Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Страляць яны ўмелі.
Радавы паліцай Зўпіга, адзін з самых старанных забойцаў батальёна, так авалодаў сваёй справай, што «цягне кулямётнаю чаргой, як вопытны кравец шво цвёрда і плаўна...». Гэта кат па прызванні, ён паталагічна ўлюбёны ў сваё рамяство і
пераканана ненавідзіць тых, хто ад гэтага рамяства імкнецца ўвільнуць.
Асаблівае месца ў аповесці займаюць узаемаадносіны камандзіра ўзвода карнікаў Белага з яго сябрам Суравым, увасабленнем чорнага сумлення ўзводнага, своеасаблівым яго алібі на непрадбачаны выпадак, чалавекам-«ксяндзом», у якога штосьці зашыта ў падкладцы індульгенцыя на праграшэнні на двух. Пры ўсёй фатальнай раз’яднанасці фашысцкіх прыслужнікаў гэтыя двое да часу сапраўды аб’яднаны адной таемнай гнятліваю марай выблытацца са становішча, якое ў прынцыпе не мае выйсця. Нягледзячы на ўсе іх намаганні, фашысцкая рэчаіснасць аказваецца непераадольнай, і планы Белага Сурава рушацца. Наперадзе тупік.
Амаль гэткім самым тупіком, толькі расцягнутым па часе, заканчваецца злачынна-мітуслівае жыццё ротнага Мельнічэнкі, аднаго з прыспешнікаў нацыяналістычнага ахвосця, якое пайшло за Гітлерам па перакананні.
Паслухмяна распраўляючыся з беларускімі вёскамі, забіваючы ў дварах, у хатах, хлявах, яны тым самым няўхільна набліжалі сябе да той апошняе рысы, за якой іх чакала поўнае расчалавечанне, татальнае вызваленне ад усіх маральных абавязкаў перад людзьмі і краінай. Маральны і духоўны прымітывізм гэтых людзей дазволіў фашызму выкарыстаць іх сабе на патрэбу і з найбольшым эфектам, незалежна ад волі ўсіх і кожнага паасобку.
Усе яны схільныя да разважанняў і рэфлексій у вольную гадзіну, так ці інакш тлумачачы сабе сваё становішча. Праўда, паліцаі меншыя чынамі разважалі не шмат, яны рабілі сваю крывавую справу з фанатычнай тупагаловасцю. 3 пераканаўчай праўдзівасцю ў аповесці ствараецца сапраўды апакаліптычная карціна знішчэння аднаго з лагераў у Бабруйску, калі, справакаваўшы беспарадкі, гітлераўцы расстралялі ўсю шматтысячную масу ваеннапалонных. Нямногія ўцалелыя ў гэтым пекле пасля ўсяго перажытага, зломленыя і душэўна пакалечаныя, пайшлі служыць немцам, не падазраючы, што наперадзе іх чакае і яшчэ горшае.
Гэтых людзей нельга ні зразумець, ні апраўдаць.
Таму што, гінучы самі, яны не мелі людскага права губіць сваіх суайчыннікаў, пасабляць ворагу, рабіцца паслухмянай зброяй у злачынных фашысцкіх дзеяннях. Усё далейшае, што адбылося з тымі, хто пайшоў ва ўслужэнне да катаў, знаходзілася за мяжой чалавечнасці, бо платай за злачыннае ўласнае жыццё былі рэкі крыві бязвінных. Паступова, але
няўхільна абрываліся ўсе ніці, якія звязвалі іх з ранейшым даваенным жыццём, і кожны дзень іхняга існавання толькі павялічваў іх і без таго непамерную віну перад Радзімай. Пры ўсёй, на першы погляд, інтэграванасці іх лёсаў і ўчынкаў яны да канца заставаліся надзіва адмежаванымі адзін ад аднаго, страшэнна адзінокімі ў сваім роспачным намаганні перахітрыць пагібель. Вядома, што выжыць было няпроста ў абставінах няспынных баёў з партызанамі, атмасферы нянавісці з боку насельніцтва, бязлітаснага фашысцкага тэрору, калі здаралася, што з аднолькавай лёгкасцю каціліся ў агульную яму галовы ахвяр і галовы іх катаў.
Кампазіцыйная будова аповесці нагадвае бязлітасны разрэз агаленне ўсёй сістэмы фашызму. Нямнога знойдзецца ў нашай літаратуры твораў, дзе б на такой адносна невялікай плошчы з такой яркасцю і глыбінёй была прэпарыравана ўся гэта д’ябальская сацыяльная з’ява, пабудаваная на страху, бяздумным падначаленні і авантурызме. Кнігу пачынае і заканчвае выпісаны знутры вобраз Шыкльгрубера-Гітлера з яго рэфлексіямі-маналогамі, поўнымі „епамернага славалюбства і выхвалення, якія прытым выкрываюць нікчэмнасць абывацеля, што капрызнаю воляй выпадку ўзвысіўся над адной са старажытнейшых дзяржаў Еўропы. Многія з ягоных трызненняў проста цяжка спасцігнуць, калі адлучыцца ад думкі, што ў свой час яны рухалі мільёнамі і вызначалі лёсы народаў. Менавіта гэты ва ўсіх адносінах звычайны авантурыст, які ўбачыў у сабе ўвасабленне «провндення» і месію германцаў, стаў непасрэдным віноўнікам пагібелі больш як 40 мільёнаў чалавек у Еўропе. Аднак і гэтага яму было мала, ён марыў аб уладзе над светам, якая б здзяйснялася з вышынь Гімалаяў. Гісторыя, аднак, распарадзілася інакш, і незадачлівы ніцшэанскі выпладак на вачах усяго чалавецтва сам ператварыўся ў недачалавека, галазадую малпу на дрэве.
Аповесць насычана багатым дакументальным матэрыялам аб людзях і падзеях мінулай вайны і з’яўляецца новым сведчаннем гераічнай барацьбы народа супраць яго прыгнятальнікаў.
Многія яе з высокім майстэрствам напісаныя старонкі сагрэты высакародным пачуццём любові і ўдзячнасці да тых, хто загінуў, не здрадзіўшы чалавечнасці, іншыя поўныя нянавісці да катаў, якія пралілі нявінную кроў у імя вар’яцкіх ідэй фашызму. Аўтар з усёй відавочнасцю і глыбінёй і выкрывае подлую прыроду страху і здрадніцтва, у фінале якіх заўжды смерць і пагарда.
Гэтая самабытная і ў многіх адносінах павучальная аповесць, безумоўна, належыць да тых шчаслівых твораў літаратуры, якім суджана доўгае жыццё.
[1980]
АД ІМЯ ПАКАЛЕННЯ
-	Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Але... Ведаеце, у Твардоўскага ёсць такое сведчанне, што ён не любіць свайго юнацтва. Я не люблю свайго дзяцінства. Галоднае жыццё, калі трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць... Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць. Трэба, ды і прымушалі. Але ў пісьменніцтва, напэўна, прывяла любоў да кнігі. Чытаў заўжды, як памятаю сябе. ГІершую кніжку мне прачытаў бацька. А ўжо год з дванаццаці пайшла класіка. «Уваскрасенне», «Ганна Карэніна», «Вайна і мір»... Гэта, канешне, было надта рана, але перачытваць не ўмею. Памятаю і так.
У школьнай бібліятэцы кніг было няшмат. Але ў вёсцы жылі людзі, якія збераглі старыя выданні. У хаце сельскага настаўніка Баброўскага, з сынам якога я сябраваў, стаяў куфар старых кніг. Пісемскі, Дастаеўскі, Станюковіч, заходнія рамантыкі Жуль Верн, Вальтэр Скот, Майн Рыд. Памятаю, трапіўся мне Шэлер-Міхайлаў чатыры тамы аб свецкім жыцці рускай арыстакратыі... Чытаў без усякай сістэмы, без разбору. Але час і вопыт усё расставілі па сваіх месцах. 3 класікаў я, вядома, вылучаю Талстога і Дастаеўскага, хоць лічу, што рускіх пісьменнікаў-класікаў трэба любіць усіх без выключэння. Талстой, як мне здаецца, вялікі сваім светаадчуваннем, здольнасцю ўвабраць у сябе і асэнсаваць цэлыя эпохі з іх складанасцямі і супярэчнасцямі. Дастаеўскі незвычайнай паглыбленасцю ў чалавека, у яго ўнутраны свет. Маёй пісьменніцкай прыродзе блізкая таксама проза Пушкіна. Яна ясная, нешматслоўная, трапная, амаль без тропаў. Вось вершы не па маёй часці. Хаця даводзілася імі займацца ў жыцці год дванаццаць быў літкансультантам у гродзенскай абласной газеце.
ІОнаком Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. Хоць сялянскаму хлапчуку ў пэўным сэнсе лягчэй стаць
пісьменнікам, чым мастаком або музыкантам, гэта патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, якую ў вёсцы, практычна, атрымаць было нельга...
Маляваў, як усе дзеці, можа, трохі лепш. I, мабыць, таму ў школе мне заўжды даводзілася займацца насценгазетай. У суседняй вёсцы жыў селянін па прозвішчы Бобрык. Пасля грамадзянскай вайны ён прывёз з Сібіры мноства кніг, гадавыя камплекты «Ннвы», «Огонька», некалькі карцін алеем у багетавых рамах, пейзажы. Былі там рэпрадукцыі і артыкулы аб Рэпіне, Крамскім, Каровіне, а таксама Клеверы, пейзажы якога мне вельмі тады спадабаліся. Усё гэта неяк адгукнулася ў маёй душы. Пачаў даставаць фарбы, маляваць, пісаць у нейкія метадычныя кабінеты. Мне прысылалі адтуль брашуры аб тым, як трэба маляваць. Потым наш піянерскі важаты малады, энергічны хлапец Кандрацкі паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. I я туды паехаў і паступіў. Але ў хуткім часе прыйшлося кінуць у 1940 годзе адмянілі стыпендыі студэнтам тэхнікумаў. Паехаў дадому, зноў пайшоў у школу. Потым пачалася вайна...
Васіль Быкаў, як і тысячы ягоных аднагодкаў, васемнаццацігадовым юнаком трапіў у самае пекла. He, ён не пісаў у франтавыя газеты, не вёў дзёнлікаў апошняе строга забаранялася загадамі ваеннага часу.
-	Наогул да пісьменніцтва сябе не рыхтаваў, не да таго было. На фронце, бывала, не ведаеш, ці дажывеш да вечара, і ўжо тым больш да перамогі. Вось кажуць: скончыўся бой... Для нас ён ніколі не канчаўся. Калі немцы не наступалі, працавала іх артылерыя, авіяцыя... Калі нас адводзілі ў другую паласу, чакай прарыву на гэтым участку танкаў. Ды і там таксама баі. Мяне неяк запыталі чытачы, ці былі ў мяне на фронце светлыя хвіліны. Былі, калі ўдавалася жывому вырвацца з пекла. Тады было светла і радасна. Але ненадоўга. Наогул на вайне і нават нейкі час пасля яе не толькі пісаць, але і чытаць аб ёй не хацелася.
Васіль Быкаў у часе вайны скончыў ваеннае вучылішча, служыў у пяхоце, камандаваў узводам «саракапятак», потым у знішчальна-супрацьтанкавай артылерыі.
Я неяк прачытала выказванне Чынгіза Айтматава аб тым, што ён не можа вызваліцца ад думкі, што лёс збярог нам Васіля
Быкава. Па сведчанні самога Быкава, з васьмідзесяці чалавек, якія разам з ім скончылі пяхотнае вучылішча, у жывых засталося чацвёра. Па дакументах і сам В. Быкаў «забіты і пахаваны» ў брацкай магіле ля вёскі Севярынаўка на Кіраваградчыне.
Мне ўжо даводзілася расказваць аб тым...
Гэта было ў студзені сорак чацвёртага. Мы наступалі пад Кіраваградам. Зіма. Стэп. Наш стралковы батальён вёў бой пад Вялікай Севярынаўкай. Была ноч, але было светла ад свежага снегу. Немцы атакавалі нечакана танкамі на кукурузным полі. Рассеялі батальён і пачалі распраўляцца з намі. Агонь быў вельмі густы. Мы адстрэльваліся. Я быў паранены ў нагу. Адзін танк павярнуў да мяне. Я кінуў супрацьтанкавую гранату, але прамахнуўся і толькі паспеў падабраць ногі. Танк літаральна ўціснуў у снег полы майго шыняля. Метраў праз дваццаць ад мяне лейтэнант Міргарад кінуў у гэты танк сваю гранату.
Танк не загарэўся, але развярнуўся і стаў. Мы паспелі дабрацца да сцірт, потым да палявой дарогі, там былі нашы фурманкі. Мяне прывезлі ў сяло, якое стаяла ў лагчыне. У хаце набралася чалавек пятнаццаць параненых. Ноччу я задрамаў на лаўцы. Раптам чую, нехта будзіць: «Быкаў, Быкаў...» Гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёна. «Ты паранены?» «Паранены». «Хадзіць можаш?» «Не». «Наш батальён разграмілі...» Я разумеў, што ён збірае байцоў, каб арганізаваць абарону. Раніцай сяло зноў атакавалі нямецкія танкі, збілі абарону. Я выпаўз з хаты на дарогу, дзе мяне падабрала апошняя фурманка. Адзін танк спыніўся насупраць нашай хаты і расстраляў яе. Хата загарэлася. Відаць, усё гэта бачыў і мой камандзір батальёна, які, канешне, не ведаў, што за пятнаццаць хвілін да таго я выпаўз на вуліцу. Пасля шпіталя я трапіў у іншую часць. Падзеі тых дзён знайшлі адлюстраванне ў аповесці «Мёртвым не баліць», найбольш аўтабіяграфічнай з усяго мною напісанага.