• Газеты, часопісы і г.д.
  • Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна  Артур Зельскі

    Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна

    Артур Зельскі

    Памер: 147с.
    Мінск 2004
    48.88 МБ
    118
    ўспыхнуў мяцеж. Консул Валеры Флак з самага пачатку паказаў сябе некампетэнтным у ваеннай справе чалавекам. Да таго ж салдаты былі незадаволены жорсткасцю пры пакараннях і карысталюбствам. Гэта скарыстаў легат Гай Флавій Фімбрыя, больш вопытны военачальнік, скіраваны сенатам на дапамогу Флаку. Камандуючы арміі і яго намеснік не цярпелі адзін аднаго. Урэшце справа дайшла да адкрытага разрыву. Фімбрыя прыгразіў, што пакіне армію. Тады Флак адхіліў яго ад камандавання і прызначыў новага намесніка — Квінта Муніцыя Ферта [40, с. 155]. Аднак Фімбрыя, дачакаўшыся, калі Флак ад’ехаў у Халкедон, заклікаў легіёны да мяцяжу, змясціўшы прызначанага Флакам камандзіра і абвясціўшы сябе галоўнакамандуючым. Флак спрабаваў знайсці прыстанішча спачатку ў Халкедоне, а пасля ў Нікамедыі, аднак быў схоплены і забіты па загаду Фімбрыі (Арр., Mithr., 51—52; Aur. Viet., LXX, 1—2; Pint., Sulla, XXIII; Memn., XXXIV, 2; Strab., XIII, 1, 27). Змена камандуючага адбілася на дзеяннях рымскай арміі, якая стала ваяваць больш рашуча і актыўна. Цікавую думку аб прычынах мяцяжу выказаў Г. Ферэра. Ён лічыў, што Фімбрыя западозрыў таемнае імкненне Флака перайсці да Сулы [153, р. 120]. Гэта, аднак, нічым не пацверджана.
    Прыбыццё новай рымскай арміі ў Малую Азію ўскладніла і без таго няпростае становішча Мітрыдата. Паражэнне на працягу года дзвюх лепшых армій у Грэцыі, актыўнасць рымскага флоту — усё сведчыла аб тым, што Пантыйскае царства прайграе вайну. Трэба было чакаць пераходу на рымскі бок значнай часткі малаазійскіх гарадоў. У гэтай сітуацыі ў Мітрыдата было некалькі магчымых варыянтаў дзеянняў.
    Папершае, паспрабаваць разграміць рымскую армію Фімбрыі і, карыстаючыся перавагай у караблях, не даць Суле пераправіцца ў правінцыю Азія, цягнучы час, чакаючы, пакуль Сула не пойдзе назад у Рым, дзе сітуацыя для яго ўсё больш і больш ускладнялася. Падругое, магчыма было дамовіцца аб міры з тым ці іншым рымскім военачальнікам і дачакацца, пакуль яны не стануць змагацца паміж сабой. Патрэцяе, можна было паспрабаваць заключыць саюз з Фібрыяй супраць Сулы ці наадварот.
    Сілы Пантыйскага царства былі яшчэ далёка не вычарпаны. Увесну 85 г. да н. э. новая пантыйская армія пад камандаваннем лепшых стратэгаў — Таксіла, Дыяфанта і Менандра пад агульным кіраўніцтвам Мітрыдата, сына пантыйскага цара, рушылі супраць Фімбрыі. Крыніцы не паведамляюць пра колькасць абедзвюх армій. Толькі Мемнон (Memn., XXXIV, 2) дадае, што на ба
    119
    ку Фімбрыі былі некаторыя полісы, адны з якіх перайшлі добраахвотна, іншыя — пад прымусам. Трэба думаць, што яны даслалі да Фімбрыі свае ваенныя атрады. Вядома таксама, што пантыйская армія колькасна пераважала рымскае войска.
    Баі ішлі з пераменным поспехам. Спачатку пантыйцам удалося пацясніць рымскую армію, якая панесла адчувальныя страты. Асноўная бітва адбылася ў Місіі каля горада Мілетопаля на рацэ Рындак (гл. мал. 4.1). Адносна гэтай бітвы маюцца розныя паведамленні Мемнона (XXXIV, 3) і Франціна (III, 17, 5). Францін паведамляе аб будаўніцтве ўмацаванняў і бітве рымлян з конніцай Мітрыдата, Мемнон — аб начным баі. Гісторык Ф. Інар у сваёй працы [40, с. 156], гаворачы пра гэтую бітву, грунтуецца толькі на паведамленні Франціна. Т. Момзен, Т. Харботл, Р. Э. і Т. Н. Дзюпюі толькі паведамляюць пра бітву, не даючы яе апісання [74, с. 523; 122, с. 296; 36, с. 197]. Нам падаецца, што антычныя гісторыкі паведамілі або пра розныя баі, якія мелі месца прыкладна ў адзін час адзін за адным, або аб двух баях адной бітвы, якая ішла некалькі дзён. Апошняе ўяўляецца больш верагодным.
    Пантыйская і рымская арміі сышліся каля Мілетопаля. Мясцовасць была азёрыстай (Strab., XII, 8, 10), што не спрыяла разгортванню пантыйскай кавалерыі. Фімбрыя ўмацаваў свае пазіцыі з флангаў — валамі, па цэнтры — равамі (мал. 4.3). На валах была размешчана частка войска. Конніца пантыйцаў атакавала рымлян і пацясніла іх. Аднак Фімбрыя здолеў трымаць легіянераў на насыпах да таго часу, пакуль пантыйцы не ўварваліся ў вузкую прастору паміж валамі, дзе конніцы было цяжка разгарнуцца. Тады рымляне і атакавалі коннікаў. Адыход з пасткі перарос ва ўцёкі. На полі бітвы засталося каля 6 тыс. чалавек (Front., Ill, 17, 5).
    Пантыйцы адышлі за раку Рындак. Верагодна, паводле рады стратэгаў, Мітрыдатмалодшы вырашыў даць бой на наступны дзень. Але Фімбрыя чакаць не стаў. Рымскі камандуючы разумеў, што заўтра яму можа не пашчасціць і пантыйцы не трапяцца зноў у пастку. Таму ён дзейнічаў хутка і рашуча. Карыстаючыся цемрай, ён перайшоў раку. Ішоў дождж, і пантыйскія вартавыя не заўважылі рымлян. Досвіткам Фімбрыя атакаваў пантыйцаў. Раптоўны напад на спячых зрабіў сваю справу — многія нават не паспелі прачнуцца. Арганізаваць супраціўленне было ўжо немагчыма. Пачалася разня і бязладныя ўцёкі пантыйскіх салдат. У гэтай бойні мала хто здолеў выратавацца. Мітрыдат разам з часткай коннікаў і камандзіраў збег у Пергам да бацькі (Memn., XXXIV, 3).
    120
    Няшчасце, што здарылася з пантыйскай арміяй пры Мілетопалі, мела значныя вынікі. Перамога, якую рымляне здабылі не ў сумленным баі, а хітрасцю, змяніла становішча пантыйцаў у правінцыі Азія. Тыя малаазійскія гарады, якія яшчэ вагаліся, адразу ж перайшлі на бок рымлян.
    Фімбрыя ішоў на Пергам з паўночнага ўсходу. Стала зразумела, што ўтрымаць новую сталіцу Понта не ўдасца. Да таго ж абараняцца ў горадзе, які не мае сувязі з морам, азначала асудзіць сябе на поўнае паражэнне. Рымляне без бою ўзялі Пергам (Айг. Viet., LXX, 2) і рушылі за адыходзячым Мітрыдатам. Пантыйскае войска на чале з царом заняло горадпорт Пітаны ў Элаіцкім заліве. Неўзабаве падышла армія Фімбрыі і пачала аблогу горада. Мітрыдат загадаў караблям свайго флоту неадкладна ісці ў Пітаны, каб мець магчымасць пакінуць горад (Plut., Luc., III).
    Баявых караблёў у Фімбрыі не было, і таму ён скіраваў паслоў да Лукула, чыя эскадра ў гэты час крэйсіравала непадалёк. Прапанова Фімбрыі была простая і, як заўважае Плутарх (Luc., Ill), далёка не пазбаўленая сэнсу: блакіраваць гавань Пітанаў з мора і
    Мітрыдат Мааодыы
    Пяхота
    ГСС^У^
    Умацаванні рымлян
    Конніца
    Роў
    Мал. 4.3. Бітва пры Мілетопалі
    121
    не даць Мітрыдату вырвацца з пасткі. Аднак Лукул на саюз з Фімбрыяй не пайшоў — той належаў да варожай яму групоўкі папуляраў. Хаця менавіта ў той момант рашучыя дзеянні Лукула маглі б дорага каштаваць Мітрыдату і, магчыма, прымусілі б яго да капітуляцыі. Так разлад паміж рымскімі военачальнікамі ў рэшце рэшт спрацаваў на руку пантыйцам. Мітрыдат, пасмяяўшыся з Фімбрыі, пагрузіў войска на караблі і перавёз яго ў горад Міцілену на востраў Лесбас (Арр., Mithr., 52).
    Аднак гэта быў апошні ваенны поспех пантыйцаў. У марскім баі каля мыса Лектума Траадскага Лукул перахапіў і знішчыў пантыйскую эскадру, што, магчыма, ішла на злучэнне з галоўнымі сіламі пантыйцаў. Наступны марскі бой адбыўся ля вострава Тэнедас, дзе на якарнай стаянцы знаходзілася эскадра на чале з Неапталемам. Калі пантыйскі стратэг заўважыў, што набліжаецца рымскі флот, то, каб не быць заспетым рымлянамі на якары, імкліва паплыў ім насустрач. Падчас бою Неапталем загадаў тараніць флагманскі карабель рымлян — радоскую пентэру, на якой знаходзіўся Лукул. Аднак сітуацыю выратаваў наварх Дамагор, які меў досвед вайны з пантыйцамі. Ён імкліва разгарнуў карабель і падставіў пад таран карму. Нанесены ўдар не зрабіў шкоды, бо не закрануў падводнай часткі карабля. Пасля Лукул разгарнуўся і атакаваў Неапталема. Урэшце пантыйская эскадра пачала адыходзіць, фактычна прызнаючы пройгрыш марскога бою (Plut., Luc., III).
    Даследчык Т. Лапошка адзначае, што ў гэтых двух баях з нешматлікімі пантыйскімі эскадрамі Лукул меў шчасце таму, што пантыйцы нідзе не скіравалі вялікіх сіл супраць яго караблёў [168, s. 325]. Сапраўды, пасля гэтых баёў Лукул больш не выпрабоўваў ваеннае шчасце і пайшоў да Херсанэса Фракійскага, дзе ў гэты час знаходзілася армія Сулы.
    Тым часам Фімбрыя на працягу лета 85 г. да н. э. авалодаў часткай Віфініі і паўночназаходняй часткай правінцыі Азія. Каб задаволіць сваіх салдат, ён аддаў ім на рабаванне гарады, што прыязна прынялі ў свой час пантыйцаў. Так была спустошана Нікамедыя, абабраны жыхары Кізіка і іншых гарадоў [40, с. 167]. Жыхары горада Іліён (старадаўняй Троі) зачынілі перад войскам Фімбрыі брамы і адправілі паслоў да Сулы з прызнаннем аб падпарадкаванні менавіта яму. Аднак гэта не выратавала Іліён. На адзінаццаты дзень аблогі Фімбрыя авалодаў горадам, перабіўшы амаль усіх жыхароў, не шкадуючы нікога, нават тых, хто хаваўся ў храме Афіны — людзі былі спалены разам з будынкам. Горад быў поўнасцю разбураны і зруйнаваны. Усё, што рымляне не маглі забраць,
    122
    яны знішчылі (Арр., Mithr., 53; Strab., XIII, 1, 27). Там Фімбрыю заспелі звесткі аб заключэнні міру ў Дардане.
    Мірныя перагаворы пачаліся яшчэ зімою 86/85 г. да н. э. каля гарадка Дэліі на беатыйскім узбярэжжы. Хто ж быў іх ініцыятарам? Згодна з Апіянам (Mithr., 54) і Еўтропіем (V, 4) — сам цар Мітрыдат, які загадаў стратэгу Архелаю пачаць перагаворы. Па звестках Плутарха (Sulla, XXII), іх пачаў сам стратэг Архелай, даслаўшы ў лагер Сулы дэласкага гандляра з прапановай аб асабістай сустрэчы. Ці мог пайсці на такі крок пантыйскі военачальнік самастойна? Верагодна, што так. Ён валодаў дастаткова шырокімі паўнамоцтвамі і, пераканаўшыся ў немагчымасці дасягнуць перамогі, мог пачаць перагаворы. На думку Т. Момзена і С. I. Кавалёва [74, с. 524; 45, с. 390], Мітрыдат пачаў дамаўляцца з Фімбрыяй і Сулай адначасова, але пасля канчаткова спыніўся на Суле. Перагаворы з Фімбрыяй таксама маглі мець месца, але пазней, пасля бітвы пры Мелітопалі, калі стала зразумела, што разграміць другую рымскую армію не ўдасца. Хаця магчыма, што пантыйскі цар і раней мог пасылаць сваіх агентаў да Фімбрыі з прапановамі саюза супраць Сулы.
    Аднак самымі цікавымі з’яўляюцца звесткі Мемнона (XXXV, 1) пра тое, што сам Сула быў ініцыятарам перагавораў, адправіўшы да Мітрыдата пасольства з прапановамі ўмоў міру. У параўнанні з паведамленнямі Апіяна (Mithr., 54—55, 56) і Плутарха (Sulla, XXIII), якія маляўніча перадаюць маналогі Сулы, сведчанне Мемнона падаецца больш аб’ектыўным, калі ён падкрэслівае імкненне да міру абодвух бакоў. Ва ўсякім разе складзеная сітуацыя падштурхоўвала да перагавораў і Сулу, і Мітрыдата. Рэзервы пантыйскай арміі былі вычарпаны, для падрыхтоўкі новых кантынгентаў неабходны быў час — а яго не было. Большая частка гарадоў правінцыі Азія перайшла на бок рымлян. Галатыя, Карыя, Лікія змагаліся з пантыйскім войскам. Пагоршылася ўнутранае становішча Пантыйскага царства. Супраць Мітрыдата адкрыта выступілі Калхіда і Баспор [24, с. 305; 56, с. 74; 73, с. 61].