў да сябе. У пакоі нікога не было, дзверы, як заўсёды ў апошні час, зачынены, і ён пайшоў на вахту за ключом.
    На вахце ён прагледзеў раскладзеныя паштовыя канверты. Адзін, ад Ані Балтас, быў адрасаваны яму.
    Студэнт Ігнат Мазур выйшаў з інтэрната — цераз дарогу быў скверык. Сеў там на лаўку, ускрыў канверт і пачаў чытаць.
    “Ігнат!
    Нас таксама спіхнулі на практычныя заняткі. Я працую выхавацельніцай у дзіцячым садку. Вольнага часу небагата, але дырэктарка яшчэ не сапсела па ўзросту і з ёй можна калі-нікалі паразумецца. Урэшце, табе гэта, мяркую, не вельмі цікава. Хоць не — маню. Вось пікантная рэч. Маладыя выхавацелькі са смехам прасвяцілі, і сама пабачыла: у некаторых хлопчыкаў старэйшай групы пасля сну — стаіць. Звычайная эрэкцыя. Але, у такім узросце?
    3 сябраммужа сястры схадзілаў кіно (гэта, кабты крыху параўнаваў) — не больш. Глядзелі «Рудабародага» Курасавы, і я была ў захапленні ад Т. Міфунэ — якая моц. Затое майго кінапартнёра стужка не ўразіла, і ён увесь час гаварыў нейкія глупствы. Расплявалася з ім на вуліцы. Затое ўжо на «Зацьменне» Антаніёні пайшла адна і выйшла ў стане эмацыйнага і нервовага зрыву. Які там прыгожы Ален Дэлон! I фільм звонку
    просты, але вельмі глыбокі і нават трагічны. Праўда, не абышлося без хамскай сцэны (не ў фільме). Нейкі быдляк праз pad наперадзе раз-пораз адпускаў каментары, ад яго смярдзела (нават я на адлегласці адчувала): ці то абасц...ся перадусім, ці абас...ся. Урэшце, яго вывелі.
    Але, пра што гэта я? Пішу абы-што. Спадзяюся, хутка пабачымся. I тады ўсё абгаворым. Хочаш — я прыеду да цябе на зборы?
    Р. S. Нумар дзіцячага садка — 21.
    Р. Р. S. Згуляем у пінг-понг?
    Твая Аня”.
    * * *
    Ветру амаль не было. На сонечным баку ўжо адчувальна прыгравала. Там-сям хадзілі па зямлі каўкі. Адна з іх у дзюбе трымала дробную галінку — мабыць, дзесьці будавала кубло. Студэнт Ігнат Мазур нерухома сядзеў на лаўцы і слухаў шум горада. Раптам звыклая туга ахапіла яго, ён падумаў пра тое, што зусім не ведае, як жыць далей і да якой мэты імкнуцца, і што ён як быў, так пакуль і застаўся самотным і неўладкаваным у жыцці няўдачнікам.
    Ён убачыў мятліка — звычайную, распаўсюджаную ўвесну і летам чырвона-чорна-жоўтую крапіўніцу. Мятлік сеў яму на руку і варушыў вусікамі. Раз-пораз крохкія яго крыльцы схвостваліся, а потым зноў раздзімаліся, прымаючы на сябе сонечнае цяпло.
    Студэнт Ігнат Мазур нечакана ўспомніў, што па народнай прыкмеце мятлік, сядаючы на каго-небудзь, азначае, што да таго прыходзіць каханне.
    Адвячоркам, пачало ўжо сутонець, у пакой вярнуўся Дзяніс Маркін. Убачыў Ігната Мазура, які паліў чарговую цыгарэту, побач на стале стаяла пустая бутэлька, і сказаў:
    — А я думаю, хто гэта на вахце ключ забраў? Ты, можа, практыку скінуў?
    — Ды не. Заўтра назад.
    — А я тут адзін, — сказаў Дзяніс Маркін. — Байкоў паехаў у сваю раёнку. Хто на практыцы, а іншыя — на вакацыях. Цяпер усе клапы з гэтага паверха — мае. Ды што гаварыць — сам ноччу прасякнешся. I вада ў бляшанках, што Міхась прыдумаў, — без толку. Яны ж са столі як дэсантура скачуць.
    — Паслухай, Дзяніс, — спытаў Ігнат Мазур, — хто з нашых тут, у інтэрнаце, застаўся?
    — Ды амаль усе раз’ехаліся. Хіба што Зялёнка, Ганабец тут. Яшчэ Гужын, дзяўчаты некаторыя засталіся. Ганабец у міліцэйскай газеце прыбартаваўся, Зялёнка — на радыё, Гужын ля цэка камсамола ашываецца, ну — усіх не пералічыш.