Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
— Дзютэртр!
— ...тан?
— Неадкладна праверце кантакты. Я чую вас толькі ўрыўкамі. Вы чуеце мяне?
— ...ю вас, кап...
— Ды ўстрасяніце сваё барахло! Вы чуеце мяне? Голас Дзютэртра зноў робіцца выразны:
— Чую вас выдатна, пан капітан!
— Добра. Ну вось, сёння кіраванне зноў замярзае: штурвал ходзіць туга, а педалі дык і зусім заела!
— Вясёленькія справы. А якая вышыня?
— Дзевяць тысяч семсот.
— Тэмпература?
— Сорак восем ніжэй нуля. Як у вас з кіслародам?
— Парадак, пан капітан.
— Стралок, з кіслародам усё ў парадку?
Ніякага адказу.
— Дзютэртр!
— Пан капітан?..
— Аклікніце яго!
— Стралок! Гэй,стралок!
Ніякага адказу.
Але перш чым пайсці на зніжэнне, я рэзка ўстрэсваю самалёт — гэта разбудзіць стралка, калі ён заснуў.
— Пан капітан!
— Гэта вы, стралок?
— Я... гм... Ага...
— Вы што, не зусім упэўнены ў гэтым?
— Ды я!
— Чаму вы не адказвалі?
— Я правяраў перадатчык. Я адключаўся!
— Доўбня! Трэба ж папярэджваць! Я ледзь не спікіраваў: думаў, вы памерлі!
— Я?.. He...
— Веру на слова. Але болей не выкідвайце мне такіх конікаў! Папярэджвайце мяне, чорт пабяры, перш чьім адключыцца!
— Прашу прабачэння, пан капітан. Слухаю, пан капітан! Буду папярэджваць.
Справа ў тым, што арганізм не адразу адчувае парушэнне ў падачы кіслароду. Спачатку наступае лёгкае забыццё, а праз некалькі секунд — страта прытомнасці, а праз некалькі хвілін — смерць. Таму пілот павінен пастаянна кантраляваць паступленне кіслароду і сачыць за самаадчуваннем экіпажа.
I я мну трубку сваёй маскі, каб носам адчуць цёплы струмень, які нясе жыццё.
Словам, я заняты сваім рамяством. Я не адчуваю нічога, апрача фізічнай асалоды ад насычаных сэнсам, самадастатковых дзеянняў. У мяне няма ні адчування вялікай небяспекі (я куды мацней хваляваўся, калі рыхтаваўся ў палёт), ні такога пачуцця, нібыта я вы-
конваю вялікі доўг. Змаганне паміж Захадам і нацызмам на гэты раз, у межах маіх дзеянняў, зводзіцца да кіравання рукаяткамі, рычагамі і кранікамі. Гэтак і павінна быць. Любоў дыякана да бога зводзіцца да любові запальваць свечкі. Дыякан мерна, спакойна крочыць па царкве, якую ён не заўважае, задаволены, як адзін за адным расцвітаюць яго кандэлябры. Калі ўсе свечкі запалены, ён пацірае рукі. Ён ганарыцца сабою.
Я таксама беззаганна адрэгуляваў абароты вінтоў і трымаю курс з дакладнасцю да градуса. Гэта павінна замілаваць Дзютэртра, калі толькі ён паглядвае на компас...
— Дзютэртр... Я... Курс па компасу правільны?..
— He, пан капітан. Значнае адхіленне. Вазьміце ўправа.
От прыкрасць!
— Пан капітан, перасякаем лінію фронту. Пачынаю здьімаць. Што ў вас на вышынямеры?
— Дзесяць тысяч.
VI
— Капітан... курс!
Сапраўды. Я адхіліўся ўлева. I невыпадкова... Мяне адштурхоўвае горад Альбэр. Я прадчуваю яго, хоць ён яшчэ вельмі далёка. Але ён ужо гняце на маю плоць усім цяжарам сваёй «бясспрэчна неадольнай загароды». Колькі ўспамінаў тоіцца ў абшары майго цела! Яно помніць неспадзяваныя кулянні, пераломы чэрапа, цягучую, як сіроп, непрытомнасць, шпітальныя ночы. Маё цела баіцца ўдараў. Яно намагаецца абысці Альбэр. Ледзь толькі спускаю з яго вока, як яно забірае ўлева. Яго цягне ўлева, як старога каня, які ўсё жыццё будзе шарахацца той перашкоды, якая аднойчы перапалохала яго. I справа менавіта ў маім целе...
а ме ў маім духу... Варта мне толькі адцягнуць увагу, як маё цела хітра скарыстоўвае гэта і непрыкметна стараецца ўнікнуць Альбэра.
Бо зараз мяне ж не дужа каб што гняло. Цяпер я ўжо не хацеў бы, каб вылет адмянілі. А зусім нядаўна ж я, здаецца, марыў пра гэта. Я думаў: «Ларынгафоны сапсуюцца. Мне страшэнна хочацца спаць. Пайду пакімару». I я ўяўляў, з якой асалодай буду песціцца ў пасцелі. Але ў глыбіні душы я ўсё-такі ведаў, што адмена вылету не абяцае нічога, апрача пакутлівай нудзьгі. Быццам чакаў нейкага абнаўлення, а яно не адбылося.
Мне прыгадваецца школа... Калі я быў падлеткам...
— ...капітан!
— Што такое?
— He, нічога... мне падалося...
Нічога добрага не магло яму падацца.
Ну, дык вось... Калі я быў падлеткам, у школе мы ўставалі страшэнна рана. А шостай гадзіне раніцы. Халадэча. Трэш кулакамі вочы і загадзя пакутуеш у чаканні нуднага ўрока граматыкі. I марыш захварэць, каб прачнуцца ў лазарэце, дзе манашкі ў белых чэпчыках будуць падаваць у пасцель падсалоджанае пітво. Чаго толькі не навыдумляеш сабе пра той рай! Вось чаму, калі я прастуджваўся, я кашляў трошкі мацней, чым гэта трэба было. I прачынаючыся ў лазарэце, я чуў, як для іншых звініць званок. Калі я задужа прыкідваўся хворым, гэты званок сурова караў мяне: ён ператвараў мяне ў прывід. Там, за сценамі лазарэта, ён адзвоньваў сапраўдны час, час строгай цішыні класных заняткаў, час тлуму пераменак, утульнасці сталоўкі. Для жывых там, за сценамі лазарэта, ён ствараў насычанае быццё, поўнае нягод, спрэчак, надзей, весялосці. А я быў абкрадзены, забыты, мяне нудзіла ад
агідных адвараў, ад волкай пасцелі і безаблічных гадзін.
He, адмена вылету нічога добрага не абяцае.
VII
Канечне, часам, як сёння вось, заданне можа быць нам і не даспадобы. Надта ж ужо відавочна, што мы проста-такі гуляем у вайну. Мы гуляем у казакоў-разбойнікаў. Мы дакладна прытрымліваемся маралі нашых кніг па гісторыі, правілаў нашых падручнікаў. Сёння ноччу, да прыкладу, я выехаў на машыне на аэрадром. I вартавы, у адпаведнасці з інструкцыяй, перагарадзіў дарогу штыком машыне, якая з гэтакім жа поспехам магла б быць і танкам! Вось так мы і гуляем — штыхом перагароджваем дарогу танкам!
Адкуль узяцца натхнёнасці, калі ў гэтых жорсткіх шарадах мы так відавочна выконваем ролю статыстаў, а ў дадатак ад нас яшчэ патрабуюць ісці на смерць? Смерць занадта сур’ёзная штука для шарады.
Хто стане з уздымам нацягваць на сябе лётны рыштунак? Ніхто. Нават Ашэдэ з ягонай заўсёднай гатоўнасцю да самаахвяравання, якая і ёсць вышэйшае праяўленне чалавечнасці,— нават праведнік Ашэдэ — і той замыкаецца ў моўчу. Апранаючыся, мае таварышы маўчаць і хмурацца, і гэта зусім не сціпласць герояў. За гэтай пахмурнасцю не тоіцца ніякага ўздыму. Яна выказвае толькі тое, што выказвае. I я разумею яе. Гэта панурасць лёкая, які не згодны з распараджэннямі, якія зрабіў гаспадар, а сам паехаў. Аднак лёкай усё-такі застаецца верны гаспадару. Усе мае таварышы мараць пра свой ціхі пакойчык, але між нас няма ніводнага, хто б сапраўды аддаў перавагу сну.
Бо важны не ўздым. Калі церпіш паражэнне, няма чаго разлічваць на ўздым. Важна апрануцца, сесці ў кабіну, узляцець. Тое, што пра гэта сам ты думаеш, не
мае ніякага значэння. Хлопчык, які з уздымам марыў бы пра ўрокі граматыкі, здаўся б мне няшчасным, ненатуральньім. Важна здолець авалодаць сабою дзеля мэты, хай сабе яна ў гэты момант і не надта зразумелая. Гэта мэта зусім не для Розуму, а для Духа. Дух умее любіць, але ён дрэмле. У чым заключаецца спакуса, я ведаю не горш, чым любы бацюшка. Спакуса — гэта нясцерпнае жаданне паддацца доказам Розуму, калі дрэмле Дух.
Што карысці з таго, што я рызыкую сваім жыццём, кідаючыся ў гэтую лавіну? He ведаю. Мне стакроць даводзілі: «Згаджайцеся на іншую работу. Ваша месца там. Там вы прынясеце куды больш карысці, чым у эскадрыллі. Лётчыкаў можна рыхтаваць тысячамі...» Доказы былі неабвержныя. Доказы заўжды неабвержныя. Мой розум згаджаўся з імі, але мой інстынкт браў верх над розумам.
Чаму ж гэтыя разважанні здаваліся мне хісткімі, хоць я і не мог нічога супрацьпаставіць ім? «Інтэлігентаў трымаюць у запасе на паліцах аддзела прапаганды, як слоікі з варэннем, каб падаць іх пасля вайны...» Але ж гэта не адказ!
А сёння, гэтаксама як і мае таварышы, я падняўся ў неба насупор усялякім відавочнасцям, насупор усяму, што я мог у тую хвіліну адказаць. Я знаю, настане час, і я зразумею, што, зрабіўшы насуперак свайму розуму, я зрабіў разумна. Я паабяцаў сабе, калі буду жывы, начную прагулку па вёсцы. Тады, магчыма, я нарэшце спасцігну самога сябе. Я навучуся бачыць.
Магчыма, мне не будзе чаго сказаць пра тое, што я ўбачу. Калі жанчына здаецца мне цудоўнай, мне няма чаго сказаць. Я проста любуюся яе ўсмешкай. Аналітык раскладае аблічча і тлумачыць яго па частках, але ўсмешкі ён ужо не бачыць.
Спазнаць — зусім не азначае раскласці на часткі альбо растлумачыць. Спазнаць — гэта прыняць тое,
што бачыш. Але для таго, каб убачыць, трэба ўдзельнічаць. А гэта суровая школа...
Цэлы дзень мая вёска была схавана ад мяне. Да вылету гэта былі толькі глінабітныя сцены ды даволітакі зашмальцаваныя сяляне. Цяпер — гэта толькі жменя жвіру за дзесяць кіламетраў пада мною. Вось яна, мая вёска.
Але сёння ноччу, магчыма, пракінецца і забрэша вартавы сабака. Я заўсёды з асалодай убіраў у сябе магічныя чары вёскі, якая яснай ноччу размаўляе ў сне голасам адзінокага вартавога сабакі.
Я не маю ніякай надзеі, што мяне зразумеюць. I гэта мне абсалютна ўсё роўна. Хай толькі проста пакажацца мне гатовая да сну мая вёска з яе замкнёнымі дзвярыма на адрынах, на хлявах, на векавых звычаях!
Сяляне, вярнуўшыся з поля, павячэраюць, закалышуць дзяцей і, пагасіўшы лямпу, растворацца ў нямой суцішнасці. I ўсё знікне, і застанецца адно толькі мернае дыханне пад моцнымі шорсткімі саматканымі дзяружкамі, мора, якое заціхае пасля буры.
Ноччу, калі падводзяцца вынікі, бог на момант адводзіць людзей ад карыстання іхнімі скарбамі. I пакуль людзі будуць адпачываць, перада мною больш выразна паўстане зберажоная імі спадчына.
Тады, магчыма, мне раскрыецца тое, што цяжка выказаць словамі. Я прыйду да агню, як сляпы, якога вядуць яго далоні. Ён не змог бы апісаць агонь, і ўсётакі ён яго знайшоў. Гэтак, магчыма, і да мяне прыйдзе тое, што трэба абараняць, тое, што не бачна, але што жыве накшталт жарынкі пад прыскам вясковых начэй.
Мне не было чаго чакаць ад адмены вылету. Каб зразумець звычайную вёску, трэба перш за ўсё...
— Капітан!
— Шэсць знішчальнікаў, шэсць, наперадзе — злева!
Гэта прагучала, як удар перуноў.
Трэба... трэба... Але я хацеў бы своечасова атрымаць тое, што мне належыць. Я хацеў бы набыць права на любоў. Я хацеў бы ўразумець, за каго паміраю...
VIII
— Стралок!
— Капітан?
— Чулі? Шэсць знішчальнікаў, шэсць, наперадзе па леваму крылуі
— Чуў, капітан!
— Дзютэртр, яны заўважылі нас?