Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Праўда, яны хутка забыліся на сваю злосць. Жвавы чарнавокі Сёмка шпарка сігаў па тратуары і, цікуючы між сустрэчных прыгожых дзяўчат, апавядаў нешта вясёлае. Лапата слухаў і ляніва ўхмыляўся вузенькімі вочкамі на дабрадушным санлівым твары. На Алеся яны махнулі рукой — ат, маўляў, няхай ідзе, калі хоча, а не хоча, няхай вяртаецца: бяда невялікая.
Але Вострыкаў не вярнуўся, а з самотнымі думкамі ішоў следам. Ды і чаго было вяртацца, калі ў інтэрнаце пуста і сумна, блізкага сябра ў Алеся яшчэ не было, і ніхто яго не чакаў там. Другія неяк зыходзіліся, разам працавалі, разам гулялі, а ён, ціхі, сціплы і непрыкметны, ад усіх заставаўся ўбаку. У сяброўства да яго ніхто не набіваўся, ды і ён асабліва не лез да іншых.
Хлопцы прайшлі люднай вуліцай, мінулі ўжо агорнуты вячэрняй цішынёю парк і падышлі да гаркомаўскага дома. Толькі тады, адчыняючы зялёныя дзверы ў мураванай браме, Лапата азірнуўся і ўбачыў Алеся, які ўпарта цягнуўся ззаду. Піліп знарок моцна грукнуў дзвярыма і ўвайшоў у двор.
Там ужо было шмат народу навучэнцы школ ФЗН, студэнты педінстытута, чыгуначнікі і маладыя рабочыя заводаў, — яны сабраліся сюды і чакалі інструктажу. Трымаліся ўсе купкамі, сядзелі на ганку ўздоўж сцяны і нават на нізенькім шчыкетніку ля брамы. Увайшоўшы сюды, Алесь разгубіўся, не ведаючы, куды падацца. Хутка ён убачыў сваіх, Сёмку і Лапату, якія ўжо размаўлялі з нейкім віхрастым у акулярах хлопцам. Алесь здалёк ваўкавата паглядзеў у іх бок, але не пайшоў туды, а, уздыхнуўшы, прыткнуўся ля загародкі побач з групай гаваркіх студэнтаў.
Блізка за брамай гаманіла вуліца, шорхалі ногі па асфальце, і ў двор даносіліся ўрыўкі чужых вясёлых размоў. У двары таксама шумелі галасы, адчуванне нязведанай новай справы ўзнесла хлапечы настрой. Студэнты ўжо, відаць, не ўпершыню выпраўляліся ў патрулі і цяпер дасціпна фантазіравалі на тэму начных прыгод. Усе навокал гаманілі і смяяліся, прадчуваючы забаўныя падзеі, адзін толькі Алесь Вострыкаў, маўклівы і насуплены, сядзеў тут, на мулкай загародцы, і дзёўб абцасам упартую да жыцця мураўку.
Але вось той віхрасты ў акулярах, з якім размаўлялі хлопцы, выйшаў на сярэдзіну і сказаў, што трэба пастроіцца. 3 жартамі і вясёлымі кпінамі наконт свайго вайсковага спрыту моладзь падалася да яго і пачала нязграбна станавіцца ў шарэнгу. Алесь таксама ўстаў і, не ведаючы, дзе прыступіцца, стаяў зусім разгублены і чамусьці ніякавата моршчыў кароценькі, амаль дзіцячы нос. Ён пэўна стаў бы дзе-небудзь на левым фланзе, калі б не пачуў басавіты голас Піліпа Лапаты:
— Вострыкаў, давай сюды!
I дзіўная справа душа чалавечая! Знаёмы Лапатаў голас прагучаў сярод гоману, як нешта сваё, блізкае і роднае. Алесь адразу адчуў, што трымацца замкнёна і воддаль у яго не стае моцы. Адчуваючы, як пацяплела ў душы, ён знарок паволі падышоў да хлопцаў і дзікавата яшчэ стаў у шарэнгу побач з Лапатам. Выроўніваючыся, хлопцы спачатку штурхаліся і сціскалі яго, паводзячы з боку ў бок,
а потым неяк выпхнулі ў першы рад, дзе было вальней, і ён такім чынам апынуўся ля Сёмкі, які нядобра паглядзеў на яго.
Калі шум крыху ўгаманіўся і шарэнга як-кольвечы ўладкавалася на двары, віхрасты ў акулярах аб’явіў, што ён начальнік штаба камсамольскіх патрулёў, і пачаў інструктаж. Ён сказаў, што ў горадзе здараецца шмат хуліганскіх учынкаў, што камсамол павінен выкараняць іх, і для таго прызначаюцца патрулі, у задачу якіх уваходзіць выяўляць хуліганаў і папярэджваць хуліганства. Дзесяткі з тры хлопцаў уважліва слухалі яго, потым віхрасты разгарнуў спіс, што трымаў у руцэ, і пачаў размяркоўваць патрулёў па аб’ектах.
Пакуль называліся незнаёмыя прозвішчы і вызначаліся месцы, Алесь пазіраў на начальніка штаба і паціху слухаў, як варушыўся збоку яго сусед Сёмка. Ён усё перашэптваўся нешта з Лапатам і хіхікаў немаведама чаго, аднак Алесь не паварочваўся і не ўнікаў у іхнюю весялосць.
Нарэшце дайшла чарга і да іх. Віхрасты выйшаў на сярэдзіну шэрага і зачытаў:
— Дзесяты будтрэст: Лапата, Вострыкаў, Зубрыцкі. Будзеце патруляваць па вуліцы Пясчанай і ля інтэрната цагельнага завода. Звернеце асаблівую ўвагу на клуб завода. А хто старшы ў вас?
Начальнік павёў акулярамі, нібы стараючыся ўбачыць у шэрагу будаўнікоў старшага, але тыя стаялі маўклівыя і не ведалі, хто ў іх старшы.
Што, няма старшага? перапытаў ён. Ну, вось... Вострыкаў і будзе ім.
Алесь збянтэжана зірнуў на начальніка штаба, не ведаючы яшчэ, жартуе той, ці сапраўды загадвае яму. Але пакуль хлопец гадаў, віхрасты ўжо зрабіў адзнаку ў сваім спісе.
Я не старшы, запярэчыў Алесь. Я не ўмею...
Начальнік штаба толькі ўсміхнуўся.
— Ну, што вы? Зможаце, гэта нескладаная справа.
Алесю зноў стала ніякавата, праўда, ужо з нейкай іншай прычыны, чым раней. Лапата ззаду прыціх, а Сёмка неяк адразу насцярожыўся — Алесь не бачыў, але, стоячы побач,
адчуў гэта. Начальнік тым часам падаў яму чырвоную нарукаўную павязку старшага патруля і зноў паўтарыў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.
Так нечакана для сябе Алесь зрабіўся старшым, і, толькі калі віхрасты перайшоў да іншых, паверыў, што ўсё гэта адбылося ўсур’ёз і канчаткова.
Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Хлопцы ў двары парушылі строй, з гамонкай і мітуснёй збіраючыся разысціся па сваіх вуліцах, але віхрасты зноў узняў руку:
Адну хвіліну, таварышы! На мінулым тыдні ў горадзе з’явіўся рэцыдывіст, нехта па мянушцы Фараон. Калі дзе хто заўважыць гэтага бандзюгу, то даць сігнал абавязкова. Міліцыя на яго ўжо мае справу.
Двор пачынаў пусцець, хлопцы адзін за адным выходзілі, скрыпаючы дзвярыма. Алесь, не звяртаючыся да таварышаў, як-кольвечы сам завязаў на рукаве канцы павязкі і зірнуў на хлопцаў.
Яны стаялі збоч ад яго і пазіралі на новага начальніка. Лапата, як заўсёды, заклаўшы рукі ў кішэні, ледзь варушыў сваімі белаватымі вейкамі, і хто ведае, што было ў яго позірку. Сёмка ж неяк стрымана ўсміхнуўся, але, здаецца, у жвавых чорных вачах яго бліснула насмешка. I хоць у Алеся прапала ўжо ўся крыўда на хлопцаў, гэтая насмешка неяк стрымлівала яго ад канчатковага збліжэння. Аднак, узяўшы на сябе пэўны клопат за справу, ён знарок проста, нібы між імі нічога і не здарылася, сказаў таварышам:
Ну што? Пайшлі.
— Лавіць Фараона? — перапытаў Сёмка і з’едліва ўсміхнуўся.
— Пойдзем, — няпэўна азваўся Лапата, і яны выйшлі, на вуліцу.
Сёмка і Піліп усё трымаліся поплеч, толькі крочылі ззаду, падкрэслена прапусціўшы наперад старшага з павязкай. У людской цеснаце яны ішлі ля магазінаў; Алесь трошкі скасіў вока ў бок люстраной вітрыны і аж не пазнаў сябе. За тоўстым шклом у нагу з ім рухаўся белатвары хлопец у чысценькім выпрасаваным гарнітуры, і на яго рукаве ўрачыстай чырванню ззяла павязка. Крышачку
саромеючыся за сваё незаслужанае старшынства, Алесь ішоў нетаропкім, важным крокам, як ходзяць патрулі-салдаты, і з сур’ёзнай мінай углядаўся ў постаці сустрэчных.
Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк, тут быў глухі яго бок. Дрэвы стаялі паніклыя ў цішы, і між іх галля ўжо гусцеў змрок. На слупах запаліліся ліхтары, але было яшчэ відна, іх святло марна таяла ўгары, цьмяна асвятляючы блізкае вецце дрэў. У канцы вуліцы залацістапалевым бляскам святлеў заходні ўскраек неба, аздоблены нізкай барвовай хмурынкай.
Хлопцы ішлі і ішлі ў напрамку тае хмурынкі, і ўжо ззаду засталіся людныя вуліцы і шматпавярховыя дамы. Лапата і Сёмка нешта перагаворваліся і жартавалі між сабой, а Вострыкаў пільна глядзеў па баках. Ён па-ранейшаму адчуваў сябе не зусім ёмка ў гэтай новай ролі. Праўда, тут, на ўскраіне, дзе прахожых было меней, ён паспакайнеў, а дагэтуль усё здавалася хлопцу, што сустрэчныя з іроніяй пазіралі на яго і, пэўна, думалі: «Вось яшчэ ўпарадкавальнік, блазан гэткі!». Асабліва дапякалі яму няпэўныя адносіны таварышаў. Была б гэта якая іншая справа, менш сур’ёзная, дык ён кінуў бы турбавацца і трымаў бы сябе куды вальней. Але цяпер ён быў тут галоўным, ад яго залежала дзейнасць патруля, і ён адказваў за яе перад гаркомам камсамола. Хлопец адчуваў гэтую адказнасць і хацеў выконваць свае абавязкі як мага лепш.
На скрыжаванні дзвюх пыльных небрукаваных вуліц ім сустрэліся двое юнакоў. Добра апранутыя, у шэрых гарнітурах з белымі каўнярамі паверх пінжакоў, яны шыбавалі пасярэдзіне вуліцы, трымалі ў роце цыгаркі і адмыслова лаяліся. Увесь іх выгляд быў нахабны і сведчыў, што хлопцы не прывыклі зважаць на чые-небудзь заўвагі. Алесь ведаў, што з такімі чапляцца не абыдзешся без сваркі. Другім разам ён паціху прамінуў бы іх, і нават цяпер яму вельмі карцела зрабіць гэта. Але абавязкі ёсць абавязкі, і, неяк пераадолеўшы нерашучасць, ён спыніўся на асветленым ліхтаром месцы.
— Хлопцы, трэба цішэй, — як мага спакайней сказаў ён. Юнакі спынілі лаянку і, падазрона ўглядаючыся, збочылі
да яго. Лапата і Сёмка адсталі ад свайго старшага крокаў на дваццаць і, размаўляючы, пляліся па тратуары. Апрача іх, на вуліцы, здаецца, не было нікога.
Што трэба, блазан?
Гэта прамовіў пярэдні, нізкарослы таўсцяк. Ён насупіў бровы і, выцягнуўшы з кішэні рукі, пагрозліва наблізіўся да Алеся. Другі, сутулы і высокі, змрочна аглядаючы яго, таксама падышоў і стаў з другога боку.
Алесь адчуў сябе зусім ніякавата ад такога пагрозлівага намеру, але, прыкідваючыся, што не прыкмячае нічога незвычайнага, цвёрда сказаў:
Мы камсамольскі патруль. Прашу трымаць сябе культурна.
Ха! Патруль! шыркнуў высокі, і яны насмешліва пераглянуліся: — Дык што табе, па мордзе заехаць?
Але тут падышлі Сёмка і Лапата і моўчкі, з гатоўнасцю памагчы, сталі ззаду. Хуліганы, відаць, зразумелі, што на баку патруля не толькі закон, але і сіла, і бокам падаліся далей. Ужо адышоўшыся, яны палаяліся і зніклі ў змроку.
Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з’яўляліся жаночыя постаці і завешвалі іх ці папраўлялі фіранкі. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з агародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру. Алесь крыху хваляваўся ад той не дужа прыемнай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі, аднойчы Лапата сказаў:
— Аднак ты, гляджу, зубасты.
Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка, і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў: