Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Аўдытар Макарэвіч адчыніў дзверы і яшчэ з парога пачуў галасы. У пакоі знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным: брыгада крымінальнага вышуку, як яны адрэкамендаваліся. Двое з іх — маладзейшыя, сядзелі ў крэслах, а трэці — старэйшы, рухаўся ў невялікай свабоднай прасторы паміж кніжнымі паліцамі, сталом
і тэлевізарам у куце. Жонка, дагледжаная і прыгожая сталай прыгажосцю, уласцівай здаровым жанчынам, якія няўхільна сочаць за сабой, сядзела на канапе. Яна працавала ў гандлі — загадчыцай невялікай харчовай крамы з сістэмы “Еўраопту”. Дачка, як ведаў Макарэвіч, трэці тыдзень адпачывала ў прыгарадным летнім спартыўным лагеры для дзяцей.
— Маё прозвішча Даўгапалец — капітан райаддзела міліцыі, — прадставіўся высокі мужчына і дадаў: — 3 вашага балкона зваліўся чалавек. Па словах... — ён кіўнуў галавой у бок жонкі, —гэты мужчына спускаўся зверху, магчыма з даху, і сарваўся.
— Няўжо? — сказаў аўдытар Макарэвіч, прынёс яшчэ адно крэсла і сеў на яго сам. — Ай-яй-яй! Чаму ж ён так дрэнна лётаў? I што яму было трэба на даху? Гуляў у Карлсана?
Капітан райаддзела на імгненне спыніўся і з цікаўнасцю затрымаў позірк на гаспадару кватэры.
— Пры ім знайшлі паперу. Прозвішча — Дзядко Алег Іванавіч, працаваў інструктарам па фізкультуры. Вам гэта што-небудзь гаворыць?
— А вам? — спытаў Макарэвіч і дадаў: — Можа, злодзей? Фізкультурнікі — яны амаль усе такія.
— Высветлім, — сказаў капітан Даўгапалец. — Яго пакуль што аперыруюць.
Двое маладых супрацоўнікаў пераглянуліся. Па-ранейшаму рухаючыся па пакоі, іх начальнік кіўнуў аднаму:
— Пазвані ў бальніцу.
Той пайшоў у суседні пакой, дзе быў тэлефон. Дзверы за собой ён прычыніў, а калі выйшаў, то нешта прашаптаў начальніку на вуха.
— Так, — сказаў капітан Даўгапалец, — вось гэта ўжо гарачэй!
Маладыя супрацоўнікі зноў пераглянуліся, і той, што хадзіў званіць, усміхнуўся. Яны, як па камандзе, усталі і пайшлі да выхада.
— Што ён сказаў там, у бальніцы? — затрымаў Макарэвіч іх начальніка. — Чакайце, капітан, спадары! Куды вы цягу далі?
— Нічога істотнага, — сказаў капітан Даўгапалец, зноў зацікаўлена зірнуў на гаспадара і дзіўнавата фыркнуў.
Яны пайшлі. Аўдытар Макарэвіч зачыніў за імі дзверы і вярнуўся назад. Жонка ўжо ляжала на канапе, прыціскаючы да лба мокры ручнік. Макарэвіч зноў сеў у крэсла.
— Можа, растлумачыш, чаму з балкона лётаюць мужыкі?
— Ты ведаеш столькі, колькі і я, — адказала тая.
— Ты бачыла таго летуна? — спытаў ён.
— He. Яго павезлі ў бальніцу. I кінь свае жарты.
Яны памаўчалі.
— Я спушчуся ўніз, — сказаў аўдытар Макарэвіч.
— Паесці зрабі сам.
Есці ён так і не стаў, а спусціўся ўніз і агледзеўся. Ля злашчаснай клумбы нікога ўжо не было, у вокнах паўсюдна гарэла святло, неба ў россыпу зорак цямнела над галавой. Было цёпла.
Аўдытар Макарэвіч падышоў да клумбы. У святле ад акна ён убачыў прымятыя кветкі і глыбокую ўвагнутасць на месцы падзення цела. Макарэвіч зірнуў угару, на вокны сваёй кватэры, і зноў задумаўся над тым, што гэты незнаёмы малады Дзядко рабіў там, на даху дома, а потым на яго балконе.
“А што, калі зараз паехаць у бальніцу?” — Макарэвіч памятаў, што бальніца не так далёка. Там аднойчы выдалялі гланды дачцы. “А можа яго павезлі куды-небудзь у іншую бальніцу? — падумаў ён. — He, не павінны, бо яны, пэўна, спяшаліся, а найбліжэйшая — якраз праз квартал”.
* * *
Бальніца ўяўляла з сябе некалькі шматпавярховых будынкаў. Макарэвіч знайшоў хірургічны корпус і апынуўся
ў ярка асветленым прыёмным пакоі. Некалькі чалавек сядзелі ў крэслах, кульгаў на мыліцах непаголены мужчына з загіпсаванай нагой, прабеглі ў дзверы дзве дзяўчыны ў белых халатах. За шкляной перагародкай сядзела жанчына, корпаючыся ў паперах.
Аўдытар Макарэвіч пачаў хадзіць узад-уперад. Жанчына за перагародкай падняла галаву.
— Што вы бегаеце, як на бульвары? — незалюбіла яна. — Па якой справе?
Макарэвіч падышоў бліжэй.
— Да вас прывезлі мужчыну. Фізкультурніка. Ён зваліўся з даху. Хачу даведацца, як ён сябе адчувае. Жывы ці, можа, склеіўся?
— Выйдзе старшая медсястра — тады пра ўсё і даведаецеся. I выбірайце словы! Што яшчэ за вульгарызмы?!
Макарэвіч паціснуў плячыма. “Можа, пайсці адсюль?” — падумаў ён.
Але пайсці не выпадала. Насустрач яму з лаўкі падняўся малады хлопец, высокі, чарнявы, з шырокім падціснутым ротам, у трыкатажнай майцы. На майцы было нешта напісана лацінскімі літарамі. Аўдытар Макарэвіч прыгледзеўся і прачытаў: “LOVE IS A FLOWERS’ BABY”5. Хлопец выцягнуў з кішэні пачак цыгарэт і паказаў Макарэвічу на выхад.
— Выйдзем!
У святле ліхтара хлопец чыркнуў запалкай, прагна зацягнуўся і паглядзеў Макарэвічу ў твар.
— Я брат Алега, — сказаў хлопец і сплюнуў пад ногі. — Пазванілі вось, добра — я да тэлефона падышоў, маці нічога не сказаў, а сам сюды.
— А, дык вы брат таго фізкультурніка, — здагадаўся Макарэвіч.
— А вы хто? — спытаў хлопец.
— Жан Както.
5 “Каханне — кветак немаўля” (англ.,).
— Ды ты шо гоніш? — западозрыў той нейкі таямнічы, неасэнсаваны ім здзек.
— Ён зваліўся з майго балкона, — ветліва патлумачыў Макарэвіч.
Дзядко-малодшы з цяжкасцю ўзважаў нешта. Змена розных пачуццяў адлюстроўвалася на яго невялічкім, нервовым тварыку.
— Хто яго загубіў? Хто?! — раптам істэрычна закрычаў ён, падскочыў да Макарэвіча і схапіў яго за каўнер курткі.
— Ты што, дурачок, звар’яцеў? — спытаў Макарэвіч і аддзёр рукастую далонь.
— За жонкай трэба было больш глядзець, вось што! — зашыпеў проста яму ў твар Дзядко-малодшы. — Такога хлопца загубіла... Лярва! — ён вылаяўся.
Аўдытар Макарэвіч пачаў асэнсоўваць інфармацыю.
— Ану, ціха! — прыкрыкнуў ён. — Лямантуеш, як баба!
— Гэта я — баба? — завішчаў Дзядко-малодшы і зноў кінуўся на яго.
Макарэвіч разлічана (калісьці баксіраваў) стукнуў яго, і даволі моцна. Дзядко-малодшы пахіснуўся, ледзь не ўпаў і раптам заплакаў.
— Ну, супакойся, дурачок, — памяркоўна сказаў яму Макарэвіч, — пайшлі сядзем, абмяркуем, чаму твой брат паехаў з даху.
Свяцілі ліхтары. На бальнічным двары было пуста. Ён адвёў Дзядко-малодшага да лаўкі.
— Гавары, — загадаў Макарэвіч.
— Ён пакахаў яе, разумееш? Ну, брат. Працаваў у спартыўным лагеры, там, дзе зараз ваша дачка. Там яны і пазнаёміліся. А цяпер яна яму нават дзверы не адчыніла, вось ён і палез праз дах...
— Навошта ж хавацца? — спытаў Макарэвіч. — Сказалі б прама, і не было б у клумбе ямы. — Ён усміхнуўся з рыфмы.
— Я з ім перадусім гаварыў, — сказаў Дзядко-малодшы. — Хіба ж ён мяне паслухае? Ён старэйшы, ён за бацьку.
— Хм, нешта я не разумею, хто там каго кахаў, — Макарэвіч падняўся з лаўкі.
— Пайду, — сказаў ён. — Каханне — вялікая сіла, але ўсё лухта, мой юны сябар. I гэта таксама. 3 нябёс часам ляціць на клумбы чароўных кветак немаўля... Ха-ха...
— Каб толькі жыць застаўся, — тужліва заенчыў Дзядко-малодшы. А што я маці скажу? Га? Ды шо ты муціш усё?
— Бывай, дурачок, — сказаў Макарэвіч.
— Што рабіць будзеш? — спытаў Дзядко-малодшы.
Макарэвіч паціснуў плячыма.
Раптам у прыёмным пакоі ляпнулі дзверы, і на падворак выбегла медсястра.
— Пастойце, маладыя людзі! Хто тут брат Дзядко, таго, які цяпер у аперацыйнай?
— Ну, я, — пасунуўся да яе Дзядко-малодшы. — Што, што здарылася? Ён памёр?
— Яму робяць аперацыю. Але не хапіла крыві. Рэдкая група. У вас якая група? Вы ведаеце сваю кроў? Павінна быць адзнака ў пашпарце.
— Ведаю, — сказаў Дзядко-малодшы. — Мне хутка ў армію. Другая, эр эф плюс.
— He, не тое. А вы хто? — звярнулася яна да Макарэвіча. — Таксама брат?
— Накшталт таго, — крыва ўсміхнуўся Макарэвіч.
— А ў вас якая група?
— Чацвёртая, рэзус плюс.
— Вы дакладна ведаеце? Упэўнены? Хадземце са мной. Хутчэй. Калі яму зараз не пераліць кроў — ён сканае. Кроў хоць чыстая? На дакладныя аналізы няма часу.
— He хвалюйцеся, чысцей не бывае.
* * *
Праз нейкі час Макарэвіч выйшаў з прыёмнага пакоя. Яго ўгаворвалі паляжаць пару гадзін, але ён адмовіўся.
— Нічога, дабяруся.
Дзядко-малодшы па-ранейшаму чакаў і адразу кінуўся да яго.
— Ну, як? Што там? — нервова ўхапіў ён Макарэвіча за крысо вятроўкі.
Той патэтычна ўзняў рукі.
— Жадаю шчасця вам, — сказаў Макарэвіч, — братам, каханым усім бл..., прабач, людзям...
Ён пайшоў пешшу. Па дарозе Макарэвіч успомніў Леначку з іх аб’яднання, якая яму сімпатызавала і папросту дзялілася з ім сваім жыццёвым вопытам. Вопыт яе зводзіўся да аднаго. “У кожнай жанчыны павінна быть тры мужчыны, — прапіхвала яна сваю ідэю, — адзін — для цела, другі — для грошай, а трэці — для душы”. Макарэвіч цяпер успомніў і ўсміхнуўся ідучы. Ён даўно не ўспрымаў жыццё ўсур’ёз.
Ліфт падняў яго на дзявяты паверх. Ён адчыніў дзверы ў кватэру, зайшоў і прыслухаўся. Потым знайшоў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў проста з рыльца. “«Прыход» адчувальны, — сказаў ён сам сабе. — Няблага «ўставіла» пасля крывапіўства”.
Ён тэатральна ўзнёс рукі.
— О, брат мой, брат мой!
У спальні было ціха.
— Ты мне скажы, — разумеючы, што ўсё добра чутно праз дзверы, спытаў ён жонку, — я ў цябе для чаго: для грошай, для цела ці для душы?
Ён пайшоў у пакойчык, які, звычайна, прапанавалі гасцям, расклаў крэсла-ложак, дастаў падушку, прасцірадла. Зняў са сцяны свой партрэт у драўлянай рамцы — карціну ягонага сябра, мастака-аматара. 3 партрэта глядзеў на яго малады мужчына: лоб нізкі, нос доўгі, падбародак звычайны, вочы былі намаляваны старанна, але выраз іх
быў нібы ў барана. Макарэвіч засмяяўся і шпурнуў партрэт у кут.
— Маё тут было цела, а заўтра адляцела, — сказаў ён.
* * *
Аўдытар Макарэвіч назаўтра з’ехаў з кватэры і пачаў жыць у Леначкі, якая быццам ніколькі не здзівілася, што ён пайшоў ад жонкі. Ён неяк уладкаваўся, і пакуль чакаў суда на развод, толькі зрэдку ўспамінаў сваё ранейшае жыццё, кватэру на дзявятым паверсе, былую жонку. Некалькі разоў яму снілася дачка, а потым і яна перастала.
Пасланец Немезіды
Напрыканцы лета ў вёсцы заўсёды сумна. Нешматлікія яе жыхары — на палявых работах, бо ідзе самы прыпар. Заўжды пустая галоўная вуліца, і толькі на лаўках дзе-нідзе сядзяць ля свайго жытла знямоглыя, знясіленыя працай на Утопію, пенсіянеры абоега полу. Побач, у пыле, зрэдку валтузяцца мурзатыя дзеці.
Прыкладна ў такі час, схуднелы з твару, бледны, з пацямненнем на лёгкіх — пачатковай фазай сухотаў — з лагера агульнага рэжыму, адразу пасля так званай перабудовы вярнуўся, ці, як яшчэ кажуць, “адкінуўся” калгаснік Рыгор Баркоў. Свой “траяк” па дзвесце першым артыкуле яму, тым не менш, давялося адбыць “да званка”, гэта значыць амаль да таго часу, пакуль пачаліся раздзяленне краіны на асобныя рэспублікі, адмена спробаў сухога закону, пачатак усялякіх паскарэнняў, галоснасцяў і заклікаў да прыватнай ініцыятывы.