Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Пашыраў асабістыя веды пра Швецыю.
* * *
...Суботнік працягваўся.
Працавалі цяпер, між тым, у маўчанні і з нейкай асаблівай робленай апантанасцю, ад таго яшчэ больш няшчырай. Вёў рэй Гнюс, які з лютасцю капаў рыдлёўкай адной рукой, дапамагаючы яшчэ і нагамі. Раз-пораз ён не забываў кідаць позіркам на іншых — сачыў, хто як працуе. Рэпарцёр Мартын Кайра заўважыў, што нават рэдактар Анопранка пацепваецца ад тых позіркаў. Ніхто ў гэтым гадзюшніку, вядома, не быў “дурдызелем”1 — меркаваў, часам адрываючыся ад сваіх асноўных думак, Мартын Кайра. Але ж такіх калектываў, як іхні, паўсюль шмат. Уся краіна — “дурдызель”, якім кіруюць зласлівыя, небяспечныя для іншых, малаадукаваныя ды абрыдлыя старцы са сваёй ідэяй пра камунізм.
Стоп.
He адхіляцца.
Тут не Швецыя.
1 Дурдызель (блатн.) — чалавек, які бясхітрасна і інтэнсіўна працуе.
3 рэпрадуктараў працягвалі спяваць. Рэпарцёр Мартын Кайра знайшоў у кішэні паперчыны, скамячыў іх і запхаў у вушы.
Нешта яшчэ выклікала ў яго цямяны непакой. Ён перабраў у галаве падзеі мінулых дзён і ўспомніў: увечары да яго павінна прыйсці Фаня Мельнік — жанчына, з якой ён сустракаўся ў апошні год. Фаня тэлефанавала яму на працу і дамовілася пра сустрэчу, бо, як паведаміла, хоча абмеркаваць з ім нешта важнае. Яна часта заставалася ў Мартына Кайры на суткі, а то і на двое, збольшага гатавала яму ежу, прыбірала ў кватэры. У жанчыны была постаць мадэлі і мілавідны тварык вучаніцы-старшакласніцы, што рызыкоўна спалучалася з яе пажадлівасцю і разняволенасцю ў ложку. Яна пабывала ўжо замужам, але хутка развялася з нейкім вайскоўцам — тлумачыла, быццам той п’яны меў звычку пагражаць ёй пісталетам, яшчэ нешта, але Мартын Кайра лічыў за лепшае не ўнікаць — усё роўна ад жанчын цяжка даведацца праўды.
Фаня Мельнік працавала намесніцай загадчыка прамтаварнай базы, куды яго аднойчы завёў усё той самы Вайтовіч. Завіталі яны туды па справах Вайтовіча ды каб набыць рэпарцёру Кайру дэфіцытную зімовую шапку (у яго да таго ж быў вялікі памер галавы) і яшчэ тое-сёе з вопраткі. Вайтовіч меў вялікія і паўсюдныя сувязі ў горадзе, а Кайра з нядаўняга часу быў яго пратэжэ.
* * *
Урэшце надышоў час абедзеннага перапынку. Гнюс неўзабаве спыніўся, бо яго хістала, пакінуў капаць, аддыхаўся і пашаптаўся з рэдактарам Анопранкам.
На суботніках традыцыйна выпівалі, звычайна пасля поўдня, а Гнюс у гэтым меў слабіну. Звесткі пра выкананы фронт работ між тым паўсюдна і адсюль ліхаманкава перадавалі ў гарвыканкам. Большасць з іх, вядома, з’яўляліся перабольшанымі. I на гэты раз рэдактар Анопранка і адказны сакратар Гнюс хуценька ўсё сваё падлічылі і на-
меснік Кухарэнка перадаў праз тэлефон дзяжурнаму. Пасля скінуліся па траяку, і шафёр Сліжак скіраваў у краму.
Намеснік рэдактара Кухарэнка — атлусцелы, з аплыўшымі, заўсёды насцярожанымі вочкамі — адразу скарыстаў вольную хвіліну і пачаў ліхіманкава перадаваць праз тэлефон пачутыя ад гарвыканкамаўскага дзяжурнага звесткі пра ход суботніка на абласное радыё. За кожную інфармацыю адтуль дасылалі поштай ганарар па два-тры рублі. У калектыве Кухарэнку ведалі як выключна сквапнага чалавека.
Выпівалі ў памяшканні рэдакцыі. Фатограф Смаркуноў расказаў два анекдоты пра ад’юльтэр. Істэрычная Рыжэвіч (яе прыслалі ў рэдакцыю па размеркаванні) пакрылася ружовымі плямамі, прычым вушы яе заставаліся, як і заўсёды, жоўтымі, нібы ў нябожчыцы. Яна смяялася больш за іншых і кідала загадкавыя позіркі ў бок Смаркунова. Астатнія жанчыны таксама пахіхікалі. Яны выпілі па другой чарцы, а больш адмовіліся. Гнюс на гэта адабральна заківаў галавой. Рэдактар Анопранка, які таксама не праходзіў побач з чаркай, ахвотна адпусціў тых жанчын дадому. Закусвалі тым-сім, што прыхапілі з сабой, ды яшчэ плаўленымі сыркамі, якія прынёс з крамы шафёр Сліжак. Апошні ўжо загнаў машыну ў гараж і піў нароўні з усімі.
Рэпарцёр Мартын Кайра вельмі шкадаваў, што дзень па сутнасці змарнаваны на нішто. Ён збіраўся паціху сысці, тым больш, што выпіваць ужо не было ахвоты, але канцоўка іх суботніка адбылася хутчэй, чым хто думаў.
Па завядзёнцы пасля выпітага звычайна пасылалі па дабаўку. Хадзіў у краму шафёр Сліжак, у якога па пасадзе, вядома, быў самы ніжэйшы статус. Ён і цяпер сабраў з усіх грошы, але затрымаўся ў дзвярах, бо адказны сакратар Гнюс, які яўна перабраў з дозай, нечакана пажадаў сказаць тост.
— Ад імя нашай к...г... хм-х-э-э... партарганізацыі, — гугнява пачаў ён, — прапаную... э-э... пачміць памяць
вялікага правадыра словам, а справай мы гэта ўжо зрабілі. I камуністы, і так бы мовіць, э-э... беспартыйныя.
— Ты хацеў сказаць — ушанаваць, — з усмешкай неабачліва запытаўся ў таго рэдактар Анопранка.
— Памчыць, — заўпарціўся Гнюс.
— Тады, можа, пачціць?
— Пачміць, — злосна стаў на сваім сакратар Гнюс, — я сказаў... э-э... пачміць, так... памчыць...
Тут сакратар парт’ячэйкі Гнюс прыціснуў руку да cappa і зрабіў нешта кшталту паклону, нахіліўся, але раптам страціў раўнавагу і снопам зваліўся на падлогу, гучна ляснуўшыся галавой.
Рэдактар Анопранка з загадчыкам аддзела партыйнага жыцця Ліпатавым кінуліся на дапамогу, паднялі сакратара парт’ячэйкі з бруднага лінолеуму і пасадзілі ў крэсла. Потым даручылі фатографу Смаркунову і шафёру Сліжаку адвесці таго дахаты.
Суботнік скончыўся.
Рэпарцёр Мартын Кайра рушыў у свой квартал.
* * *
Музыка яшчэ грымела з рэпрадуктараў. Шэрыя цені мінакоў узнікалі на ходніку і знікалі за спінай. Многія з іх былі на добрым падпітку. П’яная немаладая жанчына бамжаватага выгляду валялася на траве, беспаспяхова спрабуючы падняцца. Побач сядзеў яе “бой-фрэнд”, прыкладна такі самы на выгляд. “Туга”, — звыкла падумаў рэпарцёр Кайра. Уздоўж дарогі праз нейкую адлегласць на сценах былі падвешаныя фанерныя шчыты і расцяжкі з лозунгамі па-расейску. Рэпарцёр Мартын Кайра машынальна чытаў:
“Умножйм мыусйлйя в борьбе за йзобйлйе”.
Іншыя кшталту:
“Всё больше год от года товаров для народа”.
I яшчэ:
“Чем к целй шаг стремйтельней — тем труд пройзводйтельней”.
Неба над галавой, між тым, стала шэрым, зацерушыла імжа.
Мінаючы гарадскі стадыён, рэпарцёр Мартын Кайра сустрэў некалькі знаёмых спартсменаў і трэнераў. Ён калінікалі вёў і спартыўную старонку, і таму добра ўсіх ведаў. Яму сустрэліся старшыня гарадскога спартыўнага таварыства “Спартак” каржакаваты мацак Міхалевіч, гнуткі і ўвішны інструктар па фізкультуры мясакамбіната Бур’як, былы баксёр лёгкавагавік Салівончык ды смуглявы і зеленавокі трэнер па грэка-рымскай барацьбе Гачок. Усе яны былі на лёгкім падпітку і патлумачылі, што ідуць з суботніка, які праводзілі на гарадскім стадыёне, і што цяпер намераны наведаць рэстаран, каб ужо дзень не прападаў.
— Пайшлі разам з намі, — прапанаваў Мартыну Кайру Міхалевіч.
— Так, так, -— падтрымалі яго астатнія, — Вып’ем па чарцы, пасядзім, пагамонім.
Урэшце яго ласкава схапілі за рукі і павялі, угаворваючы. Рэпарцёр Мартын Кайра карыстаўся ў спартсменаў аўтарытэтам.
Ён згадзіўся.
Па дарозе, часам прыслухоўваючыся да гамонкі, Мартын Кайра даведаўся, што інструктар фізкультуры гарадскога мясакамбіната Бур’як здолеў перакінуць праз плот з прадпрыемства, дзе працаваў, некалькі палак сухой кілбасы, якую і прынёс з сабой на стадыён.
Кілбаса была ў вялікім дэфіцыце, камбінат працаваў на Маскву, у магазінах яе не прадавалі. Бур’як выпіў з сябрамі на пляцоўцы для гульні ў гарадкі, а цяпер яны ўсе ідуць у рэстаран, каб ужо “адцягнуцца” як належыць.
— Дайце зірнуць на кілбасу, — усміхнуўшыся, раптам папрасіў рэпарцёр Кайра. — Даўно не бачыў.
Сумку Бур’яка расшпілілі. Кілбаса сапраўды прысутнічала, толькі чамусьці мела пашкуматаны выгляд.
— Можа, яе сабакі падралі? — спытаў у сяброў рэпарцёр Мартын Кайра. — Пакуль пад плотам ляжала?
— Я і сам яе рэдка бачу, — давёў Бур’як. — Праўду кажу. Каб у цэх гатовай прадукцыі трапіць — трэба спецыяльны дазвол.
— Ды ты не парся, не было сабак, — сказаў былы баксёр Салівончык. — У нас у рэстарацыі знаёмыя афіцыянткі. I гарэлка з сабой не перашкодзіць, усё ёсць, і вось закусь цяпер таксама свая. Танней будзе. Мы частуем.
* * *
У рэстаране ўжо амаль не было свабодных столікаў, але афіцыянтка Марыйка, пасля таго як атрымала палку кілбасы на “бутэрброды”, знайшла месца і дазволіла піць сваю гарэлку. Ёй замовілі па салаце “аліўе” і адну бутэльку спіртнога.
Аркестранты яшчэ не пачыналі. Рэпарцёр Мартын Кайра “прабіў” залу і пашкадаваў, што прыйшоў сюды менавіта сёння. За суседнім столікам сядзелі некалькі знаёмых чыноўнікаў. Як ён здагадаўся па іх выглядзе, яны святкавалі нешта сваё. Хутчэй за ўсё, нечы дзень нараджэння, магчыма юбілей. Сярод іх рэпарцёр Мартын Кайра заўважыў і намесніка дырэктара гарадскога камбіната бытавога абслугоўвання Кісляка, у якога некалькі дзён таму браў інтэрв’ю. Кісляк нават сярод сваіх славіўся дурнотай і неверагоднай падазронасцю. Ён і цяпер, пазнаўшы за спінай рэпарцёра Кайру, пачаў нахіляцца і прыслухоўвацца, пра што гавораць: як кажуць, “грэць вушы”.
Далей у зале сядзелі за здвоеным сталом вайскоўцы, купка дробных гандляроў-каўказцаў з гарадскога рынка, асобна блатныя ды шмат маладых разняволеных жанчын.
Яшчэ далей, у самым куце, Мартын Кайра ўбачыў за столікам супрацоўніка занальнага ўпраўлення органаў бяспекі Шахрая, па мянушцы Берыя.
У горадзе многія яго ведалі: месца службы ён надта не хаваў, а мянушку атрымаў за тое, што часта наведваў цэнтральны рэстаран, дзе заўсёды сядзеў адзін за столікам, афіцыянткі нікога ніколі яму не падсажвалі, і калі-нікалі
выбіраў сабе маладую дзеўку. Астатняе яго жыццё было таямніцай: той-сёй ведаў толькі, што ён пайшоў на службу ў органы з пасады інструктара гаркама партыі, а раней скончыў тэхналагічны інстытут і нейкі час працаваў на заводзе.
Пакуль Марыйка прынесла салаты і спіртное, Міхалевіч з-пад стала наліў усім з бутэлькі “свайго” і нарэзаў кілбасы.
Усе разам выпілі, а неўзабаве налілі яшчэ.
— Як? Уставіла? — пацікавіўся ў Кайры інструктар Бур’як.
— Нармалёва.
Трэнер па грэка-рымскай барацьбе Гачок прапанаваў тост. 3 крывой усмешкай ён падняўся з крэсла і гучна сказаў так, што яго пачулі ў зале.
— Таварышы! Давайце ўсе разам вып’ем за правадыра пралетарыяту, нашага дарагога Ільіча, у якога, сёння, дарэчы, дзень нараджэння!