Паўночны вецер для спелых пладоў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
адбудзецца шчасце ў сям’і? Цікава б спытаць у яе гадоў праз дзесяць”.
* * *
Намеснік дэкана па ідэалогіі і выхаваўчай працы Пушко, на мянушку “Кум”, пэўна, быў “адтуль”, хутчэй за ўсё свежаспечаны пенсіянер, які здолеў у патрэбны час зручна ўладкавацца на ўтульную цывільную пасаду. Ён часта знікаў у службовым пакойчыку лабаранта Епіфанава, a то выклікаў да сябе ў кабінет асобных студэнтаў і вёў з імі нейкія, зразумелыя толькі яму, гутаркі.
На другі дзень пасля таго, як выкладчыца замежнай літаратуры Нэла Ліцвінава, якая прымала іспыт, выставіла студэнту Ігнату Мазуру ў залікоўку і ў ведамасць адзнаку “выдатна”, яго выклікалі да дэкана факультэта Парэцкага.
Дэкан сядзеў за сталом і незадаволена перакладаў на ім нейкія паперы. Брутальны твар яго з халоднымі шэрымі вачыма міжвольна выклікаў трывогу. Ігнат Мазур ведаў, што студэнты пабойваліся яго, але падсвядомае слабае пачуццё цяпер гаварыла яму, што дэкан, былы выйсковы баявы лётчык, на каварства і няпраўду не здольны. Так, ён чалавек сістэмы, але не болей. Але, чаму яго выклікалі? Запазыку ў заліках і іспытах ён здаў, ніякіх дысцыплінарных учынкаў не меў. Дык у чым справа? — губляўся ў пытаннях Ігнат Мазур.
Урэшце дэкан Парэцкі пакінуў у спакоі паперы, скоса кінуў позіркам у бок студэнта і сказаў:
— Сядайце.
Студэнт Ігнат Мазур нерашуча прысеў у крэсла.
— Скажыце, хто вам дазволіў не прысутнічаць на лекцыях і здаваць экзамены датэрмінова? — спытаў дэкан Парэцкі.
— Ніхто, — пасля паўзы неакрэслена адказаў Ігнат Мазур.
— Вынікае, што вы самі сабе дазволілі?
— Бадай што так.
— Вы так шмат ведаеце? He жадаеце пачуць што-небудзь новае?
— Жадаю. Вашыя лекцыі я наведваю рэгулярна, — спакойна зманіў студэнт Ігнат Мазур.
Паўза.
— Гэта я яшчэ праверу, — відавочна памягчэў дэкан Парэцкі. — А з вас на экзамене спытаю напоўніцу. Дысцыпліна павінна быць адна для ўсіх, і парушаць яе я не дазволю. Вам зразумела?
— Так.
— Гэта адно. Па-другое, вы цяпер пойдзеце да майго намесніка Пушко, і там з вамі будуць размаўляць зусім пра іншую справу. I калі пацвердзіцца тое, пра што нам дакладвалі, то будзем ставіць пытанне сур’ёзна, усутыч да вашага выключэння. Там, за акном, — паказаў ён пальцам у шкло, — шмат усялякай работы. На любы густ. Цяпер ідзіце.
Другі намеснік дэкана Пушко быў не адзін. У крэсле збоку ад яго стала сядзела стараста курса, камсамольская актывістка Ксенія Уразава. У руках яна трымала разгорнуты сшытак. Як толькі студэнт Ігнат Мазур увайшоў у кабінет, яна імкліва падхапілася з крэсла і выслізнула за дзверы.
Нейкі час намеснік Пушко і студэнт Мазур моўчкі разглядвалі адзін другога. На дробным тварыку намесніка дэкана блукала ледзь прыкметная ўсмешка, якая павінна была выяўляць ветлівасць і спагаду, але Ігнат Мазур не меў на гэты кшталт аніякіх ілюзій. Ухілістыя няшчырыя вочы намесніка дэкана бегалі пад вузкім, збягаючым назад лобікам, над якім ваяўніча тырчэла грыўка густых сівых валасоў.
— А-а, вось і Мазур з’явіўся, — радасна сказаў ён і пацёр адна аб адну нечакана рукастыя далоні. — Я ж не памыліўся, так ці не?
Паўза.
— Дык вы прысядзьце, — з той жа робленай прыязнасцю дадаў ён у адказ на маўчанне студэнта.
— Мне дэкан загадаў, дык я і зайшоў, — адказаў урэшце Ігнат Мазур і сеў у крэсла, дзе раней сядзела Уразава. Яно яшчэ захоўвала цяпло. “Пэўна, доўга сядзела”, — прамільгнула ў галаве ў студэнта Мазура.
— Вы, здаецца, перавяліся да нас з філфака? — пачаў здалёк намеснік Пушко, ён жа “Кум”.
— Так, мне дазволілі.
— Скажыце, а вы ведалі такіх студэнтаў філфака: Хількевіча, Гаранава, Яроша? Сепаратыстаў, якія за незалежнасць ад Расіі выступілі? Яны нават свой будучы ўрад сфарміравалі. Нацыянальны, ха-ха.
— Гэта ў якім сэнсе: ведаў?
— Вы сябравалі, былі проста знаёмыя?
— Яны вучыліся курсам вышэй. Вядома, я чуў пра іх.
Намеснік дэкана Пушко раптам сагнаў з твару лагодную ўсмешку.
— Хто і дзе вам даў на прачытку вайсковыя мемуары Францішака Кушаля? — нечакана спытаў ён.
Паўза.
— Ніхто нават не прапаноўваў.
— Так-так. А прамову Вацлава Іваноўскага з акупацыйнай “Беларускай газэты”? А кнігу — дакументальны нарыс Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”?
Студэнт Ігнат Мазур паціснуў плячыма. Халадок прабег у яго па спіне. “Небяспека, — падумаў ён. — Дык вось, аказваецца, што яму інкрымінуюць. Гэты Пушко можа ўкусіць вельмі балюча. Але — адкуль? Чаму? Хто?”
— He бачыў аніякіх прамоваў.
— Нам вядома іншае. Мінулым летам вы падрадзіліся працаваць у сябе ў родным сваім горадзе на рамонце былой уніяцкай царквы, памяшканне якой цяпер перадалі расейскім стараверам. Было такое?
— Было. I што?
— Знутры сцены былі паклеены акупацыйнымі газетамі, а зверху шпалерамі. Клей быў з жытняй мукі. Шпа-
леры лёгка адставалі, а газеты вы, якія здолелі, пааддзіралі і знеслі. Так ці не?
— Вядома, не. Паклёпнікаў багата.
— Так-так. Цяпер скажыце, як вы апынуліся тыдзень таму ў спецсховішчы Ленінскай бібліятэкі?
— Пісаў пакрысе дыпломную работу. Мяне дапусцілі прагледзець дарэвалюцыйны расійскі “Наш современннк”. Па маёй тэме. 3-за чаго такі пажар?
— Нам вядома іншае. Разам з тым часопісам у вас на руках аказаліся мемуары камандзіра Беларускай самапомачы Францішка Кушаля — мужа здрадніцы Наталлі Арсенневай, а таксама рускамоўны двухтомнік фашыстоўскага ідэолага Фрыдрыха Ніцшэ выдання адна тысяча дзевяцьсот дванаццатага года. Хто вам гэта выдаў на рукі? Скажаце праўду — пойдзе вам на карысць. He скажаце — паставім пытанне рубам. Якое — самі ведаеце.
Паўза.
— Зараз успомню, — сказаў студэнт Ігнат Мазур. — Дайце падумаць.
— Думайце хутчэй.
Сітуацыя стваралася сапраўды небяспечная, ліхаманкава меркаваў Ігнат Мазур. “Беларуская газэта” з прамовай Вацлава Іваноўскага і не толькі, захоўвалася дома ў надзейным месцы, і доказаў яе існавання няма і быць не можа. Адкуль ім вядома? Але... Што тычыцца спецсховішча, то адбылося наступнае: ён атрымаў пад распіску часопіс, сеў за стол і пачаў рабіць з яго выпіскі па тэме. Разам з ім, акрамя сябрука — студэнта Уладлена Анціпава, побач нікога не было. Той таксама замовіў нешта па сваёй тэме. Праз нейкі час бібліятэкарка, жанчына сталага веку, кудысьці сышла, потым вярнулася, а потым зноў сышла. Цікаўны да кніг, ён зайшоў за бар’ер, і ў яго разбегліся вочы: чаго там толькі не было... I ўсё забароненае. He ўтрымаўся — узяў, што ляжала бліжэй на паліцы: Кушаля і Ніцшэ. Паклаў сабе на стол і сышоў апошнім, пакуль не толькі большую частку прачытаў, а і запісаў тое-сёе ў нататнік.
Назаўтра паўтарыў свой манеўр. Дачытаў ужо да канца. Была спакуса знесці нешта з сабой, але ўтрымаўся. Красці ніколі не мог. А каб знёс, то ўжо завялі б справу, бо ў інтэрнаце пакуль студэнты былі на занятках, ведаў — часта рабілі праверкі і сапраўдныя шмоны. 3 тым самым намеснікам Пушко, які цяпер дапытваў яго, нібы ўвязненага. “Анціпаў, — упэўнена ўспомніў ён, — той адзін бачыў, і толькі таму ён неяк за бутэлькай віна ляпнуў пра газеты з царквы. Вось дзе горача...”
— Скажу, як было. Ніхто мне кніг не выдаваў. Як бібліятэкарка выйшла, можа і па патрэбе, я з паліцы Ніцшэ двухтомнічак — невялікі такі, выдання нейкага Сойкіна з Пецярбурга — узяў з цікаўнасці. Вінаваты. Ну, і пачытаў. Ды там нічога такога — адны вульгарызмы.
— Вульгарызмы? — здзівіўся намеснік дэкана Пушко. — Як гэта?
— Ну, схадзіце самі, паглядзіце. Там на кожнай старонцы хімічным алоўкам нехта мацюкі панапісваў. Свае каментарыі, пэўна. Мяркую, рэвалюцыйныя рабочыя. Адчулі свайго класавага ворага — і пакрэмзалі.
— Так-так, — задуменна працягнуў намеснік дэкана Пушко.
— А газеты з царквы?
— He было аніякіх газет. Паклёп.
Паўза.
— Вы, як я мяркую, не такі просты, як сябе выстаўляеце, — сказаў ужо нават незадаволена намеснік дэкана. — Але ж будзем разбірацца. I калі што — пра наступствы вы ўжо, пэўна, ведаеце. Абстаноўка якая цяпер у свеце? Ворагі падымаюць галовы. To ў Вугоршчыне, то ў Польшчы, то цяпер у Чэхаславакіі.
— Дык я магу ісці? — спытаў Ігнат Мазур.
— He. Вось вам папера, вось асадка. Пішыце тлумачальную.
* * *
У інтэрнаце праводзілі чарговую дэзынсекцыю, і студэнт Ігнат стаў часцей бываць на занятках.
Мінуў нейкі час, але пасля непрыемнай размовы з намеснікам дэкана Пушко аніякіх наступстваў у адносінах да яго не адбылося. Хіба што дэкан Парэцкі на лекцыі падняў аднойчы з месца, спытаў быццам неістотнае — пра канспект, а ў канцы кінуў загадкава: “He Ніцшэ варта чытаць, а Пляханава”, і ён зразумеў, што пагроза мінавала, дый “Кум” больш не падыходзіў і не выклікаў яго на гутарку. Заставалася падвесці вынік: у дэканаце яго “справу” прыглушылі, і верагодна тут не абышлося без дэкана Парэцкага — той не любіў капацца ў падобных дробязях, а па-другое, — меркаваў Ігнат Мазур, — не перашкодзіла б вырашыць адносіны з Уладленам Анціпавым, бо менавіта ён сядзеў з ім тады ў спецсховішчы бібліятэкі за адным сталом і ўсё бачыў. I менавіта таму аднаму было вядома пра “Беларускую газэту” і Кушаля.
Студэнт Ігнат Мазур пачаў пралічваць варыянты. Начысціць ужо цяпер пысу пацуку Анціпаву? Давядзецца, але не сёння. Варта выбраць зручны момант, інакш той падыме гвалт і пабяжыць да намесніка дэкана Пушко. “Кум” , адпаведна, адразу заступіцца за свайго інфарматара. Навошта самому Анціпаву быў гэты гнюсны пасаж? Нават дзіўна. Чаго ён ім дабіваўся і якіх такіх прывілеяў дасягнуў? А сам? — падумалася пра сябе Ігнату Мазуру, — хіба нельга было трымаць рот на замку? Бо сведчыць жа старая ісціна: стукачом у абсалютнай большасці выпадкаў аказваецца той, на якога ніколі і ні ў якім разе нельга гэтага падумаць і ўявіць.
* * *
Адносна цёплае надвор’е нечакана перапыніў паўночна-ўсходні вецер, “маскаль”, як яго называлі, і прынёс зацяжныя халодныя дажджы.
У інтэрнаце таксама пахаладала, ноччу на коўдру даводзілася зверху накідваць балоневы плашч, каб захоўваць
цеплыню. Затое ажывіліся клапы і дробныя шэрыя мышы. Адна такая раніцай залезла студэнту Мазуру пад коўдру, і давялося выкінуць нахабную жывёліну ледзь не з-пад бока.
Была і яшчэ адна прычына, па якой студэнта Мазура пакінулі ў спакоі.
Якраз у адзін з такіх халодных дзён у сябе ў аднапакаёвай кватэры засіліўся аднакурснік Язэп Гарай. Апошнія месяцы ён амаль не паказваўся ў аўдыторыі, прапускаў заняткі, не здаваў залікі і ў выніку не быў дапушчаны да іспытаў. Казалі, што перадусім у яго адбылася сутычка з выкладчыцай гісторыі журналістыкі Алёнай Сініцынай. Ігнат Мазур на той лекцыі не прысутнічаў. Пачалося з-за нейкай дробязі: Язэп Гарай сядзеў на яе лекцыі, як звычайна, за першым сталом і быў неспакойны і ўзрушаны, шамацеў балоневым плашчом, які не здаў у гардэроб, і ў дадатак звыкла выцягнуў з сакваяжа бутэрброд і пачаў есці. “Зараз жа пакіныде аўдыторыю”, — загадала яму выкладчыца Алёна Сініцына — даволі прыемная, мілавідная, інтэлектуальная, але з рашучым характарам жанчына. “Даем і пайду”, — адказаў на тое Язэп Гарай. “Ну, тады я сыду раней”, — сказала выкладчыца і пайшла з аўдыторыі. Яна не прыняла ў Язэпа Гарая заліку і, адпаведна, не дапусціла да экзамену.