Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Студэнт Ігнат Мазур расціснуў далонь. Ключ з біркай — нумар пакойчыка, дзе часова пражываў узводны, — быў цяпер яму, як нейкі талісман, знакам дабра і ўдачы.
Ён рушыў далей, але ўжо праз некалькі крокаў яго пераняў пасыльны з кантрольна-прапускнога пункта, шараговец тэрміновай службы.
— Ты з другой роты? — спытаў ён.
— 3 другой.
— А Мазура ведаеш?
— Гэта быццам я, — сказаў Ігнат Мазур.
— А, ну дык да цябе дзяўчына прыехала. У адведкі, кажа. Ідзі, забірай.
Студэнт Ігнат Мазур спыніўся. Тое, што да іншых з іх прыязджалі сваякі, бацькі альбо дзяўчаты, не было дзіўным. Такое дазвалялася. Ён жа нікога не чакаў.
Але раптам успомніў пра ліст Ані Балтас і з палёгкай уздыхнуў: прыехала — ну, можа, гэта і добра.
Ён павярнуў на шляху. Ісці было недалёка. Шырокая ўтаптаная сцежка наўпрост вяла да КПП. Пасыльны жаўнер абагнаў яго і подбегам знік наперадзе.
Неўзабаве Ігнат Мазур убачыў знаёмую чырвона-зялёную браму, дзверы, і з гэтых дзвярэй насустрач яму ўжо бегла дзяўчына.
Ён спыніўся на міг, ашаломлены, а потым кінуўся насустрач.
Святлана Конкіна імкліва абняла яго за шыю, і ён прыўзняў яе, абхапіў дзяўчыну рукамі і ўткнуўся тварам у да болю знаёмую ўскудлачаную галаву, адчуў пах яе валасоў, парфумы, і пачуццё шчасця, магчыма, самага неспадзяванага і неверагоднага, ахапіла яго.
I толькі цяпер, у гэты момант, студэнт Ігнат Мазур нечакана для сябе раптам зразумеў, што ў яго жыцці магло і можа здарыцца ўсякае, але такога ўжо не адбудзецца і не паўторыцца ніколі.
Чэрвень 2014 г.
Аповесці
Песня пра Леніна
3 вечара на вулічных слупах прымацавалі рэпрадуктары, а раніцай рэпарцёра гарадской газеты Мартына Кайру разбудзіў хор тлустых жыццесцвярджальных галасоў. Спявалі па-расейску.
Сегодня мы не на параде, А к коммунйзму на путй...
Вёў сола ўпэўнены і жыццярадасны барытон.
...Суботнік.
Рэпарцёр Мартын Кайра скінуў з сябе рэшткі сну і звыкла адчуў, як свядомасць запаўняе знаёмае пачуццё гідлівасці, нібы проста ў твар яму падзьмуў задушлівы вецер з гарадской звалкі.
Між тым, варта было збірацца і рушыць да месца працы, гэта значыць у недабудаванае памяшканне рэдакцыі побач з гарадской друкарняй, дзе давядзецца нешта цягаць альбо капаць да поўдня. Рэпарцёр Мартын Кайра не цураўся працы, але не цярпеў крывадушнасці і хлусні — звыклага фону такіх і падобных калектыўных мерапрыемстваў. Перадусім адказны сакратар, ён жа парторг Брыцкі па мянушцы Гнюс, па звычцы каварна аб’явіў, што суботнік — справа добраахвотная: хто захоча — можа і не пры-
ходзіць, тым больш беспартыйныя. Але рэпарцёр Мартын Кайра ведаў, што Гнюс — чалавек выключна “гнілы” і адразу аб’явіць такі ўчынак, як ухіленне ад калектыўнага абавязку, ідэалагічнае і маральнае злачынства, і напоўніцу ім скарыстаецца, каб прынізіць адступніка. He лепшым быў і рэдактар Анопранка, яго намеснік Кухарэнка, загадчык аддзела партыйнага жыцця Ліпатаў, фатограф Смаркуноў, загадчыца аддзела пісем Рыжэвіч, шафёр і штатны стукач Сліжак дый амаль усе астатнія, што ў рабочы час атачалі маладога Кайру з раніцы да вечара. “Лепш бы іх ніколі не бачыць”, — падумаў ён цяпер.
Рэпарцёру Мартыну Кайру было дваццаць восем гадоў. Высокі, пад сто дзевяноста, атлетычнага целаскладу (наведваў спартзалу), маўклівы і амаль заўсёды недаверлівы (жыццё навучыла) да людзей — ён, сын палітзняволенага, з цяжкасцю трапіў нават у гэтую, забытую Богам “раёнку” пасля таго, як скончыў універсітэт.
Бацька, былы палітзэк, загінуў у Карлагу, а маці з год таму раптоўна памерла ад лейкіміі, пакінуўшы яму ў спадчыну аднапакаёвую кватэру, адзінае на цяперашні час яго багацце.
Рэпарцёр Мартын Кайра меў таемную ад усіх мэту. Збегчы на Захад.
Зрабіць гэта, як ён ведаў, між тым, было неверагодна складана. Пасля шматбаковай “абкаткі” тэмы ён спыніўся на адзіным рэальным варыянце — турысцкай пуцёўцы ў якую з капіталістычных краінаў.
У любую.
Найбліжэйшыя — гэта Фінляндыя і Швецыя. Але з фінамі існуе пагадненне аб экстрадыцыі ўцекачоў. Хаця...
Але набыць яе, пуцёўку, — з’яўлялася найвялікшай праблемай. Жыццё, між тым, імкліва працякала, як пясок між растапыраных пальцаў. А рэпарцёр Мартын Кайра лічыў сябе вартым нечага большага, чым ідэалагічнае абслугоўванне мясцовых мафіёзных калгасанаў. Да таго ж ён не хацеў дубляваць лёс бацькі. I хоць ведаў і разумеў,
што не ўсё за мяжой намазана мёдам і “чалавек” паўсюль гучыць далёка не “гордо”, — але ж штодня існаваць тут пад ганебным наглядам, як жывёла... He.
Ён сабраўся, апрануўся прасцей, наспех праглынуў нешта з лядоўніка (у крамах даўно не было ні каўбас, ні мяса, ні якіх іншых вартых прадуктаў) і паехаў на месца працы.
* * *
Усе ўжо сабраліся і нават працавалі, хоць аб’яўлены часу збору яшчэ не настаў. Той-сёй адзін перад другім няшчыра выказваў узнёслы імпэт, што, на думку рэпарцёра Кайры, было здзекам над сабой.
“He талака. Далёка не яна”.
Адказны сакратар Гнюс сустрэў яго зласлівым позіркам заўсёды налітых крывёю вочак. Рэпарцёр Мартын Кайра не сумняваўся, што ў душы (калі ў яго такая была) ён яго даўно ненавідзеў...
— Са святам, таварыш! — злавесна сказаў яму цяпер Гнюс.
— Рыдлёўку яму, малады, здаровы, — адразу загадаў рэдактар Анопранка і звярнуюся да адказнага сакратара: — Віктар! Аддай яму рыдлёўку!
Але Гнюс заўпарціўся. Гэта быў яго дзень.
— Няхай са Смаркуновым бяру ць насілкі. А я спраўлюся, — з прыхаванай нянавісцю аспрэчыў ён.
3 нагоды інваліднасці — а Гнюсу ў падлеткавым узросце адарвала кісць правай рукі (кідаў у вогнішча знойдзены ў полі снарад) — ён дэманстратыўна рабіў усё адной левай рукой і пры любым выпадку падкрэсліваў сваю самаахвярнасць і адданасць працы.
“Зноў педалюе на драматычнасць, — падумаў рэпарцёр Мартын Кайра, — вядома, каб выклікаць спачуванне і хоць такім дзіўным спосабам паўшчуваць іншых. Акцёрышка, юда”.
Усе ведалі, што Гнюс па малалецтве не мог ваяваць ці ўдзельніцчаць у якім іншым супраціве, але ён сам так
укараніўся ў думцы, быццам з’яўляецца ветэранам вайны, што пераконваў часам і іншых.
— Раздавім фашысцкую гадзіну! — загадкава сказаў ён цяпер і з асцервяненнем усадзіў лязо рыдлёўкі ў зямлю.
...Суботнік пачаўся.
Насілі са Смаркуновым.
Фатограф Смаркуноў належаў да той шматлікай разнавіднасці паразітаў, якіх можна сустрэць паўсюдна. He маючы аніякай адукацыі, ён здолеў стаць чальцом саюза журналістаў, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у гарадскіх паненак, якіх часта здымаў на фота, ведаў шмат анекдотаў і таму яшчэ лічыўся дасціпным інтэлектуалам.
Сябрукаваў ён выключна з загадчыкам аддзела партыйнага жыцця Ліпатавым, які раней скончыў партыйную школу і, як пэўна абачліва пралічыў Смаркуноў, з часам павінен быў заняць пасаду рэдактара. Анопранка быў ужо сталага веку і неўзабаве мусіў выйсці на пенсію. Абодва сябрукі часта па-змоўніцку шапталіся па завуголлях і ў кабінетах, схіліўшыся адзін да аднаго невялікімі галоўкамі: рыжай і дробнакучаравай, як у кафра, у Смаркунова і чорнай нямыта-сальнай у Ліпатава. Рэпарцёр Мартын Кайра нават падазраваў іх у гомасэксуальнай сувязі.
Цягаючы з ім цяпер нейкі будаўнічы хлам і скідваючы ў іржавы кантэйнер, рэпарцёр Кайра думаў пра сваё. Днямі загадчык арганізацыйнага аддзела гарвыканкама Вайтовіч паабяцаў яму пасадзейнічаць у тым, каб набыць турысцкую пуцёўку ў Швецыю.
Мясяцы тры таму рэпарцёр Мартын Кайра, які выпадкова ў той час апынуўся на вуліцы паблізу, адбіў таго ўвечары ад маладых абарзелых гопнікаў — тыя, пэўна, вырашылі ўзяць на “гоп-стоп” прыстойна апранутага чыноўніка з “дыпламатам” у руцэ. Гопнікі, а іх было трое, выскачылі з прытармазіўшых “жыгулёў” — так званай “капейкі” і моўчкі, без тлумачэння накінуліся на адзінокага ў гэты час мінака. На Вайтовічу была багатая норкавая шапка, імпартовая дублёнка, а ў “дыпламаце”, як ён
пазней паведаміў рэпарцёру Кайру, ляжалі грошы і падарунак, які нёс палюбоўніцы (Вайтовіч прызнаўся значна маладзейшаму за сябе Кайру і ў гэтым): пазалочаны бранзалет з умантаваным у яго гадзіннікам.
У рэпарцёра Мартына Кайры не было часу, каб абдумваць сітуацыю. Адзінае, што мільганула ў галаве, калі ён кінуўся ў бойку, была перасцярога пра нож. Дый трое супраць аднаго — таксама было занадта, тым больш вулічная бойка — гэта зусім не тое, што адбываецца ў спартовай зале. Нож мог быць ужыты, а мог і не быць.
Чыноўнік Вайтовіч (Кайра нават не быў з ім знаёмы, хіба ведаў наглядна), збіты з ног нечаканым і нахабным нападам, нічога не здолеў зрабіць у сэнсе супраціву, бо, пэўна, і ў думках не мог уявіць, што з яго вось так, гвалтам, проста на вуліцы, выхапяць шапку і пачнуць здзіраць з плячэй дублёнку. Але і ўмяшальніцтва невядомага для гопнікаў няслабага на выгляд чалавека было ім нечаканым выклікам і несла яўную пагрозу. Умяшацца мог супрацоўнік міліцыі ў цывільным альбо яшчэ які ўпэўнены ў сабе спартовец ці блатар.
Мартын Кайра ўжыў у гэтай кароткай сутычцы ўсё, чаму навучыўся ў мясцовай спартовай зале, дзе толькі пачалі групавацца аматары ўсходніх адзінаборстваў. Пайшлі ў ход і рукі, і ногі. Усхапіўся з зямлі і чыноўнік Вайтовіч, які нізавошта не выпускаў з рук “дыпламат” і здзёртую было дублёнку. Кайра паклаў аднаго з нападнікаў, прапусціў удар у галаву, але па датычнай, бо паспеў ухіліцца, падсёк “лаў-кікам” другога і тым вырашыў сітуацыю на сваю і чыноўніка Вайтовіча карысць. Гопнікі кінулі дублёнку, шапку, заскочылі ў “капейку” і на хуткасці рванулі з месца.
Вайтовіч ацаніў учынак адпаведна і ўжо некалькі разоў аказваў Кайры сваю прыхільнасць і рабіў паслугі — нават “адмазаў” ад прызыву на летнія армейскія зборы. Цяпер жа паабяцаў, “прыбартаваць” таго да якой турысцкай групы, якія фармаваліся калі-нікалі ў горадзе і хоць
і зрэдку, а наведвалі капіталістычныя краіны бліжняй Еўропы.
Рэпарцёр Мартын Кайра, вядома, не прысвячаў таго ў свае таемныя планы, а казаў звыклае: маўляў, хоча пабываць на Захадзе, пабачыць свет, як жывуць людзі, прывезці якую дэфіцытную дробязь з вопраткі.
Апошнім часам ён звузіў кола сваіх інтарэсаў да галоўных:
Вучыў англійскую мову, вядомую яшчэ са школы.
Зрэдку наведваў спартзалу, дзе займаўся рукапашным боем.
Па неабходнасці сустракаўся з маладой жанчынай без залішніх комплексаў і патрабаванняў.