Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
ў часе атакі можна расцаніць як подзвіг. Гэта, калі так можна сказаць, двойчы на працягу года ажыццёўлены ўдзел лейтэнанта ў вайне, пасля першага з якіх паследаваў доўгі перыяд лячэння ў тылавым шпіталі, а пасля другога яму суджана было навек застацца дзевятнаццацігадовым. Паміж першым і другім баямі пралегла ўся цяжкая шпітальная маладосць Траццякова з яе перажываннямі і марамі, пакутамі і каханнем увесь лёс людзей пакалення, якое ў раннім юнацтве безаглядна ступіла насустрач шквалу вайны і пераважна ўсё незваротна засталося там. Так ужо склалася, што менавіта гэтыя 1820-гадовыя хлопцы навек супакоіліся ў шматлікіх брацкіх магілах, раскіданых па Еўропе, у засыпаных выбухамі варонках, абрушаных траншэях і ровіках. Вядома са статыстыкі, што іх, народжаных у 19221925 гадах, вярнулася з вайны толькі трое на сотню.
Заўчасная іх страта гэта не толькі жалобны фінал індывідуальнага лёсу, але і несціханы душэўны боль блізкіх, страта народа, якая ўплывае на лёс і наступных пакаленняў. Гэта, нарэшце, вечны абавязак, які лёг на плечы нешматлікіх іх аднагодкаў і толькі часткова можа быць аплачаны непазбыўнаю памяццю. Таленавіта засведчаная ў мастацтве салдацкая памяць становіцца своеасаблівым духоўным абеліскам, пастаўленым жывымі ў гонар сваіх мёртвых братоў.
У аповесці толькі адзін галоўны герой, які праходзіць перад чытачом з першай да апошняй старонкі, хоць дакранаецца ён да многіх чалавечых лёсаў на фронце, у тыле, у шпіталі. Пільная ўвага аўтара да свайго Траццякова, аднак, не перашкаджае яму жыва, на вачах у чытача, ляпіць іншыя характары, як бы асвятляючы іх сваім унутраным мастацкім зрокам. Гэта, трэба меркаваць, нялёгка, калі памятаць аб дыстанцыі часу, які раздзяляе нас, і тут немагчыма не парадавацца зайздроснай здольнасці аўтара памятаць і бачыць усё. Цудоўна, што ў аповесці зусім не адчуваецца выдуманага, усё быццам пачэрпнута, перажыта, вынесена з уласнага вопыту аўтара. Хоць, зразумела, гэта не так. Якім бы рознабаковым ні быў ён, гэты аўтарскі вопыт, яго заўсёды недастаткова для стварэння значнага мастацкага твора. Тым больш здзіўляючая гэта здолыіасць таленту з такой верагоднасцю выклікаць з небыцця мінулае, насяляць яго жывымі паўнакроўнымі вобразамі.
У адрозненне ад папярэдніх ваенных аповесцей Р. Бакланава апошняя мае мноства характэрных рысаў і бытавых рэалій жыцця ў тыле, далёкім уральскім шпіталі з яго рознахарактарнымі тыпамі параненых, дактароў, санітарак.
Перагарнуўшы апошнюю старонку аповесці, вы будзеце доўга памятаць знявечанага на вайне малодшага лейтэнанта Гошку, аслепленага капітана Ройзмана, камандзіра роты Старых, чалавека нялёгкага лёсу Атракоўскага. Рэалістычна напісанае, пазбаўленае нярэдкага ў такіх выпадках налёту саладжавасці, юнацкае каханне Траццякова да ўчарашняй школьніцы Сашы падкупляе цнатлівасцю адносін, тонка падмечаным душэўным станам.
Аіювесць пачынаецца лаканічнай па апісанні, але шматзначнай па сэнсу сцэнай знаходкі ў старым засыпаным акопе астанкаў воіна, армейскую прыналежнасць якога можна вызначыць толькі па ледзьве пазнанай афіцэрскай спражцы. Гэта вельмі знаёмая, нават характэрная для Беларусі карціна, дзе вось ужо шмат год намаганнямі грамадскасці і юных следапытаў працягваюцца пошукі адзіночных і выпадковых воінскіх магіл, пасля чаго ідуць доўгія месяцы пошукаў імён герояў. He заўсёды яны заканчваюцца паспяхова. Але калі гэта здараецца, нішто са здабытага ў мінулым і адваяванага ў забыцця не пакідаецца без ўвагі. Друк, радыё, тэлебачанне расказваюць аб жыцці і апошнім баі забітых, сэнс іх ратнага подзвігу становіцца здабыткам усіх. Асабліва цяпер, калі беларускі народ урачыста адзначае 35-годдзе вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У заключэнне хочацца выказаць упэўненасць, што апошняя аповесць Рыгора Бакланава з'явіцца сур’ёзным набыткам нашай ваеннай прозы, своеасаблівым абеліскам памяці «навекі дзевятнаццацігадовым», пра якіх таленавіта расказаў адзін з іх жывых аднагодкаў.
[1979]
ПАЗНАЧАНА ВЫСОКАЮ ГАРМОНІЯЙ
Кожнага, хто знаёміцца з ім, найперш уражваюць ягоныя рукі мазалявыя, працавітыя далоні з абпаленымі травільнай кіслатой пальцамі. Спярша цяжка нават паверыць, што гэтымі далёка не артыстычнымі, абмазалелымі рукамі працаўніка Арлен Кашкурэвіч робіць свой мастакоўскі цуд. Тым не менш менавіта гэтыя рукі здольныя на самую тонкую рыску, на самы непрыкметны рух, якімі поўная і з якіх складаецца ягоная цудоўная графіка.
Так, гэта майстра тонкай, філіграннай і вельмі выразнай лініі, на якой звычайна трымаецца ўся кампазіцыя ягоных графічных работ, яна выразнік яго эмоцый і яго філасофскага зместу. Безумоўна, гэта вельмі не проста у кніжнай ілюстрацыі або ў станковых работах галоўны сэнс выявіць праз некалькі скупых ліній; трэба знайсці гэтыя лініі, адпрацаваць іх, давёўшы да гранічнай выразнасці, і, апроч таго, яны павінны быць эстэтычна дасканалыя, надзеленыя выключнай гармоніяй, без якой графіка перастае быць мастацтвам.
Арлен Кашкурэвіч мастак «божай міласцю» і менавіта графік па характару свайго таленту. Ужо першыя работы пацвердзілі яго немалыя здольнасці, а далейшы ягоны шлях у мастацтве быў поўны прызнання, удач і, зразумела, штодзёнпай напружанай працы. Можа, найперш ён працаўнік, самаадданы і добраахвотны катаржнік, як ён кажа, навечна прыкуты да цяжкой і нязменнай тачкі, назва якой мастацтва. Ягонае імя звярнула на сябе ўвагу знаўцаў і шанавальнікаў мастацтва яшчэ ў пяцідзесятыя гады, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, пасля ўдзелу ў першых выстаўках. Але сапраўднае прызнанне яго як аднаго з самых лепшых майстроў нацыянальнай графікі прыйшло пазней, калі ён ад паасобных удалых работ на літаратурныя тэмы перайшоў да графічных цыклаў. Сын народа-будаўніка і народа-барацьбіта, ён лагічна звярнуўся ў сваёй творчасці да тэмы гераічнай барацьбы беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і стварыў выдатную графічную серыю пад агульнаю назвай «ГІартызаны». Эпічная значнасць зместу і драматычнае напружанне кожнага ліста гэтай серыі не могуць не ўзрушыць таго, каму дорага наша гісторыя. Сапраўды, бясконца хвалююць драматычныя паставы яго партызан, што, выбіваючыся з сілы, праз агонь нясуць па балоце параненага таварыша, або група жанчын, звычайных вясковых бабулек, якія заняты зусім не бабульчынай справай яны набіваюць патронамі магазіны і стужкі для сваіх сыноў-партызан. Нельга раўнадушна адысціся ад ліста, дзе чалавек і конь дапалі да вады і з аднолькавай апантанасцю спатольваюць смагу, або ад наступнага, дзе ў ваеннае ліхалецце жэняцца двое маладых, і мы бачым іх дзве танклявыя постаці, побач дзве іх вінтоўкі і дзве свечкі на шчасце і на гора, на доўгае ці кароткае іх лясное жыццё. Так, станковая графіка афорты, аквацінты, літаграфіі прынесла Арлену Кашкурэвічу ўсеагульнае прызнанне ў мастацтве, званне заслужанага дзеяча мастацтваў і Дзяржаўную прэмію БССР.
Але Арлен Міхайлавіч яшчэ і выдатны майстра кніжнай ілюстрацыі. He менш паспяхова ён ілюстраваў кнігі вялікага Янкі Купалы, Лакснеса, а таксама творы I. Шамякіна, А. Адамовіча, I. Пташнікава, У. Караткевіча. Вайна і тут упарта трымае яго ў палоне сваім драматызмам, напалам эмоцый, бязмернасцю народных перажыванняў. Вы не знойдзеце ў Кашкурэвіча шырокіх кампазіцый, як правіла, ягоныя лісты не шматфігурныя, усяго некалькі постацей, а часам і зусім адна пастава торс, плячо, профіль і заўжды рух, у якім увесь згустак сэнсу, усё галоўнае, выражанае скупа і выразна. Мабыць, з усіх частак чалавечага цела ён найболып любіць рукі і босыя ногі, якія ў ягоных творах часам гавораць больш, чым твары ці вочы. Ну, але затое якія гэта рукі і якія ногі! Кожная характар, вузел, напружанне, лёс. Як ніхто з сучасных майстроў мастацтва, Кашкурэвіч валодае зайздроснаю здольнасцю праз малое, нейкую прыватнасць, дэталь паказаць многае, выразіць часам ашаламляльны змест народнага гора і народнага подзвігу.
Некалькі год назад Арлен Кашкурэвіч здзейсніў даўнюю і, не баюся гэтага слова, грандыёзную творчую мару ілюстраваў «Фаўста» Гётэ. Каля дваццаці старонкавых ілюстрацый упрыгожылі гэта выданне, надалі яму новы сэнс і разам з цудоўным перакладам В. Сёмухі зрабілі яго выдатнаю з’явай беларускага кнігадруку і нашай нацыянальнай графікі.
У верасні Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу спаўняецца пяцьдзесят год. Ён шмат зрабіў у беларускім выяўленчым мастацтве і яшчэ болей зробіць. Мастак у творчым росквіце сваіх сіл, поўны цікавых задум. I без таго бездакорнае яго майстэрства робіцца ўсё болей змястоўным і дасканалым.
Пажадаем жа плёну яго мудрым рукам.
[1979]
НАШЫ НАДЗЁННЫЯ КЛОПАТЫ
Банальным труізмам рызыкуе прагучаць з гэтай трыбуны сцвярджэнне аб тым, што наша нацыянальная культура ўзнялася на небывалую дасюль вышыню. Але сапраўды, ніколі ў гісторыі нашага народа мы не мелі такога багата развітага і разнастайнага мастацтва, музыкі, кіно, літаратуры. Каля чатырох соцень літаратараў аб’ядноўвае наш СП, калі ў Беларусі нас было столькі? Штомесяц выходзяць тры тоўстыя часопісы, дзясятак газет. Выдавецтвы, якіх таксама нямала, не
могуць напасціся паперы, каб своечасова выдаць усё вартае, што напрацавана нашымі інтэлектуаламі. Цяпер маладыя разумныя хлопцы (ды і дзяўчаты таксама) ужо ў студэнцкія гады выдаюць кніжачку, a то і дзве, а к часу прыёму ў Саюз маюць іх ужо тры, a то і болей. 3 горкім сумам успамінаеш той даўні час, калі наш вялікі паэт, паміраючы ля сіняй бухты, быў шчаслівы тым, што меў кніжку з друкарні Марціна Кухты.
Праўда, гэта была асаблівая кніжка!
Канешне, часы змяніліся, і мы не можам не разумець, што росквіт нацыянальнай культуры быў бы немагчымы без сацыяльнага ўздыму, павышэння ўзроўню жыцця народа. Галоднаму культура не патрэбна, галоднаму патрэбен хлеб. У нас жа ёсць хлеб і да хлеба, і настойліва ўзнікае новая праблема патрэбы хлеба духоўнага.
Я думаю, што красамоўны і шматзначны сам факт пастаноўкі на абмеркаванне гэтага пленума праблем беларускага рамана. Сапраўды, варта толькі ўдумацца ў тое, што адна з самых маладых літаратур Еўропы, для якой паўстагоддзя назад вялікай праблемай было апавяданне, верш, у якой толькі зараджалася нацыянальная драматургія, цяпер ужо мае такую магчымасць (я б сказаў, такую раскошу) абмяркоўваць праблему рамана. Але так. Раманы ў нас выходзяць штогод, іх ужо багата набралася, імклівы рост гэтага жанру, часам здаецца, ідзе па законах геаметрычнай прагрэсіі. 3 гэтага поваду хочацца выказаць некалькі вельмі суб’ектыўных, адрывачных думак, якія не прэтэндуюць ні на залішнюю канкрэтнасць, ні на абагульненне.