Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Сонца тым часам прыпякала ўсё болей. Цень ад Мядзведжага хрыбта патроху вузеў у даліне, спякотная попельная смуга мроілася на далёкім падножжы гары, ахутвала лясныя схілы. Толькі снегавыя хрыбціны ўгары ўпэўнена ззялі, выставіўшы, як напаказ, кожную бляклую пляму на сваіх стракатых баках.
— Тріесте карашо! Тріесте партіджяно! Тріесте море! — ажыўлена гаманіла Джулія і, пэўна ад прыліву ўзнёсласці, заспявала:
Мі пар ді удіре анкора, Ля вочс туа, ім медзо ай фьорі'.
Гулліва косячы на яго свае жучкі-вочы, яна нягучна, але вельмі рытмічна выводзіла незнаёмыя і ад таго яшчэ болей напеўныя словы. Ён не ведаў, што гэта была за песня, мілагучныя яе пералівы кружылі, вагаліся, нешта падобнае на
1 Мне здаецца, што я яшчэ чую Твой голас між кветак (im.).
мернае хваляванне мора было ў яе рытме, нешта ласкавае і добрае размерана імкнула з душы.
Пэр нон софріре, Пэр нон моріре Іо ті пенсо, э ті амо...1
Хлопец, зацяўшы дыханне, слухаў гэты мілагучны адгалосак другога, невядомага свету, ды раптам дзяўчына абарвала свой спеў і падалася да яго.
— Іван! Учіть Джулія «Катуша»!
— «Кацюшу»?
— Сі. «Катушу».
Ра-а-сцеталі явіні і груші...
По-о-опілі туані надэкой...—
праспявала яна, адкінуўшы галаву, і ён засмяяўся: так гэта было няправільна і па-дзіцячы няўмела, хоць матыў у яе атрымаўся няблага.
Яна пачала старанна, бы школьніца, спяваць «Кацюшу», не зусім у лад вымаўляючы словы, і ад таго яму было смешна і хораша з ёю, нібы з вясёлым, прыгожым, паслухмяным дзіцем. Ён ішоў блізка ля яе і ў душы ўвесь час усміхаўся ад ціхай чалавечай харашосці, якой ужо так даўно не адчуваў. Невядома было, адкуль і чаму яна, гэта яго лагоднасць — ці мо ад высокага яснага неба, ці ад хараства гор або неабсяжнага шырачэннага прастору, што расхінуўся адсюль, а можа, ад нябачанага ніколі казачнага багацця кветак і нават дзівосных, змешаных у адзін духмяны водар пахаў? Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку, у палон і магчымую пагоню і думалася: ці не прысніўся яму ўвесь мінулы паўгадавы жах лагераў з эсэсманамі, смерцю, смуродам крэматорыяў, несціханым брэхам аўчарак? А калі ўсё тое было сапраўды, то як побач з ім магло існаваць на зямлі гэтае бессмяротнае хараство прыроды, якая гэта вя-
1 Каб не пакутаваць, каб не памерці, Я думаю пра цябе і цябе люблю... (іт.)
лікая сіла жыцця аддзяліла-адасобіла яе чысціню ад злачыннае ашалеласці людзей? Але тое агіднае, на жаль, не прыснілася, яно не было зданню — іх размаляваная палосамі і кругамі вопратка штохвілінна напамінала аб тым, што было і ад чаго яны канчаткова яшчэ не адкараскаліся. I цяпер тут, сярод першатворчае чысціні зямлі, гэтае іх адзенне здалося Івану такой нясцерпнай знявагай чалавечнасці, што ён хуценька сарваў з сябе гэтую куртку і загарнуў, каб не бачыць яе, у скуранку. Джулія перастала спяваць і, заўсміхаўшыся, агледзела яго трохі загарэлыя, крутыя і дужыя плечы.
— О, Эрколе — Геркулес! Руссо Геркулес!
— Які Геркулес? Дахадзяга...— запярэчыў Іван.
— Но, но! Геркулес!
Яна жартоўна пляснула па яго голай лапатцы і ашчаперыла апушчаную долу руку.
— Сільно, карашо руссо. Почему плен шёль?
— Ішоў? Вялі, дык і ішоў.
— Надо біль фашісто! — Яна рашуча махнула ў паветры маленькім кулачком.
— Біў, пакуль мог. Ды вось...
Падняўшы локаць, ён павярнуўся да яе другім бокам, і на яе рухавым смяшлівым тварыку адразу адбіўся жаль, амаль што спалох.
— Ой, ой! Санта Марія!
— Вось і Геркулес...— уздыхнуў ён.
— Болно? — пыталася яна і далікатным дотыкам асцярожна памацала вялізны шырокі рубец — след ад нажавога штыка.
Ён смела пацёр бок.
— Ужо не. Адбалела.
— Ой, ой!
— Ды ты не бойся, дзівачка,— ласкава сказаў ён,— Ану, пырні мацней.
Яна ўсё не адважвалася, і ён, узяўшы ў далонь яе тоненькія пальцы, ціскануў імі шрам. Яна спалохана войкнула і хіснулася ад яго. Іван прытрымаў яе за плечы, гэты кароткі іх дотык адразу шыбануў у душу хвалюючым хмелем, і хлопец, насуперак сабе, адхінуўся. He, так нельга! Што гэта я?
Так нельга. Трэба ісці, дайсці, трэба вырвацца з гэтага фашысцкага кодла — для таго ўцякаў.
— Гэта вось што,— нахмурана сказаў ён, коратка зірнуўшы на яе— Трэба... Трэба хутчэй ісці. Разумееш?
— Я,— пагадзілася яна ўсмешыста і з нейкаю затоенай думкай гледзячы яму ў вочы.
17
Яны спусціліся па схіле ад верхняй мяжы лугу да яго сярэдзіны. Тут мак трохі пачаў расступацца, даючы месца настырнаму багаццю іншых кветак. Сям-там сінелі лапікі буйных духмяных незабудак, калыхаліся на ветры званочкі, ад густога водару жоўтай азаліі п’янела ў галаве. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні, каля іх заўжды было многа калючага шчэбеню, ён шкодзіў ступням. Іван таму пачаў асцярожней выбіраць шлях, углядаючыся ў дол. Аднойчы перад яго тварам у траве бліснула чырвоная кропелька. Ён сагнуўся. Між зубчастых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын. Толькі ён сарваў іх, як перад вачыма замільгалі яшчэ чырвоныя зорачкі. Тады ён паклаў скуранку, прысеў; Джулія таксама з радасным воклічам кінулася ў дол.
Ягад было шмат — буйных, сакоўных, амаль скрозь спелых. Іван і Джулія пачалі поўзаць і есці, есці іх прагна, прыгаршчамі, забыўшыся на час і асцярогу. Мінула, напэўна, шмат часу, сонца пасунулася на другі бок неба і моцна высвечвала даліну з пералескамі і парэзаны крывулякамі расселін Мядзведжы хрыбет.
Абліваючыся потам, Іван усё поўзаў па траве на каленях, калі пачуў ззаду крокі Джуліі. Хлопец азірнуўся, павярнуўся і, выціраючы з ілба пот, сеў. Тоячы ў зыркастых вачах лагодную ўсмешку, дзяўчына хуценька падышла да яго, апусцілася на калені і разгарнула ражок свае курткі. На густа запэцканай сунічным сокам паласатай пале чырванела рассыпістая кучка ягад.
— Бітте, руссо Іван,— манерна прапанавала яна.
— Ну, навошта? Я ўжо наеўся!
— Но, но аевся! Эссен!
Яна зачэрпнула рукой ягад і ледзьве не сілком прымусіла яго з’есці. Потым з’ела трохі сама і зноў паднесла жменю да ягонага рота. Ягады з яе рук мелі чамусьці зусім інакшы смак, чым з’едзеныя па адной, ён выбраў іх вуснамі з жмені і жартоўна казытнуў зубамі яе цёплую духмяную далонь.
Джулія гарэзна пагразілася:
— Нон, нон!
Так яны даелі ўвесь гэты яе ягадны прыпас, і ён узяў пакінутую непадалёк у маку скуранку.
— Айда?
— Айда! — зухавата згадзілася яна.
Задаволеныя і неяк пабліжэлыя адно да аднаго, яны зноў пайшлі ўніз. Джулія даверліва паклала руку на яго плячо.
— Суніцы, гэта добра,— сказаў ён, парушаючы сцішаную, добрую, але трошкі чамусьці няёмкую маўклівасць.— Я да вайны не адно лета імі харчаваўся.
— О, руссо веджітаріані? — здзівілася яна,— Джулія нон веджітаріані. Джулія любіт біфтекс, спагетті, амлет.
— Макароны яшчэ,— дадаў ён, і абое яны засмяяліся.
— Сі, сі, макароні,— пацвердзіла яна і трошкі задзірыста падражніла: — А руссо суніці!
— Часам бывала... Што ж зробіш... Калі не ўродзіць — прагаладаешся,— нявесела пагадзіўся Іван.
Джулія здзіўлена зірнула на яго.
— Почему голядаешься? Русланд как голядаешься? Русланд само богато. Правда?
— Праўда. Усё праўда.
— Почему голяд? Говорі! — настойвала яна, пэўна ўстрывожыўшыся ад тых яго слоў.
Ён памаўчаў, ступаючы па траве і нерашуча згадваючы, ці варта гаварыць ёй аб тым. Але ён спазнаў ужо прыхільную лагоднасць яе душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці.
— У трыццаць трэцім, напрыклад, пагаладалі, бо засуха.
— Вас засуха?
— Якая засуха?..— Ён сагнуўся і скубануў з долу жменю травы,— Во, калі сонца спячэ ўсё. I трава згарыць. Праз голад і бацька памёр.
Яна здзівілася, аж стала, строгі яе твар спахмурнеў — выпрабавальна-падазроным позіркам яна глядзела на Івана. Але не сказала нічога, толькі выпусціла яго руку і чамусьці адразу зацялася ў сабе. Ён, засмучаны невясёлым успамінам, ціха пайшоў далей.
Так, былі цяжкія гады ў іх мясцовасці. Ратавала, звычайна, бульба, але і яе не заўсёды хапала да новай, і тады на сялянскіх сталах з’яўлялася трава 3 шчаўя і крапівы варылі якое сёрбава, падбавіўшы жменю мукі, пяклі траўнікі, агорклы смак іх на ўсё жыццё запомніўся Івану.
У трыццаць трэцім, калі асабліва дапякло, Іванаў бацька кінуў усё і паехаў на Украіну шукаць заробку і хлеба. Маці ўжо апухла была, малыя ледзьве хадзілі — добра яшчэ, што выручала карова ды новая бульба. Пад восень прыехаў бацька. I раней не зусім здаровы, у той час ён зусім знямог: як лёг, так і не ўстаў да Каляд. На Каляды пахавалі. Засталося чацвёра малых. Іван, самы старэйшы, мусіў выхоўваць, карміць. Ой, як нялёгка гэта далося! Усё гэта было балючаю праўдай яго жыцця. Толькі як пра яе раскажаш?
Ён задуменна ішоў, пазіраючы ў дол, дзе мільгалі ў траве шызыя яе калодкі і паціху варушыліся, плылі на хадзе два кароткія цені. Джулія пачала, аднак, адставаць, калодкі падаліся назад, ён адчуў нейкую перамену ў яе настроі, але не азірнуўся.
— I Сібірь біль? Плёхой кольхоз біль? — з яўным выклікам у раптоўна пасцюдзянелых вачах азвалася ззаду дзяўчына.
Ён спыніўся і ўважліва паглядзеў на яе.
— Хто табе сказаў?
— Одін плёхой руссо сказаль. Ті хочаш сказаль. Я зналь!..
Я?
— Ті? Говорі!
— Нічога я не хачу. Што я табе скажу?
— Ну, говорі: Джулія но правда! Джулія ошібка!
Твар яе стаў злосны, вочы востра блішчалі, уся яе нядаў-
няя прыхільнасць да яго знікла, і ён напружана стараўся зразумець прычыну гэтай яе перамены, таксама як сэнс яе вельмі непрыемных пытанняў.
— Ну, говорі! Говорі!
Відаць, сапраўды яна нешта ўжо чула, можа, у лагеры, a можа, яшчэ ў Рыме. Але ён цяпер не мог пацвердзіць яе здагадак, ён ужо шкадаваў, што ўспомніў пра голад.
— Біль несправьядлівост? — упарта дапытвалася дзяўчына.
— Якая несправядлівасць? Пра што ты гаворыш?
— Невінні люді Сібірь гналь?
Ён выпрабавальна ўгледзеўся ў яе калючыя вочы і зразумеў, што трэба або сказаць праўду, або выдумляць якую адмысловую хлусню. Толькі хлусіць ён не ўмеў і, каб адразу спыніць гэтую прыкрасць між імі, няласкава кінуў:
— Як раскулачвалі — гналі.
Джулія пакутна закусіла вусны.
— Нон правда! — раптам крыкнула яна і нібы ўдарыла яго позіркам — столькі ў яе вачах было болю, крыўды і самае непрыкрытай варожасці.