• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    — Дамоў, можа, разам пойдзем? — спытала яна. — Ты б хоць раз пару лекцый па палітэканоміі наведаў. Цябе адзначаюць кожны раз за прагулы і даносяць у дэканат. Мяркую, стараста.
    — Чорт з ім, — вырвалася ў Ігната Мазура, — усё роўна гэты мутняк мне не здаць. Ён вышэй майго разумення. Але сёння папрысутнічаю. Бо пасля заняткаў затрымаюся. Ёсць справа.
    — Сядзем разам.
    — Ага, — паабяцаў сяброўцы Ігнат Мазур і вяла пажартаваў: — Як пракурор вырашыць.
    	?.
    — Лепш казаць — прысядзем. Альбо — пабудзем разам. Юрфакаўцы могуць абсмяяць.
    * * *
    “Палітэканомію” чытаў новы выкладчык. Студэнт Ігнат Мазур бачыў яго ўпершыню. Выкладчыка звалі Пётр Мацкевіч. Гэта быў даволі мажны, цёмнавалосы, з сівымі скронямі, чалавек гадоў сарака васьмі — пяцідзесяці, з нечакана разумна-саркастычным выглядам на загарэлым твары і жывым, але стомленым позіркам шэрых неспакойных вачэй.
    Урэшце Ігнат Мазур амаль не слухаў таго. Побач сядзела Юля Маракова, часам, незаўважна для іншых, ціснула цёплымі пальцамі ягоную далонь, а потым увогуле напісала на лісце паперы і пасунула ў яго бок. “Вечарам. Заўтра. Заходзь”.
    I прашаптала ў вуха:
    — Даслалі з дому пасылку. Там сярод іншага і бутэлька нашага крымскага.
    Студэнт Ігнат Мазур з цёплай удзячнасцю паабяцаў. Нейкі час ён думаў пра тое, ці будзе не заняты заўтра ўвечары вольны інтэрнацкі пакойчык, а потым прымусіў сябе слухаць выкладчыка.
    Выкладчык Пётр Мацкевіч тым часам казаў:
    — На падставе дадатковай вартасці Карл Маркс раскрыў катэгорыю “капітал” як самаўзроставую вартасць, якая выяўляе адносіны эксплуатацыі, і ўзнавіў падзел капіталу па прынцыпе ўдзелу ў стварэнні вартасці на пастаянны капітал, як сродкаў вытворчасці, і пераменны капітал, укладзены ў рабочую сілу.
    У выніку вартасць створанага тавару выяўляецца праз формулу.
    Тут выкладчык Мацкевіч узяў крэйду і накрэмзаў ёй на дошцы:
    w = с + v + т, дзе с — пастаянны капітал, v — пераменны капітал, т — дадатковая вартасць.
    Пасля чаго агледзеў студэнтаў, усміхнуўся і працягваў гаварыць.
    “He, — думаў, слухаючы таго, Ігнат Мазур. — Гэтую ахінею мне ніколі не здаць. I ніхто не дапаможа. Цьфу ты, бля. Ненавіджу. Мудрэй за гістмат”.
    У канцы лекцыі выкладчык Мацкевіч між тым нечакана паведаміў, што іспыт асабіста ён, магчыма, прымаць адзін не будзе, а будуць прымаць удваіх з выкладчыкам Гавіным з Інстытута народнай гаспадаркі.
    — Ну, трапілі, — прашаптала побач Юля Маракова. — Той Гавін зарэжа палавіну курса, анягож. Ён непрадказальны, самазадаволены індык.
    У аўдыторыі сцішана загаварылі, захваляваліся. Выкладчыка Гавіна ведалі па яго лекцыях, некалькі з якіх ён раней прачытаў на іх курсе; таксама — па жорсткім патрабаванні канспектаў і няўхільным наведванні тых лекцый. Прысутных ён з насякомай уедлівасцю падымаў з месца і правяраў кожнага праз журнал.
    Студэнт Ігнат Мазур адчуў непрыемны халадок у грудзях. Успомніўся іспыт па гістарычным матэрыялізме і атрыманы з той нагоды сапраўдны нервовы стрэс. “Нена-ві-джу...” — зноў усплыло ў свядомасці слова, якое б ён
    з задавальненнем запамятаваў. Але — пакуль не выпадала. Што ж, такое жыццё, меркаваў ён.
    * * *
    Пасля заканчэння апошняй пары аўдыторыя апусцела і студэнт Ігнат Мазур пайшоў шукаць выкладчыцу з кафедры замежнай літаратуры. Ён знайшоў яе ў дэканаце.
    — Што ж, — сказала выкладчыца Нэла Ліцвінава, — калі ўжо самі напрасіліся, то хадземце на наш імправізаваны іспыт. Дзе ў нас тут пустая аўдыторыя?
    — Якраз апошняя лекцыя скончылася, — паказаў ёй на расчыненыя дзверы сваёй аўдыторыі студэнт Ігнат Мазур.
    Яны паселі, і выкладчыца сказала:
    — Час у мяне абмежаваны, так што пачнём без лішніх уступаў. Вы сапраўды гатовы? Калі выцягнеце хоць бы на “здавальняюча”, я, так і быць, выканаю вашу просьбу.
    Паўза.
    Далей пачалося сапраўднае выкручванне мазгоў. Пытанні ўсё больш ускладняліся: з ангельскай, іспанскай, нямецкай, французскай, маладой амерыканскай літаратуры як дзевятнаццатага, так і дваццатага стагоддзяў. Маючы добрую памяць, Ігнат Мазур лёгка ўспамінаў прачытанае і адказваў, коратка, але часам адхіляючыся ў бок, калі гаварыў пра аўтараў, што яму асабліва падабаліся: Альбэра Камю, Іва Андрыча, Кнута Гамсуна.
    — Ну, а які тэкст, па-вашаму, варта прызнаць найлепшай кнігай усіх часоў і народаў? — раптам нечакана спытала яго напаследак выкладчыца Нэла Ліцвінава. — Вы ж, пэўна, ведаеце, што такія апытанні раз-пораз праводзяцца, і рэйтынг кожнага новага аўтара вылічваецца больш-менш дасканала?
    Студэнт Ігнат Мазур падумаў і адказаў на гэта, што тут меркаванні вядомых крытыкаў разыходзяцца: некаторыя нават лічаць найлепшай сусветнай кнігай “Дон Кіхота” Сэрвантэса, але на яго, Ігната, думку больш вартыя такой
    высокай ацэнкі творы Шэкспіра, Дастаеўскага, Стэндаля, Ніцшэ, Фіцджэральда, Гамсуна, многіх іншых.
    А што тычыцца “Дон Кіхота” Сэрвантэса, дадаў, то ён шчыра прызнаецца: кнігу да канца не дачытаў. Герой — псіхічна хворы чалавек і, нягледзячы на вялікую гуманістычную скіраванасць, двайную нагрузку і глыбіню тэксту, гэта аказвае негатыўны ўплыў на ўспрыманне. Хіба не так?
    — Лічу, што не зусім так, — усміхнулася на гэты кароткі спіч выкладчыца Ліцвінава, — але думку вашу прыму на ўвагу.
    — А вось Дастаеўскі і яго “Бесы”, “Браты Карамазавы” — гэта сапраўды вышыня. Яшчэ Ніцшэ, Клейст, Гёльдэрлін — якіх Стэфан Цвейг аб’явіў найвялікшымі, — панесла Ігната Мазура, — увогуле нельга, на яго думку, выбіраць з доўгага спіса адзін тэкст. Ну, вызначыць які дзясятак імён. Можна нават і больш.
    — Вы і да Ніцшэ дабраліся? — здзівілася выкладчыца Нэла Ліцвінава. — Цікава, што чыталі, дзе і як?
    — Была нагода, — ухіліўся ад адказу Ігнат Мазур.
    — Можа, вы ведаеце і прычыну яго ранняй смерці? — нечакана пацікавілася выкладчыца.
    — Ведаю. Незалечаная хвароба на пранцы.
    Выкладчыца Нэла Лцвінава падумала і спытала зусім іншае.
    — Скажыце, Ігнат. Вы не хацелі б вучыцца далей па гэтым профілі? Вы, дарэчы, мой першы студэнт, які, небеспадстаўна падазраю, валодае тэмай напоўніцу. Распрацаваць кандыдацкую, а па кірунку ўрэшце параіліся б разам.
    — He, — адказаў Ігнат Мазур. — Дзякуй вам вялікі, але я хачу працаваць. Вучыцца далей, потым выкладаць — гэта не для мяне. Да таго ж, ёсць і сямейныя праблемы, якія не аб’едзеш. Я — сын палітвязня.
    Выкладчыца Нэла Ліцвінава ўзнялася з крэсла, працягнула руку.
    — Прыйдзеце на экзамены з заліковай кніжкай. На лекцыі можаце не хадзіць.
    Студэнт Ігнат Мазур нечакана для сябе шляхетна пацалаваў ёй далонь.
    — Вельмі вам удзячны.
    На твары выкладчыцы Ліцвінавай зноў выступіў лёгкі румянец.
    — Да пабачэння, Ігнат. Рада за вас. Цікава пагаварылі.
    * * *
    Увечары студэнт Ігнат Мазур запісаў сабе ў нататнік:
    “Выкладчыца Ліцвінава цікавілася ў мяне, як я паспеў прачытаць столькі кніг. Але калі б пачула праўдзівы адказ, то, пэўна, здзівілася б.
    Чытаць я навучыўся рана, але кнігі палюбіў пазней. Спачатку быў страх. Так, у дзяцінстве я баяўся цемнаты і ратаваўся ад гэтай фобіі чытанкай. Усё тлумачылася быццам і проста. Маці працавала на заводзе ў тры змены, і я часта заставаўся дома адзін. Па вечарах, як правіла, электрычнае святло ў горадзе адключалі на некалькі гадзін. Эканомілі. Я ліхаманкава запальеаў газніцу, забіваўся ў кут і перад сабой раскрываў чарговую кнігу. Прымушаў паглыбляцца ў тэкст, інакш навальвалася сапраўдная паніка. Страх цемры. Пачаўся ён з выпадку, якому і дагэтуль не магу даць тлумачэння. Неяк узімку, пад вечар, я выйшаў на панадворак, а калі захацеў вярнуцца ў хату, то выявілася, што дзверы знутры зачынены. Дома я быў адзін. 3 гадзіну-другую я хадзіў па снезе, вяртаўся, зноў спрабаваў адчыніць дзверы, але дарэмна.
    Урэшце сусед выпадкова пабачыў мяне. Я ўжо замярзаў. Паклікалі мужчын, дзверы ўзламалі. Дом абшукалі. Ніхто не мог зразумець, як яны зачыніліся самастойна. Гэта было проста немагчыма. Замка не было, а быў звычайны масіўны гак, які сам не мог
    узняцца ў паветра і зачыніць хату. Мяркую цяпер, што гэта мог быць і слаба выяўлены палтэргейст. Дарэчы, вядомыя і ціхія яго формы.
    Але з той пары ў цемры мяне апаноўваў страх. Газніца мігала, па сценах варушыліся цені, а на стале ляжала чарговая раскрытая кніга, гарталіся старонкі, гвалтам праглынаўся тэкст.
    3 заплечнікам я наведваў бібліятэку і набіраў кніг.
    3 часам я пачаў адрозніваць сапраўдную літаратуру ад літтрэшу. Я сталеў. Паступова мая фобія (боязь цемнаты) знікла, але звычка чытаць засталася”.
    * * *
    Мінула некалькі дзён.
    Пасля чарговых лекцый студэнт Ігнат Мазур вырашыў паехаць у інтэрнат да Ані Балтас. 3 сабой захапіў падручнік па палітэканоміі. У яго з’явілася прывідная надзея паўтарыць “гістматаўскі” метад: Аня будзе яму чытаць уголас адказы на білеты, а ён запамінаць.
    Але ўсё нечакана памянялася. У Аляксандраўскім скверы, праз які праходзіў, ён убачыў аднакурснікаў Іосіфа Зялёнку і Ваню Гужына, якія сядзелі на лаўцы і толькі якраз адкаркавалі па бутэльцы чырвонага сухога віна.
    — О, Ігнат, — сказаў Іосіф Зялёнка, — давай далучайся. — У сумцы што ў цябе? А мы тут, на лаўцы, з правадыром “косці кінулі”.
    — Кінь плявузгаць, які я правадыр, — сказаў, але з нейкай задаволенай усмешкай Ваня Гужын.
    — Ну як, які? Па-першае, ты — камсамольскі важак, а, па-другое, з’язджаў бы ты ў Афрыку. У якую Анголу, прыкладам. Там усе ў трусах ходзяць, а большасць і без іх. Ну, і ты б зняў. Тут бы яны ўсе і прызналі цябе правадыром. Далажы, колькі ты крываротых камсамолак сапсаваў, га? Але ж ты ніколі таго не афішуеш, за што ў баб у аўтарытэце.
    — А з тваім языком — у клуб вясёлых і знаходлівых. Схадзі да Епіфанава, запішыся.
    — Дык што, Ігнат? Складзем кампанію? А то з правадыром сумна. А ты пацан дасціпны, разумны. Што ў цябе ў сумцы?
    — Ёсць пляшка сухога. Але я іду ў госці, — сказаў праўду Ігнат Мазур.
    Жвавы і рухавы як іртуць Іосіф Зялёнка прапанаваў:
    — Сядай і з намі. У госці па вечарах ходзяць. Ты, што, Віні Пух? У нас віна багата. Учора на радыё ганарар атрымалі. Мне за дзве інфармашкі, а яму, — кіўнуў на Гужына, — за інтэрв’ю. Пяць пухіроў віна і на закусь хапіла.
    — Умееце жыць. А мне вось пісаць часу з-за іспытаў не хапае. Што на практыцы зарабіў, дык даўно сплыло. Урэшце, згода, перакулю шклянку.