Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
— Ты не здагадваешся?
	
— Я цяжарная. Ужо другі месяц.
Рэпарцёр Мартын Кайра даўно чакаў нешта падобнае. Цяпер ён з хуткасцю апрацоўваў інфармацыю. Ажаніцца? Чыноўнік Вайтовіч днямі цвёрда паабяцаў яму, што напрыканцы года група ў Швецыю будзе сфарміраваная, і туды ўключаць і яго, Кайру. Але. Ёсць пэўныя
перашкоды. Па-першае, ён, Кайра, сын палітзняволенага. Па-другое, калі абмінуць першае, што цалкам магчыма, выпускаюць за мяжу звычайна сямейных асобаў. Нават пажадана, каб у сям’і заставаліся тут на радзіме з адным з яе чальцоў дзеці.
Цяпер выходзіла так, што дзесьці каля Калядаў ён можа стаць бацькам. Сказаць Фані праўду? He. Мартын Кайра не давяраў нікому. Адмовіць ёй? He. I рэпарцёр Мартын Кайра праз паўзу сказаў:
— Няхай будзе так. Толькі пасля не шкадуй.
* * *
Ішоў панядзелак, дваццаць трэцяе красавіка.
Працоўны дзень у рэдакцыі гарадской газеты толькі пачынаўся, калі ў кабінеце рэпарцёра Мартына Кайры пасля кароткага стуку адчыніліся дзверы, і перад ім узнікла постаць супрацоўніка занальнага ўпраўлення адпаведнай службы па мянушцы Берыя.
Як заўсёды, ён быў у цывільным: някідкім шэрым касцюме, светлай кашулі і пры гальштуку. Прыкладна аднаго ўзросту з Кайрам, ён, у адрозенне ад таго, нічым не выдзяляўся: шэрыя, колеру попелу валасы, прабор, звычайны твар, якіх шмат можна сустрэць на вуліцы, толькі хіба ў позірку вадзяністых вачэй і ў кутках губ чыталіся прыхаваныя самаўпэўненасць і беспакаранасць.
Рэпарцёр Мартын Кайра быў у кабінеце не адзін: no634, насупраць яго, сядзеў за сваім сталом загадчык аддзела партыйнага жыцця Ліпатаў.
“Берыя” павітаўся і нейкі час маўчаў, загадкава свідруючы нядобрым позіркам абодвух супрацоўнікаў. Урэшце ён звярнуўся да Ліпатава.
— Вы б не маглі на хвіліну выйсці? — суха спытаў ён.
— Так, так, — заспяшаўся той, з гатоўнасцю пакідаючы кабінет. У вачах яго, пакуль ішоў да дзвярэй, Мартын Кайра на кароткае імгненне прачытаў адыходзячы спалох, а за ім ліхаманкавае задавальненне і радасць.
Мартын Кайра напружыў памяць і адшукваў у галаве імя нечаканага госця: той часам наведваў спартзалу, куды хадзіў і Кайра.
— За мной, Валодзя? — жартуючы спытаў ён, імкліва перабіраючы падзеі апошніх дзён. Павінна ж быць прычына. Але якая?
— Так. 3 табой хоча пагаварыць наш начальнік, — праз паўзу аб’явіў урэшце Берыя.
— Як, проста зараз?
— Менавіта так. Паедзем. Я на машыне.
— А позву? Дзе позва? Як гэта — хоча пагаварыць? Што такое асаблівае здарылася?
— Ды ты не хвалюйся. Нічога такога. Проста пагаварыць.
— Я, між іншым, на працы. Мне матэрыял здаваць.
Берыя ўсміхнуўся з адценнем садысцкай усёдазволенасці.
— На дзесяць хвілін. Ну, паехалі, паехалі.
— He паеду, — сказаў Мартын Кайра. — Напішы мне позву, пячатку пастаў, тады і вырашу.
Няўпэўненасць, якая з’явілася ў ім на пачатку гэтага нечаканага візіту, раптам саступіла пачуццю трывогі. Рэпарцёр Кайра быў усё такі сынам палітзняволенага, які знік у адным з лагераў Казахстана адразу пасля вайны, бо падчас яе з’яўляўся чальцом Беларускай самапомачы. Можа, таму Кайра не любіў і пазбягаў “канторы”.
— Дык што — мне зайсці да рэдактара? — між тым са зласлівай усмешкай спытаў Берыя. — А потым паклікаць нашага вадзіцеля і свайго калегу з машыны? Я ж не адзін прыехаў. А так усё будзе ціха. Так бы мовіць, антрэ ну. З’ездзім, пагаворыш і — адразу назад. Пішы на здароўе.
Рэпарцёр Мартын Кайра падумаў з паўхвіліны і згадзіўся.
— Паехалі. Толькі на паўгадзіны. За мяне дзвесце радкоў ніхто не здасць.
У машыне — белых “жыгулях” — сапраўды сядзелі двое. Вадзіцель і побач з ім яшчэ супрацоўнік: таксама ў шэрым някідкім касцюме з праборам і пры гальштуку. Мартын Кайра яго не ведаў.
Усю дарогу да будынка занальнага ўпраўлення — каля дзесяці хвілін — маўчалі. Мартын Кайра зноў перабіраў у галаве варыянты сваёй магчымай віны ў нечым апалітычным. Іх, дарэчы, прыгадалася даволі шмат. I яўных, і надумлівых.
Урэшце спыніліся ля невялікага двухпавярховага будынка ў глыбіні двароў за жалезным плотам, ля самага цэнтру горада — прама за тымі дварамі месцілася цэнтральная плошча з гіганцкім помнікам правадыру.
Начальнік — хударлявы чалавек у цывільным, звычайны з твару з сівым вожыкам валасоў на галаве — сустрэў іх на двары, гасцінна, хоць і стрымана раскінуў насустрач рукі і запрасіў заходзіць. Рэпарцёр Мартын Кайра падняўся ўслед за ім у кабінет, зняў з дазволу плашч і быў запрошаны да стала ў крэсла. Сам начальнік сеў за стол.
Нейкія спісаныя паперыны ляжалі перад ім. Па звычцы ўсё чытаць Кайра ўтаропіўся туды вачыма. Тэкст быў дагары, але калі б і звычайна, ён бы не паспеў нічога прачытаць: начальнік раптам засланіў паперу рукамі, а пасля хутка згарнуў у стол. Пры гэтым вочы яго набылі нязвыкла жорсткі позірк.
— Прадстаўцеся, калі ласка, — з робленай ветлівасцю прапанаваў начальнік. Дарэчы, мяне завуць Павел Іванавіч.
— Калі ўжо сюды прывезлі, то маё імя і прозвішча вам вядомыя, — незалежна адказаў рэпарцёр Кайра.
— Добра, добра, — паківаў галавой начальнік і нечакана задаў дзікае пытанне: — Скажыце, вы любіце гуляць у гарадкі?
Паўза.
Рэпарцёр Мартын Кайра памкнуўся звязаць у свядомасці нейкія фрагменты падзей, учынкаў, якую іншую
інфармацыю, звязаную з тымі гарадкамі, але нічога не здолеў.
— He, не люблю, — на ўсялякі выпадак адмовіўся ён.
— Так, так. А як у вас прайшоў учарашні суботнік?
— 3 вялікім натхненнем, — патлумачыў рэпарцёр Мартын Кайра. — Працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі, заробленыя грошы і зарплату за адзін працоўны дзень, як і ўсе астатнія, пералічыў ў фонд пяцігодкі.
Паўза.
— Зразумейце мяне правільна, — працягваў начальнік, — вы можаце і не адказваць на мае пытанні — вас не прымушаюць. Мы выклікалі вас, каб, так бы мовіць, проста пагаварыць. Вы, між іншым, працаўнік ідэалагічнага фронту. Журналіст. Што вы заканчвалі?
— Дзяржуніверсітэт.
— I што адбылося пасля суботніка?
— He стану маніць, — сказаў Мартын Кайра, — выпілі па шклянцы. Скінуліся на грошы і... паабедалі.
— Так, так. А якой гадзіне — вы не помніце?
— He.
— I вы не гулялі пасля з сябрамі ў гарадкі на гарадскім стадыёне?
— Гарадкі не мой профіль. Каб у футбол ці валейбол — я б не супраць.
Начальнік раптам зірнуў яму ў твар, і зноў рэпарцёр Кайра ўбачыў жорсткі і прычэплівы позірк — нібы перад ім сядзела якая істота, прызначаная на ахвярапрынашэнне.
— Вы, пэўна, ведаеце пра Харчовую Праграму, якую распрацаваў наш урад? — задаў ён чарговае пытанне.
— Так, — кіўнуў галавой Мартын Кайра.
— Справа ў тым, што на гарадошнай пляцоўцы стадыёна адбыўся цынічны выпадак. П’яныя фізкультурнікі гулялі там у гарадкі скрадзенай кілбасой. 3 імі бачылі і вас, — патлумачыў урэшце начальнік.
“Вось яно што, — прамільгнула ў галаве рэпарцёра Кайры. — Цяпер зразумела, чаму тая кілбаса мела такі пакамечаны выгляд”.
— Я не гуляў сам і не бачыў, хто там гэта рабіў, — сказаў ён.
— Так, так, — папстрыкаў па пустым стале начальнік і задаў чарговае дзікае пытанне.
— Як вы асабіста адносіцеся да Леніна?
Паўза.
— Як усе, — урэшце дыпламатычна адказаў Мартын Кайра.
— У нас ёсць супрацьлеглыя дадзеныя. Так бы мовіць, вольная інфармацыя. Яна заключаецца ў тым, што вы неаднойчы дрэнна выказваліся пра Уладзіміра Ільіча. I не толькі пра яго.
— Хто гэта вас інфармуе такім чынам? — наіўна пацікавіўся рэпарцёр Кайра.
Начальнік абмінуў яго пытанне.
— У размовах вы неяк цытавалі буржуазнага пісьменніка... э-э... Івана Буніна. Пра Леніна. У вас ёсць кніга, з якой вы цытавалі?
— Няма.
— Кніга называецца “Окаянные днй”. Як гэта ён там напісаў?
— Дрэнна напісаў, — згадзіўся Мартын Кайра.
— А канкрэтна?
Рэпарцёр Мартын Кайра падумаў, хацеў адмовіцца, але раптам вырашыў, што напляваць.
— Напісаў так: “Слушал речь Ленйна. О (запятая), какое это жйвотное”.
Паўза.
Начальнік падціснуў вузкагубы рот.
— Зноў жа пра нашага Ільіча. Хіба не вы аднойчы ў размове выказаліся, што ў Маўзалеі ляжыць труп чалавека невядомай нацыянальнасці, да якога стаяць чэргі цікаўных дурняў, і што гэта ненармальная з’ява? A то яшчэ горш: у спартовай зале, якую вы наведваеце, вы неяк паміж практыкаваннямі спыталіся ў таварыша, як ён думае — ці захавалі бальзаміроўшчыкі ў правадыра чэлес?
Так, так. Вядома, што гэта быў жарт, але... вы яшчэ малады, і варта нагадаць, што такімі рэчамі не жартуюць. Нам, вы ж бачыце, усё вядома.
— Вы згусцілі фарбы. Хто вас так інфармуе? Вы ж ведаеце, агаварыць можна любога.
— Так, так, — зноў папстрыкаў пальцамі па стале начальнік. — А кнігі Салжаніцына ў вас ёсць?
— Няма, — паціснуў плячыма Кайра.
Паўза.
— Учора вечарам, — працягваў начальнік, — вы ў кампаніі вашых сяброў-фізкультурнікаў у гарадскім рэстаране зноў жа цынічна насміхаліся з нашага правадыра, з памяці пра яго, якраз у дзень яго народзін.
— Няпраўда, — аспрэчыў рэпарцёр Кайра. — Наадварот, ахопленыя энтузіязмам, мы пелі пра яго песні.
— Вы яшчэ малады, амбіцыёзны і не ведаеце жыцця. I робіце вялікую памылку: лічыце нашу арганізацыю недастаткова карыснай для грамадства, нават шкоднай. Я вымушаны цяпер вас папярэдзіць у гэтым сэнсе. I гэта для вашага ж шчасця, паспяховасці...
Рэпарцёр Мартын Кайра даслухаў моўчкі. Як ён зразумеў, гэта было заканчэннем прамовы начальніка.
— Дык мы вас не затрымліваем, — сапраўды развітаўся той. — Вас праводзяць.
Мартын Кайра падняўся з крэсла і пайшоў да дзвярэй. Але...
— Дарэчы, запамятаваў, — быццам абыякава дадаў яму ў спіну на развітанне начальнік. — Вы збіраецеся наведаць Швецыю?
Рэпарцёр Мартын Кайра затрымаўся ля дзвярэй.
— Так. Думаеце, там сацыялістычны рай? — працягваў нават даволі прыязна начальнік. — Дык вы, як гуманітарый, павінны памятаць, што сказаў накшталт усяго такога Фёдар Міхайлавіч. Я Дастаеўскага маю на ўвазе. А сказаў ён, што менавіта лібералы ўсё і загубяць. I пачалося ж, пачалося! Усялякія секс-рэвалюцыі, хіпі,
аднаполыя шлюбы, кветачкі — ха-ха... Чаму б вам у якую Балгарыю не наведацца, калі закарцела падарожнічаць? Мора, віно, дзяўчаты... Ці ў Еўпаторыю? Трэба сваё любіць, сваю радзіму.
Ужо выходзячы, Мартын Кайра хацеў адказаць, што на ўсялякіх хіпі яму пляваць і на лібералаў таксама, ён-то сваю радзіму любіць, толькі яна яму чамусьці тым не адказвае, але абачліва прамаўчаў. Дыскусіі тут былі небяспечныя ад пачатку.