• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    Яму пашанцавала хіба што з іспытам па замежнай літаратуры. Неяк перад залікам ён набраўся смеласці і спытаў у холе вучэбнага корпуса выкладчыцу Ліцвінаву — сярэдняга веку жанчыну, стройную, добра апранутую, з дагледжанай постаццю і даволі мілавідным тварам.
    — Нэла Маркаўна, — сказаў ён сарамяжліва і не зусім упэўнена, — у мяне да вас пытанне. Секунд трыццаць не пазычыце? Я — ваш студэнт з чацвёртага курса.
    Выкладчыца Ліцвінава спынілася.
    — Я вас не памятаю, — даволі суха заўважыла яна. — У чым, дарэчы, ваша пытанне?
    Студэнт Ігнат Мазур глытнуў паветра і праз кароткую паўзу рашуча вымавіў:
    — Калі гэта магчыма, вызваліце мяне ад наведвання лекцый.
    Паўза.
    — Вам што, не падабаюцца мае лекцыі? — з непрыхаваным здзіўленнем спытала выкладчыца, — альбо я? Дарэчы, я вас, паўтаруся, нешта не прыпомню. Па-мойму, вы і так мае лекцыі ігнаруеце.
    — Наадварот, — раптам ужо спакойна і цвёрда адказаў студэнт Ігнат Мазур. Што будзе — тое і будзе, вырашыў ён пра сябе. — Вашыя лекцыі мне падабаюцца, я люблю замежную літаратуру і... вас таксама люблю.
    — Нават так? Дзякуй. Асабліва за любоў. I ўсё-такі — у чым справа?
    — Я ведаю ваш прадмет.
    — У поўным аб’ёме?
    — Так.
    Паўза.
    — Як ваша прозвішча, дарэчы?
    — Ігнат Мазур.
    — А вы разумееце, што іспыт для вас будзе асаблівы? Даволі жорсткі, да слова.
    — Разумею. Хоць зараз.
    Выкладчыца ўжо зацікаўлена зірнула на яго. На твары жанчыны з’явіўся лёгкі румянец.
    — Адолі, — усміхнулася раптам яна. — Заўтра а другой гадзіне знойдзеце мяне тут, магчыма, я буду ў дэканаце. Я праверу, ці адпавядаюць вашыя веды вашаму... ха-ха, скажам так, нахабству. Згода?
    — Так, так. Вядома. Я вельмі вам удзячны.
    — Што ж, рыхтуйцеся. А пра ўдзячнасць — потым.
    — Да пабачэння. Да іспыту.
    Іх кароткая размова не засталася па-за ўвагай. Непадалёк стаяла з цыгарэтай у руцэ аднакурсніца Святлана Конкіна — невысокая, даволі нядбайна апранутая дзяўчына з караткаватымі, на яго погляд, нагамі, але зграбнай постаццю, такімі ён бачыў маладых дзяўчат з японскіх стужак.
    Заўважыўшы, што яна, пэўна, нешта пачула з яго размовы з выкладчыцай, студэнт Ігнат Мазур памкнуўся было да яе — высветліць, у чым справа, але дзяўчына раптам кінула непрыпаленую цыгарэту ў сметніцу і пайшла да выхаду. У яе была дзіўнаватая манера хадзіць крыху выкідваючы наперад ногі. Ён раптам падумаў пра тое, што за ўвесь час амаль ніколі не звяртаў на яе ўвагі. Так, нешта шэрае. I чаго “грэла вушы”? — падумаў Ігнат Мазур і выкінуў усё з галавы.
    Размову чуў яшчэ адзін яго аднакурснік — былы завочнік Уладлен Анціпаў, які часта цёрся каля яго, падтакваў, ніколі не пярэчыў, па-змоўніцку падтрымліваў яго зласлівыя кпіны ў бок існуючых парадкаў і паводзіў сябе даволі прыхільна, за што атрымаў напаўжартоўнае паганяла “Бой”. Цяпер ён відавочна зацікавіўся і здзіўлена спытаў:
    — Ты што, сапраўды заўтра пойдзеш да гэтай цёткі? Яна ж цябе расцярушыць па сценцы. Ты вар’ят, Ігнаце?
    — Ніколькі, Валодзя.
    — Я — Уладзя, — незалюбіў Анціпаў.
    — Уладлен. У скароце Уладзімір. А поўнасцю — Уладзімір Ленін — такое ў цябе імя. I нехрэн шыфравацца. Да сваіх бацькоў прад’яві прэтэнзіі.
    — Мяне яны задавальняюць.
    — Ну, не садзіся на крыўду, — саступіў Ігнат Мазур ідадаў:
    — He расцярушыць, бо я ў тэме, а па-другое, у нас з ёй атрымаўся спантанны біякантакт. Хоць ва ўзросце розні-
    ца. На ўзроўні падсвядомасці. Я гэта адчуў. Ды што табе тлумачыць. Ты сляпы, глухі. I аблысеў рана. Як Ільіч.
    — Стаўлю бутэльку “Гамзы” ў заклад: будзеш хадзіць на лекцыі.
    — “Гамзу” я паважаю. Дадамо яшчэ батон і паўкіло доктарскай на закус. Згода?
    — Згода, — хіхікнуў Уладлен Анціпаў.
    На тым аднакурснікі развіталіся.
    * * *
    Назаўтра студэнт Ігнат Мазур апрануўся ў свой адзіны святочны касцюм, навязаў нават гальштук, старанна пагаліўся. Можа таму спазніўся на першую пару. Лекцыю па тэхніцы афармлення газеты чытаў выкладчык Анатоль Дземеш — кульгавы ад прыроды, недаверлівы і зласлівы чалавечак маленькага росту, з па-плябейску зачасанымі назад валасамі і бледным тварам. Чамусьці выкладчык Дземеш, як адчуваў Ігнат Мазур, быў для яго нават небяспечны. Некалькі яго лекцый ён неабдумана прапусціў, а той гэтага не выносіў. Да таго ж, як пераведзены з іншага факультэта, Ігнат Мазур не праслухаў курс яго лекцый у поўным аб’ёме, а рыхтаваўся да заліку паводле падручніка.
    Каварны і помслівы Дземеш доўга не прымаў залік. Як толькі студэнт Мазур да яго падыходзіў, выгледзеўшы дзе-небудзь у вучэбным корпусе, той моўчкі сціскаў вузкагубы шырокі рот, зняважліва паварочваўся і кульгава ішоў прэч.
    — Ты, пэўна, зусім “тормаз”, — сказала тады Юля Маракова. — Ён жа можа не прыняць залік і на гэтай падставе не дапусціць да іспыту. Я сама пайду да яго. Ён ведае пра маю цётку і увогуле мае да мяне сантымент. Папрашу за цябе. Упэўнена, што ён сцішыцца.
    — А горш не будзе? — спытаў тады Ігнат Мазур. — А што, калі гэты карузлік накінецца на цябе і абслінявіць пацалункамі і ўсё такое...
    — Адаб’емся, — хіхікнула тады Юля Маракова.
    Цяпер выкладчык Дземеш незадаволена ўтаропіўся ў яго.
    Студэнт Ігнат Мазур папрасіў прабачэння.
    — Дазвольце сесці? — спытаў ён.
    Выкладчык Дземеш пакрывіўся нібы ад зубнога болю і мусіў сказаць нешта не вельмі прыемнае, але яго перапыніў гучны голас Язэпа Гарая, студэнта, які займаў месца проста перад сталом выкладчыка Дземеша і сядзеў адзін.
    — А-а, Ігнат, — гучна сказаў ён. — Чаго спазніўся — мабыць, ад сценкі спаў? Можа, ты галодны? Паснедаць не паспеў? Дык сядай побач, зараз з’ядзімо што Бог паслаў. У мяне з сабой звараная курыца. Хочаш? — ён палез у сакваяж.
    У аўдыторыі стала ціха. Ігнат Мазур з нямым здзіўленнем заўважыў, што на стале перад Язэпам Гараем сапраўды з’явілася звараная курыца, агурок і некалькі лустак хлеба.
    Паўза.
    Выкладчык Дземеш каўтнуў ротам паветра.
    — Гарай, — пачаў ён пагрозліва, — вы што сабе дазваляеце? Я выдалю вас з заняткаў.
    — Ды кінь ты, Толік, — адмахнуўся ад яго Язэп Гарай. — Я і табе ножку пакіну. Ці, можа, грудку. Хочаш?
    I ён смачна захрустаў косткай.
    Студэнт Ігнат Мазур падзякаваў Язэпу Гараю за прапанову, але абачліва мінуў таго і пайшоў у далёкі канец аўдыторыі. Ён ужо ведаў, што ў Язэпа Гарая быў вельмі ўплывовы сваяк, які займаў пасаду прарэктара, і менавіта таму Язэп Г арай быў цяпер такі разняволены ў паводзінах. Да таго ж, Юля Маракова давяла яму, што ў іх аднакурсніка ёсць праблемы з псіхікай, якія той старанна ад усіх хавае.
    Урэшце выкладчык Дземеш, хоць і пакрыўся чырвонымі плямамі, працягнуў лекцыю. Студэнт Язэп Гарай ужо моўчкі даеў курыцу, а на перапынку ўвогуле знік.
    * * *
    На кароткім адрэзку часу паміж лекцыямі з аўдыторый выходзілі ў калідор амаль усе. Па кутках палілі, дзяліліся навінамі. Некаторыя студэнты, як адзначыў Ігнат Мазур, — дзеці прывілеяваных бацькоў — трымаліся больш ўпэўнена і незалежна. Рослая, хамаватая генеральская дачка Паліна Басаргіна з іх курса расказвала дзяўчатам чарговы анекдот. Тыя роблена хіхікалі. Але ні Мараковай, ні Конкінай сярод іх не было. Паважна хадзіў па калідоры яшчэ адзін генеральскі нашчадак — пачынаючы паэт, камсамольскі актывіст Дзяніс Някрасаў. Студэнт Ігнат Мазур ужо ведаў, што бацька таго ў вайну быў закінуты ў Беларусь з Расіі і камандаваў спачатку батальёнам так званых “ястрабкоў”, а потым працягваў працаваць у “органах”, дзе і дайшоў да генеральскага звання. Цяпер ён кіраваў саўгасам. Камсамольскі актывіст і паэт Дзяніс Някрасаў днямі надрукаваўся нават у маскоўскім маладзёжным часопісе “Юность”, пра што ўжо ўсе ведалі. Расейцаў на іх курсе ўвогуле было шмат. Некаторыя зусім здалёк. Як яны праскоквалі праз іспыты па беларускай мове і літаратуры — здавалася на першы погляд загадкай, але нічога дзіўнага тут не было: нават размовы паміж сабой на роднай мове ўжо выклікалі навокал падазрэнне ў нацыяналізме.
    Асабісты залік па беларускай мове студэнт Ігнат Мазур здаў, як кажуць, “на падваконні”. Выкладчык Аркадзь Шаркевіч — шчыры і спагадлівы — толькі спытаў у яго, ці вучыў ён у школе мову. Так, вучыў, адказаў на тое Ігнат Мазур і дадаў, што ў дзяцінстве кожнае лета праводзіў на вёсцы, так што матрыца мовы, цалкам магчыма, была закладзена ў ім менавіта ў той час. Выкладчыка Шаркевіча такі адказ вельмі задаволіў. Яны размаўлялі ў фае ля акна. Выкладчык Шаркевіч палез у нейкі сшытак, у якім і праверыў, як аказалася, вынікі апошняй дыктоўкі: там у студэнта Ігната Мазура стаяла адзнака ў чатыры балы. I тут жа, сапраўды на падваконні, паставіў яму залік.
    Адзін са студэнтаў —Гурам Хуцышвілі — быў нават з Грузіі, з Тбілісі. Ён вучыўся на першым курсе і, як пазней расказаў у інтэрнаце за бутэлькай віна Ігнату Мазуру, уладкаваў яго сюды бацька, начальнік аўтакалоны ў Тбілісі. “За інтарэс?” — вяла пацікавіўся тады студэнт Мазур, і Гурам Хуцышвілі красамоўна ўзняў бровы — ён не ўмеў хітраваць.
    Увогуле студэнты, як ужо даўно ўпэўніўся Ігнат Мазур, былі пад пільным ідэалагічным, і не толькі, наглядам. Нечакана з’явіўся на даляглядзе, выскачыў, быццам чорцік з партабачкі, другі намеснік дэкана па ідэалагічнай працы Пушко — той прыслухоўваўся на перапынках, хто пра што гаворыць, прызначаў старастаў і таемна прымаў іх у сябе ў кабінеце, наведваў, калі раніцай, а калі і па вечарах, інтэрнат з нечаканымі адмысловымі праверкамі. Акрамя студэнтаў на кожным з курсаў, як ужо ведаў Ігнат Мазур, шыфравалася шмат ціхароў, вызначыць якіх было даволі няпроста. Курыраваў іх на факультэце ці то аспірант, ці то лабарант і адачасовы арганізатар кавээзаў Віктар Епіфанаў — тыповы самаўпэўнены русак, але з псеўдапрэтэнзіямі на інтэлектуальнасць і ледзь не дэсідэнцтва. Урэшце, як інтуітыўна разумеў студэнт Ігнат Мазур, такіх асобаў лепш за ўсё пазбягаць і ні ў якім разе не ісці з імі на шчырую размову — тое заўсёды было небяспечна. Яшчэ паўсюдна ішлі адгалоскі справы нацыяналістаў — групы студэнтаў з філалагічнага факультэта, якія суполкай запатрабавалі выкладаць усе прадметы на беларускай мове. Групу разагналі, многіх павыключалі з універсітэта, а стукачоў, наадварот, прыхільна размеркавалі ў Менску альбо нават пакінулі ў аспірантуры.
    Роздум яго прадказальна перапыніла Юля Маракова, якая апошнім часам абазначана тулілася да яго. Як амаль заўсёды, яна, у адрозненне ад часам змрочнага Ігната Мазура, была ў добрым настроі. На вуснах дзяўчыны звыкла стаілася добразычлівая ўсмешка. Яна разумела гумар і любіла жарты.