• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    па мішэні стрэліць ды зноў да цывільных. А я і ў Вугоршчыне ў пяцьдзясят шостым паўдзельнічаў — там нашых шмат палягло. Цяпер во ў Чэхаславакіі нацыяналісты падымаюцца.
    — А нам што да таго? Няхай самі разбіраюцца, — не стрымаўся студэнт Ігнат Мазур.
    — Ты малады, не разу мееш. А мы не для таго паў-Еўропы захапілі і ў руках трымаем, каб цяпер фашыкі зноў галовы ўзнялі.
    — Паслухайце, — перавёў гутарку з небяспечнай тэмы Ігнат Мазур, — вы тут, я краем вуха пачуў, пра студэнтку з шэсцьдзесят шостага пакоя ўспомнілі, тую, што з “блэкамі” дзень народзінаў спраўляла. А як яе звалі? Яна і цяпер тут жыве?
    Паўза.
    Камендант Мікола Грук пакрывіў вусны ў незразумелай усмешцы.
    — Ты, Мазур, — так, здаецца, тваё прозвішча, — зашмат хочаш ведаць. А гэта не на дабро. Задумвацца пачнеш. Захварэеш. Дзяўчына тая нядаўна сышла на прыватную кватэру. Сама не з мясцовых. Ці то з Рыгі, ці то з Таліна. А ў цябе які ўвогуле інтарэс?
    — Ды ніякага.
    Студэнт Ігнат Мазур зманіў. Яго пасвядомасць падавала ўжо яўны сігнал небяспекі, які пагрозліва разрастаўся ў чорную, дэпрэсіўную і атрутную расліну.
    Ён пакінуў каменданта Міколу Грука, вярнуўся ў свой пакой, старанна апрануўся, рукі ў яго чамусьці пахаладзелі, і праз вахту выйшаў вонкі.
    * * *
    Гаспадыня кватэры, дзе здымала пакойчык студэнтка Святлана Конкіна, сустрэла яго даволі ветліва. Але ветлівасць была робленай — жанчыну выдавалі ветлівыя, цупкія вочкі.
    — Святланы пакуль няма, — сказала яна. — Можа, пачакаеце, дык я вам гарбаты налью.
    — He турбуйцеся, — адмовіўся Ігнат Мазур. — Я, можа, пасля зайду.
    — Ды хіба што ёй перадаць? — упарта цікавілася гаспадыня.
    — Дзякую. Нічога.
    Студэнт Ігнат Мазур выйшаў вонкі. У яго чамусьці з’явілася адчуванне, што гаспадыня нешта падазрае: магчыма, нават чула, як ён колькі дзён таму залазіў у кватэру праз акно.
    Лаўка ў падворку насупраць пад’езда была не занятая, і ён прысеў на яе і запаліў цыгарэту.
    У галаве яго было пуста, чыста і светла, толькі ў грудзях нарастала трывога і злёгку ванітавала ад тытуню. I ён пашкадаваў, што дасюль не набыў у краме бутэльку віна.
    Постаць дзяўчыны і яе дзіўнаватую хаду ён пазнаў здалёк. Як заўсёды, някідка апранутая — чорная спадніца, белая кашуля, вятроўка — дзяўчына, блізарука прыжмурыўшыся, ішла да свайго часовага жытла.
    Студэнт Ігнат Мазур падняўся з лаўкі, зрабіў некалькі крокаў ёй насустрач і паклікаў.
    Яна здзіўлена спынілася, а потым з радаснай усмешкай кінулася да яго, абняла.
    — Ігнат! Ты тут! Зборы хіба скончыліся?
    I паведаміла:
    — А мне свабодны дыплом выдалі. Дзе захачу — там і ўладкуюся.
    Але ўжо адчула штучнае напружанне паміж імі, спытала:
    — Што-небудзь здарылася, Ігнат? На зборах?
    — Нічога такога. Усё нармалёва.
    — Ну, не нам з табой у хованкі гуляць.
    — Давай прысядзем. Ёсць размова.
    Паўза.
    Студэнт Ігнат Мазур па новай запаліў, услухаўся ў роўны шум матораў, шолах шын, і зноў яго няўлоўна пацягнула на ваніты. Ён бы не хацеў гэтай размовы, але і хаваць у сябе тое, ад чаго пакутваў, не жадаў і не мог.
    — Хочаш? — спытаў па-дурному і працягнуў дзяўчыне пачак цыгарэтаў.
    — He палю на вуліцы. Я, быццам, не шлюха.
    — Паслухай, Света, ты гады два таму дзе жыла на час вучобы?
    — Што за пытанні? Ды кажы наўпрост, Ігнат!
    — У вуглавым шэсцьдзесят шостым пакоі — на трэцім паверсе?
    — Ну, пражывала. Што з таго? — у кутках яе натурыстага рота з’явілася знаёмая іранічная ўсмешка.
    — А ці не заходзіла да цябе на дзень нараджэння парачка рэвалюцыйных кубінскіх сяброў?
    — Вось яно што. Адкуль чуткі? У нас жа ўсё так добра. Навоша табе гэта?
    — Яны як зайшлі і так жа выйшлі? Ці нешта ў вас адбылося?
    — Ды ты раўнівец, Ігнат! Хіба я твая жонка? He? Можа, тады чыёй была? He? Дык я магла і зараз магу, урэшце, распараджацца сваім целам, як пажадаю?
    Скоса ён глядзеў на дзяўчыну і адчуваў хіба што жаданне схапіць і сціснуць яе так, каб закрычала ад болю.
    — Калі ты такая прасунутая і раскамплексаваная, то павінна ведаць пра тэлегонію, — сказаў раптам ён, бо нічога больш не было сказаць.
    — Гэта яшчэ што?
    — А ты вазьмі тлумачальны слоўнік і медыцынскую энцыклапедыю, урэшце, і даведайся. Лепш запомніш.
    — Ды пайшоў ты са сваёй тэлегоніяй. Што ты яшчэ мне прад’явіш?
    — А з Ванечкам Гужыным — камсамольскім правадыром у цябе таксама нешта было? — студэнт Ігнат Мазур раптам успомніў Іосіфа Зялёнку, яго жарты ў Аляксан-
    драўскім скверы, і сутаргава заглынуў паветра. Цягнула на ваніты.
    — Можа, ты яшчэ спытаеш, што ў мяне з маім так званым бацькам было? Ты ж не ў тэме.
    — Чаму “так званым”?
    — Я ж табе зараз больш скажу. Ён жа мяне ўдачарыў. Айчым. А ў мае чатырнаццаць — згвалтаваў.
    Паўза.
    — А сама ты гэтага не захацела? — несла Ігната Мазура.
    — Калі па-сапраўднаму, то саўдзел дапускаўся. Так, так, можаш мяне судзіць. Я падлеткам была, а значыць, падсвядома сапернічала з маці за мужчыну. Я нічога зараз ад цябе не хаваю. Але гэта не паўтарылася. Ён задорваў мяне падарункамі, лісьлівіў, пазабягаў. I цяпер паддобрываецца. Тут-та я яго і ўзненавідзела. Маці пачала падазраваць і, сам разумееш, замест нейкай сям’і, няхай сабе і падабенства на яе, настала маленькае пекла. Я таму і з’ехала ад іх падалей.
    — Лепш бы я цябе не сустракаў, Света, — вырвалася раптам у яго.
    — Можа, і так, Ігнат. Успомні, што я табе раней казала: не так і складана зрабіць крок насустрач якому-небудзь забяспечанаму “папіку”. I такіх хапае. Пайсці за яго. А табе яшчэ не позна з Мараковай зрохкацца. Гэта яна табе пра “блэкаў” нашаптала?
    — He, не яна. Пачуў выпадкова.
    — Каб ты ведаў, нічога такога тады і не было. Эпатаж, піжонства бабскае, мне сорамна пра гэта ўспамінаць. Выгнала я іх — вось і ўсё. Дзеці рабоў. А тут расперазаліся. Пейзанкам з правінцыі яно, можа, і ў тэму. Паедуць тыя блядзюшкі па размеркаванні зноў у свае гарадкі і вёскі настаўнічаць — няхай там і цешацца ўспамінамі. Ну, а па мне дык зашмат гонару. Ну, хіба ў цябе не было выпадкаў, пра якія сорамна ўспамінаць?
    Студэнтка Святлана Конкіна спынілася, адкінула з ілба пасмачку валасоў, папрасіла:
    — Дай пару разоў зацягнуцца. Ды не прыпальвай цэлую. Мы ж з табой і так, як родныя.
    — Мне праз дзень трэба вяртацца ў вайсковую часць, — сказаў Ігнат Мазур. — Я і прыехаў сюды толькі, каб цябе пабачыць.
    Паўза.
    — Ну, вось і пабачыліся. А я зараз разлічваюся з гаспадыняй, пакуюся і — заўтра з’язджаю.
    — Куды?
    — У Талін, вядома. Уладкуюся на працу. Магчыма, кватэру здыму. I ўсё такое. Цябе, дарэчы, па размеркаванню далёка вызначылі?
    — На выбар. У адзін з абласных цэнтраў. Але гэта пасля збораў.
    — Урэшце, цяпер гэта твае праблемы.
    — Ну, не можаш жа ты ўзяць вось так і — з’ехаць, — зноў вырвалася ў Ігната Мазура.
    Святлана Конкіна зацягнулася ў апошні раз.
    — Вельмі проста. Як гэты недапалак.
    I выкінула ў сметніцу.
    — Хоць мне ні з кім так добра не было, як з табой, Ігнат. Пэўна, сапраўды ў нас вірусы аднолькавага штама.
    Студэнт Ігнат Мазур праглынуў камяк у горле, адчуў, як зноў халадзеюць рукі. Сказаў:
    — Застанься. Адслужу гэтыя два тыдні, і ўсё вырашым.
    — Ты бедны студэнт. I я не з багатых. I ты — раўнівец. Так і будзем існаваць утраёх? У сэнсе — ты, я і тэлегонія?
    Паўза.
    Студэнт Ігнат Мазур абняў дзяўчыну, уткнуўся тварам у яе цёплую шыю, удыхнуў пах яе валасоў. Тая нейкі час сядзела моўчкі, а потым рашуча устала.
    — Давай так, Ігнат. Вырашым усё да раніцы. Я падумаю, і ты таксама. Сустрэнемся. Калі аднаго з нас не будзе, то... сам разумееш. I не варта тады лішніх слоў. А цяпер — бывай.
    — I ты бывай, Света.
    * * *
    Рэстаран быў запоўнены прыкладна напалавіну, але наведвальнікаў паступова прыбывала. Студэнт Ігнат Мазур замовіў гарэлкі і не вельмі багата з закускі — грошай значна паменела. Афіцыянтка прынесла гарэлку і напрыканцы падсадзіла яму за столік дваіх афіцэраў. Адзін з іх быў у званні маёра, другі капітан. Паводле акцэнту абодва былі расейцы. Ігнат Мазур выпіў адразу ледзь не шклянку, і мягкая хваля алкаголю ахінула падсвядомасць, адразу амаль незаўважна, быццам спала напружанне апошніх дзён, але думкі раз за разам вярталі яго да ўсяго таго самага надакучлівага пытання: што рабіць? Бо, меркаваў ён, жыццё нясе яму яўную паразу, і ён праваліўся ў ім, як правальваецца футбольны абаронца, які рызыкоўна пакінуў сваю зону і далей можа толькі тупа назіраць у адчаі, як на браму непазбежна насоўваецца небяспека.
    Афіцэры гаварылі мала, ён усвядоміў толькі, што пра Чэхаславакію. У абоіх былі праставатыя скуластыя твары з нездаровай скурай. Далей, з аднаго боку ад яго, за столікам сядзелі дзве пары маладзёнаў. Яны пілі віно і пэўна гаварылі нешта смешнае, бо часта хіхікалі. Затое з іншага боку ён са здзіўленнем пачуў замежную гаворку: праз столік трое немаладых мужчын з абветранымі загарэлымі тварамі пілі віно і нешта даволі ажыўлена абмяркоўвалі паміж сабой.
    Праз некалькі хвілін іх гаворку пачулі і афіцэры за яго сталом, азірнуліся некалькі разоў і адзін з іх, капітан, сказаў:
    — Чэхі.
    — Славакі, — паправіў яго маёр і дадаў: — Ты і там не мог разабрацца. Урэшце, без розніцы. Усіх іх давіць трэба.
    — Дальнабойшчыкі, — зноў выказаў здагадку капітан. — Возяць усялякае лайно па Еўропе. Вось і сюды іх занесла.
    Студэнт Ігнат Мазур моўчкі наліў сабе ў фужэр і зноў выпіў.
    — Дарэчы, — раптам звярнуўся да яго капітан, нахіліўся, пакорпаўся ў кішэні кіцеля і выцягнуў адтуль складзеную ўдвая шэра-блакітнага колеру банкноту.
    — Бачыш гэта? — спытаў ён.
    — I што?
    — Грошы. Дзесяць крон.
    Ён разгарнуў банкноту і пасунуў яе бліжэй да Ігната Мазура.
    — Вось адзін на ёй малюнак. Усё нармальна — праўда? Глядзі!
    — Грошы як грошы. Фальшывыя, ці як?
    — Э-э, не! Глядзі ўважліва, — капітан перавярнуў банкноту дагары і паднёс яе да вачэй студэнта Ігната Мазура. — Цяпер бачыш? Вось другі малюнак!
    — Нічога такога не бачу.
    Маёр пакінуў жаваць і раздражнёна перапыніў капітана. Ён выхапіў у таго банкноту і ўзвысіў голас.
    — 3 аднаго боку — нешта тыпу кветкі. Так? А з другога — твар, агорнуты полымем. Гарыць. Вось вочы, рот і ўсё такое. Вось яна — ідэалагічная правакацыя. Здагадваешся, што тут выяўлена, а дакладней — хто?
    — He даганяю, — сказаў студэнт Ігнат Мазур. Хоць здагадка ўжо цьмяна прамільгнула ў яго галаве.