Паўночны вецер для спелых пладоў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
Студэнтка Святлана Конкіна выдыхнула дым і патушыла цыгарэту. Твар яе набыў халодны выраз.
— Так, маеш рацыю. Прыкладна, канешне. I вочкі, і кветкі, і ўсё такое. Было. Славак адзін прыязджаў, я два разы на яго канцэрт схадзіла. Ён мне нават сваю кружэлку ахвяраваў. А цяпер пайшоў бы ты прэч. Язык у цябе нядобры. Лепш я ўжо захоплены віск першакурсніц паслухаю.
— Табе побач з імі, пэўна, сумна?
— Мне па-любому сумна. Асабліва адвячоркам, на захадзе сонца. Разумееш такое?
— Так, і мне знаёма, — пацвердзіў студэнт Ігнат Мазур, — “калі снег мокры падае, а праз яго ліхтары газай мігцяць”...
— Люблю Дастаеўскага, — усміхнулася Святлана Конкіна. — Асабліва “Падлетка”.
— Табе б замуж, Святлана, — раптам зноў грубавата сказаў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
— Што так?
— Ферамоны вылучаеш.
— А пайшоў бы ты ўсё-такі прэч.
— He садзіся на крыўду. Прабач, Святлана.
— Замуж, ха-ха. Можа, і за каго — падкажаш?
— Табе вырашаць.
— Мне днямі адзін наш румын прапанаваў нешта накшталт таго.
— Віця Ганабец? Гэты — што з Малдавіі? — здагадаўся Ігнат Мазур. — Вось здзівіла. А што ты?
— Патлумачыла папулярна, што мне патрэбны самастойны, забяспечаны матэрыяльна мужчына, а не бедны студэнт. Хіба што пакахаю якога. Але гэта так, антрэ ну. Вельмі ты здагадлівы пра Ганабца і іншае — такія заўжды небяспечныя. I потым, Маракова на цябе вока закінула. Дый выкладчыцы Ліцвінавай ты спадабаўся. Я бачыла. А ўвогуле, сумна жыць на свеце, Ігнат.
Упершыню дзяўчына назвала яго проста па імені. Цёплая хваля прыязнасці ахапіла яго, і студэнт Ігнат Мазур падумаў раптам, што адчуў бы сябе шчаслівым, каб проста зараз прылегчы побач з ёй на гэтым ложку і пакласці далонь ёй на аголеную грудзь.
— Толькі ж пачынаеш жыць, Святлана.
— У тым-та і справа.
Дзяўчына запаліла новую цыгарэту, сказала рашуча:
— Хачу цяпер адна пабыць. A то зараз прыйдуць дзяўчаты. Цябе пабачаць, маладога, гожага. Мараковай данясуць, ха-ха.
Студэнт Ігнат Мазур узняўся з зэдліка, адчыніў акно, пайшоў да дзвярэй.
— Зачыніш сама. A то напалілі. Кідала б гэтую звычку.
— Пляваць. Хоць дзякуй за клопат.
* * *
У адзін з вечароў да яго ў інтэрнат прыйшла Аня Балтас. Стройная, у плісаванай спадніцы, адкрытай кашулі, валасы колеру саломы гожа абрамлялі яе мілавідны загарэлы твар. Адно плячо, левае, крыху ўзнята, што, як ён ведаў, было ў яе прыкметай хвалявання.
У пакойчыку студэнт Ігнат Мазур быў не адзін. Ляжаў на засланым ложку з падручнікам па палітэканоміі глухаваты аднакурснік Міхась Байкоў, а за сталом лістаў нейкія паперы і адначасова вячэраў рухавы і заўжды вясёлы кавэзэшнік Дзяніс Маркін — з невялікай галавой мікрацэфала і пастаянна расцягнутым ва ўсмешцы ротам.
— Можна да вас? — насцярожана спытала з парога Аня Балтас і дадала:
— Прывет, Ігнат. Я да цябе.
— Канешне, заходзь! — шчыра абрадаваўся Ігнат Мазур. — Прысядзь во на мой ложак, а я зараз збяруся. Хоць — пачакай. Ты, Дзяніс, схадзіў бы павучыў навуку ў “чырвоным” пакоі, а з Байковым я зараз улагоджу, — звярнуўся ён да Маркіна.
— Пайду на гадзіну, не больш, — ахвотна згадзіўся Маркін.
— Ды толькі яго, — кіўнуў на Байкова, — паспрабуй угаварыць. Для пейзана паляжаць без справы — асалода.
— Міхась! — не марудзячы пасунуўся да аднакурсніка студэнт Ігнат Мазур. — Ты б пайшоў прагуляўся. Бачыш, да мяне госці.
— Га? — з ідыёцкім выглядам спытаў той, касавурачы вокам на дзяўчыну.
Аня Балтас усміхнулася, села на ложак.
— Дзякуй, што не выгналі. He турбуйцеся, хлопцы, я на хвіліну. Пайшлі, Ігнат, у кавярні пасядзім. Тут побач. Я ўбачыла, ёсць такая. He супраць?
Паўза.
— Слушна кажаш, — згадзіўся ўрэшце Ігнат Мазур. — Калі там ціха, чыста і мёдам намазана.
У кавярні сапраўды было на гэты час даволі ціха, яны замовілі бутэльку таннага белага сухога віна і марозіва для дзяўчыны.
— Паслухай, Ігнат, — пачала студэнтка Аня Балтас, — я зайшла не проста так, а каб вырашыць адно пытанне. Вядома, ты прабач, бо мяне не запрашаў. Справа ў тым, што ў цябе практыка, дыплом, дзяржэкзамены, ну, урэшце, вайсковыя зборы. А ў мяне таксама іспыты, практыка і неўзабаве размеркаванне на працу. Мы сталі рэдка бачыцца, але не з гэтай нагоды. Ты змяніўся, Ігнат, я адчуваю. I не ведаю, калі шчыра, што рабіць.
Паўза.
— Я сам не ведаю, — урэшце адказаў студэнт Ігнат Мазур даволі разгублена.
— У цябе з’явіўся новы інтарэс? Калі так — нічога не зробіш. Я табе ніколі не навязвалася, ты сам мяне калісьці знайшоў — такую, якой я была. Так, далёка не нявінніца. Дык я гэтага і не хавала. Каб сустрэла цябе раней, усё было б інакш. Спадзявалася, што ты не будзеш успамінаць мне пра тэлегонію ці яшчэ пра нешта інфернальнае. Мужчыны ў большасці вялікія раўніўцы.
— Пра тэлегонію — ад сястры пачула?
— Угадаў. Дарэчы, пайшла пад вянец нявінніцай. Яна — разумніца, не тое, што я.
— Спадзяюся, у яе, маю на ўвазе тваю сястру, усё будзе добра, — сказаў Ігнат Мазур, — але такая разліковасць
у жанчыны нават здзіўляе. Усё ў яе запланавана: замуж — нявінніцай і — за багатага, жыць — у сталіцы...
— Я таксама хацела б жыць у вялікім горадзе. — сарамяжліва заўважыла студэнтка Аня Балтас. — Ніхто навокал цябе не ведае, ты — вольная, сама за сябе. А багацце? Ды чорт з ім! Мы абодва з небагатых сем’яў. Ты вадзіў мяне ў сталоўку, як у мяне скралі стыпендыю, я дапамагала табе, калі ты хварэў. Сястра хоча, каб я сустракалася з сябрам яе мужа — ён мінчук, яму трыццаць гадоў, не жанаты. Запрасілі мяне днямі на нейкую вечарыну.
— Мудрасці ў тваёй сястры аж зашкальвае, — нявесела ўсміхнуўся Ігнат Мазур.
Ён раптам уявіў сабе карціну, як яго сяброўка і даўняя каханка Аня Балтас кладзецца ў ложак з незнаёмым яму мужчынам, як той пачынае лашчыць яе грудзі, ногі, як яна ў маладой палкасці рассоўвае іх... У горле ў яго перахапіла, кроў кінулася ў твар.
— He, толькі не гэта, — выдыхнуў ён.
I падумаў, што калі б хто-небудзь спытаў яго цяпер, ці кахае ён дзяўчыну, якая сядзіць за сталом насупраць, і якая патрабуе ад яго непасрэднага адказу на нялёгкае і для яго і для яе пытанне, то сказаў бы, што, вядома, кахае і хоча, каб яна заўсёды была побач з ім. Але тут жа ўсплыло ў памяці, што ён абяцаў зайсці да Святланы Конкінай і да Юлі Мараковай, і што таксама моцна жадаў бы, каб і тыя былі з ім побач, і што ўсё гэта становіцца для яго пакутлівым. I зноў у яго памяці зусім не да месца ўсплыў эпізод з вугорскай мастацкай стужкі, галоўны герой якой не можа выбраць паміж жанчынамі, не хоча губляць ніводную з іх і ў чарговым прыступе дэпрэсіі пазбаўляе сябе жыцця.
— Дык што ж мне рабіць, Ігнат? — спытала між тым студэнтка Аня Балтас. — Ты цяпер у сваім жыцці, а мяне там быццам ужо і няма. I я ж не плакацца прыйшла, праўда?
У кавярні пабольшала наведвальнікаў. Адразу ўключылі магнітафон у кутку за стойкамі, адтуль загучэла
расейская папса, потым Высоцкі, зноў нейкая прыблатнёная спявачка з рызыкоўным рэфрэнам: “Мама, я злодзея люблю”. Некалькі дзяўчат паселі за суседні столік. Сярод іх, як заўважыў Ігнат Мазур, былі дзве аднапакаёўкі Юлі Мараковай. “Пляваць”, — падумаў ён.
—Ты здольная крыху пацярпець, Аня? — спытаў ён. — Я шмат чаго даздаю, некаторым выкладчыкам гэта не спадабаецца, тут яшчэ патрэбныя залікі па практыцы, у нас вайсковая кафедра, а там без цырымоніі могуць загнобіць любога — проста, каб іх баяліся. Давай вырашым усё крыху пазней. Ты ж бачыш, як усё навалілася, — гаварыў ён, тым не менш, разумеючы, што не ўсё кажа шчыра, і раптам яму стала невымерна шкада і Ані Балтас, і чамусьці яе сястры, якая, напэўна, мела рацыю, і сябе.
Віно скончылася, студэнт Ігнат Мазур разлічыўся, і абодва выйшлі на вуліцу. Сцямнела. Запаліліся ліхтары.
Здаецца, яны шмат пра што паспелі пагаварыць. Студэнтка Аня Балтас, увогуле мягкая па характары, зноў была быццам усім задаволеная, яны заціснуліся ў будку тэлефона-аўтамата і там цалаваліся, а потым Ігнат Мазур сказаў:
— Тралейбусы пакуль ходзяць. Можа, да цябе, Аня?
— А я сёння якраз засталася адна ў пакоі. Раз’ехаліся дзеўкі. Ноч будзе наша? Як усё-такі добра, калі мы разам.
* * *
Назаўтра, седзячы на лекцыі ў аўдыторыі, студэнт Ігнат Мазур па новай звычцы, якая з’явілася ў яго параўнальна нядаўна, у другі раз запісаў у нататнік, які насіў пры сабе і нікому не паказваў:
“Пачытаў больш падрабязна пра тэлегонію, аб чым нагадвала сястра Ані Балтас, Ларыса, якая заканчвае медінстытут. Урэшце, шматлікія медыкі, генетыкі і навукоўцы ведаюць гэтую дзіўную, нават інфернальную з’яву, якая, тым не менш, не даводзіцца шырокаму
колу людзей, разам з такімі калянавуковымі галінамі, як еўгеніка, гамеапатыя і г. д. Лічаць (хто менавіта?), што людзям пра такое лепш не ведаць. Шэкспір неяк напісаў: “Што чалавек? Жывёла і не болей”. Ну, можа, разумная, але жывёла. Аказваецца, варта спытацьлюбога вопытнага сабачніка, галубятніка і іншага, які займаеца развядзеннем чыстых парод жывёл, і пачуеце адразу: пародзісты сабака, які выпадкова спароўваецца з беспародным і патомства якога вынішчаецца, усё роўна ўжо ніколі не будзе нараджаць чыстых жывёл сваёй пароды. Толькі мяшанцаў. Тое ж у коней, галубоў і іншых жывёлаў. Аказваецца — і ў людзей. Вось і меў рацыю Шэкспір. Тады, дарэчы, ведалі пра тэлегонію?
Кажуць, пасля міжнароднага моладзевага фестывалю ў Маскве, які адбыўся больш як дзесяцігоддзе таму, у шматлікіх выпадках назіралася дзіўная з’ява: некаторыя белыя дзяўчаты, якія ўступалі ў палавую (без наступстваў) сувязь з цёмнаскурымі хлопцамі і праз год, два, тры, як павыходзілі замуж за сваіх белых суайчыннікаў, раптоўна нараджалі цёмнаскурых дзяцей. Аказваецца, першы самец і палавы акт замацоўваецца нейкім чынам назаўсёды. Нават, калі кантакт быў праз кантрацэптывы. Праз тэлегонію могуць перадавацца розныя, у тым ліку і псіхічныя хваробы. Мяркую, што і рэўчасць — ад падсвядомага адчування гэтай з’явы. Але ж межы размываюцца, і нацыі паступова будуць змешвацца. I шо тады? А вось што. Мяркую, нацыя, якая найболый размножыцца, падамне пад сябе планетарнае мысленне і выведзе адзіную пароду людзей. Цалкам магчымая будучыня. Цікава было б пагаварыць пра гэта з навукоўцамі.
Але ж я адхіляюся. Урэшце, усё гэта думкі сваёй гадоўлі, не больш. Вось сястра Ані Балтас Ларыса лічыць, што сямейнае шчасце ў многім залежыць ад таго, ці была нявеста ў першую шлюбную ноч нявінніцай. А ў яе самой, якую не будзе раўнаваць муж,