Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Трымаючы кулямётны прыклад ля пляча, Галкін не зводзіў вачэй з нізіны і не дарма. Накапіўшыся ў раўчуку злева, гітлераўцы высыпалі ў нізіну і, выстройваючыся
на хаду ў няроўны блытаны ланцуг, кінуліся да лесу. Галкін пачакаў, пакуль усе высыплюць на адкрытую мясцовасць, і пусціў доўгую чаргу.
Ад першых стрэлаў кулямёта Матузка ўздрыгнуў, мацней сціснуў сваю вінтоўку, але стрэліць не здолеў. У яго зашчымела ў грудзях, млосць разлілася па целе. Цяпер толькі ён адчуў і зразумеў упершыню, што вось пачалося тое, да чаго ён рыхтаваўся гэтулькі часу. Узрушанасць была моцная, яна хваляй уварвалася ў душу маладога салдата, але хутка і прайшла. Барацьба, у якую ўжо ўступіў юнак, патрабавала яго непасрэднага ўдзелу, не лічачыся з настроем, і Матузка зразумеў гэта. Прыклаўшыся да вінтоўкі, ён убачыў ля мушкі многа маленькіх фігур, якія паднімаліся, беглі і падалі. Побач страляў кулямёт, і неяк у такт яго стрэлам ці мо ў такт сэрцу, сціснутаму ў грудзях, ва ўсе бакі хадзіў ствол вінтоўкі, не даючы прыцэліцца. I ўсё ж Матузка выбраў момант, зацяў дыханне і стрэліў. Потым яшчэ і яшчэ...
Нечакана сустрэтыя кулямётным агнём з фланга, гітлераўцы спачатку кінуліся наперад, а потым прыцішылі бег. Многія з іх пападалі на лугавіну, іншыя, змяшаўшыся, пачалі бязладна бегчы назад у раўчук, адкуль толькі што выйшлі. Наўздагон ім Галкін апаражніў дыск і вылаяўся, не стрымаўшы злоснай радасці.
Матузка ўслед за кулямётчыкам з прыкметнай неахвотай пакінуў страляць і паклаў на бруствер вінтоўку. На яго твары ззяла такое шчырае захапленне першым поспехам, што Галкін не ўтрымаўся ад усмешкі і, мімаволі паддаючыся настрою памочніка, амаль весела запытаў:
Ну, як?
Адбілі, проста адказаў Матузка. Кулямётчык выцер пілоткай узмакрэлы лоб і, нібы скінуўшы з плячэй які цяжар, зморана ўздыхнуў.
Нічога, братка, цёпла сказаў ён, адклікаючыся, відаць, на нейкія свае думкі. — Як-небудзь. Давай папоўнім дыскі.
Ён узяў з-пад ног рэчавы мяшок, наладаваны патронамі, і развязаў лямкі.
— Патронаў, здаецца, хопіць, а вось хлеба няма. Прыйдзецца патрываць пакуль што.
— У мяне ёсць крыху, азваўся Матузка, узрадаваўшыся, што чым-небудзь можа ўслужыць старэйшаму таварышу.
— Давай тады заадно падмацуем і жываты, каб весялей жылося. Цябе як завуць?
Мікалай, — паведаміў Матузка.
— А мяне — Змітрок.
Матузка выняў з кішэні загорнуты ў паперу кавалак усохлага хлеба, разламаў на дзве паловы і большую аддаў таварышу. У гэты час ён быў перакананы, што Галкін зусім някепскі хлопец, з ім можна сябраваць, і пашкадаваў, што яны не пазнаёміліся раней. А Галкін, смачна хрумстаючы яблык з хлебам, піхаў у дыск патроны і думаў, што з маладога байца, пэўна, будзе толк.
Так яны паснедалі несамавітым харчам, павесялелі ў адносінах між сабой і, задаволеныя добрым пачаткам справы, мала думалі, што яшчэ іх чакае.
* * *
Апоўдні над вёскай і полем запанавала нудная няпэўная цішыня. Прасторы, размораныя спёкай, ціха драмалі, адпачываючы ад шматгадзінных трывог барацьбы, ахапіўшай наваколле.
Галкін і Матузка ў дзве пары вачэй сачылі за лагчынай, каб у час заўважыць новыя спробы немцаў абысці вёску. Але ў нізіне і ў полі было зусім пуста. Ніводнай жывой істоты, ніводнага руху не назіралася ўдалечыні, толькі над чаротам, пэўна, на добрае надвор’е, дрыжала гарачае марыва.
Можна было меркаваць, што немцы кінулі намер авалодаць вёскай і адышлі на іншы рубеж ці змянілі кірунак наступу. Аднак да хлопцаў ніхто не прыходзіў, і Галкін, як
баец з вопытам, ведаў, што ў такіх выпадках трэба выконваць ранейшы загад.
Разам са спакоем прыйшлі і новыя клопаты. Пасля сухога снедання нясцерпна хацелася піць, а спёка яшчэ больш узмацняла смагу. Нейкі час хлопцы моўчкі змагаліся з ёю, але нарэшце Галкін не вытрымаў.
Ты з кулямёта страляць умееш? запытаў ён у таварыша.
Ага.
Тады папільнуй тут, а я пашукаю вады.
Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты кацялок і павольнай хадою падаўся за лазню.
Застаўшыся гаспадаром у акопе, Матузка агледзеў дыскі, пацікавіўся, які прыцэл стаіць на калодцы, і, паклаўшы палец на спуск, прымерыўся да кулямёта. Ён адчуваў сябе рашучым і моцным у гэты час, і на момант у яго нават з’явілася жаданне, каб у лагчыне паказаліся немцы. Ужо ён даў бы ім перцу! Толькі да звароту Галкіна нічога не здарылася. Матузка ўволю напіўся смачнай сцюдзёнай вады, а рэшту паставіў пад куст, каб не грэлася на сонцы.
Сонца тым часам пасунулася ў небе і павярнула цень ад куста, які дагэтуль крыху хаваў іх. Стала вельмі горача, і Матузка, пазіраючы на рудыя плечы сябра, параіў:
— Ты б апрануўся, a то спячэшся.
Галкін паслухаў і, пераклаўшы дыскі на дзядоўнікаў ліст, апрануў заношаную і засаленую гімнасцёрку з двума медалямі «За адвагу».
Уладкаваўшы свае справы, хлопцы зноў сталі пільнаваць лагчыну.
Галкін, мала адпачыўшы ноччу і змораны напружаннем раніцы, адразу пачаў дзёўбаць носам, стоячы за кулямётам. He давяраючы яшчэ аднаму Матузку, ён імкнуўся назіраць сам, але ўваччу непрыкметна наплываў туман, галава марудна хілілася долу і павісала, амаль кранаючы зямлі. Тады кулямётчык усхопліваўся і як мага шырэй расплюшчваў пачырванелыя вочы, аднак праз хвіліну цішыня, зморанасць і спёка зноў бралі сваё. Матузка трымаўся болей бадзёра. Хоць і на яго дзейнічала нерухомасць
і спакой у полі, але ён не думаў пра адпачынак. Наадварот, бачачы, як стаміўся таварыш, ён яшчэ пільней у соты раз аглядаў поле, якое вывучаў да апошняй драбніцы.
Так прайшло некалькі расцягненых бяздзейнасцю гадзін, і ў паўдзённай цішіяні выспела нарыхтаваная ворагам бяда.
Спачатку ні Галкін, ні Матузка не звярнулі ўвагі на тое, што дзесьці за лесам нібы чмыхнула нешта раз і другі. Гукі гэтыя былі слабыя і амаль не нагадвалі стрэлаў. I тым не менш з-за лесу ўзяў пачатак і набліжаўся востры прарэзлівы віск. Матузка на нейкую секунду разгубіўся, a потым інстынктыўна ўцяў галаву ў плечы і прыціснуўся да бруствера. У гэты ж момант з аглушальным крэктам цяжка здрыганулася зямля, і блізкі выбух амаль болем аддаўся ў целе. Матузка ўчапіўся за Галкіна, а той, мігам адолеўшы сон, падаўся да кулямёта. Калі ж хлопец глянуў наперад, дык убачыў непадалёку ад акопа дзве свежыя чорныя варонкі, над якімі ў цішыні курылася сухая зямля.
Зрабілася надзвычай ціха, толькі ненадоўга. Зноў тыя ж глухія гукі з-за лесу, і цераз паднябессе з прарэзлівым скрыгатам паляцелі міны. Галкін схапіў кулямёт і, тузануўшы Матузку, прысеў на дно ячэйкі. Магутныя выбухі ўскалыхнулі зямлю, апаліўшы алешнік на ўзлеску, якраз ззаду іхняга акопчыка.
— Эге, братка, — зірнуўшы са сховішча, сказаў кулямётчык. Гэта па нас вілку ўзялі. Ну, цяпер трымайся!
I сапраўды, не паспелі хлопцы што-кольвечы падумаць, як зноў угары заверашчала ў шмат галасоў, і шумна ды жудасна панесліся на іх серыі цяжкіх, буйнакаліберных мін. Матузка адчуваў, як з кожным імгненнем, непадуладнае цяпер яму, напружвалася яго цела, а сэрца, пэўна, спынялася, ахопленае прадчуваннем пагібелі. Выбухі грымелі зусім побач і так моцна, што здавалася, пад іх ударамі шчапалася зямля, на ўсю глыбіню працятая страшнай трацілавай сілай. Адзін гучней за другі, як лютыя перуны, білі яны знямеўшыя ў роспачы нетры, і грымотнае рэха калыхала лясныя абшары.
Так цягнулася, здаецца, вельмі доўга. 3 бруствера на спіны байцоў сыпалася зямля, пахла пылам і нейкім пале-
ным смуродам, а яны, прыпаўшы да самага дна, ні разу не варухнуліся. Амаль фізічны боль пранізваў істоту, і хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён ці ўжо мёртвы.
Галкін чакаў, калі скончыцца агнявы шквал, ды чакаць давялося доўга. Калі ж выбухі крыху аддаліліся, ён, адчуўшы нядобрае, хуценька падняўся ў акопе і ўскрыкнуў. Карыстаючыся агнявым прыкрыццём, цераз лагчыну ў лес бегла некалькі дзесяткаў ворагаў. Пярэднія дасягнулі ўжо сярэдзіны лужка, і баец схапіў кулямёт.
За таварышам падняўся з акопа і Матузка. Кусты на ўзмежку парадзелі, нібы скінулі лісце; лазня з выбітым вуглом і раскіданай сцяною павалілася на бок. У вёсцы нешта гарэла, і дым рудымі клубамі валіў угору. Травяністы дол наўкола быў перамешаны з зямлёю, а ад багатай расліннасці не засталося і следу.
Зноў трапіўшы пад флангавы агонь, гітлераўцы збянтэжыліся і заляглі. Злосна засакаталі ўдалечыні іх лёгкія кулямёты, і недзе побач у паветры пачулася нядобрае «ф’юф’ю». Хлопцам, аднак, не было калі прыслухоўвацца да новай небяспекі: яны выконвалі загад. Галкін, упёршы прыклад у дужае плячо, разам з кулямётам тросся ўсім целам. Ён баяўся прапусціць хоць бы адзін рух ворага і біў частымі кароткімі чэргамі. Побач, спяшаючыся і хвалюючыся, страляў Матузка, ад перажытага страху яшчэ дрэнна валодаючы сабой.
Гітлераўцы нарэшце зразумелі, што прабіцца ў лес, пакуль на фланзе дзейнічае кулямёт, ім не ўдасца. Відаць, уцямілі яны і тое, што сілы ля лазні невялікія і кароткім імклівым ударам можна знішчыць дакучлівую перашкоду.
Там, у траве на лузе, яны перастроілі свой ланцуг і кароткімі перабежкамі пачалі пасоўвацца да лазні. Потны і брудны ад пылу Галкін толькі скрыгатаў зубамі: высокая някошаная трава добра хавала ляжачых салдат, а біць адзіночак, якія зрэдку перабягалі, было нязручна і трацілася шмат патронаў.
Злева, за вёскай, таксама разгарэўся моцны бой, там стрэлы і выбухі зліліся ў суцэльны гул, гітлераўцы адразу атакавалі на ўсім участку.
Некалькі хвілін Галкін страляў і страляў, а ворагі, не зважаючы на агонь, павольна, але ўпэўнена пасоўваліся наперад.
Ах, сволачы! — крыкнуў хлопец, адарваўшыся ад кулямёта. — Паўзуць!
Ен вызначыў, што затрымаць ворага ла адлегласці не ўдасца, а наблізіўшыся, гітлераўцы скарыстаюць хмызняк і блакіруюць кулямёт. На твары кулямётчыка адбілася злосць, і вочы заснавалі па прасцягу, шукаючы выйсця. Адчуўшы, што настаў рашучы момант, ён увесь ажывіўся, наліўся сілай і спрытам.
— Мікалай, звярнуўся ён да таварыша, — вось што, братка: бяры кулямёт і краем лесу шпар наперад. Як зраўняешся з іх флангам — лупяні збоку. Толькі нядоўга: дыскі са два. А я іх падражню адгэтуль.
Усхваляваны Матузка не вельмі разумеў у новым павароце справы, але адчуваў небяспеку. Ды і выгляд таварыша сведчыў, што становішча сапраўды сур’ёзнае. He кажучы ні слова, ён вылез з акопа і па ўзмежку, прыгінаючыся як мага ніжэй, падаўся да лесу.