Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна
Артур Зельскі
Памер: 147с.
Мінск 2004
У той час, калі рымская армія знаходзілася яшчэ на пазіцыях каля г. Мелітэя, да Сулы дайшлі звесткі аб прыбыцці на тэатр ваенных дзеянняў новай пантыйскай арміі пад камандаваннем Дарылая. Лепшае войска, якое здолеў сабраць Мітрыдат, пераправілася праз Эгейскае мора і прыбыло ў Халкіду. Злучыўшыся з Архелаем, які заставаўся галоўнакамандуючым у Грэцыі, Дарылай высадзіўся ў Беотыі і заняў яе (мал. 4.1). Сула выступіў насустрач пантыйцам. Дарылай быў дастаткова самаўпэўнены ў сваім імкненні ўступіць у бой. Пры гэтым ён намякаў, што паражэнне пры Херанэі не абышлося без здрады (Plut., Sulla, XX). Можна меркаваць, што тут Дарылай проста агучыў тыя думкі, якія блукалі ў атачэнні цара Мітрыдата.
Дарэмна Архелай заклікаў не ўвязвацца ў адкрыты бой, але зацягваць вайну, прымушаючы рымлян да марнавання часу і сродкаў. Дарылай імкнуўся пачаць бой. Аднак першыя ж сутычкі з рымлянамі каля Цільфосія пераканалі Дарылая ў слушнасці Архелая. Пэўна, там пантыйцы панеслі значныя страты. Армія на чале з Архелаем заняла пазіцыі каля горада Архмены ў Беотыі. Там адбылася двухдзённая бітва, якая канчаткова вырашыла зыход вайны.
109
Але калі была гэтая бітва? У гістарыяграфіі на гэты конт няма адзінай думкі (гл. табл. 4.1). Існуюць і розныя падыходы пры апісанні ходу бітвы. Так, гісторык Т. Момзен лічыць, што бітва адбылася вясной 85 г. да н. э., а зіму 86/85 г. да н. э. Сула правёў у Афінах, хаця сам Т. Момзен у гэтым няўпэўнены [74, с. 520]. Гэтай жа думкі аб часе бітвы прытрымліваюцца Т. Харботл, Т. Н. Дзюпюі і Р. Э. Дзюпюі, Н. Н. Галаўкова [122, с. 339; 36, с. 197; 41, с. 147]. На думку іншых: Т. Рэйнака, Г. Блоха, Дж. Каркапіна, С. I. Кавалёва, Г. М. Ліўшыца і складальнікаў «Всемнрной нсторнн» гэтая бітва адбылася восенню 86 г. да н. э [182, р. 187; 158, р. 424; 45, с. 388; 58, с. 88; 81, с. 365]. Усе ж астатнія прыводзяць, не ўдакладняючы, дату 86 г. да н. э., верагодна, разумеючы пад гэтым лета гэтага года [184, р. 144; 151, s. 451; 143, р. 157; 198, s. 128; 153, р. 119; 151, р. 124; 149, s. 304; 142, s. 303; 107, с. 196; 40, с. 148; 8, с. 171; 66, с. 249; 102, с. 201; 61, с. 101].
Антычныя аўтары не пакінулі нам ніякіх звестак аб даце бітвы. Таму, зыходзячы з усяго вышэйсказанага, паспрабуем прыблізна разлічыць магчымы час бітвы. Вясной — летам 86 г. да н. э. пасля бітвы пры Херанэі ўспыхваюць паўстанні ў малаазійскіх гарадах, а таму неабходны час для іх падаўлення. Наўрад ці такі асцярожны чалавек як Мітрыдат рызыкнуў бы выправіць дастаткова моцнае войска за межы Малой Азіі да поўнага падаўлення паўстання. 3 другога боку — неабходны быў большменш значны час для збірання вайсковых кантынгентаў, назапашвання зброі, харчу і г. д. для новай арміі. Высадка Флака, яго супрацьстаянне з Сулай таксама маглі заняць усю вясну і значную частку лета 86 г. да н. э. Прыбыццё новай пантыйскай арміі, яе канцэнтрацыя ў Беотыі таксама патрабавалі часу. Бітва не магла адбыцца і позняй восенню — малаверагодна, каб Мітрыдат паслаў морам войскі ў перадпачатку восеньскіх штормаў. Атрымліваецца, што бітва пры Архамене хутчэй за ўсё адбылася напрыканцы лета — на пачатку восені 86 г. да н. э.
Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой і погляды гісторыкаў на гэтую бітву. Тут варта прыгадаць арыгінальную думку Г. Дэльбрука, які заявіў, што бітва пры Архамене, як, дарэчы, і пры Херанэі, не больш, чым плён фантазіі антычных аўтараў. Асноўным аргументам у яго служыць тое, што Мемнон не прыгадвае аб другой бітве ў Беотыі, што неверагодна вялікія лічбы колькасці пантыйскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў бітве, і іх страт, асабліва ў параўнанні з рымскімі, што Мітрыдат не мог утрымліваць такія масы войскаў зза фінансавых магчымасцей і, нарэшце, тое, што два апавяданні
110
пра бітву пры Архамене і пра бітву Гая Марыя з кімврамі і тэўтонамі вельмі падобныя адзін да аднаго. Пры гэтым сам Г. Дэльбрук не адмаўляе бітву пантыйцаў з рымлянамі, але кажа, што застанецца невядомым тое, як было на самай справе [32, с. 352—354]. Нам падаецца, што такі погляд з’яўляецца вынікам звышкрытычнага стаўлення да крыніц. Вядома, рымскія аўтары мелі на мэце ўзвелічэнне славы рымскай зброі — адсюль і вялікая колькасць войскаў праціўнікаў Рыма і мізэрнасць рымскіх страт, але не трэба думаць, што асноўную канву падзей крыніцы падаюць няслушна. Што тычыцца Мемнона, то гэты грэчаскі аўтар не прыгадвае і іншых падзей, якія ёсць у іншых крыніцах — напрыклад, марскую экспедыцыю Л. Лукула, аднак Г. Дэльбрук пра гэта не ўзгадвае. Цалкам можна пагадзіцца з аўтарам у тым, што войскі Мітрыдата былі значна меншыя па колькасці хаця б таму, што ўтрымліваць пастаянна вялікую масу салдат Мітрыдат наўрад ці здолеў бы.
Погляд іншых гісторыкаў менш арыгінальны, але таксама досыць спрэчны. Так, Р. Э. і Т. Н. Дзюпюі падаюць у сваім творы падобныя адна да адной апісанні бітваў пры Херанэі і Архамене [36, с. 196—197], Т. Момзен, Т. Харботл, Ф. Інар, В. Друман, Ш. Ліскен, А. Саван, Ш. Рален, Г. Блох, Дж. Каркапіна, Т. Рэйнак пры апісанні бітвы не заўсёды крытычна ставіліся да крыніц, цалкам узяўшы апавяданне пра бітву з Апіяна і Плутарха [74, с. 520—521; 122, с. 339; 40, с. 148—151; 150, р. 450—451; 143, р. 156—157; 184, р. 102—103; 158, р. 423—424; 182, р. 187— 189], якія прыводзяць розныя падрабязнасці, але не гавораць аб пастраенні войскаў.
Аднак існуе адно апісанне, якое змяшчае ў сабе досыць цікавыя падрабязнасці бою. Яно знаходзіцца ў «Стратэгемах» Франціна (Front., II, 3, 17), які паведамляе аб бітве паміж Архелаем і Сулай, не прыводзячы назву месца бітвы. Усе чамусьці вырашылі, што гаворка ідзе пра бітву пры Херанэі. Аднак у апісанні бітвы пры Херанэі ў Апіяна і Плутарха ёсць такія падрабязнасці, якіх няма ў Франціна, і наадварот, Францін кажа пра тое, што не прыгадваюць Апіян і Плутарх і што супадае з паведамленнямі Плутарха пра бітву пры Архамене1 (Арр., Mithr., 42; Pint., Sulla, XVII—XIX; Front., II, 3, 17).
Пераходзячы непасрэдна да разгляду бітвы, неабходна высветліць яшчэ адно пытанне — пра колькась войскаў. Апіян назы
1 Аб іншых аргументах на карысць Франціна гл. апісанне бітвы пры Херанэі ў главе 3.
111
вае лічбу 80 тыс. салдат арміі Дарылая і яшчэ 10 тыс. чалавек — рэшткі войска Архелая (Арр., Mithr., 42). Тую ж лічбу ў 80 тыс. пантыйцаў прыводзіць Плутарх (Sulla, XX). Еўтропій (V, 4) гаворыць аб 70тысячным войску. Усе яны і словам не гавораць аб колькасці арміі Сулы. Гэта дае нам падставы сумнявацца ў сапраўднасці прыведзеных лічбаў колькасці пантыйскай арміі. He трэба забываць, што Сула атрымаў падмацаванне хаця б у выглядзе авангарда арміі Флака, які перайшоў у яго лагер. Прыкладна такжа меркаваў і Г. Дэльбрук, калі выказваў здагадку аб магчымасці не толькі якаснай, але і колькаснай перавагі рымлян [32, с. 353]. Нам падаецца больш верагодным, што, калі колькасная перавага пантыйцаў і мела месца, то яна не магла быць ужо вельмі значнай. А дысцыплінаванасць, падрыхтоўка і лепшае ўзбраенне рымлян, як мінімум, ураўноўвалі шанцы на перамогу.
Сярод усіх мясцін Беотыі раўніна каля Архамена адрознівалася сваёй велічынёй. Мясцовасць была настолькі прыдатнай для разгортвання пантыйскай конніцы, што нават асцярожны Архелай вырашыў даць бой рымлянам. Войскі праціўнікаў сталі адзін насупраць аднаго лагерамі і пачалі выстройвацца для бою (мал. 4.2). Архелай паставіў у цэнтры серпаносныя квадрыгі, каб расстроіць шэрагі рымлян, на другой лініі — фалангу, створаную па прыкладу македонцаў, на трэцяй — узброеныя на рымскі ўзор дапаможныя атрады, дадаўшы да іх уцекачоўіталікаў, на ўпартасць якіх ён больш за ўсё разлічваў; лёгкаўзброеных ён размясціў ззаду. На фалангах пантыйскай арміі стаяла шматлікая конніца дзеля атачэння непрыяцеля (Front., II, 3, 17).
Сула, які добра засвоіў урокі бітвы пры Херанэі, калі пантыйская конніца прарвала яго цэнтральную лінію, аддаў загад пабудаваць не проста, як гэта было прынята, умацаваны лагер, але прадуманую сістэму палявых умацаванняў. Засцерагчы ад пантыйскай конніцы фалангі яго пазіцыі павінны былі равы шырынёй у 3 метры. Затым ён выстраіў пяхоту ў тры шэрагі, пакінуўшы інтэрвалы, па якіх ён мог бы, калі спатрэбіцца, выставіць лёгкаўзброеныя часці і конніцу, пакінутую ў ар’ергардзе. Далей ён загадаў салдатам другой лініі збудаваць палісад у выглядзе забітых у зямлю калоў, каб прадухіліць таранны ўдар калясніц (Front., II, 3, 17). Такія палявыя ўмацаванні былі створаны ці не ўпершыню ў гісторыі ваеннага мастацтва. Як бачым, рымскі военачальнік сур’ёзна ацэньваў свайго праціўніка. Зыходзячы з аналізу крыніц, мы можам падзяліць бітву на тры этапы.
112
Першы этап (мал. 4.2). He чакаючы, пакуль Сула закончыць будаўніцтва ўмацаванняў, Архелай аддаў загад атакаваць легіянераў, якія займаліся землянымі работамі. Пантыйская конніца моцным патокам абрынулася на ворага. Занятыя на будаўніцтве легіянеры былі рассеяны і ў паніцы пабеглі з поля бою. Праследуючы ўцекачоў, пантыйская кавалерыя змяла і частку выстраенага для бою войска. У гэтыя хвіліны вырашаўся не проста лёс гэтай бітвы, але і ўсёй кампаніі. Сула заклікамі і пагрозамі спрабаваў спыніць уцякаючых салдат, але тыя яго не слухалі. Тады Сула нібыта выхапіў з рук легіянера сцяг і са словамі: «Рымляне, тут напэўна я знайду славутую смерць, а вы запамятайце, што на пытанне, дзе вы здрадзілі свайму імператару, вам прыйдзецца адказваць — пры Архамене!», разам з атрадам целаахоўнікаў кінуўся насустрач насядаючым пантыйцам (Арр., Mithr., 49; Plut., Sulla, XXI; Front., II, 8, 12). He вельмі верыцца ў гэтыя пафасныя прамовы Сулы, больш вартыя герояў антычных тэатраў. Напэўна, усё было прасцей — рымскі палкаводзец мог проста загадаць сячы ўцякаючых салдат і тым паклаў канец паніцы. У любым выпадку, рашучыя дзеянні Сулы прымусілі рымлян спыніцца, што дазволіла камандзірам атрадаў аднавіць баявы парадак і пачаць бой. На дапамогу Суле з правага фланга падышлі дзве свежыя кагорты воінаў. Пантыйская кавалерыя вымушана была спыніцца і пачаць адыход. Сула ў сваю чаргу таксама адвёў сваіх крыху назад, даўшы магчымасць адпачыць і перастроіцца.
Другі этап (мал. 4.2). Пантыйцы аднавілі бой, і ў больш строгім парадку атакавалі рымлян. Дзеянні квадрыг былі няўдалымі — яны наляцелі на палісад і павярнулі назад, на сваіх, чым змяшалі македонскую фалангу. Зусім магчыма, што рымляне выкарысталі ў баі трыбулы — адмысловыя прыстасаванні для барацьбы з калясніцамі. Трыбулы ўяўлялі сабою чатыры збітыя завостраныя калы, якія, як іх не кінуць, моцна становяцца на тры калы, а чацвёртым, узнятым уверх, наносяць шкоду (Veg., Ill, 24). Праціўнікі сышліся ўшчыльную. Шалёнасць бітвы была такая вялікая, што пантыйскія лучнікі, не маючы магчымасці ў цеснаце страляць, пучкамі стрэлаў, сціснутых у кулаках, як мячамі, білі ворага (Plut., Sulla, XXI). Ф. Інар тлумачыць гэта інакш. На яго думку, лучнікі, якія абаранялі лагер, не мелі магчымасці страляць зза агульнага адступлення пантыйцаў [40, с. 149].