• Газеты, часопісы і г.д.
  • Паўночны вецер для спелых пладоў  Юры Станкевіч

    Паўночны вецер для спелых пладоў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 248с.
    Мінск 2015
    51.63 МБ
    “Вы не спрабавалі даведацца, па якіх артыкулах выслалі на прымусовую працу тых трох “хімічак”? — спытаў Слядак. — Хто яны такія: юрліўкі, падманшчыцы, клафеліншчыцы?”
    “He. Яны не з прыблатнёных”.
    “Вы запытвалі праз Сеціва?”
    “Але. Іх увогуле няма ў картатэцы, што вельмі дзіўна”.
    “Так, — падвынікаваў Слядак, — мне варта пайсці падмацавацца і тое-сёе абдумаць”.
    “He купляйце толькі мясцовых піражкоў”, — змрочна рагатнуў Шэрыф.
    “Чаму?” — вяла пацікавіўся Слядак.
    “Яны іншым разам бываюць з чалавечынай”.
    “Дарэчы, — спытаў ужо ў дзвярах Слядак, — а як гэта Імбэцыл здолеў уцячы?”
    “Звычайна, праз сцяну. У “малпоўніку” кладка ў палову цагліны. Вось яны і праламалі лаз. Дадумаліся. Урэшце, траіх ужо злавілі, бо яны былі акальцаваныя”.
    * * *
    Крэз сустрэў яго на парозе.
    “Там вам жывое пасланне, — незадаволена і з сарказмам сказаў стары, кіўнуўшы на дзверы ў прыбудову. — Можаце зірнуць. Яна чакае ўжо з паўдня”.
    “Хто гэта — яна?” — неўразумела спытаў Слядак.
    “Мне, на жаль, не даклалі. Дзяўчына. Яна сама, мяркую, раскажа”.
    Заінтрыгаваны Слядак адчыніў дзверы. Дзяўчына •— мулатка па знешнім выглядзе, але з вельмі светлай скурай — ляжала на яго ложку. Яна не выказала ні страху, ні радасці, ні простай зацікаўленасці. У яе былі цёмныя прамыя валасы, правільных рысаў тварык і электронны бранзалет на запясці левай рукі.
    Слядак не згубіў пачуцця гумару.
    “Вам што, толькі тут утульна?” — спытаў ён.
    Яна лёгка падхапілася з ложка і стала перад ім. Зграбная постаць, лёгкая сукенка вышэй за калені.
    “Мяне прыслала Зара. Я застануся з вамі ноччу”.
    Позірк, які нічога не выражае, пакорлівасць ва ўсім. Адна з рабынь Зары, жонкі забітага Зураба. Слядак адчуў, як яго ахоплівае прыступ раздражнення, але стрымаў сябе.
    “Зара ведае, хто я?”
    “Так, — кіўнула дзяўчына. — Больш-менш”.
    “I ведае, навошта я сюды прыбыў?”
    Дзяўчына зноў, але няўпэўнена, кіўнула ў адказ.
    “I нават вырашыла, што мне патрэбна жанчына на ноч, і даслала менавіта вас?”
    “Я ні на што не хварэю, і ў мяне ёсць з сабой кантрацэптывы”.
    “А чым я буду абавязаны Зары за такую паслугу?”
    “Яна скажа вам гэта пры асабістай сустрэчы. Вось я пакідаю вам нумар яе надалонніка”.
    Лёгкімі рухамі дзяўчына скінула з сябе сукенку, а потым і ўсё іншае і зноў лягла на ложак.
    Жанчыны Мегаполіса ў сваёй асноўнай масе былі не такія. Маленькія, з нямытымі валасамі галоўкі, блатная мова, крыклівасць, істэрычнасць. Разам з тым амаль атрафіраваная здольнасць нараджаць дзяцей, гатаваць больш-менш прыстойную ежу, ранняя даступнасць —• доза ці алкаголь, альбо грошы, альбо якія танныя пацеркі
    ці завушніцы і абсалютная адсутнасць хоць якога намёку на пачуццё нацыянальнай, у рэшце рэшт, агульначалавечай годнасці.
    Многія з іх, як ён лічыў, набылі характэрныя рысы істэрычна-мазахісцкага псіхозу, які іншым разам выяўляўся вельмі дзіўнымі ўчынкамі. Так, некаторыя ішлі ў паслугачкі да цемнаскурых, станавіліся там ніжэй за рабынь, другія абкрадалі сваіх бацькоў і з украдзеным уцякалі ў іншыя землі да якога-небудзь Мустафы, трэція нараджалі мяшанцаў, чацвёртыя кідалі іх на волю лёсу. Асабліва здзівіла яго адна гісторыя пра дзяўчыну, якая ўвесь час збірала грошы, каб паехаць за акіян, у Індыю, дзе жыў яе любімы кінаакцёр. Яго фотаздымкамі яна заклеіла ўсе сцены ў сваёй кватэрцы і штодня малілася на іх. Патрэбнай сумы аніяк не збіралася, і яна пачала разносіць “дазняк”, потым абрабавала і задушыла нейкую старую, трапіла ў турму, але і там пачынала кожны дзень з пацалунка фота яе далёкага абранніка і марыла пра тое, як яна выйдзе на волю, назбірае грошай і паедзе ў той горад ды ўсяго толькі пройдзецца па той вуліцы, падыхае тым паветрам, дзе знаходзіўся яе кумір...
    3 гэтай было нешта іншае. Механічная пакорлівасць лялькі, гатоўнасць выканаць любое жаданне, пусты позірк.
    Слядак думаў нядоўга, урэшце ён нічога не губляў. Натуральнае здаровае жаданне варухнулася ў ім пры выглядзе гэтага аголенага маладога цела. Тым не менш ён выцягнуў з сумкі прадукты, якія набыў у краме, паклаў на стол, туды ж паставіў і бутэльку віна, пасля чаго спытаў, ці не хоча дзяўчына павячэраць разам з ім?
    Моўчкі тая падхапілася з ложка, накінула на плечы коўдру і пачала наразаць хлеб.
    “Ты даўно ў Зары?” — спытаў Слядак.
    “Так”, — кіўнула дзяўчына.
    “Дзе твае бацькі?”
    “He ведаю”.
    “Прастытуцыя — твой асноўны занятак?”
    “He заўсёды. Я — пакаёўка”.
    Распытваць далей не было сэнсу. Слядак хацеў сабраць са стала рэшткі ежы, але дзяўчына яго апярэдзіла і хутка зрабіла ўсё сама. Яна скінула з сябе коўдру, якая вісела на ёй накшталт хітона, і зноў апынулася ў ложку. Слядак, пакуль тое, схадзіў да Крэза і аднёс яму віна.
    “Мне прыслалі дзяўчыну на ноч”, — паведаміў ён.
    “Хто?”
    “Зара”.
    Крэз крыху падумаў.
    “Значыць, ёй трэба паслуга ў адказ, — урэшце выказаў ён сваю думку. — Тут усё не проста так”.
    Вярнуўшыся, Слядак не стаў пытаць дзяўчыну ні пра яе імя, ні пра што іншае. Дый што можна выведаць у робата, зомбі?
    У ложку яна механічна выконвала быццам запісаную ў ёй раней праграму: пачала з аральнага сэксу, потым села на яго верхам, ашчаперыўшы нагамі, — поза, забароненая мусульманамі, — і нават аргазм, якога яна ўрэшце дасягнула, быў у яе ціхі, нібы прытоены.
    Ноччу Слядак прачынаўся — ён заўсёды спаў чуйна. Пад раніцу, а світала хутка, у Паселішчы зноў пачуліся стрэлы, ён выйшаў вонкі, захапіўшы нож, але неўзабаве ўсё сцішылася, і ён вярнуўся. Дзяўчына ляжала на канапцы ў куце — ложак быў цесны для дваіх, і як ён вырашыў, ужо не спала, хоць вочы яе былі заплюшчаныя. Слядак паваліўся ў ложак, сунуў нож пад падушку і нечакана для сябе моцна заснуў.
    Калі ён прачнуўся, дзяўчыны ўжо не было. Ён апаласнуўся пад самаробным душам на падворку і пагаліўся. Выпадкова Слядак убачыў, як Крэз, азіраючыся, нешта таропка прыкідваў ля плота зямлёй. “Што б гэта магло значыць?” — падумаў Слядак і вырашыў праверыць пасля.
    Збольшага паснедаўшы, ён зноў даў старому грошай і папрасіў таго набыць у краме прадуктаў.
    “Агаладаліся? — спытаў той з іранічнай усмешкай. — Як прайшла ноч?”
    “Нападалёку стралялі. Я выходзіў на двор”.
    “3 дзяўчынай ці адны?”
    Слядак усміхнуўся, даючы зразумець, што адчувае гумар, і сказаў:
    “Я да ўчастковага, а потым зайду да той самай Зары. Падарунак, пэўна, трэба адпрацаваць?”
    У Шэрыфа сядзеў Штучнік. Тое, што гэта менавіта ён — асноўны інфарматар участковага, Слядак чамусьці здагадаўся адразу. Гэта быў невысокі ў гадах чалавек з выбягаючым наперад ілбом і выступаючай яйкападобнай патыліцай. У анфас галава яго нагадвала пілотку. Урэшце, ён выглядаў даволі акуратна і нават прыстойна, бо нягледзячы на спёку, быў апрануты ў адпрасаваныя штаны і пінжак і нават пры галылтуку.
    Пабачыўшы незнаёмага яму наведвальніка, Штучнік вымушаны быў сысці. Зрабіў гэта ён з яўнай неахвотай.
    “Ноччу стралялі”, — сказаў Слядак, сядаючы ў крэсла, з якога раней падхапіўся інфарматар.
    Шэрыф паціснуў плячыма.
    “Што вам паведаміў Штучнік, калі не сакрэт?” — спытаў Слядак.
    “Чаму вы вырашылі, што гэта ён?”
    “Ды годзе, я яго адразу “прабіў”.
    “Так, — праз паўзу здаўся Шэрыф. — Гэта ён, і прыйшоў да мяне з чарговым, так бы мовіць, “паведамленнем”. Можаце азнаёміцца. Магчыма, гэта вас зацікавіць”.
    Шэрыф адкрыў сейф, выцягнуў адтуль аб’ёмістую папку і дастаў з яе верхні ліст.
    “Чытайце”, — сказаў ён.
    Слядак узяў з яго рук паперку і пачаў чытаць. Данос быў кароткі:
    “Паведамляю наступнае. Некалькі дзён назад у пасяленца па мянушцы Крэз спыніліся і правялі амаль суткі трое жанчын, якія ўцяклі з працоўна-папраўчых работ.
    Крэз не паведаміў пра іх, хоць павінен быў зрабіць гэта адразу. Куды зніклі жанчыны — я не ведаю. Наконт Крэза даводжу, што ён па-ранейшаму з’яўляецца прыхільнікам варожай тэорыі пра тое, што наша дэмакратычная Цывілізацыя, якая служыць народу, не з’яўляецца базавай, а існуе ў Сімуляцыі.
    10.06.2036 г. Штучнік (псеўда)”.
    “Некалі, тады яшчэ існавала школа, ён працаваў настаўнікам гісторыі, — сказаў Шэрыф. — Цяпер вось знайшоў сабе занятак. Зрэшты, ён «даносіў» і раней. Хобі”.
    “Спадзяюся, вы не дасце гэтаму ходу?” — спытаў Слядак, вяртаючы паперу.
    “Ён дасылае лісты і поштай у Мегаполіс. Я іх часам перахопліваю, бо ў мяне на пошце свой чалавек”, — ухіліўся ад прамога адказу Шэрыф.
    “Дарэчы, — пацікавіўся Слядак, — вы злавілі Імбэцыла?”
    “Ловім”.
    “Я, урэшце, зайшоў не за гэтым, — сказаў Слядак. — Хачу спытаць: што вы ведаеце пра Зару?”
    “Надзвычайная сцерва, наколькі я ведаю”.
    “Мне трэба з ёй пагаварыць наконт яе мужа-нябожчыка”.
    “Ад яе стагналі і стогнуць усе яе падняволеныя, асабліва тыя, хто на «хіміі». Нехта ў Мегаполісе прыкрывае гэтую пачвару”.
    “Вось яно як...”
    У паўзе Слядак разглядаў брутальны твар Шэрыфа. Чымсьці яму той нават падабаўся. Хутчэй за ўсё, просталінейнасцю, але цяпер не той час, каб гэтая рыса характару садзейнічала ўдачы ці поспеху, а вось скараціць жыццё магла лёгка.
    “Ну, я пайшоў, — сказаў ён і падняўся з крэсла. — Прывет Імбэцылу”.
    Шэрыф усміхнуўся.
    “Хутка пабачыцеся. Ужо ўзялі яго след”.
    “Ну, а Зара, да слова вам не па зубах?”
    “А вам? Хіба не ў вас учора начавала адна з яе акальцаваных? — пакпіў яму ў спіну Шэрыф, калі Слядак ужо адчыняў дзверы. — Вось у яе ўсё, што вас цікавіць, і спыталі б”.
    “Вашаму сексоту цаны няма. Вы б яго ў памочнікі і вызначылі”, — усміхнуўшыся, адпарыраваў Слядак.
    Ён выйшаў вонкі, але пайшоў не да незнаёмай яму Зары, а назад, да Крэза. Там, як ён адчуваў, магчыма, і хаваецца тое, што яго цікавіць.
    Старога ў доме не аказалася. “Пэўна, пайшоў у краму”, — здагадаўся Слядак і раптам успомніў: той нешта прыхоўваў ля плота. Ён прыхапіў рыдлёўку і лёгка знайшоў месца, дзе зямля была свежаўскапанай і не паспела яшчэ высахнуць ад спёкі.
    Слядак паціху ўвагнаў лязо рыдлёўкі ў зямлю і выкінуў пясок. Нешта бразнула і бліснула на сонцы. Ён падняў — У руках у яго знаходзіўся электронны апазнавальны бранзалет, перапілаваны пасярэдзіне і скрыўлены. Слядак капнуў і выкапаў яшчэ два такія самыя. Ён таропка запіхаў іх у кішэню і аднёс рыдлёўку на месца.
    Прыкладна праз паўгадзіны вярнуўся стары. Крэз нёс сумку з ежай, тырчэла адтуль і рыльца бутэлькі, і ён быў яўна задаволены.
    “Што трэба ў трывожны час? — спытаў ён свайго кватаранта і тут жа адказаў сам сабе: — Шклянку віна і спакой, хіба не так?”