• Газеты, часопісы і г.д.
  • Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна  Артур Зельскі

    Першая Пантыйская (Мітрыдатава) вайна

    Артур Зельскі

    Памер: 147с.
    Мінск 2004
    48.88 МБ
    127
    на рымскіх военачальнікаў, абвінаваціўшы іх у карысталюбстве. Верагодна, цар усё ж імкнуўся захаваць за сабою хоць частку заваяваных зямель. Аднак гэта не атрымалася. Сула, у сваю чаргу, абвінаваціў Мітрыдата ў падрыхтоўцы да вайны, у імкненні авалодаць Азіяй і знішчэнні вялікай колькасці рымлян і італікаў. Было зразумела, што ў выніку зрыву перамоваў вайна будзе працягвацца. Мітрыдат вымушаны быў пацвердзіць умовы ранейшай дамоўленасці з Архелаем. Мемнон (XXXV, 2) падае гэтыя ўмовы: Мітрыдат вяртае рымлянам правінцыю Азія, Віфініяй і Кападокіяй павінны кіраваць іх ранейшыя цары, за Мітрыдатам замацоўваюцца яго ранейшыя землі. Акрамя таго пантыйскі цар павінен быў выплаціць Суле 3000 талантаў, перадаць 80 трыер (згодна з Плутархам (Sulla, XXIII—XXIV) — 70 трыер і 2000 талантаў) для вяртання Сулы ў Рым. Са свайго боку рымляне абавязаліся не рабіць шкоды тым гарадам, што перайшлі на бок Мітрыдата. Гэты апошні пункт дамовы маецца толькі ў Мемнона. Т. Момзен [172, s. 299] лічыць яго малапраўдападобным. Але неабходна прыгадаць ранейшую палітыку Мітрыдата ў гарадах. Трэба думаць, што цар спадзяваўся захаваць прыхільнасць да сябе насельніцтва гэтых гарадоў, што магло яму спатрэбіцца ў будучых сутыкненнях з рымлянамі. Умовы Дарданскага міру не былі зафіксаваны пісьмова. Гэта скарысталі абодва бакі, прычым амаль адразу ж. Сула бязлітасна разрабаваў гарады, што перайшлі пад час вайны на бок пантыйскага цара, і абклаў усю правінцыю велізарнай кантрыбуцыяй у 20 тыс. талантаў. Легіянеры размяшчаліся на пастой у прыватных дамах, дзе гаспадар павінен быў сам выплочваць пастаяльцу 4 тэтрадрахмы штодня (сорак (!) звычайных платаў), а таксама карміць абедам яго самога і яго гасцей у любой колькасці. Цэнтурыён атрымоўваў штодня 50 драхмаў і дадаткова вопратку для дома і для вуліцы (Арр., Mithr., 61—63; Pint., Sulla, XXV). Усё гэта было непрыкрытым здзекам і бязлітасным рабаўніцтвам. Жыхары, якія не маглі ўсё гэта аплаціць, масамі прадаваліся ў рабства разам з сем’ямі. У гарадах адбываліся стыхійныя паўстанні былых рабоў, якіх гвалтоўна вярталі гаспадарам. На фоне гэтага ўчынкі Мітрыдата выглядаюць нейкай дробяззю — ён толькі пакінуў за сабою частку зямель Кападокіі (Арр., Mithr., 64).
    Неабходна адзначыць, што Дарданскі мір, які ў палітычным становішчы аднавіў status quo ante bellum, не задаволіў абодва бакі. Ён заключаўся не з прычыны канчатковых перамог ці паражэнняў, а быў толькі вынікам вымушаных саступак бакоў. Пасля заклю
    128
    чэння міру пачалі наракаць салдаты Сулы. Іх незадаволенасць каранілася не столькі ў тым, што Мітрыдат беспакарана вярнуўся ў Понт з большай часткай нарабаваных у Азіі скарбаў, а ў тым, што гэтая здабыча не дасталася ім. Таму Сула вымушаны быў публічна апраўдвацца, кажучы, што калі б Фімбрыя і Мітрыдат аб’ядналіся супраць яго, то ваяваць з імі было б не пад сілу (Pint., Sulla, XXIV). Ускосна, гэта сведчыць аб магчымасці ўсталявання такога саюза. Т. Момзен слушна зазначае [74, с. 525], што Сула добра разумеў, што калі б працягвалася вайна, у самым лепшым выпадку спатрэбіліся б гады, каб працягнуць барацьбу супраць цара, які панаваў амаль над усім узбярэжжам Чорнага мора.
    Усе падставы быць незадаволеным нявыгадным мірам меў і Мітрыдат. Hi армія, ні флот Понта не былі канчаткова разгромлены. У распараджэнні цара меліся дастатковыя матэрыяльныя сродкі. Таму на аўтара мірнага пагаднення, Архелая, пры двары цара паглядалі з падазронасцю. Акрамя таго Архелай сваімі ўчынкамі сам даў падставы для падазрэнняў. Пад час паходу Сулы на фракійцаў ён знаходзіўся ў рымскім лагеры, неабачліва прыняў ад Сулы падарунак у 10 тыс. плетраў зямлі на в. Эўбея. Сула аб’явіў яго «сябрам і саюзнікам рымскага народа» (Sulla, Conm., 17). Для заўжды падазронага Мітрыдата гэтага было дастаткова. Архелай быў абвінавачаны ў здрадзе і вымушаны быў уцякаць да рымлян (Sall., VI, 12). Ці мела месца здрада Архелая, альбо ён вымушаны быў здрадзіць, ратуючы сваё жыццё? Плутарх (Sulla, XXIII) намякае, што бітва пры Херанэі не была сумленнай, хаця і гаворыць, што Сула ў сваіх «Успамінах» абараняе сябе ад гэтых абвінавачванняў. Апошняе зразумела, бо перамога, здабытая несумленным шляхам, псавала імідж Сулы як бліскучага палкаводца. Ці можа гэта была тонка спланаваная акцыя рымлян, якія хацелі скампраметаваць аднаго з найлепшых пантыйскіх палкаводцаў? Калі так, то яна ім удалася. У далейшых войнах Архелай змагаўся супраць Мітрыдата на баку рымлян (Арр., Mithr., 64).
    Якія ж высновы можна зрабіць пра баявыя дзеянні пантыйскай арміі ў другім перыядзе вайны?
    Заганным паказала сябе імкненне пантыйскіх военачальнікаў разбіць рымлян у адной рашучай бітве. Як вынік — прайграныя бітвы пры Архамене і Мелітопалі. Пантыйская армія, якая не вельмі значна пераўзыходзіла рымскія войскі, саступала ім па ўсіх іншых параметрах. Відавочна, іншы вынік магла прынесці тактыка на зацягванне вайны.
    129
    Істотным фактарам, які ўплываў на дзеянні пантыйцаў, была наяўнасць на тэатры ваенных дзеянняў не адной, а дзвюх рымскіх армій. Гэта прымусіла галоўнае пантыйскае камандаванне падзяліць сілы для супрацьстаяння ім. Пантыйскае камандаванне памылкова імкнулася быць аднолькава моцным на азіяцкім і грэчаскім напрамках, забыўшы правіла, што паўсюль быць моцным немагчыма. Памылковым падаецца і імкненне паранейшаму быць наступаючым бокам, што выцякала ўжо з агульнай стратэгіі пантыйскага камандавання.
    Зусім не было спланавана ўзаемадзеянне арміі і флоту. Гэта прывяло да пераправы арміі Флака — Фімбрыі ў Азію, пры ўсёй відавочнасці, што істотнай колькасці баявых караблёў у рымлян быць не магло. Увогуле, увесь другі перыяд пантыйскі флот паводзіў сябе даволі пасіўна. Пры больш рашучых дзеяннях флоту і ўзаемадзеянні з піратамі вайна магла працягвацца яшчэ пэўны час. Падаецца, што пантыйскае камандаванне ашчаджала караблі. Навошта? Адной з магчымых прычын магла быць неабходнасць зберагчы флот для экспедыцыі на адкалоўшыйся Баспор. Нагадаем, што напрыканцы вайны пантыйскі флот налічваў 200 караблёў. Тыя 70 (альбо 80) трырэм, перададзеных Суле, — гэта эскадра Архелая, якая Мітрыдату ўжо фактычна не падпарадкоўвалася. Неабходна адзначыць, што некаторая частка флоту была пакінута ў Эгейскім моры. Гэта маглі быць караблі піратаў, што далучыліся да флоту Мітрыдата пад час вайны, альбо пэўным камандзірам былі перададзены караблі з загадам працягваць марскую вайну любымі сродкамі. Нездарма Апіян кажа (Mithr., 63), што напады марскіх разбойнікаў нагадвалі хутчэй ваенныя паходы, чым пірацкія налёты.
    Вельмі істотна на сітуацыю на тэатры ваенных дзеянняў паўплывалі паўстанні ў гарадах і краінах Малой Азіі. Дзеянні пантыйскай арміі былі скаваны падаўленнем мяцяжу, што дало рымскім арміям магчымасць адносна бесперашкодна дзейнічаць у Грэцыі.
    Заслугоўваюць увагі і дыпламатычныя захады Мітрыдата. Пачаўшы мірныя перагаворы з абодвума рымскімі камандуючымі, гэтым ён пасварыў іх паміж сабою канчаткова, не даўшы ім магчымасці аб’яднацца пад адным камандаваннем, што магло прывесці да больш цяжкіх вынікаў. Бо калі рымскія арміі ўсё ж аб’ядналіся пад камандаваннем Сулы, то ўжо пасля самагубства Фімбрыі (Арр., Mithr., 59—60; Plut., Sulla, XXV).
    ЗАКЛЮЧЭННЕ
    Так была скончана Першая Пантыйская вайна. Яна працягвалася чатыры гады і ўцягнула ў сваю арбіту дзесяткі розных народаў, якія знаходзіліся на розных ступенях па сваім сацыяльным, палітычным і эканамічным развіцці. Вайна каштавала гібелі сотняў тысяч людзей, знішчэння шматлікіх помнікаў матэрыяльнай культуры. Моцна была спустошана Грэцыя. Найбольш пацярпелі Беотыя і Атыка. Так, не здолелі адрадзіцца Фівы, і праз стагоддзі яны ўражвалі бязлюддзем, а жыхары, што засялялі акропаль, звалі яго Фівамі, а не Кадмеяй. Былі спустошаны гарады Архамены, Апалхамены, Галіярт, закінуты шматлікія храмы, якія стаялі без дахаў і без статуй (Paus., IX, 7, 4; IX, 33, 3; IX, 33, 6). Па асабістым загадзе Сулы былі разбураны тры беатыйскія гарады: Антэдон, Ларымна, Галея (Plut., Sull., XXVI) адразу пасля бітвы пры Архамене. Афіны, вельмі моцна спустошаныя, зноў адрадзіліся толькі пры імператары Адрыяне (118—138 гг.) (Paus., I, 20, 7).
    He менш пацярпелі і малаазійскія гарады — іх рабавалі ў тры заходы: спачатку асобныя з іх пантыйскія салдаты пры падаўленні мяцяжоў, а затым усіх запар легіянеры Фімбрыі, а пасля Сулы. Так, для выплаты велізарнай кантрыбуцыі ў 20 тыс. талантаў (амаль 524 тоны каштоўных металаў) гарады, не маючы сродкаў, вымушаны былі закладаць у ліхвяроў пад вялікі працэнт умацаванні, тэатры, гімнасіі, гавані і іншы грамадскі набытак (Арр., Mithr., 63). У давяршэнне ўсіх няшчасцяў у моры гаспадарнічалі піраты. Карыстаючыся бяздзейнасцю Сулы і безабароннасцю краіны, піраты рабілі напады не толькі на караблі, але і на мястэчкі, і нават гарады. Так былі разрабаваны Наксас, Самас, Клазамены і свяцілішча ў Самафракіі, храмы Асклепія ў Эпідаўры, Пасейдона на Істме і іншыя месцы. Паступова ў марскі разбой уцягнуліся дзесяткі тысяч людзей, і ў пачатку Трэцяй Пантыйскай вайны яны ўжо панавалі на ўсёй прасторы Міжземнага мора (Арр., Mithr., 63, 92—93; Plut., Pomp., XXIV—XXV). Амаль за ўсімі дзеяннямі піратаў адчувалася рука іх апекуна — Мітрыдата [201, s. 37—39].
    Зыходзячы з вышэйсказанага, нельга ідэалізаваць рымлян, лічачы іх вызваліцелямі [102, с. 203], а Мітрыдата называць усходнім дэспатам і султанам [74, с. 494, 521; 102, с. 205]. Такая ацэнка Т. Момзена і С. Ю. Сапрыкіна няслушная. Больш аб’ектыўна ацаніў ролю Мітрыдата Г. М. Ліўшыц, гаворачы, што цар быў са
    131
    маўладным ўладаром, і ў межах свайго царства з’яўляўся правадніком інтарэсаў пануючага класа рабаўладальнікаў. Лозунгі Мітрыдата аб вызваленні рабоў былі часовымі і не выцякалі з саміх асноў яго сацыяльнай палітыкі ў Пантыйскім царстве [58, с. 91].
    Няма ніякіх падстаў казаць аб міралюбівай палітыцы Понта. Як Рым, так і Понт змагаўся за панаванне на Усходзе. Іх барацьба — гэта барацьба двух драпежнікаў. Выступленні Мітрыдата VI у абарону народаў, прыгнечаных Рымам, — гэта толькі сродак для пашырэння межаў сваёй дзяржавы. Але ўсё ж аб’ектыўна, у выніку збегу шэрага акалічнасцей, ён стаў на чале антырымскага лагера, у авангардзе барацьбы з захопніцкай, драпежніцкай палітыкай Рыма на Усходзе. У гэтым заключаецца прагрэсіўны момант яго дзейнасці.