Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
Магчыма, некалі потым я зразумею, што адзіным маім сапраўдным подзвігам у вайну было тое, што звязана з маім пакоем у Арконце.
XI
У Арконце — вёсцы паблізу Сэн-Дзізье, дзе суровай зімой трыццаць дзевятага года базіравалася мая група,— я жыў у глінабітным дамку. Ноччу тэмпература ў ім падала настолькі, што вада ў маім збане ператваралася ў лёд, і перш чым апранацца, я распальваў грубку. Але для гэтага мне прыходзілася пакідаць нагрэтую пасцель, дзе я з такой асалодай скручваўся ў клубочак.
Для мяне не было нічога лепшага, чым гэты жалезны манашаскі ложак у пустым і выхаладжаным пакоі. Тут я ўпіваўся бяспекай. Нішто не пагражала мне тут. Удзень маё цела падвяргалася суровым выпрабаванням вялікай вышыні, удзень яго падсцерагалі смертаносныя асколкі. Удзень маё цела магло стаць і’няздом пакут, яго маглі несправядліва пашкуматаць на кавалкі. Удзень маё цела не належала мне. Болей не належала. Яго маглі пазбавіць рук, ног, з яго маглі выпусціць кроў. Таму што — і гэта таксама толькі на вайне — ваша цела ператвараецца ў кладоўку з рэчамі, якія ўжо не ваша ўласнасць. З’яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы вочы. I вьі аддаяце яму сваю здольнасць бачыць. З’яўляецца судовы выканаўца і патрабуе вашы ногі. I вы аддаяце яму сваю здольнасць хадзіць. З’яўляецца судовы выканаўца і патрабуе ўсю скуру з вашага твару. I вы ператвараецеся ў
патароча, аддаўшы яму, як выкуп, сваю здольнасць прыязна ўсміхацца людзям. I гэтае цела, якое ў той жа самы дзень магло аказацца маім ворагам і зрабіць мне балюча, цела, якое магло ператварыцца ў фабрыку стогнаў,— гэтае цела пакуль яшчэ заставалася маім сябрам, паслухмяным і шчыраверным, утульна ўмошчаным у пасцелі, яно драмала над нагрэтай коўдрай і прызнавалася маёй свядомасцю адзіна ў асалодзе быцця, свядомасць адзначала адно ягонае шчаслівае пасопванне. Але мне, хоч не хоч, трэба было вырваць яго з пасцелі, вымыць ледзяной вадой, пагаліць і апрануць, каб у такім бездакорным выглядзе аддаць яго на волю жалезных асколкаў. I было такое ўражанне, што я, выцягваючы сваё цела з пасцелі, нібы вырываю дзіця з матчыных абдымкаў, адрываю яго ад матчыных грудзей, ад усяго, што ў маленстве мілуе, песціць, аберагае цельца дзіцяці.
Нарэшце, добра ўзважыўшы і абдумаўшы сваё рашэнне і адцягнуўшы яго выкананне, я, сціснуўшы зубы, адным скокам вылятаў з ложка да грубкі, дзе яшчэ звечара былі накладзены дровы, і паліваў іх бензінам. Потым ліхаманкава чыркаў запалкай і ў наступную секунду куляй ляцеў назад і зноў зарываўся ў яшчэ цёплую пасцель і адтуль, забіўшыся пад коўдру і пярыну, адным толькі левым вокам цікаваў за грубкай. Спачатку дровы не надта браліся гарэць, потым па столі пачыналі прабягаць дрыготкія водсветы полымя. Затым агонь ахопліваў усё бярэмя: так весялосць ахоплівае гасцей на ўдалым свяце. Дровы пачыналі трашчаць, гусці і спяваць. Рабілася весела, як на вясковым вяселлі, калі госці трошкі прыхмялеюць і пачынаюць шумець і паштурхоўваць адзін аднаго локцямі.
А часам мне здавалася, што мой добры агонь пільна ахоўвае мяне, як жвавы вартавы сабака, які аддана служыць свайму гаспадару. Я глядзеў на агонь і адчуваў таемную вялікую радасць. I калі свята было
ў самым разгары, і цені весела скакалі па столі, і гучала гэтая гарачая залатая музыка, і па кутках грубкі пачыналі грувасціцца гурбы жару, калі ўвесь пакой напаўняўся цудадзейным водарам смалы і дыму, тады я, не задумваючыся, пакідаў аднаго сябра дзеля другога, я бег з пасцелі да агню, аддаючы перавагу шчадрэйшаму сябру, і сапраўды цяжка сказаць, падпякаў я сабе жывот ці саграваў сэрца. 3 дзвюх спакус я маладушна паддаваўся болей зваблівай, болей зіхоткай, той, якая званчэй і ярчэй выстаўляла сябе напаказ.
I гэтак тройчы: спачатку, каб распаліць грубку, потым, каб зноў нырнуць у ложак, нарэшце, каб вярнуцца і сабраць ураджай цяпла,— тройчы, ляскаючы зубамі, я адольваў ледзяную пустыню майго пакоя і ў пэўнай ступені спазнаваў, што такое палярная экспедыцыя. Я нёсся цераз пустыню да шчаслівага прызямлення, і я быў узнагароджаны гэтым гарачым агнём, які танцаваў перада мною, для мяне, свой танец шчыравернага сабакі.
Усё гэта быццам нічога не варта. А для мяне гэта было сапраўдным подзвігам. Мой пакой з усёй відавочнасцю раскрыў перада мною тое, чаго я ніколі не змог бы ўгледзець у ім, калі б мне давялося трапіць сюды звычайным турыстам. Тады ён паказаўся б нечым неадметным, голым пакоем з адзіным ложкам, збаном з вадой і нягеглай грубкай. Я пазяхнуў бы ў ім раз-другі — і толькі. Як мог бы я распазнаць у ім тры ягоныя воблікі, тры ягоныя царствы: сну, агню і пустыні? Як мог бы я прадчуць усе метамарфозы цела, якое спачатку было целам дзіцяці, што прыгарнулася да матчыных грудзей, сагрэтае і абераганае, потым целам салдата, створаным на пакуты, потым целам чалавека, узбагачанага радасцю валодання агнём, вакол якога збіраецца ўсё племя? Агонь надае пашаноты і гаспадару, і яго гасцям. Калі яны адведваюць сябра,
прымаюць удзел у свяце ягонага дома, яны сядаюць каля агню і дзеляцца сваімі надзённымі клопатамі, вядуць размову пра свае трывогі і работу і, паціраючы рукі і пасмоктваючы люлькі, прызнаюцца: «Да чаго ж хораша пасядзець каля агеньчыка!»
Але няма болей агню, каб я мог паверыць у пяшчоту. Няма болей выхаладанага пакоя, каб я мог паверыць у подзвіг. Я ачынаюся ад сваіх летуценняў. Ёсць толькі абсалютная пустка. Ёсць толькі глыбокая старасць. Толькі адзіны голас, голас Дзютэртра, які дае мне спакою сваёй фантастычнай просьбай:
— Дайце-тка левай нагой, пан капітан...
XII
Я спраўна выконваю сваю работу. Нягледзячы нават на тое, што мы — экіпаж, якому наканавана пагібель. Я занураны ў атмасферу паражэння. Паражэнне праточваецца зусюль, і адмету яго я нават трымаю ў руцэ.
Рукаяткі сектара газу заледзянелі. Я вымушаны ісці на поўным рэжыме. I вось гэтыя дзве жалезныя трубачкі ставяць мяне перад невырашальнымі праблемамі.
На маім самалёце мяжа павелічэння шагу вінтоў моцна заніжана. Калі я буду пікіраваць на поўным газе, мне наўрад ці ўдасца пазбегнуць хуткасці васьмісот кіламетраў у гадзіну і раскруткі вінтоў. А раскрутка вінтоў можа выклікаць палом вала.
У крайнім выпадку, я мог бы выключыць запальванне. Але тады непазбежна гарантавана аварыя. Гэтая аварыя павядзе да зрыву задання і, магчыма, да страты самалёта. He ўсякая мясцовасць прыгодна для пасадкі машыны, якая датыкаецца да зямлі з хуткасцю сто восемдзесят кіламетраў у гадзіну.
Значыць, чаго б гэта ні каштавала, трэба арухо-
міць рукаяткі. Пасля першага намагання мне ўдаецца адкруціць левую. Але правая ніяк не паддаецца.
Цяпер я мог бы знізіцца на дапушчальнай хуткасці, збавіўшы абароты хоць аднаго, левага, матора, з якім я ўжо магу спраўляцца. Але калі я зменшу колькасць абаротаў левага матора, тут жа ўзнікне бакавая цяга правага, які непазбежна пацягне самалёт улева. Мне давядзецца процідзейнічаць гэтаму. Педалі ж, ад якіх залежыць гэты манёўр, таксама ўсе заледзянелі. Значыць, я нічога не патраплю зрабіць. Калі я зменшу абароты левага матора, дык пайду ў штопар.
Такім чынам, у мяне няма іншага выйсця, як пайсці на рызыку пераўзысці мяжу колькасці абаротаў, за якой тэарэтычна магчымы разрыў вала. Тры тысячы пяцьсот абаротаў: пагроза разрыву.
Усё адно бязглуздзе. Усё сапсавана. Наш свет складаецца з безлічы шасцяронак, якія не дапасоўваюцца адна да адной. I справа не ў механізмах, а ў гадзіншчыку. Няма гадзіншчыка.
Мы ваюем ужо дзевяць месяцаў, а нам дагэтуль не ўдалося дамагчыся, каб заводы, якія выпускаюць кулямёты і сістэму кіравання, прыстасавалі іх да ўмоў вялікай вышыні. I адбываецца гэта зусім не з-за нядбайства людзей. Людзі, у большасці сваёй, сумленныя і рупныя. Іх абыякавасць амаль заўсёды вынік, а не прычына марнасці іх намаганняў.
Гэтая марнасць гняце на ўсіх нас, як нейкая наканаванасць. Яна гняце пехацінцаў, узброеных штыхамі супроць танкаў. Яна гняце нават на тых, якія павінны былі б займацца ўдасканальваннем кулямётаў і сістэм кіравання.
Мы жывём у сляпым чэраве адміністрацыі. Адміністрацыя — гэта машына. Чым яна дасканальней, тым меней месца пакідае яна для ўмяшання чалавека. Прьі
існаванні бездакорнай адміністрацыі, дзе чалавеку адведзена роля шасцяронкі, яго лянота, несумленнасць, несправядлівасць ніяк не можа праявіцца.
Гэтак як машына, створаная выконваць раз назаўжды прадугледжаныя аперацыі, так і адміністрацыя не здольна на які-небудзь творчы акт. Яна распараджаецца. Яна абумоўлівае адпаведнае пакаранне адпаведнай правіны, адказвае пэўным рашэннем пэўнай задачы. Адміністрацыя не створана для таго, каб рашаць новыя задачы. Калі ў штампавальны станок увесці кавалак драўніны, ён не стане выпускаць мэблю. Каб прыстасаваць яго да гэтага, чалавек павінен мець права перарабіць яго. Але ў адміністрацыі, створанай прадухіляць непажаданае чалавечае ўмяшанне, шасцяронкі адпрэчваюць волю чалавека. Яны і блізка не падпускаюць Гадзіншчыка.
Я прыйшоў у групу 2/33 у лістападзе. Як толькі я з’явіўся, таварышы папярэдзілі мяне:
— Цяпер будзеш сноўдацца над Германіяй, і без кулямётаў, і без сістэм кіравання.
А каб суцешыць, дадалі:
— He хвалюйся. Яно ўсё роўна ні да чаго. Знішчальнікі заўсёды збіваюць нас раней, чым мы паспяваем заўважыць іх.
I вось у маі, праз шэсць месяцаў па гэтай размове, кулямёты і сістэмы кіравання па-ранейшаму замярзаюць.
Я прыгадваю выслоўе, старажытнае, як мая краіна: «Калі ўжо здаецца, што Францыі хана, яе выратоўвае цуд». Я зразумеў, чаму гэта так. Калі якая-небудзь страшная катастрофа касавала нашу выдатную адміністратарскую машыну і рабілася ясна, што адрамантаваць яе немагчыма, тады, за недахопам лепша-
га, яе замянялі звычайнымі людзьмі. I гэтыя людзі выратоўвалі ўсё.
Калі варожая бомба развее попелам міністэрства авіяцыі, тады спешна выклічуць першага-лепшага капрала і скажуць яму:
— Даручаем вам дамагчыся, каб кіраванне не замярзала. Вам даюцца неабмежаваныя правы. Прымайцеся за работу. Але калі праз два тыдні яно па-ранейшаму будзе замярзаць, вы пойдзеце на катаргу.
Тады, магчыма, кіраванне размарозіцца.
Я магу прывесці сотні прыкладаў гэтага ганебнага адміністрыравання. У адным з паўночных дэпартаментаў камісія інтэнданцтва рэквізавала цельных кароў і ператварыла бойні ў могільнік цялят, якія так і не выйшлі з мацярынскага ўлоння. Ніводзін вінцік гэтай машыны, ніводзін палкоўнік інтэнданцкай службы не мог дзейнічаць іначай, а толькі як вінцік. Усе яны падпарадкоўваліся іншаму вінціку, як у гадзінніку. Усякі пратэст быў бы бескарысны. Вось чаму, як толькі гэтая машына стала развальвацца, яна штосілы ўзялася рэзаць цельных кароў. Гэта, бадай, было яшчэ найменьшае зло. He дай божа больш сур’ёзнай паломкі, дык яна, чаго добрага, пачне прырэзваць інтэнданцкіх палкоўнікаў.