Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
“Як толькі гэты вычварэнец ачуняе, я яго зноў арыштую”.
* * *
Слядак прачнуўся рана, але сонца ўжо стаяла на ўсходзе. Тым не менш, спёка яшчэ не паспела набраць моц, і ён пачаў рыхтавацца: праглынуў, старанна разжаваўшы, невялікі кавалак сала з мінімумам хлеба — вугляводы яму цяпер без патрэбы, захапіў плаўкі, прыхапіў і нож, але перадумаў, бо ён будзе толькі перашкаджаць у вадзе, апрануў шорты, красоўкі на ногі і так, голы па пояс, пайшоў да возера звыклай дарогай, як і хадзіў раней.
Паселішча прачыналася: там-сям ляпалі дзверы, гэта беднякі збіраліся ісці на плантацыі цыбулі, бульбы, цукровых буракоў і капусты — усё гэта па восені забяруць у Мегаполіс, пакінуўшы ў сельскагаспадарчым кластэры тое-сёе з прамысловых тавараў, вопраткі і танных медыкаментаў. Чуліся ўжо нізкачастотныя гукі барабанаў — дзе-нідзе паўключалі музычныя апараты. На плантацыях таксама штодня працавалі пад рытмічную афрыканскую музыку.
На звалках дымілася смецце, сярод якога ўжо корпаліся шэрыя постаці бадзягаў, узброеных бамбукавымі палкамі, на канцах якіх былі замацаваны цвікі — імі яны падчэплівалі з зямлі тое, што іх цікавіла.
Праз хвілін дваццаць Слядак выйшаў да возера і спыніўся, уражаны. У сонечных промнях, што яшчэ не набралі сілу, над вадой лёгкім вэлюмам дымілася пара.
Уся вялізная плошча вады нібы спала моцным ранішнім сном, бо ветру зусім не адчувалася, ніводная хваля
не дасягала берага, хіба што зрэдку боўтала ўдалечыні ад берага рыбіна.
Слядак схаваў у хмызняку шорты з красоўкамі і зайшоў у ваду. Яна заказытала яму спачатку ногі, потым дайшла да пояса, і тады ён нырнуў і адразу выплыў, перайшоўшы на вольны стыль: удых, чатыры грабкі рукамі і выдых у ваду. Дзесьці за некалькі кіламетраў наперадзе быў востраў.
Калісьці, у глыбокай старажытнасці, знясілены ляднік, які адступаў усё далей і далей на поўнач, пэўна, затапіў тут плынямі талай вады вялізную нізіну знявечанай каменнем зямлі. Прайшлі стагоддзі, і гэтая нізіна з талай вадой ператварылася ў маляўнічае возера, па якім ён цяпер плыў.
Праз нейкі час ён спыніўся і пачаў адпачываць, перакуліўшыся на спіну. “Пада мной як мінімум дзесяць метраў глыбіні”, — падумаў ён, праз хвіліну аддыхаўся і зноў паплыў. Зрэдку ён сцішваўся, узнімаў галаву і ўглядаўся наперад. Пара ўжо амаль растварылася на сонцы, і раптам ён убачыў востраў.
Вельмі асцярожна, стараючыся пазбягаць лішняга шуму, Слядак рухаўся наперад. Неўзабаве ён вызначыў зусім блізка вузкую палоску трыснягу з раскіданымі тамсям купінамі вербаў ды чароту, а потым яго ногі дакрануліся да дна. Паступова выходзячы з вады, ён апынуўся ў невялікіх лапіках трыснягова-хмызняковых зараснікаў, некалькі разоў правальваўся ў глыбокія яміны, а потым выйшаў на бераг — багністае месца з разбуялай воднай расліннасцю, зацягнутымі тванню балотцамі і там-сям на іх зараснікамі белых гарлачыкаў. Жамяра адразу атакавала яго, але ён трываў, пільна ўзіраючыся пад ногі: сустрэча з гадзюкай у яго становішчы была б горшым варыянтам.
Тутэйшы свет ужо даўно абудзіўся. Усюды квакшы палявалі на мух, павукі стаіліся ў чаканні ахвяр, шматлікія кветкі, якія каранямі імкліва перакачвалі ў сябе вільгаць, распускаліся пад промнямі сонца. Але навокал
стаяла нязвыклая ціш, і ён урэшце зразумеў: тут чамусьці не было птушак.
Слядак агледзеўся і ўдалечыні ўбачыў вершаліны некалькіх бяроз — там, відавочна, існавала ўзвышша, куды ён і вырашыў неадкладна ісці. Шматлікія яміны і балотцы, запоўненыя гнілой вадой, паверх якой боўталася зялёнае месіва раскі, моцна перашкаджалі яму. Да таго ж ён непакоіўся за свае ногі, каб іх выпадкова не параніць, але не мог жа ён плысці сюды ў абутку?
Так ён рухаўся нейкі час і неўзабаве з палёгкай вызначыў, што глеба пад нагамі пацвярдзела, а ісці стала значна лягчэй. Першыя скрыўленыя, напаўгнілыя ліставыя дрэвы ўсё часцей трапляліся яму на шляху.
I тут ён раптам уздрыгнуў і адразу спыніўся. Дым. Ледзь улоўны пах дыму заказытаў яму лёгкія. Там, наперадзе, на ўзвышшы, пэўна, нехта нябачны паліў вогнішча.
3 максімальнай асцярогай ён пасунуўся далей, стараючыся пазбягаць лішняга шуму. Ісці стала прасцей, бо ногі ўжо не трэба было выцягваць з глыбокіх гразевых ям. Крывасмокчучыя па-ранейшаму нападалі на яго, прымушаючы раз-пораз спыняцца і ліхаманкава абціраць цела далонямі. Станавілася ўжо даволі душна — балоты награваліся і выпаралі вільгаць.
Рухі яго рабіліся ўсё больш асцярожнымі. 3 кожным крокам пах дыму мацнеў, а ногі ўжо ступалі па сушняку — працяглая спёка амаль высушыла ўзвышша, да якога ён імкнуўся.
Трымаючыся кустоў, ён незаўважна наблізіўся да таго самага пагорка, на якім сапраўды расло некалькі бярозак. Босыя яго ногі мякка дакраналіся да зямлі і гэтак жа мякка ад яе адштурхоўваліся, ні адна сухая галінка не павінна была трэснуць, дый адкуль тут ім было ўзяцца — на балоце, падсохлым на самай сваёй высокай кропцы ўсяго які тыдзень назад.
Ён, між тым, быў ужо ля намечанага раней месца, уздыму пад нагамі не адчувалася, ад блізкага вогнішча
патыхала характэрным пахам, часам чулася нават лёгкае патрэскванне сухіх галінак на агні, а назбіраць сухія галінкі і спальваць іх мог толькі чалавек.
Рукамі ён крыху рассунуў лісце і — знерухомеў у нямым здзіўленні.
Проста перад яго вачыма ля невялікага вогнішча на кукішках сядзела маладая жанчына, хутчэй, нават дзяўчына ў закрытым купальніку. На першы погляд ёй было ад васямнаццаці да дваццаці гадоў: загарэлая на адкрытых месцах цела аж да чарнаты, яна была пакрыта на перадплеччах татуіроўкай. Са свайго сховішча ён беспамылкова вызначыў, што дзяўчына белая. Рэзкіх абрысаў яе твар у абрамленні прамых чорных валасоў захоўваў засяроджаны выраз — у руцэ яна трымала над агнём доўгі дубец, на канцы якога смажылася рыбіна. Раптам дзяўчына ўздрыгнула, выцягнула рыбіну з агню і пачала насцярожана азірацца па баках, быццам яе пачало нешта непакоіць. Яна спрытна ўскочыла на ногі, падхапіла з зямлі коўдру, якая ляжала непадалёку, і накінула яе на сябе. “Няўжо яна нешта ўбачыла? — падумаў Слядак. — Але ж я пакуль нічым сябе не выкрыў, хіба што толькі яна нейкім чынам адчула мой позірк?”
Ён працягваў стаяць за сваёй зялёнай схованкай і чакаў, што будзе далей. Адна яна тут ці ёсць яшчэ хто? Што яна цяпер робіць на далёкім, заўсёды бязлюдным востраве — ловіць рыбу? Але ж рыбалка не занятак для маладых жанчын. Адпачывае? Дык тут не месца для адпачынку. Хаваецца? Пытанні адно за другім узнікалі ў яго галаве.
Што, калі яна не адна? Гэта хутчэй за ўсё, бо жанчына ў такім гіблым месцы не можа быць адна. Тады дзе яе спадарожнік? Як ён адрэагуе, калі ўбачыць на сваёй тэрыторыі незнаёмца ў адных плаўках, які ўзнік невядома адкуль?
Урэшце, вырашыў ён, можна пачакаць і далей, але жамяра ўзлютавала яшчэ больш, і ён зразумеў, што доўга яму так хавацца не выпадае.
Убаку, за бярозкамі, нешта грувасцілася, і праз зараснікі ён убачыў невялікі армейскі намёт. Намёт! “Дык вось яно што, — падумаў ён, — значыць, гэтая дзяўчына спынілася тут не на адзін дзень і, пэўна, сапраўды не адна”.
Дзяўчына між тым хоць быццам нічога варожага і не заўважыла, па-ранейшаму паводзіла сябе так, як звычайна паводзіць той, хто адчувае незразумелую яму небяспеку. Яна чуйна прыслухоўвалася, раз-пораз абводзіла позіркам прастору перад сабой, ціха паварочвалася назад і глядзела ўжо і за спінаю.
Ён яшчэ крыху счакаў, а потым зрабіў крок наперад.
“He бойцеся мяне, — сказаў ён, набліжаючыся. — Я заплыў сюды з Паселішча”.
Дзяўчына на імгненне знерухомела, але хутка нібы апамяталася, кінулася да зямлі і адразу выпрасталася. У руцэ яна трымала нож.
Ён зрабіў яшчэ адзін крок наперад і спыніўся, сустрэўшыся з ёй позіркам.
“Я не зраблю вам дрэннага”.
У зялёнага колеру вачах дзяўчыны ён не заўважыў ні страху, ні нават разгубленасці, ні сумневу, ні паразумення. Хіба што нянавісць, разбаўленую халодным разлікам, як у якой драпежнай птушкі. Толькі цяпер ён успомніў балбатню старога Крэза, бо на левым перадплеччы дзяўчыны выразна ўбачыў выяву чайкі ў палёце.
“He бойцеся”, — ён наблізіўся яшчэ на крок і апынуўся амаль усутыч.
Крык. У адказ ён пачуў крык.
Дзяўчына скінула з плеч коўдру і кінулася на яго. Лязо бліснула ў сонечным промні, і ён ледзь паспеў ухіліцца. Яна імгненна адступіла назад і зноў кінулася. У яго нават мільганула недарэчная думка, што дзяўчына брала дзесьці ўрокі нажавога бою, але раздумваць над усім гэтым не выпадала. Ён зноў з цяжкасцю ўхіліўся — спатрэбіліся ўсе яго амаль забытыя навыкі рукапашкі —
і здолеў перахапіць яе руку. Яна адразу кінула нож пад ногі. Але расслабляцца было рана, бо дзяўчына вужакай праслізнула яму за спіну, перахапіла рукамі шыю і сціснула так, што ў яго заняло дух, а перад вачыма паплылі чорныя плямы — не хапала паветра. Ён паспрабаваў аслабіць захоп, але рукі ў яе былі надзвычай моцныя, і ў яго нічога не атрымалася. Да таго ж яна абхапіла яго нагамі, і ён мусіў зрабіць адзінае, што яму заставалася, — абрынуцца на зямлю. Плячом ён адразу прыціснуў яе, і хватка на шыі аслабела: ён расчапіў яе пальцы на горле, перахапіў адну руку, наваліўшыся ўсім цяжарам і перакуліў на спіну.
Абодва задыхаліся, як барцы вольнага стылю ў час паядынку. Ён зноў міжволі сустрэўся з ёй позіркам: у вачах дзяўчыны ён не ўбачыў ні страху, ні адчаю, ні нават хвалявання, хіба адну толькі халодную пагарду і нянавісць. У тое ж імгненне яна ўдарыла яму ў твар галавой, пасля чаго ёй хапіла дзвюх-трох секунд, каб выслізнуць з-пад яго і ўскочыць на ногі. Маланкава яна нахілілася, і зноў у яе руках бліснула лязо нажа.
Раптоўны прыступ злосці затуманіў яго свядомасць, а кроў ударыла ў галаву. Гэтая бязлітасная, небяспечная і разам з тым пагрозліва прыгожая пачвара жадае яму смерці. У чым рэч? Што кіруе ёй і чаму ў яе столькі нянавісці да яго? Ён жа не выявіў нават намёку на тое, што нападзе на яе ці ўвогуле зробіць ёй дрэнна. Хіба яна лічыць, што тут яе тэрыторыя? Але так лічыць можа толькі жывёла, калі сустракае ворага ля сваёй нары.
Усе гэтыя думкі імкліва пранесліся ў яго ў галаве, саступіўшы ўрэшце адной: нельга губляць над сабой кантроль, гэтага, магчыма, яна і чакае. Галоўнае — пазбавіць яе нажа. Ён чакаў, пакуль яна нападзе.