Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
гала яму, — дык гэта некалькі глыткоў гарэлкі, а пляшка ад крамнічыхі Ніны была ім схаваная побач у лесе, і потым хоць гадзіна цяжкага сну — і ў тым сне не было ўжо нічога: ні надзеяў, ні жаданняў, ні ўспамінаў.
На кароткі момант увагу ротнага адцягнуў на сябе Міхась Байкоў, які на стрэльбішчы па сваёй звыклай бесталковасці павярнуў да таго зараджаны “калаш”, вядома, ненаўмысна, але гэтага хапіла, каб пачаць штодня даставаць чарговую ахвяру, а заадно і ўзводнага Андрэя Дзямідчыка. Пра выпадак з гранатай па-ранейшаму ніхто не ведаў, а глухаваты Міхась Байкоў, вядома, маўчаў.
Ён усё болей хінуўся да Ігната Мазура, стараўся дагадзіць таму ў дробязях, а неяк нават папрасіў парады, хоць сам быў старэйшы за таго на цэлы год.
— Я пасля вайны малы быў, — тлумачыў ён суразмоўцу, — тады хоць і не такі, як у трыццатыя, а усё роўна голад душыў. Бацькі галадалі, і мы, дзеці, таксама. Памятаю, гнілым дзікім грушам радаваліся. Па вёсках шмат жабракоў хадзіла. Хлеба прасілі, а дзе таго хлеба возьмеш? Хіба толькі актывісты, начальства, сельсаветчыкі — тыя ўсяго елі ўдосталь. Я да таго вяду, — працягваў Міхась Байкоў, — што таму такі і затарможаны, бо ў галечы рос. Гэта цяпер магу з вёскі і сала шматок прывезці. Ты ўжо не крыўдуй за гранату. Чорт ведае, што тады адбылося. Але ты, Ігнат, мне цяпер, вынікае, нібы старэйшы брат.
— Я і з бабамі такі затарможаны, — гаварыў далей Міхась Байкоў. — Там у мяне на вёсцы жанчына намалявалася, настаўніца малодшых класаў з нашай школкі, калісьці педвучылішча скончыла, яшчэ да сваёй вучобы я з ёй пачаў сустракацца, а цяпер яна мне і лісты дасылае, і прыязджала ў Менск, але дайшло, што даўно, да мяне, яна ад дзесяцікласніка, сына старшыні сельсавета, аборт зрабіла. Дык ніхто б пра гэта не ведаў, каб той ёлуп па п’янцы не баўтануў некаму. I пайшло. Цяпер па размеркаванні я, як мінімум, у раёнцы апынуся, дый месца там ужо для мяне знайшлося. Дык я хачу ў цябе, Ігнат, спытаць: што мне
рабіць? Вядома, яна хоча, каб я забраў яе ў наш гарадскі пасёлак, там разам і асталявацца. А мне — як з яе мінулым быць? На плячах усё жыццё насіць?”
Міхась Байкоў урэшце спыніўся і глядзеў на яго даверліва — чакаў адказу.
— Ты выкладчыка Пётру Мацкевіча памятаеш? — праз паўзу спытаў яго Ігнат Мазур.
— Анягож. Я яму, а не Гавіну, палітэканомію даздаваў. Дык ён па білеце і пытацца не стаў. Ты, кажа, да ўніверсітэта дзе працаваў? У калгасе, гавару. Ён мне адразу “выдатна” паставіў. Сказаў толькі, каб асабліва не хваліўся нікому.
— Дык вось, — падвынікаваў Ігнат Мазур, — ён мне днямі сустрэўся. I ці то сваё, ці то чужое працытаваў. Я запомніў.
— А што, цікава?
— А тое, што над жыццём няма суддзі.
Паўза.
— Дык як гэта разумець? — спытаў Міхась Байкоў.
— Як хочаш, — паціснуў той плячыма.
Усё часцей Ігнат Мазур упадаў у стан своеасаблівага нервовага збою, — не дапамагала ні бесперапыннае паленне цыгарэтаў, ні алкаголь, ні паслужлівасць Міхася Байкова, які то частаваў яго кавалкам сала, то прыносіў гарачай гарбаты з кухні. Туга з такой сілай навальвалася на яго, што раз-пораз хацелася аднаго — захапіць з сабой аўтамат, ражок з патронамі і схавацца ў лес, дзе проста ляжаць на якой палянцы пад познім, амаль восеньскім сонцам, да таго часу, пакуль не наступіць цемра, а потым заціснуць зубамі рулю і спусціць курок.
Ён даўно не мыўся пад душам, на кухню звычайна апраналі ў засаленую робу, ад якой смярдзела тухлай рыбай і памыямі, скура на спіне і нагах пакрылася дробнымі фурункуламі, анучы ў салдацкіх ношаных ботах не было дзе сушыць. Усё гэта, акрамя фізічных, несла і маральныя пакуты.
Кадравы афіцэр лейтэнант Андрэй Дзямідчык, рызыкуючы сваім службовым становішчам, урэшце аднойчы даў яму адпачыць: быццам забраў з сабой на выкананне нарада, а на самай справе кінуў яму шынель і паказаў тапчан у далёкай капцёрцы, і ён здолеў правесці некалькі гадзін у адзіноце: проста драмаць ці ляжаць у цішыні і не думаць ні пра што.
Але не думаць пра адно — тое, што найбольш непакоіла яго, — не выпадала. Урэшце ён прыйшоў да высновы: альбо дацерпіць да канца збораў і адразу паедзе ў Талін, альбо, калі гэта будзе немагчыма па якіх-небудзь прычынах — скончыць з усім у чарговым каравуле.
Толькі вось непакоіла думка пра тое, што нядобра будзе так сур’ёзна падстаўляць узводнага. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык чымсьці яму падабаўся, хоць, як ён са спагадай разумеў, той наўрад ці здолее неяк прасунуцца па службовай лесвіцы, бо на дабро адказвае тым самым, а гэта ў цяперашніх абставінах, лічы, загана.
Так прайшлі некалькі дзён. Пра сход роты, на якім было вырашана абмяркоўваць лёс Ігната Мазура, чамусьці пакуль не ўспаміналі. У вайсковых часцях спешна пачалі рыхтавацца да манеўраў пад кодавай назвай “Беразіна”. Наверсе, у штабе арміі, успомнілі і пра студэнтаў, якія праходзілі вучобу на вайсковых зборах, і загадалі таксама падключыць іх да тых манеўраў.
Аднойчы проста ў лес прывезлі паходную лазню: вагончык з парыльняй і душавую на колах. У лагеры ажывіліся, нарэзалі з бяроз венікаў і ўрэшце па чарзе — рота за ротай — усіх прапусцілі праз парыльню.
Вучэбныя заняткі большай часткай праводзілі на палігоне, раз-пораз і ноччу. Студэнт Ігнат Мазур выконваў усё механічна, нібы біяробат: страляў, хадзіў у нарад, спаў, калі выпадала. У сувязі з падзеямі ў Чэхаславакіі патрабаванні да ўсіх сталі больш жорсткімі. Са штаба арміі прыехала праверка, у сувязі з чым у лагеры зрабілі свае вучэнні, а пасля агляд.
Ночы, між тым, станавіліся халоднымі. У адну з такіх начэй паднялі па трывозе і іх роту, аб’явілі батальённыя манеўры, да чаго рыхтаваліся раней, але ніхто не мог меркаваць, што іх пачнуць ноччу і неспадзявана.
Некалькі гадзін кудысьці рухаліся, капалі акопы, нават траншэі, беглі, страляючы халастымі, за бэтээрамі. Зноў акопваліся. Ротны маёр Угараў шныраў з узвода ў звод, аддаваў незразумелыя загады, вынікі якіх раз-пораз аказваліся памылковымі, нерваваў усіх і асабліва паліў нервы ўзводнаму Андрэю Дзямідчыку. Той ківаў, a то маўчаў, сціскаючы сківіцы.
— У выпадку рэальнага бою ён жа адразу пакладзе ўсю роту, — ціха сказаў таму неяк Ігнат Мазур. — Пад “калаш” бы яго, падлу.
Узводны быццам прапусціў гэтую яго заўвагу міма вушэй.
Між тым ротны Угараў запатрабаваў ад узводных маляваць так званыя “картачкі агню”, але гэтага яму, пэўна, надалося замала, і ён разам з палітруком прыдумаў “паленпак” — паходны ленінскі пакой. Такім чынам цягалі на сабе ў скрыні ад патронаў бюсцік правадыра, партрэты членаў Палітбюро, статуты, нейкія брашуркі і вайсковыя газетныя артыкулы, якіх ніхто не чытаў. Усё гэта штодня разгортвалася ў намёце, калі рота стаяла на месцы.
На другую ноч зацерушыў дождж, а потым перайшоў у залеву. Яе неяк перачакалі, накрыўшыся кавалкамі брызенту і плашч-накідкамі, а потым паклаліся на якую гадзіну-дзве спаць. Паколькі акопы па загадзе маёра Угарава зноў выкапалі не зусім там, дзе было трэба, спалі абы-дзе і на чым, нацягаўшы пад сябе якога галля, моху ці яловых лапак.
На якую гадзіну праваліўся ў такі быццам сон, а на самай справе ў няўцямнае напаўтрызненне і Ігнат Мазур. Калі ж хутка ачуняў ад холаду, то заўважыў, што спінай ляжыць у лужынцы нацёклай дажджавой вады.
Вярнуліся ў лагер знясіленымі і раззлаванымі.
Ротны маёр Угараў зусім азвярэў: нават ноччу рабіў рэйды-праверкі, лазіў па намётах, вышукваў, ці не п’юць там гарэлку.
Урэшце ўсё гэта вылілася ў своеасаблівы парадыйны бунт. У курылцы была выбраная “Рада” — з кожнай роты па адным. Рэй вялі будучыя юрысты з першай роты. Старшынёй “Рады” абралі мажнага, стадваццацікілаграмовага Кастуся Жыбуля — той раней служыў у войску і цяпер насіў сяржанцкія пагоны. Ігнат Мазур, якога вылучылі ў “Раду” ад другой роты, быў з ім яшчэ з інтэрната ў сяброўскіх адносінах: Жыбуль цікавіўся літаратурай і нават збіраў калекцыю самапальных песняў зняволеных.
Па рашэнні так званай “Рады” ноччу, калі кадравыя афіцэры і службоўцы спалі, лагер ціха паднялі на ногі і ўсіх павыцягвалі з намётаў на пляц. Там пашыхтавалі ў трусах і ботах (іншай вопраткі не дазвалялася) і правялі свой агляд, асноўным відам якога былі спаборніцтвы па бегу на пяцьдзясят метраў: пераможцу давалі глынуць з паўлітроўкі і вяленую рыбіну. Загады парадыйна выкрыквалі па-нямецку.
Вядома, нехта данёс начальству. Разбуджаны і ўзлаваны палкоўнік Сухараў з нямым здзіўленнем назіраў за тым, што адбывалася на пляцы. На чале з ротнымі ён паспрабаваў было неяк уціхамірыць студэнтаў, але з цемры нехта выкрыкнуў яму ў адказ: “Пайшоў бы ты... генералісімус!” I начальнік збораў ад граху абачліва пакінуў пляц.
Назаўтра адразу пачаліся разборкі. Падключылі нават асабістаў. Урэшце прозвішчы і асобы завадатараў былі выяўлены, але што рабіць далей — не ведалі: пакараць было неабходна, але і лішняй пагалоскі начальству не хацелася, да таго ж, вось-вось павінны былі пачацца вялікія манеўры.
Маёр Угараў, тым не менш, адразу ўспомніў пра шарагоўца Ігната Мазура. Быў не марудзячы прызначаны час ротнага сходу, які запланавалі правесці праз два дні. He абмінулі і “радоўцаў” з іншых ротаў: іх таксама планавалі неяк пакараць праз свае сходы.
Раніцай наступнага дня зацерушыў дождж. Але нават пад намоклымі намётамі сядзець нікому не дазволілі. Крамнічыху Ніну праверылі, знайшлі ў яе скрыню таннай гарэлкі, і краму па загадзе палкоўніка Сухарава часова закрылі. 3 асабовым складам праводзілі пазапланавыя заняткі па страявой падрыхтоўцы.
Ад недасыпу студэнта Ігната Мазура часам хістала ў бакі, і ўзводны лейтэнант Дзямідчык зноў выручыў: папрасіў у ротнага Угарава дазволу ў якасці пакарання скіраваць таго скасіць на палігоне траву, на што маёр Угараў адразу з задавальненнем даў дазвол, а сам узводны пасля таго, як адышліся з пляца, пахмурна ўздыхнуў, пачакаў у роздуме і ўрэшце выцягнуў з кішэні і працягнуў таму ключ.
— Гэта ад майго пакойчыка ў нашым інтэрнаце для афіцэраў, — сказаў ён Ігнату Мазуру. Знойдзеш. Табе варта адпачыць: выспацца, пагаліцца ўрэшце і... усё такое. Бачу, што ты на мяжы. Гэта ўсё, што магу для цябе зрабіць. Я ад’едуся да заўтра ў вёску да сваіх бацькоў. Тут недалёка. Так што банкуй, студэнт.
Па-ранейшаму імжыла. Паўночны вецер павольна гнаў па небе сіне-шэрыя хмары. Чарада падужэлых маладых шпакоў вялізным чорным ценем прашамацела крыламі над яго галавой і знікла. Птушкі рыхтаваліся ў вырай.