• Газеты, часопісы і г.д.
  • Планета людзей  Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Планета людзей

    Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 1984
    88.45 МБ
    — Эй, вы! Што вас так радуе?
    — Ды гэта ж канец свету!
    Мне робіцца ніякавата, калі я думаю, што ўсе гэтыя працаўнікі, усе гэтыя людзі з іх сціплымі абавязкамі, з іх самымі разнастайнымі вартасцямі ўжо сёння вечарам ператворацца ў пражорлівых насякомых, у саранчу.
    Вось-вось яны рассыплюцца па палях і пачнуць пажыраць ураджай.
    — Хто вас будзе карміць?
    — Хто яго ведае...
    Як забяспечыць харчамі мільёны бежанцаў на дарогах, па якіх можна рухацца толькі з хуткасцю ад пяці да дваццаці кіламетраў у дзень? Калі б харчы нават меліся, немагчыма было б іх падвезці.
    Гэтая мяшанка людзей і жалезнага лому нагадала мне Лівійскую пустыню. Мы з Прэво жылі на бязлюдным плато, укрытым чорным, зіхоткім на сонцы каменнем, быццам абцягнутым жалезнай бранёю.
    I я з нейкай роспаччу назіраю за гэтым відовішчам: ці доўга пражыве хмара саранчы, якая апускаецца на асфальт?
    — А каб напіцца, вы будзеце чакаць дажджу?
    — Хто яго ведае...
    Вось ужо дзесяць дзён праз іх вёску цягнуліся бежанцы з поўначы. Дзесяць дзён яны былі сведкамі вялікага перасялення. Цяпер надышла іх чарга. I яны
    займаюць сваё месца ў працэсіі. О, вядома, ні на што не спадзеючыся.
    — А мне ўсё-такі хацелася б памерці дома.
    — Кожнаму хацелася б памерці дома.
    I гэта праўда. Уся вёска рассыпаецца, як замак з пяску, хоць нікому не хочацца ехаць.
    Калі б у Францыі нават і меліся рэзервы, падкінуць гэтыя рэзервы аказалася б проста немагчыма, бо ўсе дарогі запруджаны. Можна было б — нягледзячы на паламаныя машыны, на машыны, што наляцелі адна на адну, на непазбежныя дарожныя заторы — сяк-так яшчэ можна было б рухацца па цячэнні, але што рабіць, калі трэба рухацца супроць яго?
    — Але ж няма ніякіх рэзерваў,— кажа мне Дзютэртр,— пяма чаго і хвалявацца, выходзіць.
    Ходзяць чуткі, што з учарашняга дня ўрад забараніў эвакуацыю вёсак. Але загады распаўсюджваюцца богведама як, бо рух на дарогах немагчымы. Што да тэлефонных ліній, дык яны перагружаныя, перарэзаныя або ненадзейныя. I потым, справа зусім не ў загадах. Справа ў тым, што трэба вынайсці новую мараль. Ужо тысячу гадоў людзям унушаюць, што жанчыны і дзеці павінны быць па-за вайной. Вайна — справа мужчын. Мэры выдатна ведаюць гэты закон, знаюць яго і памочнікі мэраў, і школьныя настаўнікі. I вось яны нечакана атрымліваюць загад забараніць эвакуацыю, гэта значыць, змусіць жанчын і дзяцей заставацца пад бамбёжкай. Ім спатрэбіўся б цэлы месяц, каб прызвычаіць сваю свядомасць да новых абставін. Нельга адным махам перавярнуць цэлую сістэму мыслення. А вораг наступае. I тады мэры, іхнія памочнікі і настаўнікі гоняць сваіх падапечных на вялікую дарогу. А іпто астаецца рабіць? Дзе яна, тая праўда? I брыдуць гэтыя авечкі без пастуха.
    ■— Ці няма тут доктара?
    — Вы што, не тутэйшыя?
    — He. Мы здалёку, з поўначы.
    — А навошта вам доктар?
    — Жонка мая вось-вось пародзіцца на калёсах...
    Сярод кухоннага посуду, сярод запаланіўшага ўсё жалезнага ламачча, як на цернях...
    — Хіба вы не ведалі, што гэта адбудзецца?
    — Мы ўжо чатыры дні ў дарозе.
    Дарога — гэта няўмольны паток. Дзе прыпыніцца? Паток змятае на сваім шляху вёскі, якія адна за адной лопаюцца і ўліваюцца ў яго, як у агульную сцёкавую канаву.
    — He, доктара тут няма. А наш за дваццаць кіламетраў адсюль.
    — А! Ну што ж...
    Мужчына выцірае лоб. Усё абрынаецца. Ягоная жонка раджае на калёсах, між кухоннага посуду. I ва ўсім гэтым няма ні кроплі жорсткасці. Гэта найперш за ўсё да дзікасці бесчалавечна. Ягоная жонка восьвось памрэ, а ён не жаліцца. Вось так. Нейкі кашмарны сон.
    — Калі б хоць дзе-небудзь можна было прыпыніцца...
    Знайсці дзе-небудзь сапраўдную вёску, сапраўдную гасцініцу, сапраўдную лякарню... Але і лякарні таксама эвакуіруюць богведама чаму! Гэткае ўжо правіла гульні. Няма калі прыдумляць новыя правілы. Знайсці дзе-небудзь сапраўдную смерць! Але сапраўднай смерці болей няма. Ёсць чалавечыя целы, якія псуюцца, як аўтамабілі.
    Усюды я адчуваю гэтую неабходнасць, якая страціла ўсялякі сэнс, неабходнасць, якая перастала ўжо быць неабходнасцю. Людзі адольваюць пяць кіламетраў у дзень, ратуючыся ад танкаў, якія за гэты час паспяваюць бездаражжу прайсці сотні кіламетраў, і
    ад самалётаў, якія ляцяць з хуткасцю шэсцьсот кіламетраў у гадзіну. Гэтак выцякае сіроп, калі перакуліць бутэльку. Жонка гэтага чалавека раджае, а часу ў яго хоць адбаўляй. Дапамога неабходна неадкладна, у гэтую вось хвіліну. I разам з тым, у гэтым ужо няма ніякай неабходнасці. Усё завісла ў хісткай раўнавазе паміж хвілінай і вечнасцю.
    Усё запаволілася, як рэфлексы паміраючага. Агромністы статак даведзены да знямогі перад варотамі бойні. Колькі ж іх, каму наканавана загінуць на гравійцы,— пяць, дзесяць мільёнаў?.. Цэлы народ стомлена і панура топчацца на парозе вечнасці.
    Я сапраўды не ўяўляю, як ім удасца выжыць. Чалавек не можа прахарчавацца веццем. Людзі і самі падсвядома разумеюць гэта, але іх не апаноўвае жах. Выбітыя з каляіны, адарваныя ад сваёй працы, ад сваіх абавязкаў, яны страцілі ўсё сваё значэнне. Самая іх асоба — і то сцерлася. У іх амаль нічога не засталося ад іх саміх. Яны амаль не існуюць. Потым, пасля, пазней яны навыдумляюць сабе болей узвышаных пакут, але зараз яны пакутуюць галоўным чынам ад таго, што ў іх занямела сярэдзіна ад занадта цяжкага грузу, ад занадта шматлікіх клункаў, якія парастрэсваліся, і з посцілак выпадае ўсё дарэшты, ад таго, што занадта часта даводзіцца пхаць машыну, каб яна завялася.
    Пра паражэнне — ні слова. Яно і так навідавоку. Вы не маеце патрэбы гаварыць пра тое, што складае вашу сутнасць. Гэтыя людзі і ёсць само паражэнне.
    Перада мной раптоўна ўзнікае жахлівы вобраз Францыі, з якой вывальваюцца вантробы. Трэба неадкладна зашываць. Нельга траціць ні секунды: гэтыя людзі асуджаныя...
    Вось яно, пачалося ўжо. Яны ўжо задыхаюцца, як рыба, выкінутая з вады:
    — Ці не знойдзецца ў вас малака?..
    Памрэш са смеху ад такога пытання!
    — Мой сынок нічога не піў ад учарашняга дня...
    I гэта шасцімесячнае немаўлятка, якое пакуль яшчэ моцна крычыць. Але гэты крык працягнецца нядоўга: рыбка, выкінутая з вады... Тут пяма малака. Тут няма нічога, апрача жалезнага ламачча. Нічога — толькі безліч гэтага непатрэбнага жалезнага ламачча, якое, рассыпаючыся на кожным кіламетры, сеючы гайкі, вінты, кавалкі бляхі, падштурхоўвае цэлы народ да гэтага жахлівага перасялення і валачэ яго ў нябыт.
    Ходзяць чуткі, што трохі паўднёвей дарогу абстрэльваюць самалёты. Пагаворваюць нават пра бомбы. Мы сапраўды чуем глухія выбухі. Значыць, гавораць недарма.
    Але гэта не палохае натоўп. Здаецца, ён нават трошкі пажвавеў. Гэтая рэальная небяспека здаецца яму меней страшнаю, чым пагроза захраснуць у жалезным ламаччы.
    Ах, якую цудоўную схему намалююць пазней гісторыкі! Якіх толькі высяў не панавыдумляюць, каб надаць сэнс гэтаму вэрхалу! Яны ўхопяцца за выказванне якога-небудзь міністра, за рашэнне якога-небудзь генерала, за нараду якой-небудзь камісіі! I з гэтага параду прывідаў створаць гістарычныя паседжанні, на некага ўскладзецца адказнасць, некага абвесцяць даволі празорлівым... Яны прыдумаюць, што нехта згаджаўся, нехта пярэчыў, адзін гаварыў прамову ў стылі Карнэля, другі ўчыняў здраду. Я выдатна ведаю, што такое эвакуіраванае міністэрства. Неяк мне давялося наведаць адно з іх. Я адразу зразумеў, што ўрад, які пакінуў сваю рэзідэнцыю, перастае быць урадам. Гэта як з чалавечым целам. Калі пачаць перасоўваць жывот туды, печань сюды, вантробы яшчэ некуды — то ўсё гэта ўжо не будзе складаць аргапізма. Я прабыў дваццаць хвілін у міністэрстве авіяцыі. Гэ-
    та праўда, міністр можа ўздзейнічаць на свайго сакратара. Уздзейнічаць проста цудадзейным чынам! Бо міністра з сакратаром яшчэ звязвае провад званка. Непашкоджаны провад званка. Міністр націскае на кнопку, і сакратар з’яўляецца.
    А гэта ўжо вялікая ўдача.
    — Машыну,— загадвае міністр.
    На гэтым ягоная ўлада канчаецца. Сакратар выходзіць. Але сакратар не ведае, ці існуе на свеце аўтамабіль міністра. Электрычны провад не звязвае сакратара з шафёрам аўтамабіля. Шафёр загубіўся дзесьці ў сусвеце. Што могуць яны, урадаўцы, ведаць пра вайну? Сувязь настолькі разладзілася, што нават нам — і то спатрэбіўся б цэлы тыдзень, каб выслаць бамбардзіроўшчыкаў на выяўленую намі танкавую дывізію. I якія звесткі могуць атрымаць кіраўнікі пра гэтую краіну, з якой вывальваюцца вантробы? Данясенні распаўсюджваюцца з хуткасцю дваццаці кіламетраў у дзень. Тэлефоны перагружаны або сапсаваны і не могуць перадаць ва ўсёй паўнаце Сутнасць, якая ў гэты момант развальваецца на шматкі. Урад вісіць у пустэчы, у палярнай пустэчы. Час ад часу да яго даходзіць адчайны лямант аб паратунку, аднак гэты лямант абстрактны, ён зведзены да трох радкоў. Скуль кіраўнікам ведаць, ці не памерлі ўжо з голаду дзесяць мільёнаў французаў? А лямант дзесяці мільёнаў чалавек умяшчаецца ў адну фразу. Патрэбна фраза, каб нешта сказаць:
    — Прыйдзіце а чацвёртай гадзіне да X.
    Або:
    — Кажуць, загінула дзесяць мільёнаў чалавек. Або:
    — Блуа палае.
    Або:
    — Нарэшце адшукалі вашага шафёра.
    I ўсё гэта адным і тым жа тонам. Без выключэння.
    Дзесяць мільёнаў чалавек. Машына. Усходняя армія. Еўрапейская цывілізацыя. Адшукалі шафёра. Англія. Хлеб. Якая гадзіна?
    Я даю вам сем літар. Гэтыя сем літар узяты з Бібліі. Ану, паспрабуйце ўзнавіць па іх Біблію!
    Гісторыкі забудуць рэальныя падзеі. Яны навыдумляюць нейкіх разважных людзей, таемнымі повязямі звязаных з сусветам, у якім усё для іх было зразумела, здольных на глыбокія падагульненні і на важныя вывады па ўсіх чатырох правілах картэзіянскай логікі. Яны сумеюць адрозніць сілы дабра ад сіл зла. Герояў ад здраднікаў. Але я задам простае пытанне:
    — Каб здрадзіць, трэба быць адказным за нешта, нечым распараджацца, на нешта ўздзейнічаць, нешта ведаць. Па цяперашнім часе для гэтага трэба быць геніем. Чаму ж, дазвольце запытацца, здраднікаў не ганаруюць ордэнамі?
    Усюды спакваля ўжо праглядвае воблік міру. Але не таго выразна абмаляванага міру, што, як новы гістарьічны этап, звычайна наступае па войнах, канчаткова завершаных дагаворамі. Гэта нейкі няўцямны перыяд, гэта канец усяго. Канец, які ніяк не можа прыйсці да канца. Балота, у якім у рэшце рэшт вязне ўсякі парыў. Набліжэння развязкі — добрай ці кепскай — не адчуваецца. Хутчэй наадварот. Усё спакваля апускаецца ў гніль часовага, якое здаецца вечным. Развязкі не будзе, бо няма за што ўхапіцца, каб выцягнуць краіну з гэтага стану, як выцягваюць тапельніцу, заматаўшы на руку яе валасы. Усё зруйнавана. I нават пры самым энергічным намаганні ў руцэ застаецца толькі пасмачка валасоў. Наступаючы мір — не плод рашэння, прынятага чалавекам. Гэты мір бярэ сваё, як праказа.