Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Пачакаўшы і крыху прызвычаіўшыся да новага стану, чалавек, усё яшчэ не выпускаючы з рук выратавальнай алешынкі, зрабіў крок наперад. Тады дрэвы і светлыя плямы неба, што віднеліся скрозь лісце, нечакана хіснуліся ўбок, разам з імі гайданулася зямля, і чалавек, раней чым паспеў зразумець, што адбылося, зноў адчуў гаркаваты цвілы пах долу.
Першая няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш чым сілы было жадання дабрацца да дарогі. Чалавек і ў жыцці быў упарты, і цяпер, у апошнія хвіліны, упартасць гэтая ўдзесяцярыла яго фізічную здольнасць.
Звычным рухам чалавек падцягнуў пад сябе нагу, праз густую траву прасунуў наперад руку і падаўся сам. Потым — другую нагу і другую руку. Праз гімнасцёрку на баку выступіла шырокая мокрая пляма гэта недзе адкрылася рана.
Чалавек папоўз. Цяжка дыхаючы, губляючы долу згусткі крыві, ён упарта разгортваў траву і прасоўваў наперад
сваё цела. На травяністым шляху яго спалохана ўзляталі матылі, разбягаліся прэч устрывожаныя жукі і кузуркі. Ззаду за чалавекам цягнуўся няроўны шырокі след.
Дзесьці, ужо зусім побач, скрыгочучы гусеніцамі і люта равучы маторамі, грукацелі танкі. Зямля, не стрымліваючыся, абурана дрыжала, нібы не ў стане была сцярпець на сабе сталёвыя страшыдлы чужынцаў.
Яны былі блізка, і чалавек спяшаўся, каб паспець у час. Пасля доўгіх хвілін руху ён выпаўз на край невялічкай прагаліны, і нечакана яго абыякавы ўжо да смерці розум быў збянтэжаны страшным відовішчам.
У густой сакавітай траве на краі прагаліны працягнутая рука чалавека раптам напаткала перашкоду, і ён, далёкі ад страху, знячэўку ўздрыгнуў. Перад ім, неяк незвычайна закінуўшы галаву і задраўшы ўгору моцныя пашчэнкі, ляжаў забіты. Раскіданыя вакол галавы светлыя валасы пераблыталіся з травою, расплюшчаныя вочы застылым невідушчым позіркам углядаліся ў вячэрняе неба.
У чалавека тупым болем зашчымела ўнутры, калі ён пазнаў у забітым таго, хто дагэтуль камандаваў імі, вёў праз баі, між смерцяў, падтрымліваючы ў людзях веру ў перамогу. Узняўшы з травы галаву, чалавек убачыў і астатняе, што без слоў растлумачыла зыход страшных падзей на гэтай ціхай лясной прагаліне.
Праз дзесятак крокаў адсюль, расцягнуўшы за сабой гусеніцы, нібы кішкі, скасабочыўся нямецкі танк. Звернуты на бок і апушчаны ў бяссіллі ствол яго гарматы бездапаможна глядзеў у гушчар, правае вядучае кола ўпіралася ў корпус другой машыны, ад якой засталася бязладная куча абгарэлага жалеза. Воддаль, у паламаным алешніку, нібы гіганцкі палонік, ляжала вежа з гарматай, адкінутая выбухам. Прагаліна ва ўсіх напрамках была ўзарана гусеніцамі, травяністы дзірван разрыты на шматлікіх паваротах. A вакол танкаў на ўтаптанай траве ў ненатуральных позах ляжалі людзі нашы савецкія байцы. Іх было шмат, і ўсе яны былі мёртвыя. Пэўна, не засталося ў іх ніводнага жывога таварыша, каб у роднай зямлі пахаваць іх целы. I яны ляжалі цяпер, як нямыя сведкі лютай сутычкі, у якой яны прыдбалі сабе салдацкую смерць.
Чалавек спыніўся, не адважваючыся прадаўжаць шлях праз гэтую страшную пляцоўку смерці. Боль усё мацней пранікаў у яго пачуцці: сярод забітых байцоў ён з жахам пазнаваў сваіх таварышаў па службе.
Цяпер ён упэўніўся, што ніхто не адступіў адсюль, і ўсе памерлі, да канца выканаўшы свой салдацкі абавязак. Толькі ён цудам ліпіць пакуль што, і ўвасобленая ў ім адным яшчэ прадаўжае жыць іх стралковая рота. 3 гэтай прычыны такой дарагою здалася чалавеку рэшта яго жыцця, што ён спалохаўся нават, адчуўшы, як моцна ўхапілася смерць за яго аслабелае цела. He, не можа ён, не мае права загінуць раней, чым зробіць тое, да чаго кліча недавершаная помста мёртвых байцоў!
У свядомасці неяк сама па сабе ўмацавалася ўпэўненасць ва ўдалы зыход яго намагання. Здавалася, святая справядлівасць апошняга абавязку з тае хвіліны ўзяла яго пад сваю ахову.
Сонца, схаваўшыся за гушчар, кранулася недзе нябачанай хмурынкі і ў апошні раз раскінула над лесам стромкія шырокія промні. Прагаліну ўжо заслаў дымчаты цень зачынак ночы, а ў небе над лесам яшчэ было светла і ўтульна. У бязветранай цішы віселі над прасторамі рэдкія хмурынкі, падсветленыя знізу самотным вячэрнім святлом нізкага сонца.
Знемагаючы, чалавек адолеў прагаліну і спыніўся. Далей пачынаўся рэдкі беразняк, а за ім ужо пралягала дарога. Толькі паўсотні крокаў аддзяляла чалавека ад яго мэты, ад яго апошняга рубяжа. Ужо можна было адрозніць па грукаце і лязгу на дарозе, як праходзілі паасобныя машыны. Рух там не спыняўся, але дыстанцыя між танкамі прыкметна павялічылася: відаць, калона канчалася.
Чалавек ведаў, што трэба паўзці, а сіл ужо амаль не было. Некалькі доўгіх хвілін ён ляжаў ніцма, не варушачыся. Нялёгкі шлях і страшнае відовішча мёртвай прагаліны зусім знясілілі яго. На момант крануўшыся свядомасці, недзе ў адчуванні мільганула непрытомнасць, памутнела ўваччу.
Чалавек спалохаўся, што зноў пазбавіцца пачуцця, і намогся зрабіць яшчэ некалькі рухаў.
Ішлі хвіліны. Заміраючы ад бяссілля, чалавек пасоўваўся крыху наперад, а потым зноў доўга ляжаў без руху. Пачуўшы, як слабее супраціўленне, смерць зноў насела на яго, і чалавеку не было чым абараняцца. Раз-пораз урываліся ў голаў пякельныя здані, і адчуванне рэчаіснасці чаргавалася з кашмарамі. Усё болып працяглымі рабіліся правалы ў аслабеўшай памяці, чалавек забываўся аб сабе, толькі недасягнутая мэта ўпарта трымалася ў свядомасці. I, пэўна, толькі яна яшчэ давала сілы супраціўляцца смерці.
У лесе цямнела. Дол ужо затуліла змрокам, у ім схаваўся чалавек і яго шлях, поўны пакут і болю.
Цяпер чалавек больш ляжаў, нерухома распластаўшыся на зямлі. Толькі зрэдку, нібы прачнуўшыся, нязграбна ўпіраўся нагамі і пасоўваўся на крок уперад.
Розум чалавека знесіляўся ў барацьбе з нябачным ворагам, які ўсё больш адольваў яго. Нібы ўрыўкі чужых размоў, у галаве скакалі думкі-фразы, звернутыя да ўсяго, што дапякала чалавеку. Тут былі і праклёны ворагу, і сварка з назаляўшай слабасцю, і падбадзёрванне сябе. I ўсё гэта працякала адвольна, без удзелу волі чалавека, так, нібы розум меў яшчэ сілу і сам па сабе рабіў сваю справу.
Невядома, колькі прайшло часу, але ў адно з кароткіх прасвятленняў чалавек адзначыў, што стала зусім цёмна. Спачатку яму здалося, што ён аслепнуў, але, прыўзняўшы твар, убачыў зоркі над недалёкімі цёмнымі вяршалінамі. Чалавек зразумеў тады, што дасягнуў свае мэты, толькі запозна. На прыдарожную траву ўжо асеў пыл, узняты танкамі, далёка на ўсход аднеслі захопнікі новыя няшчасці. На шырокай дарожнай паласе між лесу было пуста і мірна, нібы нічога і не адбылося тут: ні вайны, ні заўчасных чалавечых смерцяў.
Вострае адчуванне няўдачы бяссільнай крыўдай прарвалася ў свядомасці. Ён заплакаў, бадай, першы раз за шмат пражытых год. Заплакаў так, як плачуць моцна пакрыўджаныя дзеці ці выжытыя з сіл старыя: ён ужо не мог заглушыць роспачы, што хлынула ўслед за крыўдай.
He сябе было шкада яму, а крушэння той апошняй надзеі, якая мацней за слабыя сілы цела ўтрымлівала яго ў жыцці.
Усёй істотай чалавек адчуваў, што хутка ўжо наступіць хвіліна, калі канчаткова пагасне яго жыццё.
Мінула яшчэ трохі часу. Чалавек, зусім ужо пазбаўлены сіл, пераадолеў дзесятак метраў і споўз з травяністага адхону. Пульхны дарожны дол, перацёрты гусеніцамі, быў яшчэ цёплы, як попел свежага вогнішча. У ім патанулі абмяклыя рукі чалавека.
Незвычайнае напружанне, якое ўвесь час узбуджала сілы, адразу ўпала. Чалавек слабеў і ўжо не імкнуўся нічым супрацьстаяць гэтай слабасці. Розум зноў пачаў напаўняцца туманам, сталі з’яўляцца пачварныя, страшныя істоты, зноў дапякалі кашмары.
I раптам, нібы ад знешняга штуршка, чалавек схамянуўся і ачнуўся. Нейкае трывожнае прадчуванне назаляла яму, і чалавек не адразу ўцяміў, што яно азначае. А потым, не ведаючы яшчэ, тое гэта было ці не, ён намацаў рукою кішэню і выняў гранату. Прывычным рухам пальцы адагнулі чаку, а зубы, у якіх болып захавалася моцы, выцягнулі яе з запала. Зноў адчуўшы набліжэнне млосці, чалавек, не адпускаючы планкі, сунуў гранату ў пясок пад свае грудзі.
Пэўна, гэта было тое, дзеля чаго абудзілася свядомасць, бо за ім наступіў супакой.
Хутка прыйшло забыццё, і смерць, канчаткова перамогшы, назаўсёды спыніла жыццё.
Было далёка за поўнач. Ужо прастыў дарожны пясок і закалянела цела нябожчыка. Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў.
3-за павароткі, асвяціўшы бліжнія дрэвы і дарогу, з моцным бязладным трэскатам выкаціў атрад матацыклістаў. Пук яркага святла з фары пярэдняга, праразаючы цемру, роўна слізгаў па дарозе. Нечакана, угледзеўшы перашкоду, матацыкліст крутнуў убок і спыніўся. За ім прыпынілася калона.
-	Агледзець! скамандаваў ён.
Двое падначаленых ускочылі з матацыклаў і кінуліся выконваць загад. Яркае святло з фар кінула па адхоне іх галінастыя, хісткія цені.
-	Рус, сказаў немец, які раней за іншых падбег да цела. Моцным штуршком нагі ён перавярнуў труп на спіну.
-	Рус зальдат, дадаў гітлеравец.
Пярэдні схапіўся за рычаг, каб уключыць газ, але не паспеў. Ярка-чырвоная бліскавіца рванулася з-пад нябожчыка, аглушыла, люта пырснуўшы ў бакі мноствам гарачых смертаносных асколкаў...
Так памёр Чалавек.
1951 г.
Абознік
Уз’ехаўшы на пагорак, Максім спыніў коней і прыслухаўся.
Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні.
Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе.