• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    “У вас сабачая работа”, — заўважыў стары.
    “Затое я многа бачу”.
    “Жыццё — гэта бруд. Няма чаго і бачыць”.
    “Я чуў, што вас пагражалі падпаліць, — сказаў Слядак. — Вы б асцерагаліся”.
    “He мае сэнсу. Мяне абкрадвалі некалькі разоў, забіралі апошняе, а калі вырашаць пусціць «чырвонага пеўня», то ўсё роўна не ўберажэшся”.
    “Займелі б якую зброю”.
    Крэз махнуў рукой.
    Праз гадзіну Слядак пайшоў з мэтай забраць з сейфа свой рэвальвер і развітацца з Шэрыфам. Той сядзеў у сваім крэсле і начыняў пісталетную абойму патронамі.
    “Чулі, ноччу стралялі?” — спытаў Шэрыф.
    “He, — адказаў Слядак. — Я моцна спаў”.
    “Стралялі па мне”.
    Слядак уважліва ўгледзеўся ў змрочны твар участковага.
    “I што?”
    “Я заваліў аднаго. Гэта людзі Ларыёна. Вы ўсё роўна з’язджаеце, так што кажу вам як ёсць. Цяпер я тут доўга не працягну”.
    “Вас возьмуць на службу ў любым іншым месцы. Я магу закінуць за вас слова. А пакуль пастукайце па дрэве”.
    “Ну не. Адсюль я не пабягу. He дачакаюцца”.
    “Чым жа вы ім так не ў масць?” — спытаў Слядак.
    “Здараецца, што белыя ідуць на супраціў: падпальваюць дамы дробных наркагандляроў. Ці быў выпадак — «замачылі» аднаго. Я не вельмі рэагую на гэта, таму тут стаў лішні”.
    “Д’ябла б пабраў гэты свет”, — з горыччу адзначыў Слядак.
    “Ён, пэўна, і пабраў”, — усміхнуўся Шэрыф.
    Яны памаўчалі. Абойма пстрыкнула і ўвайшла на сваё месца.
    “Вы, пэўна, ведаеце, што апошняя так званая «канкіста» пракацілася тут пяць гадоў назад, — сказаў Шэрыф. — Мяркую, чарговая ўжо на падыходзе. Так што самі разумееце, маё жыццё будзе яшчэ менш значыць, чым любога з гэтых нашых прыхадняў. А большасць з іх, між іншым, пятая калона. Вось толькі мясцовым белым я сапраўды не пазайздрошчу”.
    Слядак уважліва слухаў. Ён, вядома, ведаў, што такое “канкіста” і чым звычайна яна заканчвалася. Узброеныя банды з усходу — там быў цэнтр іх рэгіёна Еўрабіі, саслабелы і недзеяздольны, — урываліся ў паселішчы і дробныя гарады, дзе падобна старажытным канкістадорам (адсюль і “канкіста”) учынялі гвалт. У гэтага гвалту было два кірункі: рабаўніцтва харчовых прадуктаў ды наркотыкаў і захоп белых жанчын і рабоў на ўсход, дзе іх адпаведна выкарыстоўвалі.
    “Дарэчы, — сказаў Шэрыф, — мне ўрэшце ўдалося «прабіць» тых «хімічак», пра якіх вы цікавіліся. Я прыціснуў кіраўніка Зары, і ён раскалоўся. Калі-небудзь я да яго дабяруся і ўпакую «садзюгу» на нары. Але пакуль тое, вось што ён мне паведаміў: тры дзяўчыны, якія збеглі з папраўчых работ і якіх пакуль не знайшлі дый надта і не шукалі, — сёстры, белыя, амаль пагодкі. Іх бацькі загінулі ў Мегаполісе падчас Катастрофы, пасля чаго малалетак скінулі ў нейкі спехам сфарміраваны прытулак, дзе падчас неразбярыхі адбываліся жудасныя рэчы. Вядома, абараніць іх не было каму, а вось пакарыстацца іх становішчам ахвотнікі адразу знайшліся. Іх па чарзе гвалціў дырэктар таго прытулка, але аднойчы, калі крыху падраслі, яны забілі яго. Віну іх тады так і не даказалі, але на ўсялякі выпадак скіравалі ў папраўчую калонію, адкуль яны выйшлі, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту. Кажуць, яны пакляліся помсціць, і за імі цягнецца не адзін хвост, але яны надзвычай скрытныя, асцярожныя і чуюць небяспеку, як зверы. Хоць іх лёс і прадвызначаны”.
    “Вы будзеце іх шукаць?” — спытаў Слядак.
    Шэрыф паціснуў плячыма.
    “Калі загадаюць, пашлю сваіх двух вялікіх следапытаў. Можа, ім і пашанцуе”.
    “Рад, што вы ставіцеся да гэтага з гумарам, — сказаў Слядак. — Мне, напрыклад, іх па-чалавечы шкада”.
    “А-а, вось яшчэ што, — нібы ўспомніў Шэрыф. — Мне далажылі, што вы сплавалі на востраў”.
    “Хто гэта далажыў?”
    “А вы ўгадайце”.
    “Штучнік? — выказаў здагадку Слядак. — Ну і зух!”
    “Дык раскажыце, што там на востраве?” — замест адказу спытаў Шэрыф.
    “Пуста. Балота. Твань”.
    “I ніякіх там, скажам так, адхіленняў?”
    “Што вы маеце на ўвазе?”
    “Ну, якая-небудзь кінутая лодка, у людзей яны часам сталі прападаць, мне скардзяцца”.
    “Пашліце Штучніка. Ён разбярэцца”.
    “Вы быццам сёння едзеце?” — не падтрымаўшы жарт, удакладніў Шэрыф.
    “Так. Я прыйшоў развітацца”.
    “У вас на твары шрам і на галаве кроў”.
    “Я пабіўся, калі хадзіў да Зары”.
    “Што ж, удачы вам”.
    “Узаемна”.
    Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і Слядак пайшоў. Ён не любіў доўга развітвацца.
    Крэз чакаў яго, па звычцы седзячы на калодзе. Ён ужо глынуў з бутэлькі, якая стаяла побач. Нібы ўпершыню Слядак убачыў яго лядашчасць і што ён ужо амаль зусім стары: зморшчыны, набухлыя мяшкі пад вачыма, друзлая скура — усе прыкметы распаду арганізма.
    “He хацеў вас раней трывожыць пытаннямі, — сказаў стары, — а калі зазірнуў у краму, то вы ўжо раптам сышлі”.
    “Я хадзіў развітацца з Шэрыфам, — патлумачыў Слядак. — Праз паўгадзіны мне трэба на станцыю, інакш я спазнюся на цягнік”.
    Стары ўзняўся з калоды.
    “Калі вы не супраць, я дапамагу вам сабрацца”.
    “Я сам, — сказаў Слядак. Ён выцягнуў з кішэні кашалёк і даў таму грошай. — Вось, вазьміце”.
    “Вы іх бачылі?” — спытаў Крэз.
    “Каго гэта — іх?”
    “Эрыній”.
    “Бачыў, — праз паўзу сказаў Слядак. — Яны ледзь не патапілі мяне”.
    “Цяпер вы мне верыце?”
    Слядак паціснуў плячыма.
    “Хіба што так”.
    Ён пайшоў, сабраў сваю дарожную сумку і зноў выйшаў на падворак. Сонца пакрысе губляла сваю сілу. Крэз па-ранейшаму сядзеў на калодзе. Бутэлька ўжо амаль апусцела, але ап’янець ён яшчэ не паспеў.
    “He хачу вас сурочыць, — асцярожна заўважыў Слядак, — але ж вы абмежаваныя часам, я маю на ўвазе тое, што наперадзе ў вас старасць, і дапамогі вам тут дачакацца цяжка”.
    “Я ведаю, — адказаў стары. — Пакуль я яшчэ ў сіле. Але як толькі я саслабею — мне гамон. Лёс многіх белых тут прадвызначаны, калі яны жывуць адзінока, падобна мне. Як кажуць, за што змагаліся — тое і атрымалі”.
    Яны крыху памаўчалі.
    “Што ж, бывайце, — сказаў Слядак і працягнуў старому РУКУ— Калі што, вяртайцеся ў Мегаполіс. Я вам раней гаварыў пра свой пеленг, і вы лёгка знойдзеце мяне”.
    “Бывайце, — адказаў Крэз. — Наўрад ці больш пабачымся, так што дзякуй вам за дабро і ўдачы”.
    ...У забітым людзьмі вагоне цягніка, а хадзілі яны рэдка, Следаку не знайшлося месца. Там-сям можна было і сесці, але яму наўмысна і з прытоенай нянавісцю ад-
    маўлялі — ехалі пераважна цемнаскурыя і каляровыя, а таксама супляменнікі Ларыёна. Ён прымасціўся ў тамбуры ля акна і ўвесь час стаяў, раз-пораз прыціскаючыся, калі яго піхалі, часам знарок, да сценкі.
    К вечару стала больш свабодна. Цягнік грукатаў, Слядак асцярожна паспрабаваў прыадчыніць бруднае акно — тое якраз аказалася незаблакаванае, — і ў твар яму пругка пацёк струменьчык свежага паветра.
    За вакном мільгаў, калі-нікалі мяняючыся, адзін і той жа сумны пейзаж: рэдкія баракі прымітыўных сельскагаспадарчых кластэраў, паляны ад даўно высечанага лесу, на месцы якога перад вачыма часам праплывалі бязладныя кампактныя паселішчы; гісторыя павярнулася назад і спынілася на прыкладзе былых амерыканскіх амішаў, якія закансервавалі свой побыт на ўзроўні сямнаццатага-васямнаццатага стагоддзяў — наступіла другое сярэднявечча, хіба што з элементамі трафейнага індустрыялізму.
    Потым ён убачыў, як з-за далягляду раптоўна выплыў барвовы дыск Месяца. Казалі, што навігатары з першай стацыянарнай касмічнай базы, пабудаванай там напярэдадні і кінутай на волю лёсу, а па сутнасці, на марудную смерць ад недахопу кіслароду і прадуктаў спажывання, у момант Катастрофы і пасля яе, калі ўсюды панаваў хаос, — у тыя апошнія свае гадзіны даслалі на Зямлю праклён.
    “Урэшце, — думаў ён, — хіба так важна, хто тут будзе весці рэй? На падыходзе новыя орды, яны яшчэ больш шматлікія і яшчэ больш агрэсіўныя, бо эпоха асветы скончылася, народы дэмаралізаваныя, а іх лідары — нікчэмныя. Калектыўнае самазабойства якраз і пачынаецца з адмаўлення традыцыйных каштоўнасцяў, пры якім асобныя вяртлявыя і хітрыя, як чарвякі, індывіды могуць і выжыць, а народ немінуча загіне”.
    Што гаварылі адзін аднаму і думалі ў тыя дні дзесяць гадоў таму няшчасныя астранаўты, для якіх Месяц стаў агульным магільнікам? Нічога, акрамя праклёну, на Зямлю яны не даслалі, а ўсе размовы знішчылі. Дый сама
    станцыя, пэўна, ужо развалілася і спарахнела, зацягнутая рэгалітам. Космас — вось куды было варта глядзець чалавеку. I Тэорыя Усяго, якую абяцалі агучыць нам у гэтыя трыццатыя гады навукоўцы, так і не была адкрыта, а самі яны былі зацкаваныя.
    Слядак з цяжкасцю стаяў на нагах, але, як ён бачыў, ехаць яму засталося няшмат. Ён думаў пра тое, як вернецца на працу, пра Цэнзара, што ён яму скажа і ці дасць той яму веры. Але, напрыклад, наўрад ці раскажа каму пра тое, што ў забруджаных гноем, ахутаных адчаем і паразай, загразлых у заганах гарадах ці паблізу іх, ля паселішчаў, дзесьці на далёкіх выспах насуперак усялякаму цвярозаму розуму раптам могуць з’явіцца багіні помсты.
    * * *
    Наступіла восень з зацяжнымі залевамі, а потым нечакана пахаладала, выпаў снег і надышла зіма. Слядак іншым разам адсочваў пошту з абаненцкай скрыні, але таго, што яго непакоіла і цікавіла, не было. Часам незразумелая туга авалодвала ім, асабліва калі ўспамінаў лета ў Паселішчы, старога Крэза, Шэрыфа, востраў на возеры і дзяўчыну з “тату” ў выглядзе чайкі.
    Але раптам прыйшоў ліст ад Крэза. Стары напісаў, што ён яшчэ жывы, што ў Паселішчы стала горш, што быў чарговы напад — так званая “канкіста”, загінулі і прапалі без вестак людзі, што паранены ў перастрэлцы Шэрыф ляжыць у бальніцы і што яго самога зноў абакралі. Ды, каб не запамятаць, дадаў стары, у канцы лета на беразе возера знайшлі знявечаную Зару.
    I яшчэ, паведамляў ён, з вострава зніклі чайкі.
    ...Больш лістоў не было.
    Жнівень-верасень 2006 г.
    Апавяданні
    Чароўных кветак немаўля
    Вяртаючыся з чарговай камандзіроўкі, аўдытар Макарэвіч, адносна малады чалавек прыстойнага выгляду і саркастычнага складу характару, убачыў каля свайго пад’езда купку людзей. Былі сярод іх і знаёмыя, але яны чамусьці адводзілі вочы. Макарэвіч падышоў да суседзяў.
    Яны расказалі, што прыкладна гадзіну таму з апошняга паверха іх дзевяціпавярховага дома зваліўся хлопец. Трапіў на клумбу і, магчыма, таму быў яшчэ жывы, калі прыехалі “хуткая” і міліцыя.
    У ліфце Макарэвіча ашаламіла раптоўная думка. Клумба, на якую зваліўся незнаёмец, была якраз пад вокнамі яго кватэры на дзявятым паверсе.