Чалавечнасьць — гэта прастата. о о о Лёгка дараваць толькі тое, што ня крыўдзіць асабіста цябе. о о о Ветлівасьць — навука суіснаваньня. 12. Варожасьць о о о Як намерысься дыскрэдытаваць ворага ў вачах грамадзтва, канстатуй сэксуальную ненармальнасьць абранай пэрсоны, кажы: «Спадар X. Y. любіць паразважаць пра геніталіі ды ўрынатэрапію». о о о У часе скрухі можна суцешыць сябе думкаю: ты робіш столькі зла, колькі ворагі робяць табе. Суцяшэньня варта шукаць у раўнавазе. о о о Вораг — пераапрануты сябра. о о о Калі за зло плаціць злом, а за дабро сплочваць дабром, можна незаўважна ператварыцца ў люстэрка, дзе ня знойдзецца месца ні спачуваньню, ні чалавечнасьці. Можа, таму Канфуцый заўважае: за зло трэба сплочваць у згодзе з тваім сумленьнем. Калі нейкі чалавек беспадстаўна ненавідзіць цябе, і ты ў гэтым неаднаразова ўпэўніваўся, зрабі яму зло, каб нарэшце знайшоўся трывалы грунт для нянавісьці. о о о У забойцы амаль заўсёды напагатове адвакат, а ў ахвяры яго чамусьці няма. о о о Услаўляюцца зазвычай рэчы нікчэмныя. о о о Самы дасканалы данос можна напісаць толькі на самога сябе, а мець з гэтага будуць усё адно інквізытары. о о о Вялікая бяда вылупліваецца з маленечкага няшчасьця, як зьмяя зь яйка. о о о Змагацца супраць зла — значыцца, занадта яго ганараваць... Чытаю ў Лятрэамона. Зразумела, шанаваць зло ня варта, змагацца зь ім цяжка. Але яго нельга праігнараваць. Зло актыўнае, дынамічнае, агрэсіўнае. I найлепшы стан, у якім можа быць зло — гэта сон. Пакуль зло сьпіць, можна пасьпець заняць пазыцыю недасяжнасьці для пэўнага зла. Хай пачвара прачнецца й пабачыць насупраць сябе гэткую ж злую галодную пачвару. Хай счэпяцца ў двубоі два кракадзілы. Будзе на што паглядзець, пры ўмове, што сам ты — не кракадзіл. о о о Калі перастаеш злавацца, робісься добрым... Запэўнівае Лярашфуко. Зусім не абавязкова, можаш стаць і абыякавым. 13. Сяброўства о о о Посьпех аддаляе знаёмых, адпрэчвае ворагаў і пазбаўляе сяброў. о о о Нязмушаная размова зь сябрам — найлепшая школа для розуму... Нельга не пагадзіцца з мэтрам Вавэнаргам. о о о Каб сябраваць, трэба пакінуць заганную звычку патрабаваць ад сяброў такіх ахвяраў, якія ты сам прыносіш на алтар дружбы. Кожны ахвяруе, колькі можа, і сябруе, як умее. о о о Выдатна прыбраны, сытны, поўны тонкіх напояў стол лепей за грошы мацуе сяброўства... He стамляюся паўтараць. Ня варта сварыцца зь сябрамі й знаёмымі; яны самі пакінуць цябе, як толькі даведаюцца й пабачаць, што на тваім полі ўсё добра. о о о Некалькі разоў зьбіраўся скласьці сьпіс былых сяброў, зь якімі ня трэба вітацца. Справа адкладалася праз тое, што ніводнага зь іх не хацелася запісваць першым. о о о Ёсьць такі жарт: грошы — найлепшыя сябры. Меркаваньне небеспадстаўнае: менавіта за грошы і прадаецца сяброўства, прадаецца, але не набываецца. У Беларусі яшчэ кажуць: грошы сяброў разводзяць. о о о Добра мець у сябрах: чалавека разумнага, каб было з кім параіцца; чалавека абазнанага ў мэдыцыне, каб дапамагаў пад час хваробы; і чалавека шчодрага, які ад шчырага сэрца робіць падарункі. Легкадумны чалавек прасьцей простага завязвае сяброўства і лягчэй лёгкага разьвітваецца зь сябрам, а таму марны занятак — пошукі глыбокіх узаемінаў зь неглыбокімі людзьмі. о о о Сябры заводзяцца проста, як каты й сабакі, — захацеў і завёў; галоўнае, каб было чым карміць і паіць. о о о He спрабуй лекаваць сябра ад зайздрасьці, пагадзіся з думкаю, што сябра няма. о о о Найлепшы сябра любіць сябе болей, чым цябе. о о о Сяброўства — гэта адсутнасьць патрабаваньняў. о о о He сябруй з тымі, хто табе ня роўны, і ня бойся выпраўляць уласныя памылкі... Чуеш параду Канфуцыя. Колькі разоў і я мусіў разрываць дачыненьні з добра знаёмымі людзьмі. Складана сказаць праўду пра тое, што ня будзеш сябраваць. «Калі ласка, не турбуй мяне й маю сям’ю», — словы простыя, а вымавіць іх цяжка. о о о Сяброўства — перадусім шчырасьць. о о о Калі твае сябры сышлі з абранага разам шляху, калі здрадзілі агульным ідэалам, якая тады розьніца — жывуць яны, ці іх няма на сьвеце? о о о 3 былымі сябрамі пазьбягай сустрэчаў, а пры выпадковых сутыкненьнях не вітайся, нават калі яны першыя пададуць руку. о о о He кажы пра сяброў кепскае — гэта, найхутчэй, праўда. Аднавіць страчанае сяброўства немагчыма: яно, як хваля аб скалу, разьбіваецца на дробныя пырскі аб зайздрасьць. о о о Сабака-жывёла брэша на злодзеяў і кусае ворагаў, а сабака-філёзаф кідаецца й выскаляецца на сяброў і суайчыньнікаў дзеля выратаваньня іх душаў. о о о «О сябры мае, няма болей ніводнага сябра!» — любіў паўтараць Арыстотэль. Такое можна вымавіць толькі ў пэўным узросьце; асабіста я паўтарыў Арыстотэлеву думку ў 37 гадоў. о о о Сапраўднае сяброўства прыдумалі ў XVII стагодзьдзі маралісты кшталту Лярашфуко. о о о Сяброўства ўмацоўваюць не прызнаньні ў любові й павазе, а разгадваньне патаемных учынкаў, якія сябра намерваўся схаваць ад цябе. Два разы пачынаць сяброўства з адным чалавекам — глупства. Але, па тваіх асабістых назіраньнях, робіцца гэта менавіта два разы. Каб пераканацца ў непатрэбнасьці вашага сяброўства, адной сваркі зь сябрам недастаткова. о о о 3 болыпасьцю знаёмых ты перастаў бы вітацца, каб толькі пачуў, што яны гавораць пра цябе за вочы. Ды каб яны даведаліся, што ты пра іх думаеш. Што зробіш... Патаемныя словы й думкі — найцікавейшыя. 14. Старасьць о о о Мудрасьць і свабода несумяшчальныя са слабасьцю... Гаворыць Вавэнарг. А што рабіць са старымі мудрацамі і дзецьмі? Яны ж самыя нязмушаныя, найбольш свабодныя ў выказваньнях і паводзінах. Дый наоіул, мудры — гэта абазнаны ў жыцьці і, адпаведна, пажылы чалавек. о о о Ня трэба чакаць вялікіх паслуг ад старых людзей... Запэўнівае Вавэнарг. Пагаджаюся. На старых нельга ўскладаць спадзяваньняў, зьвязаных з доўгатэрміновымі пэрспэктывамі, але спакойна выслухоўваць іх крытычныя заўвагі адносна дня сёньняшняга варта заўсёды. Крытыка цьверазіць. о о о Парады старых людзей — нібыта зімовае сонца: сьвецяць, але ня грэюць... Маркоціцца Вавэнарг. Дарэмна. Парада і не павінна саграваць. Яна — не жанчына. Парада больш падобная да промня, які асьвятляе шлях. Калі на схіле гадоў мы страчваем таленты й прыгажосьць, замяніць іх могуць, дый тое зь цяжкасьцю, толькі добрае імя й багацьце... Спадзяваўся Вавэнарг. ВядОіма, хацелася б даць веры. Але мой саракагадовы досьвед падказвае, што спадзяваньні Вавэнарга дарэмныя, хоць і не пазбаўленыя практычнасьці, асабліва ў пункце пра багацьце. о о о I на схіле гадоў не зашкодзяць доўгатэрміновыя пляны. Паміраць зьбірайся, a жыта сей... Паўтарае мой бацька. о о о Спачатку перажываеш, што ты яшчэ не дарослы, потым — што ня самы прыгожы, пазьней — што небагаты, напрыканцы — што нешчасьлівы, хворы й стары. А перажываць і ня варта. о о о Пад час гаворкі са старымі людзьмі не забывай пра іхнае жаданьне надаваць значнасьці мінулым падзеям, якія амаль не ўплываюць на дзень сёньняшні. Hi разу не апранутая кашуля хутка зношваецца. 15. Шчасьце о о о Больш чым дастаткова быць шчасьлівым самому па сабе. Тым больш, што і няшчасны — заўсёды ў адзіноце. о о о Сьвядомы сыход у цень — адзін з найкарацейшых шляхоў да радасьці. о о о У мужчын на душы сьвята, калі яны трымаюць у руках конаўкі, дзе гарыць сьпірт. о о о У жанчын на душы сьвята, калі яны глядзяць на новыя фотакарткі сваіх дзяцей. о о о У хлапчука сьвята, калі яму першы раз дазволілі самому запаліць запалку. У дзяўчынкі сьвята, калі яна фатаграфуецца побач зь нявестай. о о о Радасьць — усьмешка, а ня рогат. о о о Шчасьце — калі можаш ціха ляжаць і думаць пра сьмерць. 16. Ідэалы о о о Нашто сто адзінаццаты раз даводзіць тое, што ў масавай сьвядомасьці зьяўляецца бясспрэчнай ісьцінай? Масавыя ісьціны трэба абвяргаць. о о о Ідэальная чысьціня патыхае хлёркаю. о о о Сумленьне — шкадаваньне таго, што зрабіў і ня можаш вярнуць. о о о Больш за ўсё на сьвеце мяне вабіць узор задавальненьняў, вытканы на кіліме жыцьця. о о о Гонар болып каштоўны за славу... Сьцьвярджае Шамфор. I можна было б зь ім пагадзіцца, каб толькі займець першае і другое ў дастатковай колькасьці. Ня лепш было б людзям, каб спаўнялася ўсё, што яны пажадаюць... Заўважыў Геракліт. Сапраўды. Людзі, чые запаветныя жаданьні спраўдзіліся, нагадваюць інвалідаў-жабракоў. о о о «Толькі няправільныя, павярхоўныя пытаньні маюць адказ, а правільныя, глыбінныя адказу не знаходзяць», — казаў Крышнамурці, які спытаў: «Як гучыць хлапок адной далоні?» о о о Дзеля таго, каб вывучаць парадак, ня трэба вывучаць беспарадку... Упэўнены Лятрэамон. Досыць пераканаўчы пастулят. Толькі вялікі прыхільнік парадку — Леанарда да Вінчы — пераконваў у адваротным. На ягоную думку, спасьціжэньне й стварэньне прыгожага і ўпарадкаванага непасрэдным чынам зьнітаванае з дасьледаваньнем пачварнага, бруднага й хаатычнага. Мне бліжэй пазыцыя Леанарда. I ў якасьці доказу падам прыклад зь юнацтва майго бацькі. Ён вырашыў паплаваць у рэчцы пасьля навальніцы. Вада была высокая, плынь моцная. Вір пацягнуў яго на дно. Бацька што сілы супраціўляўся, але змогі ўсплыць на паверхню не ставала. Ён быў блізкі да страты прытомнасьці і гібелі ў цёмнай вадзе. Толькі ў апошні момант узьнікла выратавальная здагадка — не супраціўляцца моцнаму віру, пайсьці на дно, а там адштурхнуцца ад цьвёрдага й выплысьці на паветра. Бацькава перамога над хаосам бруднай пасьлянавальнічнай вады пераконвае мяне ў неабходнасьці вывучэньня беспарадку дзеля стварэньня парадку. о о о Найлепшы спосаб перакананьня — не пераконваць зусім... Як пасьля гэтых словаў не паціснуць руку празарліўцу Лятрэамону? У дасканаласьці ягонае думкі давялося пераконвацца неаднаразова — і ў размовах з палітыкамі, якія ў большасьці ня маюць сталых перакананьняў, і ў размовах з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, у чыіх зрэнках утойваецца прага забойства. о о о Сапраўднае задавальненьне немагчыма атрымаць без абмежаваньняў і запатрабаваньняў. о о о Абмяжуй уласныя патрэбы й пазьбегнеш большасьці расчараваньняў, але тады не ат- рымаеш і сапраўдных задавальненьняў. Выбірай. о о о Знайшоўшы мэту жыцьця, пачынаеш пошук сродкаў дзеля яе ажыцьцяўленьня й неўзабаве разумееш: у ахвяру мэце трэба прынесьці ўласнае жыцьцё. А ці вартая мэта, хай сабе й найвышэйшая, таго, каб губляць жыцьцё? Пэўна ж, не. Лепей адмовіцца ад мэты жыцьця дзеля самога жыцьця. Так яно й здараецца.