• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    * * *
    Між тым наблізіліся вакацыі. Іх студэнт Ігнат Мазур па-ранейшаму заўсёды выкарыстоўваў як час, калі можна было зарабіць якія грошы. Студэнцкіх працоўных атрадаў ён не любіў. Кіравалі імі камсамольскія актывісты. Самі яны пазбягалі фізічнай працы, затое ахвотна праводзілі ўсялякія сходы, палітінфармацыі і свае таемныя пагулянкі, бо энергіі ў іх заставалася шмат. Аднойчы, паспытаўшы такога вопыту на будаўніцтвах у Карэліі, ён зразумеў: удасканальванне паразітаў ідзе паўсюдна, якімі б учынкамі і ідэямі яны не прыкрываліся. Далёка назіраць было не трэба. Адзін з іх прачынаўся ў інтэрнацкім пакоі па будзільніку а шостай гадзіне, апранаў “трэнік” і сачыў у акно: дэкан Парэцкі меў звычку бегаць раніцай на возера, дзе акунаўся ў ваду, плаваў, а потым рабіў зарадку. Як толькі Парэцкі прабягаў (а бегаў ён трушком і заўсёды ў адзін час), спрытны камсамольскі актывіст бег следам і купаўся побач, — вядома, сэрца старога змягчылася настолькі, што шлях таму ў аспірантуру быў адкрыты.
    На гэты раз студэнт Ігнат Мазур жадаў толькі аднаго: каб хутчэй вярнуцца ў сталіцу. Але і заняткі, і практыка, і іспыты яго мала цікавілі — нават размеркаванне, якое ўсіх хвалявала. Зноў і хутчэй пабачыць Святлану Конкіну — з гэтым ён уставаў раніцай і клаўся спаць вечарам.
    На адным з невялікіх прамысловых заводзікаў па вытворчасці бытавой тэхнікі яго ўзялі на кароткачасовую працу грузчыкам-экспедытарам. Удваіх з кіроўцам — рахманым дзядзькам сталага веку — яны з тыдзень ездзілі па гарадах і пасёлках рэспублікі. Заадно Ігнат Мазур навучыўся вадзіць цяжарнік: па свабоднай ад машын трасе сядаў за руль — дзядзька ахвотна давяраў яму на кароткі час, нібы інструктар, тлумачыў правілы і тэхнічныя тонкасці ў рабоце матора.
    Маці ўсяляк старалася яму дагадзіць. Ужо ўся сівая, схудалая за апошні час, нешматслоўная — яна рыхтавала ежу, мыла яго кашулі і старанна іх прасавала.
    — I куды цябе размяркуюць? — асцярожна і быццам раўнадушна спытала яна неяк, але ён ведаў, што гэтае пытанне непакоіць яе, хоць яна таго і не паказвае.
    — Пакуль нявызначана, — адказаў ён.
    — Ты за мяне не хвалюйся, яшчэ і адна спраўляюся, — сказала яна, нібы прабачаючыся за нешта. — Паедзеш куды пашлюць, інакш нельга, сам ведаеш.
    I перавяла ўсё на жарт.
    — A то, можа, і “чоловік” які тут знойдзецца — дык выйду замуж.
    Але студэнт Ігнат Мазур ведаў, што ўсё гэта паказная бадзёрасць і штучны аптымізм, бо ў яе жыцці нічога вартага ўжо быць не можа. Дый якое жыццё было ў яе раней? Адна бачнасць. А цяпер? Работа, сон, зноў работа. Якая лішняя, а па сутнасці, ад сябе адарваная частка грошай — дык усё яму.
    Зайшоў Ігнат Мазур і ў рэдакцыю аб’яднанай газеты “Камуністычны шлях”, куды занёс пару кароткіх артыкулаў. Адзін — на экалагічную тэму, другі — на спартыўную. Артыкулы з недаверам круцілі, урэшце надрукавалі, але ганарар быў капеечны, а атмасфера ў рэдакцыі ўразіла яго амярцвеласцю. Большасць супрацоўнікаў не мела спецыяльнай адукацыі, а кіраваў газетай былы міліцыянт, які злаўчыўся скончыць нейкія парткурсы.
    Перад тым як выдаць студэнту часовае службовае пасведчанне, закідваў з нізкага лобіка нечакана густую грыву чорных, як у індуса, валасоў, недаверліва крывіўся шырокім вузкагубым ротам і раптам спытаў:
    — Ну, а скажы мне, што і як павінен пісаць савецкі журналіст?
    На што студэнт Ігнат Мазур усміхнуўся пра сябе і адказаў словамі, якія ўдзёўбліваліся ледзь не на кожнай лекцыі.
    — Праўду. Як вучыў правадыр пралетарыяту.
    — Правільна! — ажывіўся рэдактар і паставіў на аркушы пячатку.
    Адказны сакратар, аднарукі інвалід, калісьці настаўнічаў, збольшага ведаў, як ставіць канчаткі ў розных склонах і ціха ўсіх ненавідзеў. Сядзелі за падрапанымі сталамі яшчэ некалькі тыповых хітраватых паразітаў абоега полу, нешта крэмзалі — норма была сто пяцьдзясят радкоў у нумар. Тым не менш, амаль усе, нават пыхлівы да дурноты фотакарэспандэнт, былі сябрамі Саюза журналістаў СССР, насілі адпаведныя значкі залацістага колеру з выявай пяра і мелі пасведчанні, якімі вельмі ганарыліся.
    Таго, што ён зарабіў, было зусім мала, каб ехаць у сталіцу ўпэўненым у сабе. Таму, паапытаўшы дасведчаных людзей у мясцовым нумізматычным клубе, студэнт Ігнат Мазур выйшаў на заможнага калекцыянера, шасцідзесяцігадовага мясцовага армяніна, які купіў у яго адну з манет. Укормлены, дагледжаны, з пафарбаванымі ў чорны колер валасамі і штучнымі, ненатуральна белымі зубамі, армянін выглядаў даволі карыкатурна, але ў асяродку суседзяў і многіх гараджан лічыўся чалавекам, “які ўмее жыць”. Асноўным яго заняткам было распісванне помнікаў партрэтамі нябожчыкаў — так званымі “медальёнамі”.
    Манета — сярэбраны “OPT” Яна Казіміра часоў Рэчы Паспалітай — пацягнула прыкладна на паўгадовую зарплату інжынера — урэшце Ігнат Мазур ведаў, што яна каштуе ўдвая больш. Але таргавацца не выпадала. У яго яшчэ заставаўся таксама сярэбраны саксонскі талер, які ён меркаваў больш выгодна прадаць у сталіцы.
    Некалькі разоў за гэты час ён лавіў спадарожную і, звычайна, праз гадзіну ўжо быў у Менску. Студэнтка Святлана Конкіна сустракала яго з ціхай радасцю, якую раз-пораз імкнулася маскіраваць разняволенымі жартамі, але аднойчы ён выпадкова ўбачыў, як яна са шчаслівай, нейкай бездапаможнай усмешкай прыціснула да твару яго кашулю.
    Гаспадыня кватэры амаль не вылазіла з лецішча, часта заставалася там нанач, і ім было вольна і добра ўдваіх.
    Студэнт Ігнат Мазур зноў быў “пры грашах”, купіў сабе недарагі новы касцюм, дзяўчыне падарыў берэт і шалік. Аднойчы нават павячэраў з ёй у бліжэйшым рэстаране пры гасцініцы “Планета”.
    * * *
    На вайсковыя зборы трапілі не ўсе з аднакурснікаў Ігната Мазура, якія займаліся разам з ім на кафедры. У некаторых з іх раптам выявіліся хваробы, адпаведныя заключэнні медыкаў былі прадстаўлены, і яны засталіся хто ў сябе дома, а хто ў інтэрнаце. Студэнт Ваня Гужын таксама не з’явіўся ў войску, бо прынёс даведку, што ў яго звыклы вывіх пляча і здаўна пашкоджана плечавая сумка.
    Зборы праходзілі ў вайсковай часці ў летнім лагеры. Студэнтаў пераапранулі, размеркавалі па ротах і ўзводах: у журфакаўцаў была свая рота, у юрыстаў — свая, у філфакаўцаў і іншых — таксама свае. Камандзірамі рот, узводаў з’яўляліся кадравыя афіцэры.
    Мотастралковым узводам, дзе апынуўся Ігнат Мазур, камандаваў лейтэнант Андрэй Дзямідчык, былы рабочы трактарнага завода, які калісьці скончыў афіцэрскія курсы і падпісаў кантракт на тэрміновую службу. Даволі рахманы па характары, ён імкнуўся трымаць узвод у руках, але яго хутка раскусілі і, як маглі, пачалі гэтым карыстацца, хоць і асабліва падстаўляць маладога афіцэра не жадалі, ён быў амаль што сваім. Затое ротны, расеец маёр Угараў, адцягваўся на студэнтах з садысцкім імпэтам. Ён сноўдаў па лагеры і днём і ноччу, быццам не меў ні сям’і, ні якіх асабістых інтарэсаў ці захапленняў. Высахлы, са зморшчаным базбародым тварыкам, якія бываюць у ліліпутаў, запакаваны ў форму і заўсёды ў фуражцы, пэўна, з самай высокай у гэтай вайсковай часці туліяй, ён бясконца чапляўся не толькі да шараговых, а і да сяржантаў, старшынаў і камандзіраў узводаў.
    Жылі будучыя афіцэры ў вялікіх намётах па дзесяць-дванаццаць чалавек у кожным. Вучыліся страляць
    з усіх відаў зброі, вадзіць бронетранспарцёр, падрыўной справе. У сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі планаваліся вялікія манеўры, да якіх спакваля рыхтаваліся і курсанты вайсковых збораў. Пачынала ўжо па начах халадаць, і пад раніцу ў палатках сцягвалі на сябе ўсё, што маглі. На тэрыторыі лагера працавала харчовая крамка, і калі хто меў грошы, то заўсёды мог таемна набыць там бутэльку гарэлкі. Прадавачка, якую ўсе звалі Ніна, брала на рубель больш, але перад ёй усё роўна запабягалі, бо яна магла заўпарціцца і не прадаць. Начамі спаць асабліва не давалі, бо хадзілі на палігон, у дазор, неслі каравульную службу па ахове складоў.
    Ад штодзённага недасыпу ў многіх пачыналіся нервовыя збоі, пачасціліся сутычкі, асабліва ў сталовай — як не дзіўна, за лепшую пайку, бойкі пасля п’янак, некаторых парушальнікаў дысцыпліны ўжо скіроўвалі на гаўптвахту.
    3 самага пачатку збораў западозрылі ў педэрастыі студэнта філалагічнага факультэта, рускамоўнага пачынаючага паэта, шарагоўца з 3-й роты Кірылу Пянькоўскага. Кіруша, як яго называлі, сын дырэктара саўгаса, заўсёды быў пры грошах, купляў у Ніны нават каньяк, ліпнуў, нягледзячы на агульную пагарду, да таварышаў па службе, за што яго раз-пораз білі, праганялі вечарам з пляцоўкі для курэння, і, у дадатак, побач з ім ніхто не захацеў спаць. Пайшла нават пагалоска, што Кіруха ахвотна ахвяраваў літр каньяку за дазвол зрабіць аральны сэкс у найбліжэйшым ляску.
    Як выходзілі з лагера на заняткі альбо ў каравул ці ў начныя стрэльбы — у палатках завісалі і хутка знікалі імклівыя асабісцкія шмоны. Абшуквалі заплечнікі, сумкі, кішэні, вельмі цікавіліся запісамі ў нататніках. У фізматаўца Змітра Ярша знайшлі цэлы набор: некалькі заначаных запалаў для гранат, сігнальныя ракеты, толавую шашку, патроны для пісталета Макарава. Адразу завялі справу.
    Маленькага, нязграбнага, у акулярах — яго паставілі перад строем і зачыталі загад: адлічыць са збораў і адначасова ставіць пытанне аб адлічэнні з універсітэта.
    Якраз праз суткі пасля гэтых падзеяў узводу Дзямідчыка з другой роты, дзе служыў і шараговы Ігнат Мазур, выпала ісці ўноч у каравул. Каравулы ніхто не любіў, бо там увогуле не выпадала спаць. Дзве гадзіны з аўтаматам і ражком баявых патронаў варта было хадзіць па вузкай сцежцы: з аднаго боку — мур, з другога — калючы дрот, потым час адпачынку ў каравулцы і зноў на пост.
    Студэнт Ігнат Мазур, якога хвіліну як замянілі, прылёг на вузкі, абабіты дэрмацінам тапчан. Але нервовае ўзбуджэнне не давала заснуць. У ярка асветленым і цесным памяшканні хадзілі, нечым ляпалі; узводны, лейтэнант Дзямідчык, увесь час правяраў, ці здалі зброю, за адзіным сталом той-сёй гулялі ў шашкі і шахматы.
    У думках Ігнат Мазур зноў і зноў вяртаўся да самага балючага для яго пытання: як яму быць далей са Святланай Конкінай? Дзе яна цяпер? Пра што думае? Куды іх урэшце размяркуюць? Як быць з Аняй Балтас, з Юляй Мараковай? Хоць, што яму зараз да іх? Але яму ўсіх іх было шкада. “Бабу пашкадуеш — сам бабай станеш” — зноў успомнілася выказванне Гужына, ды што яму той хітры, хамаваты і недалёкі Гужын? На нейкае імгненне нянавісць зноў усплыла ў свядомасці: сюды б яго і — пад “калаш”. Вось бы забегаў, як таракан. Ігнат Мазур уявіў сабе гэты малюнак і аж падхапіўся з тапчана, сэрца яго адчувальна грукала ў скронях. Потым зноў лёг і прымусіў сябе змяніць кірунак думак. Да д’ябла Гужына.