• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    Так яму шкада Аню Балтас. I Юлю Маракову шкада. Нельга падводзіць пад здраду тых, хто даверыўся табе — вось у чым прычына, думаў ён. Магчыма, гэта і ёсць самы страшны грэх на свеце. Так, ён любіць іх усіх і жадае ім шчасця. Але ж кахае цяпер адну — Святлану Конкіну, і ёй таксама жадае шчасця. Хіба не так?
    Жаданне пабачыць яе і немагчымасць гэтага ў найбліжэйшы час было настолькі моцным, што яму хацелася выхапіць з піраміды свой “калаш” і выпусціць у сябе ўвесь магазін. Раз-пораз ён нібы правальваўся ў нейкае одумнае напаўтрызненне. Што я тут раблю? Навошта мне гэта, калі мне варта быць там, у сталіцы, дзе Святлана. Павінна ж нешта з намі вырашыцца, мільгала ў яго галаве.
    — Гэй, Ігнат! — пачуў ён раптам. — Хадзі сюды, згуляем партыю!
    Ён расплюшчыў вочы і ў яркім святле лямпачкі, якое рэзала яму зрок, убачыў Уладлена Анціпава, які сядзеў за сталом і расстаўляў фігуры на шахматнай дошцы. Апошнімі днямі Анціпаў нек трымаўся ад яго наводдаль, пэўна, нешта адчуваў, а студэнт Ігнат Мазур настолькі жыў у сваіх праблемах, што нават на нейкі час запамятаваў пра яго існаванне. Але цяпер раптам успомніў. I пра бібліятэку, дзе сядзеў з ім у спецсховішчы, і пра газеты часоў акупацыі, і пра допыт у намесніка дэкана Пушко.
    Студэнт Ігнат Мазур марудна падняўся з тапчана і падышоў да стала.
    — А, гэта ты, Валодзя, — сказаў ён. — Дык ты хочаш са мной згуляць партыю? А якую табе даць фору? Хочаш ферзя? He хочаш? A — у ферзі? Ты ж, пэўна, палічыў мяне пешкай — якая нічога не зразумее?
    — Ты пра што, Ігнат? — заўважна ўстрывожыўся Уладлен Анціпаў.
    — А я табе зараз раскажу, — нагнуўся да суразмоўніка і зашаптаў таму ў вуха Ігнат Мазур. — Толькі табе. Я тут скраў пару кілаграмаў выбухоўкі і планую ўзарваць артылерыйскі склад, дык ты бяжы і далажы начальніку збораў, потым таварышу Пушко і, вядома, у органы. А каб хутчэй бег — табе паскарэнне.
    Студэнт Ігнат Мазур коратка замахнуўся і ўдарыў Уладлена Анціпава кулаком у твар. Той перакуліўся з зэдліка, і з носа ў яго пырснула кроў. Некалькі секунд
    ён ляжаў нерухома, але раптам падхапіўся і кінуўся да піраміды са зброяй.
    — Застрэлю! — закрычаў ён у робленай істэрыцы. Але яго ўжо перахапілі ўзводны Дзямідчык, Іосіф Зялёнка, яшчэ нехта, пасадзілі зноў за стол, прынеслі вады ў конаўцы, далі насоўку.
    — Начальніку збораў. Сёння ж! Дакладную! Вылеціш з універа! — пагражаў Анціпаў.
    Але Ігнат Мазур ужо не слухаў таго. Успышка злосці раптоўна прайшла.
    Яшчэ праз некалькі хвілін лейтэнант Дзямідчык пашыхтаваў узвод, адхіліў шараговых Анціпава і Мазура ад каравула і сваёй уладай дадаў апошняму два пазачарговыя нарады.
    * * *
    Вецер з поўначы прынёс дажджы і ноччу яшчэ больш пахаладала. Пазачарговыя нарады давялося адпрацоўваць на кухні, дзе студэнт Ігнат Мазур, якога падымалі яшчэ з цемнатой, разам з іншымі парушальнікамі чысціў бульбу. Пра сутычку ў каравуле не ўспаміналі. Але цішыня гэтая, як ён разумеў, была падманлівая.
    Яшчэ праз дзень на палігоне вучыліся кідаць баявыя супрацьпяхотныя гранаты. У спецыяльна выкапаны акоп спускаліся па чарзе ўдваіх разам з узводным. Астатнія хаваліся ў ляску за прыкрыццём. Лейтэнант Андрэй Дзямідчык ставіў задачу: выхапіць з гранаты чаку, саму гранату кінуць далей за бруствер, прыгнуцца, перачакаць выбух і потым з крыкам “ура!” выскачыць наверх. Напэўна, у імітаваную атаку.
    Ігнат Мазур трапіў у акоп адным з апошніх, разам з Міхасём Байковым. Ад недасыпу ён ужо адчуваў не простую стомленасць, а даволі моцнае нервовае ўзрушэнне. Уціснуўшыся ў кут, ён назіраў, як узводны Дзямідчык выдаў Байкову гранату, яшчэ раз праінструктаваў таго і загадаў кідаць.
    Міхась Байкоў з дурной усмешкай на твары выхапіў чаку і павярнуўся да ўзводнага.
    — Што? — спытаў ён. — Кідаць?
    — Кідай! — Адразу гучна і патрабавальна крыкнуў яму лейтэнант Дзямідчык.
    — Га? — як ідыёт зноў спытаў Байкоў і... кінуў гранату пад ногі.
    Студэнт Ігнат Мазур потым не раз успамінаў гэтыя секунды, што заставаліся да выбуху, гранату, якая імкліва апынулася ля яго, яна яшчэ варушылася ля ног, а ён хіба што на інстынкце самазахоўвання схапіў яе і маланкава, без замаху, выштурхнуў за бруствер.
    — Лажысь! — адразу ўдарыў па вушах дзікі крык узводнага, які ўжо абрынуў долу Байкова, і ўсе трое ўпалі на дно акопа, зверху адразу адбыўся выбух, зямля страсянулася, віскнулі над галовамі асколкі.
    Праз паўхвіліны збялелы лейтэнант Дзямідчык прыціснуў Міхася Байкова да сцяны, паставіў побач Ігната Мазура. Заікаючыся, сказаў:
    — Нічога такога не было. Нікому ні слова. Зразумелі? Цяпер ты, — звярнуўся ён да Байкова, — ідзі да астатніх, толькі вось спачатку яму, — кіўнуў на Мазура, — рукі пацалуй, бо яшчэ б секунда, і нам усім траім, а табе першаму — гамон.
    А як засталіся ў акопе ўдваіх з Мазурам, дадаў:
    — Ну, выручыў, брат. Ведай цяпер, я цябе і за каравул прыкрыю, і — ўвогуле, прасі. Што змагу — зраблю для цябе. Толькі, каб да ротнага не дайшло. Тады пачнецца. А за нарады — прабач.
    Паўза.
    Ва ўзводнага Дзямідчыка, які прыпальваў цыгарэту, трэсліся рукі. Ігнат Мазур таксама запаліў.
    — Таварыш лейтэнант, — пачаў ён, — калі так, мне б хоць на суткі ў Менск. Вельмі трэба.
    — Добра, добра, — перапыніў яго ўзводны. — Ды заві Андрэй, мы тут цяпер з табой роўныя. Цябе ж Ігнатам клі-
    чуць? Дык вось, Ігнат, ротны наш — паміж намі — гнілы чалавек, але на двое сутак для цябе я яго раскручу. Ведаю, як. Так што рыхтуйся.
    * * *
    Назаўтра з раніцы ён ужо збіраўся. Узводны Андрэй Дзямідчык стрымаў слова, і самае складанае на гэты момант было для яго неяк злаўчыцца, каб хутчэй выбрацца з зоны, дзе знаходзілася іх вайсковая адзінка з вучэбнымі зборамі.
    Урэшце ён пешшу дабраўся праз лес да шашы. Далей усё было прасцей: змяніўшы некалькі спадарожных, ён урэшце апынуўся на ўскраіне сталіцы, дзе ўжо хадзіў тралейбус, і праз паўгадзіны быў у інтэрнаце.
    На вахце адразу машынальна прагледзеў пошту і знайшоў канверт на сваё імя. Ліст быў ад Юлі Мараковай.
    “Ігнат!
    Наўрад ці мы болый пабачымся, бо нам дыпломы выдадуць раней, а вам пасля збораў. Заставацца тут, у Беларусі, я не збіраюся, цётка дапаможа мне менавіта са свабодным дыпломам, і я — да сябе, на радзіму.
    Расставацца з усімі ўсё ж вельмі сумна. На цябе я крыўды не трымаю, няхай табе шанцуе ва ўсім. Надзя Гусакова пазнаёміла мяне з сябрам свайго абранніка. Хлопчык маладзейшы за мяне на год, КМС па вольнай барацьбе. У нечым наіўны, у іншым рашучы, хоць і рахманы. Хоча ехаць са мной. Можа, і згаджуся.
    Вось і ўсё. Бывай.
    Р. S. Бабам усё-такі не давярай. Я сама іх не цярплю. А ты ўлюблівы.
    Юля”.
    * * *
    3 дарогі варта было б прывесці сябе ў парадак, да таго ж, студэнт Ігнат Мазур адчуў раптам, што галодны,
    і нават чарговая цыгарэта не магла перабіць гэтае пачуццё. Жаданне хутчэй пабачыць Святлану Конкіну не пакідала яго, але ён цвяроза вырашыў, што пойдзе да дзяўчыны крыху пазней, хоць знаёмая ранейшая ліхаманка зноў ахапіла яго. Ён схадзіў у кавярню непадалёк, дзе нешта з’еў, а потым вярнуўся ў інтэрнат. Як заўсёды напрыканцы лета ў даўгіх калідорах інтэрната было шмат зусім незнаёмых, панаехаўшых з розных месцаў людзей — у асноўным маладых хлопцаў і дзяўчат, якія здавалі іспыты. Прыйшлі пасля трэніроўкі са стадыёна насупраць футбалісты: дублёры з першай лігі, якія, як разумеў, часова тут пасяліліся, бо праводзілі назаўтра чарговы матч, хадзіла з камендантам нейкая камісія, а можа і не, ён так вырашыў — ці то правярала, ці то проста цікавілася справамі.
    Межава стомлены студэнт Ігнат Мазур крыху адпачыў, а потым спусціўся паверхам ніжэй, каб трапіць у душавую. Ключ ад яе ў летні час, як ён ведаў, знаходзіўся ў каменданта Міколы Грука — так яго звалі. Пакойчык каменданта быў насупраць — камісія ўжо значна паменела, бо адзіная жанчына знікла, а засталіся двое немаладых, блізка да пенсійнага ўзросту мужчын — усе гучна размаўлялі. Дзверы былі прыадчынены.
    — А што я магу зрабіць? — гаварыў камендант інтэрната Грук. — Тут летам — прахадны двор. Асабліва, калі абітурыенты панаедуць. I што на першы погляд дзіўна, але характэрна — дзе больш дзяўчат, там і неспакойна.
    — У якім сэнсе? — спытаў яго адзін з суразмоўцаў — хударлявы, з зачасанымі па-плебейску назад сівымі валасамі.
    — У простым. Блядства пачынаецца. He прымеш меры адразу, не выселіш адну-другую на вуліцу — атрымаеш сапраўдны бардэль. Многія здаюць дакументы, потым едуць на іспыты, каб адцягнуцца тут напоўніцу, ім абы паблядаваць, ведаюць жа, што ўсё роўна не паступяць.
    — Ёсць рацыя, — пацвердзіў другі суразмоўца — лысаваты і мажны. — Вось у Расіі ў Іванава, горадзе ткалляў,
    дзе жанчын у разы больш за мужыкоў, дык і венерычных хваробаў утрая больш.
    — У мяне жонка — медык, — сказаў камендант Мікола Грук, — дык яна кажа: гармоны ўсяму прычына, узрост такі, што трэба нараджаць, а тут лекцыі, іспыты — дык усё дарэмна — найперш сексвыбухоўка спрацоўвае.
    — He толькі гэта, — заўважыў мажны і лысаваты, — няма ў нас самапавагі ў моладзі — перад чужынцамі сцелюцца, быццам тыя мёдам намазаныя.
    — Дакладна вызначана, — пацвердзіў камендант інтэрната Грук. — У нас тут гады два таму кубінцаў падсялілі. Дык гатовыя былі ў чэргі да іх станавіцца. I не сказаць, што цалкам усе блядзюшкі якія, ці, як кажуць, слабыя на перадок — не, і з прыстойных сем’яў, ціхія быццам, выдатніцы, а туды ж. Адна такая, як памятаю, з шэсцьдзесят шостага кутняга пакоя на трэцім паверсе, дык адразу, як мне далажылі, дваіх прывяла: у мяне, кажа, дзень нараджэння — дык запрашу я парачку “блэкаў”. I што ёй зробіш? Уся краіна на гэтых “блэкаў” цяпер моліцца.
    Студэнт Ігнат Мазур не стаў далей слухаць, а прыадчыніў дзверы напоўніцу і папрасіў у каменданта Грука ключ ад душавой.
    — Во, — дадаў камендант інтэрната Грук, аддаючы ключ, — вернеш праз гадзіну. — I апеляваў да суразмоўцаў: — Таксама нельга на даверы нават душавую трымаць адчыненай. Ноччу неяк і там блядства выявіў. Будучыя настаўнікі — маць іх...
    Праз паўгадзіны студэнт Ігнат Мазур замкнуў душавую і панёс ключ у каменданцкую. Камендант інтэрната Грук сядзеў ужо адзін.
    — Ты чаму не пры справах? — спытаў ён у студэнта Ігната Мазура.
    — Адпусцілі са збораў. На два дні.
    — Ну, служы. Я вось дваццаць пяць гадоў, лічы, форму не здымаў. Вам што? Прысвояць лейтэнантаў і раз у пяць год на вучэбныя зборы. Гарэлку пасмактаць, з “калаша”