Планета людзей  Антуан дэ Сент-Экзюперы

Планета людзей

Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
88.45 МБ
— Я шукаў яго, так шукаў... Ён мне вельмі дарагі, але ў такой цемрадзі, што хоць вока выкалі...
Канечне, жыццё навучыла яго адчуваць плынь часу і любіць звыклыя рэчы. I для ўспрымання свету, хай сабе і абмежаванага абвалам і цемрай, у ягоным распараджэнні меліся пачуцці толькі таго чалавека, якім ён быў. I на галоўнае пытанне, якое ніхто так і не здолеў яму задаць, але якое круцілася ўва ўсіх на языку: «Кім вы былі? Каго вы там выявілі ў сабе?» — ён змог бы адказаць толькі адно: «Самога сябе...»
Ніякая акалічнасць не абудзіць у нас чужынца, пра якога мы раней і не здагадваліся. Жыць — зна-
чыць паволі нараджацца. Гэта было б занадта лёгка — адразу набываць гатовыя душы!
Часам здаецца, што раптоўнае прасвятленне можа цалкам перавярнуць чалавечы лёс. Але прасвятленне азначае толькі тое, што Духу знячэўку адкрылася спакваля рыхтаваная дарога. Я доўга вывучаў граматыку. Мяне вучылі сінтаксісу. Абудзілі мае пачуцці. I вось неспадзеўкі ў сэрца маё пастукалася паэма.
Канечне, зараз я не адчуваю любові, але калі сёння ўночы нешта абудзіцца ўва мне, значыць, яшчэ раней я працаваў і насіў камяні для нябачнай будыніньг. I я не буду мець права гаварыць пра неспадзяванае з’яўленне ўва мне нейкага іншага чалавека, а не самога сябе, бо гэтага іншага ствараю я сам.
Ад усіх маіх ваенных прыгод мне няма чаго чакаць нічога іншага, апрача гэтай нетаропкай падрыхтоўкі. Яна акупіцца потым як граматыка...
Гэтае паступовае знясіленне прытупіла ў нас адчуванне жыцця. Мы старэем. Заданне старыць. Чаго каштуе палёт на вялікай вышыні? Адна гадзіна, пражытая на вышыні дзесяць тысяч метраў,— якому часу адпавядае яна — тыдню, тром тыдням, месяцу нармальнага жыцця арганізма, нармальнай работы сэрца, лёгкіх, артэрый? Зрэшты, якая розніца! Мая млосць састарыла мяне на вякі: мяне ахінуў ціхамірны спакой старца. Усё, што хвалявала, калі я рыхтаваўся да вылету, здаецца мне бясконца далёкай мінуўшчынай. Як Арас — бясконца далёкай будучыняй.
Ну, а ваенныя прыгоды? Дзе яны, гэтыя ваенныя прыгоды?
Усяго хвілін дзесяць назад я ледзь не загінуў, a мне няма пра што расказваць, хіба што пра гэты рой дробненькіх вос, які прамільгнуў перада мною за тры секунды. Сапраўдная ж прыгода заняла б усяго дзесятую долю секунды. Але ніхто з нас не вяртаецца, не вяргаецца ніколі, каб расказаць пра яе.
— Вазьміце трошкі лявей, пан капітан.
Дзютэртр забыў, што педалі заледзянелі! А мне прыгадваецца адзін малюнак, які вельмі ўразіў мяне ў маленстве. На малюнку на фоне палярнага ззяння вырысоўвалася дзіўнае кладзішча караблёў, зацёртых паўночнымі льдамі. У шызым святле вечнага прыцемку яны ўздымалі ўгору свае абледзянелыя рукі. У мёртвым штылі іх усё яшчэ ўзнятыя ветразі захоўвалі след ветру, як пасцель захоўвае след ляшчотнага пляча. Але адчувалася, якія яны здубянелыя і ломкія.
Тут таксама ўсё здубянела. Рычагі здубянелі. Кулямёты здубянелі.
— Стралок, як вашы кулямёты? — цікаўлюся я.
— He працуюць.
— Ну што ж.
У рэспіратар кіслароднай маскі я выплёўваю ледзяныя іголачкі. Час ад часу ў падатлівай гуме даводзіцца размінаць наледзь, якая не дае мне дыхаць. Калі я сціскаю трубку, адчуваю, як у руцэ пахруствае лёд.
— Стралок, кісларод у парадку?
— У парадку.
— Які ціск у балонах?
— Гм... Семдзесят.
— Добра.
Час для нас таксама заледзянеў. Мы — тры белабародыя старцы. Нішто не варушыцца. Нішто не паганяе. Нішто не палохае.
Баявыя подзвігі? Маёр Аліяс дадумаўся аднойчы сказаць мне:
— Пастарайцеся быць асцеражнейшым!
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Якім чынам? Знішчальнікі падаюць на вас зверху, як маланка. Атрад знішчальнікаў, які ляціць на тысячу пяцьсот метраў вышэй вас і першы заўважае вас, можа не спяшацца. Ён перастройваецца, займае выгодную пазі-
цыю. А вы пра ўсё гэта нават яшчэ і не ведаеце. Вы — мыш, над якой ужо распластаўся цень драпежніка. Мыш думае, што яна жывая. Яна яшчэ сваволіць у жыце. Але яна ўжо ў палоне ястрабінага вока, яна ўліпла ў ягоную зрэнку мацней, чым у смалу, бо ястраб ужо не выпусціць яе.
Вось гэтак і з вамі. Вы прадаўжаеце весці самалёт, вы марыце, разглядваеце зямлю, а між тым вы прыгавораныя ўжо да смерці — ледзь прыкметная чорная адмецінка, якая ўзнікла ў зрэнцы чалавека.
Дзевяць знішчальнікаў рынуцца на вас па вертыкалі, калі ім узбрыдзе ў галаву. I часу ў іх аж занадта. На хуткасці дзевяцьсот кіламетраў у гадзіну яны нанясуць вам страшэнны гарпунны ўдар і ніколі не прамахнуцца ў сваю ахвяру. Эскадра бамбардзіроўшчыкаў мае такую сілу агню, што ёй яшчэ ёсць сэнс абараняцца, але самотны разведвальны самалёт у бязмежным небе ніколі не пераможа сямідзесяці двух кулямётаў, ды і заўважыць іх ён можа толькі па зіхоткаму следу куль.
У той самы момант, калі вы сцяміце, што вы на мушцы, знішчальнік, як кобра, імгненна выпускае атруту і, выйшаўшы з поля абстрэлу, ужо недасягальны, навісае над вамі. Гэтак і кобры — пагойдваюцца, маланкава джаляць і зноў пагойдваюцца воддаль.
Выходзіць, калі знішчальнікі зніклі, яшчэ нічога не змянілася. Нават твары не змяніліся. Яны змяняюцца цяпер, калі неба апусцела і зноў запанаваў спакой. Знішчальнік ужо стаў толькі абыякавым сведкам, а з рассечанай соннай артэрыі штурмана пырскае першы струменьчык крыві, з капота правага матора нясмела выбіваецца першае полымца, якое праз момант забушуе, як агонь у горне. Кобра паспела ўжо звіцца, а яе атрута дасягае сэрца, і на твары сутаргава перасмыкаецца першы мускул. Знішчальнікі не знішчаюць.
Яны сеюць смерць. I смерць узыходзіць, калі знішчальнікі ўжо далёка.
Быць асцеражнейшым, маёр Аліяс? Калі мы сутыкнуліся са знішчальнікамі, мне не было чаго рашаць. Я мог бы і не даведацца пра іхняе з’яўленне. Калі б яны ляцелі проста нада мной, я нават і не даведаўся б пра гэта!
Быць асцеражнейшым? Але ж неба пустое.
Зямля пустая.
Калі абшары зямныя азіраеш з вышыні дзесяці тысяч кіламетраў, там чалавека няма. У гэткім маштабе рухі чалавека нельга разгледзець. Нашы даўгафокусныя фотаапараты служаць нам мікраскопамі. Мікраскоп патрэбен тут, каб разгледзець чалавека,— але яго і з дапамогай гэтага прыбора не ўбачыш,— толькі адметы ягонай прысутнасці: дарогі, каналы, цягнікі, баржы. Чалавек ажыўляе тое, што мы бачым пад мікраскопам. Я няўзрушны вучоны, і вайна гэтых мікробаў для мяне цяпер усяго толькі прадмет лабараторнага доследу.
— Дзютэртр, страляюць?
— Здаецца, страляюць.
Адкуль ён можа ведаць? Выбухі надта далёкія, і плямкі дымоў зліваюцца з зямлёй. Яны, вядома, і не спадзяюцца збіць нас такім недакладным агнём. На вышыні дзесяці тысяч метраў мы практычна недасягальныя. Яны страляюць, каб удакладніць наша месцазнаходжанне і, магчыма, навесці на нас знішчальнікаў. Знішчальнікаў, якія блукаюць у гэтай нябеснай прасторы, як нябачны пылок.
Тыя, што на зямлі, бачаць нас па жамчужнаму шлейфу, які самалёт, калі ён ляціць на вялікай вышыні, цягне за сабой, як вянчальны вэлюм. Сатрасенне, выкліканае палётам, крысталізуе вадзяныя пары атмасферы. I мы размотваем за сабою пёрыстую стужку
ледзяных іголак. Калі атмасферныя ўмовы спрыяюць утварэнню аблокаў, гэты след будзе павольна разбухаць і ператворыцца ў вячэрняе воблака над палямі.
Знішчальнікі знаходзяць нас па бартавым радыё, па пуках выбухаў і, нарэшце, дзякуючы выхваляльнай раскошы нашага белага вэлюма. I ўсё-такі мы лунаем у амаль касмічнай пустэчы!
Мы ляцім — і я добра гэта ведаю — з хуткасцю пяцьсот трыццаць кіламетраў у гадзіну... А між тым усё замерла. Хуткасць адчувальна на бегавой дарожцы. А тут усё апушчана ў пустату. Так і Зямля: нягледзячы на хуткасць сорак два кіламетры ў секунду, здаецца, што яна паварочваецца вакол Сонца даволі марудна. Яна затрачвае на гэта цэлы год. Нас, магчыма, таксама нешта павольна даганяе, да нас таксама нешта імкнецца. Колькі самалётаў прыпадае на адзінку прасторы ў паветранай вайне? Яны — што пылінкі пад купалам храма. Самі пылінкі — мы, магчыма, прыцягваем да сябе некалькі дзесяткаў ці соцень іншых пылінак. I ўвесь гэты пыл павольна ўздымаецца ў неба, быццам дзесьці выпыльваюць дыван.
Чаго мне асцерагацца, маёр Аліяс? Унізе, па вертыкалі, праз нерухомае чыстае шкло, я бачу толькі бразготкі мінулых вякоў. Я схіляюся да музейных вітрын. Але вось я абарочваюся і гляджу проці сонца: недзе далёка-далёка на даляглядзе Дзюнкерк і мора. Але пад вуглом мне ўжо цяжка нешта разгледзець. Сонца цяпер ужо зусім нізка, і я лячу над агромністым зіхоткім люстэркам.
— Дзютэртр, вы бачыце што-небудзь праз гэту навалач?
— Па вертыкалі бачу, пан капітан...
— Эй, стралок, як там знішчалыіікі?
— Нічога новага...
Я і сапраўды не ведаю, праследуюць нас ці не і ці бачна з зямлі, як за намі пластаецца мноства павуцін-
кавых вэлюмаў, падобных на той, які мы валачом за сабою.
«Павуцінкавы вэлюм». Гэтыя словы будзяць маё ўяўленне. Перада мною ўзнікае вобраз, ад якога я спачатку проста ў захапленні: «...недасягальныя, як дзівосная красуня, мы ганарліва крочым насустрач свайму лёсу, а за намі паважна сцелецца доўгі вэлюмны шлейф з ледзяных зорачак...»
— Ану, дайце трохі левай нагой!
А гэта ўжо ява. Але я зноў вяртаюся ў свет сваёй таннай паэзіі:
«...услед за гэтым віражом паверне і ўся гурма нашых залётнікаў...»
Даць левай... даць левай... Лёгка сказаць!
Дзівосная красуня не патрапляе зрабіць свой віраж.
— Калі будзеце спяваць... Гэта дабром не скончыцца, пан капітан!..
Няўжо я спяваў?
Зрэшты, Дзютэртр адбівае ў мяне ўсялякую ахвоту да лёгкай музыкі:
— Я амаль закончыў здымкі. Хутка можна будзе зніжацца да Араса.
Можна будзе... Можна будзе... Канечне! Трэба карыстацца спрыялыіым выпадкам. Ты глянь: рукаяткі сектара газу таксама замёрзлі...
Я думаю:
«На гэтым тыдні з трох экіпажаў вярнуўся адзін». Выходзіць, шанцаў вельмі мала. Але нават калі мы і вернемся, нам не будзе чаго расказаць. Некалі мне давялося зрабіць тое, што прынята называць подзвігамі. Пракладка паштовых ліній, сутычкі ў Сахары, Паўднёвая Амерыка... Але вайна — не сапраўдны подзвіг, вайна — гэта сурагат подзвігу. У аснове подзвігу — ба-
гацце повязяў, якія ён стварае, задачы, якія ён ставіць, справы, на якія ён натхняе. Звычайная гульня ў арла і рэшку яшчэ не подзвіг, нават калі стаўка ў ёй будзе на жыццё або смерць. Вайна — не подзвіг. Вайна — хвароба. Накшталт тыфу.