Паўночны вецер для спелых пладоў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
Крык. Пранізлівы, разлічаны на тое, каб ашаламіць. Дзяўчына кінулася на яго, выставіўшы нож. Ён зрабіў падманны рух, ухіліўся і схапіў яе за кісць. Падсечка — і дзяўчына ўпала на зямлю. Ён вырваў нож з яе рукі.
“Устаньце, — выдыхнуў ён. — Я не зраблю вам дрэннага”.
Яна моўчкі паднялася на ногі, і ён нібы ўпершыню ўбачыў, што дзяўчына ненатуральна гнуткая, з шырокімі плячыма і стройнымі нагамі — ніводнага грама лішняй вагі. “Пэўна, так выглядалі старажытныя амазонкі”, — пранеслася ў яго галаве.
“Забярыце”, — сказаў ён і працягнуў ёй яе зброю.
Дзяўчына імклівым рухам выхапіла з яго рукі нож. Яна ўся дрыжэла.
“Супакойцеся. Я вам не вораг”.
Сонечныя блікі скакалі па яе целе, прабіваючыся скрозь лісце бяроз. У вачах дзяўчыны па-ранейшаму тлела нянавісць.
“Нам варта пагаварыць, і я сыду”, — сказаў ён.
Але замест адказу яна зрабіла знак рукой, быццам камусьці за яго спінай, і ён інстынктыўна павярнуўся, каб паглядзець, каго гэта там яна ўбачыла. I ў тое самае імгненне зразумеў, што гэта не што іншае, як выкрут, каб адцягнуць увагу, рэзка адхіліўся, але запознена — лязо слізнула па яго перадплеччы, болю ён не адчуў, а другая падсечка зноў зваліла дзяўчыну на зямлю.
Ён адразу заламіў ёй кісць балявым прыёмам, і яна мусіла выпусціць нож, які, як і раней, апынуўся ў яго руках. Ад неглыбокага парэзу, які ён убачыў на сваім перадплеччы, заструменіла кроў. Ён сарваў нейкую расліну і прыклаў да раны. Дзяўчына з зямлі сачыла за тым, што ён робіць.
“Уставайце, — сказаў ёй Слядак. — Больш вы мяне не падманеце. Я — не вораг, зразумейце гэта”.
Упершыню яна расцяла вусны.
“Ідзіце адсюль. Уцякайце”.
“Але чаму?”
“Я тут не адна. Сюды прыйдуць”.
3 паўхвіліны ён думаў над яе словамі, а потым выказаў сваю здагадку:
“Я ведаю, што вас расшукваюць і што вы з тых траіх, хто аб’яўлены ў вышук. Гэта вы спілавалі бранзалеты, калі хаваліся ў доме старога Крэза?”
Дзяўчына імклівым рухам ускочыла на ногі.
“Чаго вы хочаце?” — спытала яна.
“Я хачу знаць праўду, і я пайду”.
Ён у другі раз працягнуў дзяўчыне яе нож.
“Больш не рабіце глупства!”
Яна выхапіла з яго рукі зброю.
“Уцякайце, пакуль не позна”.
Слядак ужо быў упэўнены ў слушнасці сваіх здагадак. Гэтая дзяўчына, безумоўна, адна з тых самых траіх уцякачак, пра якіх яму расказваў стары апантаны. Дык гэта іх ён хаваў у сваім жытле, а пасля дапамог знікнуць? Так. Але, чаму яны не сыходзяць з гэтых месцаў назаўсёды?
“Чаму вы не сыходзіце адсюль? — спытаў ён. — Хутка пачнецца сезон дажджоў, тут усё залье, а потым увогуле прыйдзе зіма”.
“Яшчэ зарана”.
Слядак на секунду-другую адвёў позірк, каб агледзецца — ён інтуітыўна адчуў, што агрэсія яе пайшла на спад, — і раптам убачыў на вяроўцы, працягнутай ад дрэва да дрэва, нешта накшталт карнавальнай маскі. Сапраўды, гэта была менавіта маска, пэўна, яна сушылася. Маска ўяўляла з сябе не што іншае, як птушыную галаву.
Ён ужо адчуў, што яго здагадкі набываюць зусім новы сэнс і кірунак.
“Гэта вы ўтраіх забілі Зураба?”
Адказам яму было маўчанне.
“А Ларыёна?”
Дзяўчына кінула на яго позірк, поўны нянавісці.
“I мімаходам злягчалі маньяка?”
Маўчанне дзяўчыны было ўжо занадта красамоўным. Зрэшты, ён і не чакаў адказу.
“Я не данясу на вас — хоць у гэта вы можаце паверыць?” — спытаў ён.
“Хто вы?” — нечакана выявіла цікаўнасць дзяўчына.
“Я — чалавек з Мегаполіса. I заўтра туды вярнуся. Я вам не вораг — зразумейце”.
“Хутчэй плывіце назад і з’язджайце”.
Слядак памацаў руку. Кроў ужо амаль спынілася. Ён агледзеўся па баках.
“Вашы сяброўкі дзесьці паблізу? — спытаў ён. — Ну што ж. Няхай так. Я зараз паплыву назад, але напаследак вам параю: вяртайцеся ў Мегаполіс. Там вы згубіцеся ў натоўпе, і вас урэшце пакінуць шукаць. Цяпер такі час, што кожны сам за сябе, і, можа, вы ўратуецеся”.
Дзяўчына раптам неяк з горыччу ўсміхнулася, паказаўшы роўныя белыя зубы.
“Можа, яшчэ і пакаяцца за грэх у якой падпольнай царкве ці касцёле?”
“Знойдуцца людзі, якія вам дапамогуць”.
“Ідзіце хутчэй, a то будзе позна”.
Слядак выхапіў з вогнішча абгарэлую галінку.
“Вось, — сказаў ён, адшукаўшы пятак утаптанай глебы, — тут я напішу вам нумар абанентнай скрыні ў Мегаполісе. Як толькі вы з’явіцеся там, дайце мне ведаць, і вам дапамогуць. Я адказваю. Бачыце? Запомніце гэты нумар”.
“Уцякайце”.
Ён кінуў галінку ў вогнішча, павярнуўся і, не азіраючыся назад, рушыў прэч.
Сонца ўжо ў поўную моц вывяргала спёку. Хадзіць па балоце — гэта не тое, што плыць па вадзе. Ногі яго часам загразалі ў твань па пахвіну, з бруднай жыжкі выскоквалі смярдзючыя пухіры і лопаліся сярод тысяч дробных вадзяных істот, якія, пэўна, адчувалі сябе тут з камфортам.
Урэшце ён з палёгкай дасягнуў вады. Рана на перадплеччы была яшчэ адкрытая, але ўжо не краваточыла. Ён глыбей удыхнуў паветра, спыніўся на кароткае імгненне і пайшоў у глыбіню, а потым паплыў, вызначыўшы напрамак.
Хвілін праз пятнаццаць ён лёг на спіну, каб адпачыць. Сонца стаяла амаль у зеніце, і яго бязлітасныя промні сляпілі вочы. Вада прыемна халадзіла цела і вяртала бадзёрасць.
Цень імкліва прамільгнуў перад яго вачыма. “Адкуль яму ўзяцца?” — падумаў ён. Сонца паліла твар, на небе не было ні адзінай хмаркі. Ён прыўзняў галаву, каб агледзецца, і ў гэты момант пачуў характэрны посвіст, які ён ужо чуў раней, калі далёка заплыў на возеры, і ў той самы момант рэзкі крык і ўдар па галаве нібы нечым вострым. Ад нечаканасці ён перакуліўся і глынуў вады. Страх міжволі працяў яго. Посвіст над галавой паўтарыўся, і ён уяўна пачуў смех. Смех? У тое самае імгненне адчувальны ўдар у патыліцу збіў яму дыханне і зноў прымусіў глынуць вады. “Што гэта і наколькі небяспечна? — пранеслася ў яго галаве. — Неабходна ўбачыць тую небяспеку, каб ведаць, як ад яе ўберагчыся”.
Ён сабраў сілы і рэзка выскачыў з вады амаль па пояс.
Птушкі! Дзве вялізныя птушкі рабілі разварот і, нібы знішчальнікі, пачыналі пікіраваць на яго. Чайкі! Ён успомніў радок з Сеціва, дзе гаварылася пра гэтых птушак і пра небяспеку сустрэчы з імі ў вадзе. “Толькі без панікі”, — падумаў ён. Усё залежыць цяпер ад таго, які спосаб абароны ён знойдзе. Але які? Павярнуцца да іх тварам і паспрабаваць схапіць рукамі? Дык без дапамогі рук ён пойдзе на дно. Ці яму выдзеўбуць вочы. Плыць хутчэй? Але ў яго засталося не так ужо і шмат сіл, каб імчаць, як спрынтэр. Да таго ж чайкі ўсё роўна будуць у такой гонцы спрытнейшыя.
Ён зноў атрымаў адчувальны ўдар, на гэты раз крылом. За ім павінен быць і другі, бо птушак дзве — мільганула ў яго галаве. Ён захапіў у лёгкія паветра і нырнуў. Над галавой па вадзе адчувальна ляснула, і ён зразумеў, што птушка прамахнулася. Але ж як доўга ён здолее так плыць, а чайкі — пудлаваць? Максімум хвіліну, нягледзячы на тое, што ён лічыўся калісьці выдатным плыў-
цом. А такі рваны рытм для плыўца згубны, бо можа хутка знясіліць яго. Да таго ж пасля ранення і аперацыі сілы ў яго ўжо далёка не тыя, што ў маладосці.
Ён выдыхнуў паветра ў ваду і вынырнуў на паверхню, зноў перайшоўшы на вольны стыль. Ногі яго звыкла запрацавалі, ствараючы руху моц. Бераг. Як хутка павінен быць бераг?
Ён павінен спяшацца, бо птушкі — а такіх вялікіх ён ніколі ў сваім жыцці не бачыў — чымсьці вельмі ўзвар’яваныя і поўныя лютасці.
Зноў удар па галаве. Ён не паспеў нырнуць, як яму апякло шчаку — пэўна, тая чайка, што заходзіла на яго пасля першай, пусціла ў ход кіпцюры. Ён зноў даў нырца. Праз хвіліну вынырнуўшы, ён паплыў так, каб вада больш не трапляла ў вушы і ён мог пачуць набліжэнне небяспечных істот. Гэтая тактыка прынесла яму нейкую надзею: як толькі ён чуў над галавой свіст крылаў, то адразу набіраў як мага больш паветра і пагружаўся ў ваду з галавой.
Бераг ужо быў побач — ён адчуваў гэта, а калі на імгненне прыўзняўся, каб зірнуць, то ўбачыў, што ён ужо нарэшце блізка да мэты.
Якраз у гэты момант ён адчуў моцны ўдар і потым другі, зноў глынуў вады і з цяжкасцю выплюнуў яе, каб прачысціць лёгкія.
“Йа-ха-ха! Йа-ха-ха!” — пачуў ён пранізлівы крык, і — раптам стала ціха. Ён плыў наперад, і было ціха. Птушкі пакінулі яго.
Ён амаль выпаўз на бераг і доўга ляжаў так, не маючы сіл узняцца на ногі. Сонца пераваліла зеніт, і цела яго хутка абсохла, мухі абляпілі рану на руцэ і ўзбуджана гудзелі над галавой — адчувалі пах крыві.
Урэшце ён з цяжкасцю падняўся, знайшоў у хмызняку схаваныя раней шорты і красоўкі, апрануўся і паволі рушыў у Паселішча.
Навокал ужо ўсё даўно абудзілася. Насустрач яму цяпер траплялі ў асноўным жоўтаі цемнаскурыя постаці,
як звычайна, жукаватыя і гучнагалосыя. Крочылі яны ўпэўнена і не саступалі дарогу, бачылі, што нешта з ім не так, ён змораны і сілы яго на зыходзе. Таму і не саступалі. Адзін раз яму ўслед шпурнулі каменнем, але ён спадзяваўся, што сустрэчы з абколатымі і азлобленымі падлеткамі на гэты раз мінуе.
Крэза дома не аказалася. Слядак знайшоў кавалак люстэрка, агледзеў твар і збольшага галаву. Твар быў апухлы ад укусаў жамяры, з вялізнай драпінай на шчацэ, а на галаве ён намацаў некалькі гузакоў і неглыбокіх ран з ужо запечанай крывёй.
Ён знайшоў рэшткі віна ў бутэльцы, якая, пэўна, засталася нейкім чынам па-за ўвагай Крэза, выпіў з рыльца, дабраўся да ложка і адразу праваліўся ў сон.
Прачнуўся ён толькі апоўначы. У прыбудове было душна, і ён выйшаў на падворак. Неба, усыпанае зоркамі, раз-пораз засцілалі пасмы дыму з тарфянікаў. Там-сям з далёкіх і блізкіх дамоў гучала музыка, рытмічна білі барабаны, даносіліся няўцямныя крыкі і брыдкая лаянка. Ён успомніў Шэрыфа, які казаў, што кожную ноч тут кагосьці калечаць ці забіваюць. Урэшце, тое самае адбывалася і ў Мегаполісе. Гора чалавеку, калі ён застаецца адзін і не знаходзіцца нікога, хто б прыйшоў яму на дапамогу.
* * *
Разбудзіў яго Крэз. Ужо, пэўна, даўно развіднелася, сонечны прамень прабіваўся праз запыленае шкло. Крэз сказаў, што назбіраў тое-сёе на стол.
“Вас, я бачу, падмаладзілі”, — дадаў ён іранічна.
“На беразе я зваліўся з абрыву. Толькі і ўсяго”, — не стаў развіваць далей гэтую тэму Слядак.
“Вы калі едзеце?” — спытаў стары нерашуча.
“Што, надакучыў?”
“Ды не. Жывіце. Тут і пагаварыць няма з кім”.
“Значыць, еду сёння, — падвынікаваў Слядак. — Якраз пасля абеду тут пройдзе цягнік”.