Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

Паўночны вецер для спелых пладоў

Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 248с.
Мінск 2015
51.63 МБ
Сонца ўжо высока ўзнялося ў бязвоблачным небе. Выпаленая, пажоўклая трава на абочынах дарог і кволыя, напаўзасохлыя дрэвы не абаранялі ад пылу. Пах дыму з тарфянікаў казытаў лёгкія. Следаку было горача; як і paHeft, у кішэню ён, па парадзе Шэрыфа, паклаў з сабой нож. Хадзіць тут без яго было ўжо неяк нязвыкла. Да таго ж ноччу на ўскрайку Паселішча чулася стральба, якая, праўда, праз некалькі хвілін спынілася. Шэрыф патлумачыў, што гэта, пэўна, ішла чарговая разборка паміж наркаманамі, і прапанаваў забраць рэвальвер, але ён адмовіўся.
Слядак пайшоў сваім старым шляхам — берагам возера на ўсход, пакуль не знайшоў адноснага ўзвышша, на якім крыва расло некалькі асін. Ён ускараскаўся наверх і выцягнуў з сумкі бінокль.
Цяпер болыная частка возера, а таксама бліжні бераг былі перад яго вачыма як на далоні. Толькі далёкі востраў хаваўся ў лёгкім вэлюме дыму і прыбярэжнай зеляніны. Слядак лёг на зямлю і стаў глядзець у аб’ектыў. Часам ён прыпыняўся і даваў вачам адпачыць. Ён тады клаўся на спіну і слухаў ціхі плёскат хваляў аб бераг і крыкі варон. “Што там балбатаў часам неадэкватны, як відаць, Крэз пра міфічных эрыній, якія быццам пасяліліся на востраве? — меркаваў ён. — Але ці такі ён неадэкватны дзівак, за якога сябе іншым разам выдае? Яго інтэлект раз-пораз адчувальна выпірае з яго супраць яго ж волі і жадання. Безумоўна адно: пэўна, напужаны зачысткамі ці чым іншым, Крэз залёг тут на дно і пра многае маўчыць. Асабліва цяпер, калі жыццё чалавека ў Паселішчы, тым больш у Мегаполісе, а ўрэшце і ў іншых рэгіёнах, не вартае і пляўка”.
Слядак зноў лёг на жывот і паднёс да вачэй бінокль. Невялікія хвалі беглі па паверхні возера, слабы ветрык варушыў на востраве прыбярэжныя зараснікі і вербалоз над імі. “Як ціха, — падумаў Слядак. — Цішыня — найлепшае, што я тут чуў”. Пачуццё спакою і душэўнай раўнавагі зноў на кароткі час ахапіла яго. Чалавеку, зрэшты, не так і шмат трэба: ежа, сон, сям’я. Душэўны спакой. Але для большасці гэта цяпер недасяжная мара...
Слядак успомніў, як у час Катастрофы загінулі яго бацька і маці. Яшчэ напярэдадні некаторыя найбольш “прасунутыя” вучоныя (дарэчы, усе яны потым трапілі пад “зачыстку”) пачалі выказваць і сцвярджаць дзікія, нават вар’яцкія думкі. Яны казалі, што чым раней адбудзецца агульная цывілізацыйная Катастрофа, тым лепш. I што інакш “энергія адтэрмінаваных змен” будзе настолькі вялікая, што перакрые сабой патэнцыял выжывання ўсяго чалавецтва. Яны папярэджвалі, што з моманту яе
пачатку пераход у стан хаосу будзе непазбежным, што, урэшце, і здарылася.
Але перадусім у свеце, як заўсёды перад вялікай бядой, нечувана распаўсюдзіліся танны папулізм, крымінал, жорсткасць, подласць, хцівасць, нянавісць, хамства, абрынуўшы апошняе, што трымалася за рамкамі элементарнага выжывання. Пакуль... пакуль і не адбылася тая самая выпадковасць. “Трынаццацігадовы хлопчык, геніяльны хакер ад нараджэння, які нейкім чынам праз Сеціва здолеў узламаць камп’ютарную абарону адной з атамных электрастанцый, запісаў у ячэйкі памяці электроннай сістэмы паразітычны модуль, які памяняў параметры ўводу стрыжняў у актыўную зону рэактара. Вылічальная сістэма, якая абслугоўвала станцыю, выдала няправільны загад робатам, якія загружалі ядзернае паліва ў рэактар. Пачалася некантраляваная ядзерная рэакцыя, і — адбыўся выбух накшталт чарнобыльскага. А другога Чарнобыля чалавецтва ўжо не адужала.
Выпадак аказаўся знакавым. Была разам з людзьмі і наваколлем знішчана адна са шматлікіх атамных электрастанцый, з-за чаго на іншых, у тым ліку і звычайных, пачалі спрацоўваць сістэмы абароны, адключаліся блок за блокам, спыняліся турбіны. Праз кароткі час былі выведзены са спажывання гіганцкія магутнасці — каля мільёна мегават. Адбыўся збой ва ўсёй сусветнай энергетыцы. Абрынуліся біржы, грошы згубілі сваю каштоўнасць. Спыняліся цягнікі ў падземках, гаслі светлафоры, не паступала вада, людзі захрасалі ў ліфтах, асабістая бяспека стала ілюзіяй, бо на вуліцы адразу выйшлі банды падлеткаў. 3-за энергетычнага калапсу і наступнай панікі і дэзарганізацыі загінулі ўсе навігатары з першай касмічнай базы на Месяцы. Слядак успомніў, як раней у спецакадэміі ім чыталі курс лекцый і ў якасці прыкладу схільнасці да імгненнай дэградацыі і дэгуманізацыі прыводзілі сітуацыю стогадовай даўніны, калі ў мэтах маскіроўкі цалкам забаранілі выкарыстоўваць святло ў адным з гарадоў на
мяжы былога Саюза і маленькай заходняй краіны. Праз кароткі час у горад рынуліся крымінальнікі з усіх канцоў так званага Саюза. Пачаліся масавыя рабаўніцтвы, забойствы, гвалт. У людзей дзеля садысцкай забавы адразалі насы, вушы, губы, геніталіі. Чалавечае жыццё адразу стала фікцыяй. Прыкладна тое самае адбылося і дзесяць гадоў таму. Тэхнагенная катастрофа супала з экалагічнай. Чалавек, звыкла адчуваючы сябе ў штучнай экалагічнай нішы, аказаўся безабаронным, без медыцынскай падтрымкі. Пачаліся эпідэміі. Сотні тысяч людзей, а потым і мільёны гінулі ад недахопу чыстай вады, медыкаментаў, якія амаль цалкам былі падробленымі. За дозу сапраўднага інсуліну забівалі. Антыбіётыкі каштавалі неверагодных грошай, але нават і за золата неўзабаве нельга было дастаць нічога.
Бацькі яго загінулі ад эпідэміі тыфу. Ён здолеў уратавацца.
...На кароткі міг ён задрамаў, але імгненна ачуняў: рэха быццам данесла да яго чыйсьці смех... Зноў смех. Ён успомніў, як учора плыў тут і чуў усё той самы пранізлівы голас над галавой.
Слядак паднёс бінокль да вачэй і навёў акуляры аб’ектыва на востраў. Міжволі ён страпянуўся: вялізны цень імкліва праплыў над зараснікамі і знік, а за ім другі. На гэты раз Слядак добра разгледзеў белыя крылы, выцягнутую птушыную шыю і шэрае цела гіганцкай птушкі. Дзе ён бачыў такіх вялікіх птушак? Ён быў вымушаны прызнаць, што ні разу ў жыцці такіх не сустракаў. Хто гэта? Вароны? Але яны значна меншыя ў памерах. Каршун? Але каршун таксама не мае такога размаху крылаў і да таго ж наўрад ці будзе жыць у балоце. Чайкі? Але ж такія вялікія? Што там, дарэчы, плявузгаў стары Крэз пра чаек і эрыній? Слядак выцягнуў надалоннік і звязаўся з упраўленнем.
“Пракансультуйцеся з якім біёлагам ці праз Сеціва, — папрасіў ён. — Мне трэба ведаць пра птушак, хутчэй за
ўсё гэта чайкі: ці існуюць сярод іх асобіны вялікіх памераў і ці ў стане яны напасці на чалавека і, напрыклад у вадзе, знішчыць яго?”
Слядак зноў узяўся за бінокль і навёў аб’ектыў. Панарама вострава марудна плыла ў яго перад вачыма. Хмызняк, кволыя, скрыўленыя дрэвы, іржавыя лужыны балотцаў, пакрытыя раскай, трава, зараснікі. Пуста. Але ж ён бачыў птушак. I вельмі вялікіх.
Праз некалькі хвілін надалоннік засігналіў, і ён прыняў паведамленне. Слядак стаў чытаць на дысплеі:
“Падвід чаек, так зв. чайка серабрыстая, рагатуха (larus arqentatus) — нешматлікі гняздоўны від, корміцца рыбай, грызунамі, ягадамі. Даўжыня цела да 1 м, размах крылаў да 2 м. Маса — 1,5-2 кг. Апярэнне белае, спіна блакітнавата-шэрая, канцы крылаў чорныя. Дзюба жоўтая, ногі бледна-жоўтыя. Голас «йах-йах-йах...». Кладка з 2-3 яец. Наседжанне 26-30 дзён. У гэты час асабліва агрэсіўная. Зафіксаваны напады на плыўцоў са смяротным канцом. Зімуе на Паўночным моры”.
Слядак успомнў, як вырашыў яшчэ ўчора, што сплавае на востраў, але і зараз адклаў гэта на потым: ён спачатку знойдзе якую лодку і захопіць з сабой зброю, можа, нават возьме на гадзіну ў Шэрыфа свой рэвальвер.
Ён спусціўся са стромістага берага і пакрочыў назад, у Паселішча. Некалькі разоў яму насустрач трапляліся сапраўдныя апушчэнцы: абадраныя, у зашмальцаванай вопратцы, з апухлымі сінімі тварамі. Ад некаторых за некалькі метраў несла мачой. Усе яны прасілі грошай на дзікай сумесі існых і няісных моў.
Ужо на падыходзе да крайніх халуп ён напароўся на чацвярых цемнаскурых падлеткаў, якія, пэўна, па чарзе спароўваліся з белай малалеткай, што моўчкі ляжала ў траве, рассунуўшы ногі. Слядак разагнаў іх выспяткамі, а малалетку, запалоханую і ачмурэлую, павёў дамоў, папярэдне спытаўшы, дзе яна жыве. Наўрад ці тут быў гвалт, але Слядак адразу ўспомніў пра сястру і з цяжкасцю стры-
маў сябе ад самасуду: урэшце, гэта тут цяпер, як ён ведаў, была звычайная з’ява.
Ён адразу скіраваў у пастарунак, дзе спадзяваўся знайсці Шэрыфа, і сапраўды, той быў там, але надзвычай пахмурны з выгляду. Шэрыф скептычна паслухаў пра малалетак, запісаў адрас дзяўчынкі і паабяцаў разабрацца.
“Дарэчы, — спытаў яго Слядак, — вы даўно наведвалі востраў?”
Шэрыф здзіўлена засычэў.
“Там балота і поўна гадзюк. Што я там згубіў?”
“У тым месцы лётаюць вялізныя птушкі”.
“Так, нехта казаў мне, што тры чайкі пачалі там гнездавацца”.
“Тры — а не чатыры?” — спытаў Слядак.
“А якая розніца?”
“Мяркую, розніца ёсць. Гняздуюцца ж заўсёды парамі. Іх там павінна быць дзве, чатыры ці шэсць”.
“Справа ж вам да нейкіх чаек, — буркнуў Шэрыф і раптам дадаў: — Імбэцыл збег”.
“Ну, і як яму гэта ўдалося?” — з ноткай здзеку пацікавіўся Слядак.
Шэрыф падхапіўся з месца і пачаў хадзіць туды-сюды па цеснай прасторы свайго кабінеціка, дзе ў куце грувасціўся сейф, а з другога боку стаялі стол з састарэлым тэлефаксам, графін з вадой і два крэслы. Твар яго набыў барвовае адценне.
“Як я вам даўно казаў, мне патрэбен талковы памочнік. У мяне два паліцыянты — два дурні з мясцовых, якія ні на што не вартыя. А псіхапаты калі-нікалі бываюць вельмі хітрыя”.
“Ды чорт з ім, — сказаў Слядак. — Зловіце”.
“Ён не акальцаваны. Без бранзалета. Тут нядаўна з завода нябожчыка Зураба збеглі тры жанчыны, ну з тых, каго з Мегаполіса выслалі на працоўнае перавыхаванне, як раней казалі — на «хімію». Вы павінны даведацца: умовы на тым заводзіку горш чым рабскія. Прыбылых
і наймітаў — тых, хто па дурасці наймаўся на працу, каб не «зажмурыцца» ад голаду, трымалі ў клетках, некаторых на ланцугах, усё гэта за трохметровай бетоннай агароджай. Там, дарэчы, жанчыны і працавалі. Потым спілавалі бранзалеты і ўцяклі. А без тых бранзалетаў злавіць уцекачоў вельмі цяжка. Нават якога-небудзь Імбэцыла”.
“Іх так і не злавілі — тых жанчын?” — спытаў Слядак.
“He. Пакуль. Зрэшты, я і не збіраюся высільвацца ў гэтым кірунку. I пляваць мне на чыесьці загады”, — сказаў як адсек Шэрыф.