Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя яе вочы нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.
Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінуючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі ў выкладчыка Мацкевіча.
— А мне Гавін падабаецца, — сказала нібы насуперак яму Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:
— Ён так глядзіць на мяне, бедны...
— Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. I чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта кшталту завіўкі. Нават ты такую не зробіш.
— А я іспыту не баюся. Я і “Капітал” Маркса неяк пачытвала.
Студэнт Ігнат Мазур раптам адчуў цьмянае раздражненне. “Лепш бы галаву лішні раз памыла, чым пачытваць таго Маркса”, — падумаў ён, але, вядома, не сказаў уголас: дзяўчына магла адразу і назаўсёды “сесці на крыўду”, а ён гэтага не хацеў.
Зусім наадварот. Зноў нясцерпнае, неспадзяванае жаданне прыхінуцца да яе, удыхнуць пах яе вопраткі, цела, валасоў узнікла пажарам і цалкам ахапіла яго.
— Паслухай, Святлана, — сказаў ён, — можна, я да цябе як-небудзь зайду?
— Зайдзі, — са сваёй незразумелай, іранічнай усмешкай паціснула тая плячыма.
Прыбег з чытальнай залы, якая была непадалёк, заклапочаны, узнерваваны Уладлен Анціпаў. Ён да апошняга сядзеў за падручнікам і цяпер выведваў у іспытантаў: як і што? Ля Ігната Мазура ў такі момант яму няма чаго было рабіць — хіба выслухоўваць чарговыя кпіны, а вось выдатнікі маглі што і падказаць. Напрыклад, адказу на якое-небудзь асабліва небяспечнае пытанне, што часам ужываў за звычку прыцягнуты з інстытута народнай гаспадаркі выкладчык Гавін. Студэнт Ігнат Мазур паклікаў небараку-сябрука, каб папярэдзіць, увесці таго ў курс справы, але той толькі адмахнуўся. “Ну, тады на каго цябе бог пашле, калі так”, — вырашыў Ігнат Мазур. Урэшце,
як ён ведаў, Уладлен Анціпаў вучыў кожны прадмет да знямогі, і клапаціцца за яго было асабліва не варта.
* * *
Увечары з Іосіфам Зялёнкам і Ванем Гужыным адзначалі здадзены іспыт. Абодва зноў паказалі яму залікоўкі з выдатнымі адзнакамі. Як даведаўся Ігнат Мазур, “выдатна” атрымала на іспыце і Святлана Конкіна, і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат. Большасць з іх здавалі палітэканомію выкладчыку Пётру Мацкевічу.
Пілі, як звычайна, таннае сухое віно. Зноў успомнілі добрым словам і гаварылі пра выкладчыка, нагадалі, як сутыкнуліся з ім у Аляксандраўскім скверы, і як той спагадліва аднёсся да іх, нават зрабіў ласку — не пагрэбаваў з вышыні, а проста, па-мужчынску выпіў разам з імі. Гаварылі, што, адпаведна чуткам, ён выкладчыкам нядаўна, і, пэўна, яму яшчэ не зусім давяраюць, бо чаму тады запрасілі на іспыт Гавіна з інстытута народнай гаспадаркі? Ну і што, што той Гавін прачытаў ім раней некалькі лекцый? Казалі яшчэ, што, па тых самых чутках, Пётра Мацкевіч трапіў да іх на выкладанне выпадкова — проста дэкан Парэцкі разам з ім заўзеў на стадыёне за “Дынама”, іх месцы аказаліся побач, дык там яны і “зрохкаліся”.
— Чуткі, плёткі — усё гэта неістотнае, — падвёў урэшце вынік Ігнат Мазур, — а вось мужык ён варты. За яго і вып’ем.
Праз нейкі час яго адшукала Юля Маракова. Дзяўчына была пакрыўджаная, але не падавала выгляду і спытала, ці не запамятаваў ён, Ігнат Мазур, пра тое, што абяцаў прыйсці да яе?
Студэнт Ігнат Мазур супакоіў яе і запэўніў: ён толькі збіраўся, але давялося затрымацца на паўгадзіны з хлопцамі.
— А я на іспыце атрымала “добра”, — пахвалілася Юля Маракова.
— У каго?
— У Гавіна.
— Ну, ты і трапіла да вупыра. Яшчэ пашанцавала. Гнілы дзядзька.
— Так, — хіхікнула Юля Маракова, — сапраўды самазадаволены індык.
— I Конкіна менавіта яму здавала? — быццам між іншым пацікавіўся Ігнат Мазур.
— Так. Атрымала “выдатна”.
Абое стаялі ў інтэрнацкім калідоры ля акна і палілі. Са стадыёна насупраць грымеў духавы аркестр: рыхтаваліся да чарговага традыцыйнага параду вайскоўцы.
— Паслухай, Ігнат, — пачала Юля Маракова. — Маё “крымскае” з пасылкі пачакае, бо сёння нам няма дзе прытуліцца, але ў мяне да цябе ёсць адна, магчыма, не зусім звычайная для цябе прапанова. Справа ў тым, што хутка апошні іспыт, а потым вакацыі, пасля чаго практыка. Затым дзяржэкзамены, і ў нас курсы медсясцёр, а ў вас вайсковыя зборы.
— Што з таго, Юля?
— Паехалі на вакацыі да мяне. Да Сімферопаля на летаку, а там ужо побач. Ты, бачу, здзіўлены?
Паўза.
— Вядома, здзіўлены. Дзякуй табе за ўсё, але...
— Што так? — перапыніла дзяўчына.
— Трэба дапамагчы маці, а па-другое — у мяне няма лішніх грошай. У якасці каго я прыеду?
— Ну, вось твая беларускасць усплыла: як, чаму? Ды каб не назаляць... Mae старыя — гасцінныя: бацька — загадчык гандлёвага аддзела ў абырвалгу, а маці...
— Што за абырвалг?
— Ты ж у Булгакава памятаеш?
— А, — здагадаўся Ігнат Мазур, — гэта ж Шарыкаў усё наадварот чытаў.
— А маці — выкладчыца мовы і літаратуры ў школе. Ты з ёй адразу паразумеешся. Прычым тут грошы? Урэшце, я адзін раз прапанавала, а другі — не стану.
Ён не стаў тлумачыць Юлі Мараковай, што ў маці даўняя хвароба, якая носіць назву гіпатырэёз, і што ёй штодня трэба прымаць лекі, а яна, хоць і выйшла на пенсію, змушана працаваць, бо пенсія зусім малая, а як жонку “Bo­para народа” яе хіба што ўзялі калісьці з невядомай літасці на нейкі занядбаны заводзік, дзе і зарплаты па сутнасці не было. Так што вакацыі не для яго. Вядома, ён з задавальненнем пазагараў бы на марскім пляжы і ўсё такое, але... Ды і як бы ён стаў глядзець у вочы яе бацькам, штодня аб’ядаючы іх і не маючы ў кішэні лішняга рубля?
— Ды ты не крыўдуй, Юля, — расчуліўся ад нечаканай шчырасці дзяўчыны Ігнат Мазур. — Такі я ўжо чалавек, і іншым пакуль быць не магу, а вакацыі кароткія. Пабачымся. Ёсць і іншыя праблемы, але потым, потым...
Ноччу ён доўга не мог заснуць. Успомніў, што так і не пайшоў да Ані Балтас, а між тым абяцаў і даўно варта. Прыгадалася яе старэйшая сястра — у яе словах таксама прысутнічала, і даволі рэальна, жыццёвая жаночая мудрасць. Жанчыне варта выбіраць сабе мужчыну ў спрыяльным узросце, каб нарадзіць здаровых дзяцей, і менавіта такога, які здольны забяспечыць сям’ю. Два гады, як яны сустракаюцца з Аняй, праўда, апошнім часам зрэдку, а яна магла б знайсці сабе, як і старэйшая сястра, паспяховага мужчыну, мінчука, а не ехаць кудысьці ў свет па размеркаванні. Даўмеліся ж нашыя памяркоўныя кіраўнікі нават да таго, каб пасылаць дзяўчат аж у аддаленыя кішлакі Кіргізстана. Што іх там чакае — падумаць страшна. Чаму прыбалты пра такое нават слухаць не хочуць, чаму сваё паважаюць і берагуць? Чаму ў нас усё так гнюсна?
Вось і Юля Маракова свядома ці падсвядома шукае сабе спадарожніка па жыцці. I жыццё тое, як казаў ім раней выкладчык Мацкевіч, вельмі, нават нечакана — кароткае. Яму, Ігнату Мазуру, і яе шкада. Будзь ён якім забяспечаным мусульманінам, ён бы ўсіх траіх трымаў пры сабе. Хоць той жа заўзяты кавэзэшнік Ваня Гужын кажа: “Бабу пашкадуеш — сам бабай акажашся”. Ды хто
такі Гужын? А выбар, між іншым, ужо амаль зроблены. Калі з нядаўняй пары Света Конкіна побач з ім — ён ужо шчаслівы.
Раптам студэнт Ігнат Мазур чамусьці ўспомніў прагледжаную гады два таму вугорскую мастацкую стужку, дзе галоўны герой пакутуе ў выбары паміж дзвюма жанчынамі, і пачуццё кахання да іх абедзвюх настолькі моцнае, што ён псіхалагічна не вытрымлівае і даходзіць да суіцыду.
Ён узняўся з ложка, бо раптам яму нагадалася, што на яго напалі клапы. Ад наплыву гэтых небяспечных паразітаў у інтэрнаце часта праводзілі дэзынсекцыі, але гэта мала дапамагала, а вось пах у пакойчыках быў ад таго спецыфічны і ўядаўся нават у вопратку. Калі студэнтаў станавілася менш, бо яны паступова ад’язджалі на вакацыі, насякомыя перапаўзалі да тых пакояў, дзе было больш народу. Урэшце, з гэтым звыкаліся.
Толькі пад раніцу, калі ўжо світала, студэнт Ігнат Мазур раптоўна заснуў.
* * *
Ішоў час. Жаданне пабачыць Святлану Конкіну, якое нібы выбухнула ў ім апошнімі днямі, было настолькі моцным, што студэнт Ігнат Мазур штодня ледзь стрымліваў сябе. Але інтуітыўна ён адчуваў: варта вытрымаць нейкі адрэзак часу, каб усё адбылося па тым сэнары, які прыме дзяўчына. Апынуцца побач занадта рана ці занадта позна — і яна можа страціць да яго ўсялякі інтарэс, а падсвядомасць цьмяна гаварыла яму пра тое, што гэта так і ёсць. Як і ён, яна зрэдку з’яўлялася на лекцыях, але яму хацелася большага — застацца з ёй сам на сам.
Якраз дапамог выпадак. На прыпынку ля інтэрната ён убачыў аднапакаёўніц Святланы Конкінай з сумкамі ў руках. Дзяўчаты — зямлячкі з аднаго раёна — былі ўжо яму знаёмыя. I ён мімаходзь спытаў іх, куды гэта яны сабраліся. “Дадому, адпусцілі ў дэканаце на суткі”, —
адказалі першакурсніцы. “Пэўна, да бацькоў за прадуктамі і за грашыма, — з сарказмам вырашыў ён. — Грошы-та на дураплясаў пайшлі. Вядомая справа”.
— А Святлана сышла куды ці сядзіць у пакоі? — быццам абыякава спытаў іх студэнт Ігнат Мазур.
— Так. Нешта чытае, — адказалі дзяўчаты.
Было даволі цёпла. Клёны, запакаваныя ў асфальт, даўно пакрыліся лісцем. Крама месцілася побач. Ігнат Мазур купіў там бутэльку “Тракіі”, плітку шакаладу і ў бабулі, калі праходзіў скверык, букецік палявых кветак. “Поўны джэнтльменскі набор”, — іранізаваў ён.
Калі шчыра, — думаў ён пра сябе, — то яму не хацелася б, каб яго сустрэў цяпер хто са знаёмых студэнтаў, асабліва Юля Маракова. 1 ўвогуле тое, што ён робіць, не вельмі правільна з боку маралі, але тут жа пачаў шукаць і знайшоў сабе апраўданне: ён не ў стане супрацьстаяць сваім пачуццям, і як будзе далей — няхай так і будзе.
Спачатку ён зайшоў у свой пакой. Там быў толькі Міхась Байкоў, які спаў у сваім ложку. Ён быў апрануты і ляжаў зверху на коўдры. Побач — раскрыты падручнік. У неспакойным сваім сне Байкоў часам нешта мармытаў і некалькі раз паскрыгатаў зубамі. “Паразіты ў яго завяліся, ці як?” — падумаў, збіраючыся, студэнт Ігнат Мазур. Схаваў у пакет тое, што купіў, нават кветкі, і рушыў да выхаду.
Ён падняўся паверхам вышэй, спыніўся перад знаёмым пакоем і некалькі разоў пагрукаў. Урэшце ключ у замке павярнуўся і дзверы расчыніліся. Студэнтка Святлана Конкіна моўчкі глядзела на яго з блізарукім прыжмурам.