• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    даваў сабе пытанне — чаму я, выкладчык, няхай і былы, не цураюся вас, маладых, спачуваю вам, кантактую на мяжы рызыкі? Магчыма, тут усё проста: скажу табе, што баліць, не дае спаць — у мяне адзіны сын твайго ўзросту, Ігнат, загінуў ва Угоршчыне ў пяцьдзясят шостым годзе. А хто адкажа за гэта? Вугорцы, якія стаміліся быць рабамі? He. Адказваць павінны тыя, хто паслаў маладых, непадрыхтаваных пад гнеў зняволеных. Гэта чырвонапузыя крамлёўскія паразіты — яны і ёсць галоўныя злачынцы, яны... яны загубяць усю Атлантычную цывілізацыю... 1 рабы іх падтрымаюць — вось у чым бяда. Урэшце, мяркуй сам. Цяпер у Чэхаславакію палезлі... Тараканы.
    Былы выкладчык Пётра Мацкевіч выкінуў у сметніцу недапалак.
    — Меў рацыю філосаф, калі сказаў, што над жыццём няма суддзі. Такое яно было і будзе. I яно з усімі нашымі спадзяваннямі ўрэшце змятае ўсіх нас, як паўночны вецер саспелыя плады. Вось і ўся ісціна.
    — Пакуль дарэшты не змяце ўсіх?
    —-1 такое калі-неудзь адбудзецца. Можа, і нават хутка. Але жыць усё-такі варта. Тым больш табе — маладому. Радуйся, што не хворы, не інвалід, што дзяўчаты не цураюцца, што можаш бачыць, як зелянеюць дрэвы, цячэ вада, слухаць шолах лесу. I адчуваць на сабе што?
    — Энергію зоркі.
    — Так. Вось бачыш — і я нечаму навучыў. Ну, бывай, Ігнат. Дарэчы, як у цябе з грашыма?
    — Нармалёва. He прападу.
    Яны паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Чамусьці ў студэнта Ігната Мазура ўзнікла невыразнае пачуццё, што з былым выкладчыкам Пётрам Мацкевічам ён ужо больш ніколі не пабачыцца.
    Туга з новай сілай авалодала ім. Яму хацелася ўпасці на брудную зямлю, пакрытую кволай травой, і нейкі час ляжаць так нерухома. Толькі б сустрэцца са Святланай Конкінай хоць на гадзіну, паўгадзіны, пяць хвілін, каб
    высветліць усё канчаткова. А што высвятляць? Каб стаць вольным ад усяго, варта праз нешта пераступіць. Пераступіць? Раптам яму ўспомніўся крымінальны выпадак з маладым хлопцам, сынам уплывовага гарадскога чыноўніка, які забіў сваю таемную каханку — замужнюю саракагадовую жанчыну — і з таго, як ён патлумачыў у судзе, стаў свабодным. Цяпер гэты ўчынак быў ім разгаданы. Як ён, Ігнат Мазур, разумеў таго пакутніка! Ці здолеў бы ён зрабіць такое? He, падумаў ён. Толькі б зноў прыціснуць да сябе гэтую маленькую, зграбную постаць, удыхнуць пах яе цела, валасоў, адчуць пад языком яе натурысты рот. Насланнё. I ад яго не схавацца. А вось Гужына ён бы забіў. I тых “блэкаў”. Забіў бы, забіў, забіў. I яе айчыма. Яго асабліва.
    Дзяўчына, вядома ж, з’ехала. Ён жа не з’явіўся раніцай. Гэх, каб яна ведала!
    У Талін. Так, ён паедзе ў Талін. Толькі спачатку вернецца ў роту, а там чаму быць — таго не мінаваць. Усё роўна зборы хутка скончацца. Потым — на цягнік. He — лепш на лятак. I праз якія паўтары, дзве гадзіны ён апынецца ў Таліне. Грошы? У яго ёсць яшчэ адна заначка — бабулін пярсцёнак, які прыпасены на крайні выпадак. Каштоўная рэч — пацягне, як ён ведаў, дзесьці на месяцовую зарплату якога-небудзь функцыянера.
    Але, пакуль тое — у інтэрнат. Пазычыць у каго грошай на спадарожную. Да Бабруйска. Урэшце, у яго самога на руцэ неблагі гадзіннік, за які можна праехаць і тысячу кіламетраў.
    * * *
    У інтэрнацкім пакоі нікога не аказалася, але адзін з ложкаў быў рассцелены. Яго некалькі тыдняў таму заняў другакурснік, падселены да іх камендантам інтэрната Грукам. Хлопец то з’яўляўся, то знікаў — тлумачыў тым, што часта ездзіць да бацькоў, якія жывуць у пасёлку ў Менскім раёне, і куды ходзіць аўтобус.
    Студэнт Ігнат Мазур скінуў пінжак, чаравікі і паваліўся ў свой ложак. Стомленасць абрынулася на яго раптоўна, і ён заснуў, але праз якую гадзіну абудзіўся ў трывозе. Варта было тэрмінова збірацца і дабірацца на спадарожных да вайсковага лагера, але ён немаведама чаму працягваў ляжаць. Раптам адчай ахапіў яго.
    Ігнат Мазур зноў уявіў, як раніцай наступнага дня, калі пасля рэстарана ён ужо сядзеў у міліцэйскім пастарунку, Святлана Конкіна дарэмна чакала яго, і ён не з’явіўся, зноў успомніў пра іх дамову і аж застагнаў у роспачы.
    Думкі ліхаманкава варушыліся ў яго галаве. Плюнуць на зборы і паехаць зараз у Талін? А грошы? Пярсцёнак далёка адсюль, дома. I каб заняцца гэтым — трэба час. Прасцей усё-такі з’явіцца на зборы, як раіў яму выкладчык Пётра Мацкевіч, а потым і вырашыць усё астатняе.
    “Тэлефон, — раптам успомніў ён, — у гаспадыні, дзе кватаравала Святлана, ёсць хатні тэлефон, нумар якога ён добра памятаў. А раптам дзяўчына засталася тут па невядомай яму прычыне?”
    Студэнт Ігнат Мазур падхапіўся з ложка, таропка насунуў чаравікі і спусціўся да вахты.
    Слухаўку зняла гаспадыня.
    — Скажыце, ці дома Святлана? — спытаў ён і сцяўся ў чаканні.
    Паўза.
    — Святлана тут больш не жыве, — урэшце пачуў ён у адказ.
    — А яна не казала, куды з’ехала?
    — Яна нічога не казала, але да яе прыехалі бацькі — так яны прадставіліся — і сказалі, што яны вяртаюцца ў Талін. Быццам назаўсёды. Дарэчы, яна не хацела ехаць, усё кудысьці бегала. I гэта ўсё, што магу сказаць.
    У слухаўцы шчоўкнула, і сувязь перапынілася.
    Студэнт Ігнат Мазур зноў вярнуўся да сябе. Якраз прыйшоў чацвёрты жыхар іх пакоя, той самы другакурснік, якога падсялілі параўнальна нядаўна, — рахманы
    юнак з вёскі, маўклівы і непрыкметны з выгляду. Звалі яго Фёдар Піскун. Студэнт Ігнат Мазур раней наўмысна размаўляў з ім на роднай мове, пасля чаго той як мог яго пазбягаў. Але бачна было, што сам саромеўся расейскага вымаўлення і ад таго ціха пакутаваў.
    Урэшце, цяпер было не да моўнага пытання.
    — Паслухай, Фёдар, мяне днямі ніхто не шукаў? — пацікавіўся Ігнат Мазур.
    — Пыталася дзяўчына. Два дні таму.
    — Што за дзяўчына? Як выглядала? Яна назвала сябе?
    — Так. Высокая бландзінка. Прыгожая. Аняй зваць. Паўза.
    — А ты што ёй адказаў? — дапытваўся Ігнат Мазур.
    — Сказаў, што на зборах.
    — Тут такая справа, Фёдар, — мне зараз варта ў вайсковую часць. Але я... Ды доўга тлумачыць — вось швейцарскі трафейны гадзіннік, дзядзька калісьці з вайны прывёз. Я табе яго пакіну ў заклад, а ты мне на спадарожную рублёў пяць пазыч. Згода?
    — He трэба закладаў. Я і так пазычу. Грошы невялікія.
    Студэнт Піскун выцягнуў з кішэні партманет і адлічыў грошы.
    — Ну, Фёдар, быць табе дэканам, — вяла, але з цеплынёй пажартаваў Ігнат Мазур. — Бывай.
    * * *
    Узвод быў на палігоне. У капцёрцы Ігнат Мазур забраў у старшыны роты, — які не змаўкаючы бэсціў яго, — сваю форму і хутка пераапрануўся, і пасля роздуму пабег на палігон.
    — Але ж ты і трапіў! — толькі і сказаў яму наўздагон раззлаваны, што яго патурбавалі, старшына.
    Яго нечаканае з’яўленне аднакурснікі з узвода сустрэлі воклікамі — адны проста здзіўленымі, а іншыя даволі зласлівымі: з-за яго адсутнасці ўзвод няслаба паганялі на занятках.
    Узводны — лейтэнант Андрэй Дзямідчык — адвёў яго ў бок.
    — Што здарылася, Ігнат?
    —Забралі ў міліцыю. Адседзеў трое сутак.
    — Ты спазніўся на суткі. Ведаеш, што табе пагражае.
    — Ды гатовы я на любое пакаранне. Мне, таварыш лейтэнант, скажу шчыра — усё роўна. Як будзе — так і будзе.
    Узводны Андрэй Дзямідчык падумаў некалькі секунд.
    Урэшце — відаць па ўсім, рашэнне прыняў раней — сказаў:
    — Табе пакуль шанцуе. Ротнага Угарава часова адклікалі і яго няма ўжо трэці дзень. Цябе будзе прэсаваць нампаліт, падпалкоўнік Марчанка, а начальніку збораў, загадчыку кафедры палкоўніку Сухараву яшчэ не дакладвалі. Мяркую, разбярэмся самі, але будзь гатовы. Скажу яшчэ па сакрэце і паміж намі: Марчанку вось-вось у запас, на пенсію, і яму праблемы не патрэбныя. Павінішся як след, прыдумай што-небудзь, і, можа, усё і абыдзецца. Ну, а я табе, ужо прабач, — па максімуме.
    I ўзводны Дзямідчык аддаў каманду шыхтавацца, пасля чаго аб’явіў Ігнату Мазуру пазачарговыя нарады на кухню і ў каравул.
    Ноччу ў намёце адчувальна прыціскаў холад. Але нават у холадзе спаць Ігнату Мазуру не далі. Сяржант з суседняй роты падняў на ногі, каб ісці ў нарад на кухню. Неяк няўдала ён заснуў на гадзіну хіба толькі пад раніцу. Сон быў неглыбокі, не надаў сіл, прыснілася чамусьці выкладчыца Спіркіна, яна ж “Блакітны агеньчык”, якая пагражала не прыняць іспыт. А потым нібы пачала спакушаць яго: села на калені і прыціснулася губамі да яго шыі, стала цалаваць, але тут ён ачуняў, — Міхась Байкоў далікатна кранаў яго: “Пад’ём, Ігнат! На зарадку!”
    Бегчы з кіламетр, а потым па-ідыёцку махаць рукамі і прысядаць у яго не было ні сіл, ні аніякага жадання, і студэнт Ігнат Мазур застаўся ў намёце. Пасля сняданку ў сталоўцы, куды хадзілі строем усёй ротай, яму загадалі з’явіцца да падпалкоўніка Марчанкі.
    Нампаліт Марчанка — мажны, марудны ў рухах, акуратна пастрыжаны і паголены, сустрэў яго даволі абыякава, не ўшчуваў, не пагражаў і не выпытваў.
    — Збяром на днях камсамольскі сход роты, — сказаў ён, — няхай ён вырашыць, якія меры да вас прыняць. Вы ўсё-такі павінны разумець, што цяпер знаходзіцеся ў войску, а не ў сябе на факультэце, а тут галоўнае — дысцыпліна.
    * * *
    Праз суткі ў лагер вярнуўся маёр Угараў. Нешта, пэўна, не склалася ў яго ці то дома, ці яшчэ дзе — хадзіла нават чутка, што ён спрабаваў паступіць у вайсковую акадэмію, але, пэўна, гэтае дрэва яму зваліць было не па сіле, і ён з нейкім нездаровым імпэтам зноў прыняўся за службу. Ігната Мазура ён чамусьці асабліва неўзлюбіў, хоць і акрамя яго ён штодня знаходзіў сабе новых ахвяраў і чапляўся да іх з насякомай зласлівасцю. Студэнт Мазур раздражняў яго не толькі сваёй знешнасцю — тут выплывала спрадвечная нянавісць мангалоідаў да ліцвінскіх плямён — а і ўнутраным супрацівам, што выяўлялася ў позірку, усмешцы ў кутках губ, здзеклівым зацягнутым маўчанні.
    Яму ўжо данеслі, што мотастралок другой роты Ігнат Мазур адсутнічаў у часці больш за трое сутак, і можна было толькі здагадвацца пра тое, хто на гэты раз быў інфарматарам ротнага Угарава.
    Рашэнне падпалкоўніка Марчанкі правесці камсамольскі сход роты, на якім і вырашыць лёс Ігната Мазура, яму, Угараву, не падабалася сваёй неакрэсленасцю і мяккацеласцю, бо ліберальны вынік таго будучага сходу мажліва было прадказаць адразу. А вось гнабіць радавога нарадамі, дробнымі прычэпкамі — гэта якраз тое, што маёр Угараў удасканаліў за час службы да тонкасцяў. Справа паступова блізілася да арышту і гаўпвахты, але студэнт Ігнат Мазур нібы нічога не заўважаў. Адзінае, што дапама-