Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
— Блюзнерыш, — адзначыў анёл-ахоўнік. — Калі б ты мог прадбачыць будучыню...
Пётра скінуў ногі з ложка і перасеў у крэсла.
— Са мной нешта здарыцца непрыемнае? — пацікавіўся раптам ён. — Гавары, крылаты, не цягні. Ты ж павінен прадбачыць і будучыню.
— Даведаешся ў свой час.
— He мяці мяцеліцу. Досыць. Хто ты?
— Цягнік адыходзіць раніцай. А ў сталіцы цябе сустрэне жанчына і ўсё раскажа. Ты будзеш у небяспецы. Як, згода?
— Ага, ужо больш горача. 3 гэтага б і пачынаў, — сказаў Пётра. — Але мне няма да каго ехаць. Hi з кім там у апошні час не прыкурваю.
— Інертнасць, — адказаў голас у слухаўцы. — Беларусы скрозь такія. Індзейцы Еўропы. Дзікуны.
— Голас быццам знаёмы, — сказаў, вагаючыся, Пётра. — Прадстаўся, у рэшце рэшт.
— Спяшайся. Жанчыны ў тваім выпадку адзін раз чакаюць. Гэта вельмі важна для цябе, дзівак.
— Бадай, здагадваюся, — сказаў Пётра. — Я патрэбны зараз аднаму чалавеку, ну, няхай той жанчыне. Але ж мы даўно разышліся ў розныя бакі. Я не паеду.
— Ну, не зусім такое.
— Дык што, будзем гуляць у схованкі? — спытаў Пётра ўжо злуючыся.
— Памнажаючы пазнанне — памнажаеш журбу. Ты б лепш збіраўся, дурань.
— Слухай, мікралептонны кластэр, існасць ці як цябе, а ты б на маім месцы паехаў? — пацішэў крыху Пётра.
— Прыгажосць усё-такі вялікая сіла, — уздыхнуў анёл-ахоўнік. — Я рызыкнуў бы.
— Бывай, крылаты, — незадаволена ўздыхнуў Пётра. — I не перашкодзіла б, каб не званілі ўначы. Анёлы ці проста жартаўнікі.
— Яшчэ адно, — сказаў голас. — He пакідай адчыненымі дзверы. Ноччу, напрыклад.
Пётра выцягнуў з пачка цыгарэту і запаліў.
— I каму я гэтак у апошні час спатрэбіўся? Хто ж такі да мяне завітае? — пацікавіўся ён. — Застрашваеш, крылаты?
— Карнікі выбару, скажам так.
— Ну, лепш бы якая дзеўка, месца хопіць.
— Я стаміўся тлумачыць. Бывай і ты, — ахалодзіў яго анёл-ахоўнік.
I на тым канцы паклалі слухаўку.
За акном па-ранейшаму сек дробны дождж. Вулічны ліхтар хістаў у пакойчыку мёртвым прывідным святлом.
Пётра адчыніў фортку і пачуў, як шуміць вецер ды ціха скуголіць у двары сабака.
— “Закручаны”, — падумаў ён уголас. — Але зашмат пра мяне ведае. I пра жанчыну. Ну, сказаў бы ўадкрытую, якая патрэба, дык не, наганяе жаху. Але ж, як не бачыш страху, то і не страшна...
Ён выкінуў недакурак у фортку і зноў лёг. “Я засынаю”, — падумаў ён і сапраўды хутка і моцна заснуў.
* * *
Гарадок, дзе ў апошні час спыніўся Пётра, быў маленькі, увесь у зеляніне дрэў, у кветках. Крамкі, кінатэатр, будынак выканкама з неад’емным Ільічом насупраць, царква ды яшчэ школа. Упоперак гарадок дзяліў на дзве амаль роўныя часткі асфальтавы бальшак.
За апошнія тры гады Пётра Вашкевіч змяніў некалькі такіх гарадоў ці пасёлкаў і трывала асеў у правінцыі, шукаючы беларускасць. Ён збіраў паданні, легенды, песні, а каб зарабіць на жыццё, працаваў у школках, клубах ці наймаўся мастаком-афарміцелем — ён і маляваць мог збольшага тое-сёе.
Яго не заўсёды прымалі за свайго, хаця хутка абвыкаліся з дзіваком, а вось дзеці любілі. Пётра часова пасяліўся тут у сваячкі, якая выйшла замуж і перайшла да мужа, а яго пакінула ў кватэры нібы за вартаўніка.
У гарадку пакрысе большаў заняпад. Мясцовыя размаўлялі на “трасянцы”. Паблізу вяла пачыналася будаўніцтва камбіната па вытворчасці цэменту, і ў гарадок панаехала людзей здалёк, і не самых лепшых. Яны часта выпівалі, а вечарам хадзілі па вуліцах і надрыўна спявалі “Кацюшу”.
Ён мог бы ўпікнуць мясцовых за мітуслівасць ды залішнюю рахманасць, за абыякавасць да свайго, за дробязнасць ды зайздрослівасць, за тое, што свету не бачылі за работай — яшчэ шмат за што. А калі ў адным панадворку ўбачыў першую галубятню (а Пётра лічыў гэты занятак азіяцкім марнаваннем часу), то вырашыў, як скончыцца навучальны год, з’ехаць і адсюль. Ён бы з’ехаў і раней, але з Поўначы пачалося раптам нашэсце нейкіх якутаў, мардвінаў, нават пасяліўся па суседстве хакас з хакаскай і хакасянятамі. Прыхадні, адпаведна пералазу ў законе, атрымалі неўзабаве льготныя кааператыўныя кватэры і штодня бегалі ў райана, каб перавесці навучанне ў школе на расейскую мову. Як беларускі нацыяналіст, Пётра змагаўся з гэтым, як мог. А так гарадок быў зусім звычайны.
* * *
Той раніцай ён звыкла сабраўся, падкачаў колы ровара і выехаў на бальшак: так штодня звычайна дабіраўся да школы. Але не праехаў і кіламетра, як мусіў спыніцца, бо пачуў за спінай дзіўныя гукі, якія ўсё мацнелі, пакуль урэшце не ператварыліся ў выццё. Вылі аўтамабільныя сірэны. Потым, скаланаючы паветра, побач прамчала пажарная машына, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая — ён са здзіўленнем налічыў не менш як дваццаць. За вузкімі зашклёнымі бойніцамі кабін ён убачыў нерухомыя прывідныя твары пажарнікаў у супрацьгазах.
Праз суткі ноччу ў кватэру пазванілі. Пётра зірнуў у “вочка” — чамусьці неспадзявана ўспомнілася перасцярога таго дзівака-анёла не адчыняць дзверы, але ў парозе стаяў сусед, яшчэ двое ў вайсковай форме, і Пётра адчыніў. Лейтэнант з ваенкамата, нават не пераступіўшы парог, даў яму распісацца і ўручыў позву на зборы.
Праз два дні пасля маршу-кідка ў некалькі дзясяткаў кіламетраў, ужо ў палявой армейскай форме, ён дапамагаў эвакуяваць насельніцтва. Аўтобусы падагналі проста да пад’ездаў: старых выводзілі з дамоў пад рукі, дзяцей выносілі. Ніхто толкам нічога не ведаў і ніхто нават не супраціўляўся, вось што было дзіўна. Ірэальнасць таго, што адбывалася, успрымалася ім тут праз нейкі час як норма. Чалавек да ўсяго прывыкае.
Людзей перасялялі яшчэ некалькі дзён, але гэтага Пётра ўжо не бачыў, бо працаваў у самай апраметнай — яны пракладвалі тунэль пад рэактарам, каб потым запампоўваць туды бетон.
Верталётамі сюды тэрмінова перакінулі “краты” і грэйдары, якія похапкам закупілі ў італьянцаў, а таксама японскія робаты-маніпулятары. Даводзілася не марудзячы, сходу засвойваць тэхніку, бо ні за якія грошы ніводны італьянец ці японец не палез бы ў гэты тунэль нават простым інструктарам. Але яны абыходзіліся і самі.
* * *
Летам стаяла невыносная спёка. Наўкол гарэлі лясы, ад тарфянікаў на горад несла дымны вэлюм. Але штодня сонца, як нанятае, у гарачым мроіве павольна соўгалася па небе, якое, здаецца, назаўсёды пазбавілася ад аблокаў.
Менавіта ў гэты час, у сталічнай клініцы, амаль што выпадкова Міхась Скакун і сутыкнуўся з былым калегам па інстытуце Пётрам Вашкевічам.
Пётру везлі па калідоры ў калясцы. Ён быў зусім лысы, нават без броваў і веек. Міхась спачатку не пазнаў яго, але нечакана ўбачыў прывітальна ўзнятую руку.
Адна нага ў Пётры была загіпсаваная, твар, і так рэзкі, птушыны, стаў яшчэ больш стончаны і худы і набыў ненатуральна бледны колер. Але вочы былі ранейшыя: пытлівыя, разумныя і без прытоенага страху смерці. Міхась Скакун нават падумаў, што цягавіты Пётра выцягне і зараз, але ў той жа дзень даведаўся пра тое, пра што амаль адразу здагадаўся і сам: жыць таму заставалася лічаныя дні. Завезлі Пётру сюды з пераломам нагі — крохкія косці ўжо не зрасталіся. А калісьці яны гулялі ў футбол у адной камандзе — за іх інстытут. Пётра быў выдатны паўабаронца: тэхнічны, вынослівы, кемлівы. Яму прапанавалі паспрабаваць вышэйшую лігу, нават запрасілі на трэніроўкі, але потым быццам перадумалі, нешта ў іх там наверсе не спрацавала. Пётра смяяўся, што знайшлі сякеру “пад лаўкай”, але надта не гараваў — ён быў захоплены ўжо іншым, больш вартым, як ён лічыў, чым спорт.
Яму, Міхасю Скакуну, таксама не шанцавала ў апошні час. Хаця, думаў ён, яго становішча было непараўнальна лепшае, чым, напрыклад, у небаракі Пётры. У Міхася доўга і пакутліва хварэла малая дачка, і, каб знайсці грошы на лекі, ён мусіў часова заняцца перавозкай грузаў па найме: ахоўнікам фірма быццам добра плаціла. На дарозе яны вымушаны былі днямі адбівацца ад нападу каўказцаў, але ў яго быў пасля гэтага толькі няўдалы пералом ключыцы ды закранутае куляй плячо. Праз месяц ён выйдзе адсюль здаровы, толькі вось давядзецца зарабляць “бабкі” з самага пачатку. I ў іншым месцы. А гэта ўжо праблема, бо ён хоць і позна, але ўцяміў, што чалавека-чаўнака, якім ён аказаўся, калі-небудзь усё роўна падставяць. I вось падставілі.
Уражаны сустрэчай са сваім былым калегам па інстытуце — а ён закончыў юрыдычны факультэт прыкладна ў адзін год з Пётрам, які вучыўся на філалагічным, — Міхась Скакун доўга ляжаў у сваёй палаце на вузкім і цесным салдацкім ложку. Да вечара ён заўсёды не ведаў, чым
заняцца. Ён задрамаў, але нудзіла плячо і назалялі жамяра і мухі. Тады ён пайшоў і адшукаў пакой, дзе паклалі Пётру.
У пакоі было яшчэ каля дзесяці хворых. Яны займаліся кожны сваім: хто чытаў, хто слухаў транзістар, размаўляў, а хто проста спаў. Было вельмі горача, у паветры стаяў пах дыму, лекаў, ёду і старых бінтоў.
Пётра напаўляжаў на бруднай падушцы каля расчыненага акна і глядзеў кудысьці ў адну яму бачную кропку. 3 кустоў пад акном аднастайна паўтарала сваю песню берасцянка. Хворы заўважыў наведвальніка і кіўнуў на зэдлік побач.
— Абязручаў я, — проста сказаў Пётра. — Рыхтуюся да фінішу. Хутка памру. Але я гатовы, стары. He мінеш жа неяк такой адметнай падзеі. Лепш сустрэць яе годна і без асаблівага шкадавання. Так?
Міхась адкрыў рот, каб сказаць нешта суцяшальнае, але прамаўчаў.
— Анёл-ахоўнік пакінуў мяне, вось у чым справа. Мне і знак быў шэсць гадоў назад.
— Які знак? — наструніўся Міхась. — Нешта не ўязджаю.
— Мы размаўлялі, і ён папярэдзіў мяне. Сказаў, што пакідае назаўсёды.
Міхась зірнуў на яйкападобную белую, як крэйда, Пётраву галаву і злавіў яго позірк: той глядзеў бясхітрасна і шчыра, і Міхасю Скакуну, які раптам усё зразумеў, стала няёмка, бо гэта ён шэсць гадоў назад разыграў Пётру з анёлам.
У той час па выпадковай пратэкцыі Міхась Скакун уладкаваўся на працу на тэлефон даверу службы міласэрнасці. Грошы яму плацілі зусім невялікія, але справа была новая, нязвыклая — тады такія тэлефоны ўвайшлі ў моду ва ўсіх гарадах. Зменшчыкам падрабляў на паўстаўкі ўрач, і яны дзяжурылі па чарзе. У маленькай каморцы, якую выдзелілі таварыству Чырвонага Крыжа, ён вёў размовы з адзінокімі жанчынамі, патэнцыяльнымі
самазабойцамі, інвалідамі, псіхічна хворымі, звычайнымі хуліганамі і рознымі няўдачнікамі. 3 тымі, хто не дасягнуў мэты і атрымаў паразу.