Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
У адно з такіх дзяжурстваў да яго зайшоў непрыкметны чарнявы малады чалавек у акуратным шэрым плашчы, шэрым касцюме і з папкай у руках. Ён спачатку прыкінуўся прасцяком, потым даў зразумець, што ён птушка больш высокага палёту, паслухаў колькі хвілін, як Міхась Скакун працуе, і выклаў карты. Хутка высветлілася, што адпаведныя органы зацікавіліся тэлефонам даверу, гэта ж была гарачая кропка, анягож. I Міхась зразумеў, што тут яму больш не працаваць — не дадуць, бо гэтаму жукаватаму карцела зрабіць яго стукачом, а ён ведаў: абстукачаны — што “апушчаны” ў зоне. Адзін капыл.
А яшчэ праз тыдзень, калі ён ужо дапрацоўваў на службе апошнія дні, у пакойчык, незалежна ўскінуўшы падбародак, увайшла высокая, прыгожая брунетка са светла-шэрымі вачыма, гадоў дваццаці пяці, не больш. Гэта была, як ён пазнаў, Насця, колішняя Пётрава каханка. Міхась ведаў яе па інтэрнаце.
Тады, у мінулым, пры ўсім сваім класічным абліччы прыгажуні, Насця была бяскрыўдная і добрая да наіўнасці і не адмаўляла з гэтай нагоды амаль нікому, бо ўсіх шкадавала. Калі не хапала дзяўчат, яна “дзялілася” і на дваіх, і ніхто яе за тое не ўшчуваў і не абгаворваў, бо ведаў: няма за тым ні распусты, ні карысталюбства.
Потым з’явіўся Пётра, і Насця перамянілася — насіла яму паесці, мыла і прасавала кашулі, не адыходзіла ад яго ні на крок, з лёгкасцю перайшла на родную мову, бо Пётра наўмысна не размаўляў па-расейску, і ўсе зразумелі — тут іншае. Так у іх і цягнулася, пакуль не адбылося размеркаванне і Пётру як вальнадумца ціхенька скіравалі да ўсходніх межаў. Насця за ім не паехала.
Пазней Міхась Скакун здагадаўся: праз сваю беларускасць Пётра, пэўна, і ў футбольную каманду не трапіў — такіх неахвотна выпускалі за мяжу. Колькі гадоў раней,
успомніў ён, на факультэце, дзе вучыўся Пётра, быццам існавала нейкая дысідэнцкая нацдэмаўская плынь, усё гэта, вядома, было не надта сур’ёзна, але вёў ужо свае гульні “кум” — новы, трэці памочнік дэкана, якога прыслалі “адтуль”, “з канторы”, — Пётра выклікаў у яго чамусьці асаблівую цікаўнасць.
Насця прывіталася, села ў крэсла, запаліла і сказала:
— Хачу пабачыць Пётру. Вы ж сябрукаліся, быццам.
Ты павінен ведаць, дзе ён. A то канцоў, бля, не знайду. Падзяліся адрасам.
Міхась Скакун задумліва агледзеў яе — ён не часта бачыў такіх прыгожых жанчын, а ён жа памятаў яе сціпла апранутай студэнтачкай, што прыехала вучыцца ў сталіцу аднекуль з маленькага пасёлка.
— Шукала б сама.
— А калі мне нельга? Я была адшукала, але ён паспеў ужо адтуль з’хаць.
— Твае праблемы.
Насця павагалася, рэзкім рухам патушыла цыгарэту і сказала:
— Табе можна верыць. Дык вось яму, дурненькаму, справу хочуць наматаць. Быццам ад таго, чым ён там займаецца, існуе пагроза нацыяналізму. Ха-ха! Паўсюдна ў іх, бля, пагрозы. Дурдом! Хто — сам здагадваешся. Няхай прыедзе, я ўсё яму растлумачу, кахала ўсё-ткі яго, дурня.
— Ты што, у “кантору” ўладкавалася? — здзівіўся Міхась. — Туды жанчын бяруць?
— Анягож. I псеўда далі: Мата Хары, ха-ха!
— А то тут да мяне таксама днямі прыходзіў адзін, — заўважыў Міхась. — Жукаваты такі, з папкай.
— Ну, гэтага я штодня бачу, — бесклапотна сказала Насця. — Ён жа мой муж. Таму сюды і прывяла дарожка. Святая справа — старых сяброў падтрымаць.
— Здымаю капялюш, -— сказаў пасля паўзы Міхась і, злёгку ашаломлены, спытаў:
— А не баішся?
— Я ж кахала Петрыка, як ты не зразумееш? — нібы малому, даводзіла яму Насця. — Але ж ён апантаны. Ну, мяркуй сам, мне варта было ехаць на сяло ў школу? Што я, мала аддала той правінцыі? 3 дзесяці гадоў на ферму дапамагаць бегала. А бацькі? Апусціцца, хадзіць у сукенцы з плямамі ад супу? Чакаць дзесяць гадоў цеснага пакойчыка з дзецьмі на руках? Так хоць нешта маю. Ды ён так, мужык як мужык, ну проста работа такая... Дый не баюся я такіх. Ім жа разводзіцца нельга: як развод — з работы ў каршэнь.
— I твой — што, табе свае службовыя сакрэты даводзіць? — пацікавіўся здзіўлены пачутым Міхась.
— Трымай кішэню, ды на чорта мне яго сакрэты, — сказала Насця. Я ж не глухая, вушы маю. A то паперы неяк дадому прыпёр. Я і зазірнула.
— Ну і каму Пётра пагражае тымі песнямі ды гісторыямі, якія ў старых бабулек запісвае? — спытаў Міхась з сарказмам.
— Я і кажу — вар’ятня. Паведамі мне, калі што, яго тэлефон, я лабаранткай працую на факультэце. Так, абы стаж працоўны ішоў.
— А я вось звальняюся, — сказаў Міхась. — Дарэмна твой Пронін сюды занырнуў.
— А ты пашлі яго на тры літары, — сказала Насця.
Міхась Скакун у роздуме разглядаў жанчыну, якая сядзела перад ім у крэсле і паліла. Нягледзячы ні на што, асобныя людзі па-ранейшаму цікавілі яго. Прыцягненне аднаго чалавека да другога — тое, што завецца каханнем — хіба тут няма нейкай незразумелай яму таямніцы? — меркаваў ён. — Але ж калі яно, каханне, разбураецца з часам, хіба не сведчыць гэта быццам пра часовую яго запраграмаванасць, пасля якой наступае звычайны збой, альбо, можа, яно само і ёсць збой у якой-небудзь праграме? Зараз, — вырашыў ён, — знайду нататнік і дам ёй тэлефон апошняга месцазнаходжання Пётры. Адшукае.
Але тут яго думкі перапыніліся, бо тэлефанаваў чарговы пацярпелы паразу, і ён звыкла пачаў сваю працу — гэта значыць суцяшаць і надаваць упэўненасць, каб незнаёмы яму суразмоўца здолеў на нейкі час аказаць супраціў сілам жыцця. Так, сілам жыцця, хіба той не разумее. Такія гутаркі звычайна адчувальна вымотвалі, нібы яго жыццёвая энергія па кіламетрах тонкага тэлефоннага дроту перакачвалася ў нейкую бяздонную пустэчу. “Вампірызм”, — казаў яму ўрач, яго зменшчык, але ён у гэта не верыў.
Калі ён урэшце паклаў слухаўку, Насці ў пакоі не было.
Праз дзень Міхась звольніўся са службы міласэрнасці, а напаследак, нападпітку, успомніў і пазваніў Пётру. Гаварыў ён праз складзеную ў колькі разоў насоўку: чамусьці Міхасю не хацелася, каб той пазнаў яго голас. Дый тэлефон, меркаваў ён, пэўна ўжо слухаюць.
* * *
Цяпер Міхась вырашыў расказаць Пётру пра ўсё, але перадумаў і зноў прамаўчаў. Замест гэтага спытаў:
— Мо я што зраблю для цябе зараз ці, — ён павагаўся, — потым?
Але Пётра зразумеў.
— Нічога не варта, стары, — усміхнуўся ён. — Потым ужо няма.
Як заўважыў Міхась, у яго не хапала некалькіх зубоў.
Яны яшчэ крыху пагаварылі пра сваякоў, пра тое, што стаіць небывалая спёка, а потым прыйшла медсястра і стала рабіць Пётру ўкол. Міхась развітаўся і пайшоў. Напаследак Пётра сунуў яму ў рукі тонкую кніжку-брашурку. To былі сабраныя ім мясцовыя паданні ды легенды, выдадзеныя невялічкім накладам у пачатку вясны.
На другі дзень пасля сняданку Міхась зайшоў у ардынатарскую і праз некалькі хвілін дазваніўся да Насці. Яна хоць і працавала ўжо ў іншым месцы, але адшукалася хутка.
— Пётра прыехаў, — сказаў ёй Міхась. — Ты ж хацела калісьці яго бачыць. Запішы адрас: Скарыны, сто дзесяць, дзвесце дзевяць.
Гэта быў адрас іх клінікі, а ў палаце нумар дзвесце дзевяць ляжаў Пётра.
Міхась Скакун не стаў чакаць адказу і паклаў слухаўку. Высокі, з даўно няголеным худым тварам, у кароткай піжаме — доўгія рукі напалову выторкваліся з рукавоў, адна была на зашмальцаванай павязцы, — ён нейкі час туляўся па калідоры, а потым, урэшце, пайшоў у сваю палату.
Калі і як на другі дзень да Пётры прарвалася Насця, Міхась не бачыў. Ён заспеў толькі, як яе выводзілі, лепш сказаць, цягнулі з палаты. Шыкоўна апранутая Насця, памажнелая, але ўсё такая ж прыгожая, білася ў руках медсясцёр і крычала, як простая вясковая кабета, калі тую напаткае бяда.
— Пеценька! Што ж гэта з табой зрабілі! Божа! Дапамажы хоць ты як-небудзь!
У роздуме Міхась Скакун глядзеў, як Насця, спатыкаючыся, ішла па дарожцы да выхаду. Каштоўная скураная сумачка звалілася ў яе з пляча і цягнулася па асфальце.
Міхась больш не пайшоў да Пётры. Днём, пасля таго як да яго зрэдку наведвалася жонка, ён зноў ляжаў на сваім ложку, чакаў вечара і прахалоды. Ён паспрабаваў чытаць Пётраву кніжку, але вырашыў, што прачытае потым, калі выйдзе адсюль. Да таго ж ён быў няўпэўнены, ці трэба цяпер каму-небудзь тое, што сабраў ды надрукаваў Пётра. Хіба тым, на вуліцах, трэба? Але, магчыма, меркаваў сам сабе Міхась, ён чаго і не разумее. Мо ён і ўвогуле не такі ўжо разумны, а можа, проста лянуецца думаць?
Ён прызвычаіўся тут да іншага. За бальнічным блокам раслі сосны, а за імі адразу месцілася невялічкая пляцоўка, у сярэдзіне якой ціха цурчэлі два невялічкія фантаны. Чамусьці іх тут не адключалі і ноччу.
Міхась выходзіў са сваёй палаты з цемнатой. Перад тым яму калолі на сон дэфіцытны марфін — абязбольвалі. “Прыход” быў як ад бутэлькі віна. Ён садзіўся на лаўку, a то проста клаўся на траву, паліў цыгарэту і слухаў, як цурчыць вада. Зрэдку, калі патыхала ветрам, на твар яму прахалодай даносіла вадзяны пыл. Пыл гэты, пэўна, адганяў жамяру і камароў. Ён вяла сачыў, як бягуць думкі, a то проста драмаў. Можа, менавіта ў гэтыя часы ён назаўсёды развітаўся з верай у чалавека. Што б там ні сцвярджалі — людзі вакол усё тыя самыя, меркаваў ён. Іх ніколі не перайначыш. Трэба проста знаходзіць для сябе нейкую іншую кропку апоры, ну як цяпер, напрыклад, слухаць, як бруяць фантаны. Уначы яны заўсёды бруяць гучней.
Змест
Раман
Паўночны вецер для спелых пладоў	3
Аповесці
Песня пра Леніна	116
Эрыніі	141
Апавяданні
Чароўных кветак немаўля	213
Пасланец Немезіды	221
Морлакі	229
Уначы гучней бруяць фантаны	233
Літаратурна-мастацкае выданне
Станкевіч Юры
Паўночны вецер для спелых пладоў
Раман, аповесці, апавяданні
Адказны за выпуск Зміцер Вішнёў
Рэдактар Віктар Жыбуль Вёрстка Вольга Антонава Мастак Кацярына Дубовік Карэктар Віктар Жыбуль
Падпісана ў друк 16.12.2015. Фармат 84*108/32.
Папера афсетная. Друк афсетны.
Ум. друк. арк. 13,02. Ул.-выд. арк. 9,90.
Наклад 500 ас.
Прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства «Галіяфы».
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 1/48 ад 03.10.2013.
Пр. Партызанскі, 77А, 220088, Мінск, Беларусь.
E-mail: vish@bk.ru www.halijafy.by
Надрукавана ў Літве AB «Spauda» Laisves ave. 60, LT-05120, Vilnius
А ўвогуле жыццё нікчэмная рэч, раптам зноў сказала пра сваё студэнтка Святлана Конкіна. Ну, вось нам добра разам, але ж так не можа працягвацца заусёды нават гэты няшчасны інтэрнат з клапамі.