Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Усвядоміўшы глыбіню сваёй бяды, ездавы зразумеў, што ёсць у ім нешта мацнейшае за звычайную чалавечую смерць. Пачуццё салдата паступова, але рашуча пачало браць верх, заглушыўшы ўсё іншае, асабістае, якое цяпер выявілася ў ім самым благім чынам.
Усё настойлівей з’яўлялася жаданне дзейнічаць, яно хутка аформілася ў намер і стала непахісным. I хоць вялікі быў яшчэ маральны боль, але на сэрцы ўжо палягчэла, і памалу пачало ўзнаўляцца ранейшае адчуванне злосці. Гэта вярнула сілы, і баец хутка ўзняўся, падхапіўшы вінтоўку.
Дзіўна нават было, адкуль узялося ў Максіма гэтулькі энергіі і спрыту, калі ён пусціўся наўздагон ворагам. Каржакаваты і нязграбны, ён шпаркім крокам сігаў па полі, то прыгінаючыся да зямлі, каб лепш бачыць наперадзе, то намагаючыся ступаць як мага хутчэй і цішэй. У гэтыя хвіліны ездавы ні аб чым не думаў і нічога не адчуваў, апрача ўпартага жадання дагнаць праціўніка.
Невядома, ці доўга ён гнаўся, як пашанцавала яму не збіцца з кірунку, але нарэшце ўбачыў Максім знаёмы сілуэт сваёй фурманкі з няпрошанымі седакамі на перадку. Тады ездавы, на колькі быў здольны, узброіўся хітрасцю і асцярогай, нячутна зайшоў збоку і на хаду прыблізіўся да ворагаў. Яго выстаўленая наперад вінтоўка амаль кранала бліжняга немца. У грудзях моцна білася сэрца, здавалася, вось-вось гучна вырвецца сцятае дыханне і ўсё загіне. Немаладыя ўжо сілы байца падыходзілі к канцу.
Грымотны стрэл рускай трохлінейкі аглушыў усіх і ворагаў, і Максіма. Крайні немец неяк бясшумна знік пад фурманкай, а другога Максім, дранцвеючы ад жаху, з усяе апошняй сілы выцяў вінтоўкай па галаве.
Далей усё пайшло з нейкім шалёным імпэтам. Максім, падхапіўшы лейцы, вялікім паўколам завярнуў фурманку і дзікім, несваім голасам гікнуў на коней. Ім, напэўна, перадалася ўзрушанасць гаспадара, бо без пугі і новых крыкаў яны так паімчаліся ў цемры, што Максім, паўмёртвы ад перажытага, з вялікім намаганнем трымаўся на возе, які цяжка кідаўся з боку ў бок, грукацеў і падскакваў. Баец зусім не ведаў, куды кіраваць, і ў выбары напрамку цалкам
даверыўся коням. I коні імчалі без супынку, наўскасяк мяжыстых палосак шархатлівай збажыны, па глухой мякаці бульбянішчаў, пераехалі неглыбокі высахлы раўчук, асакаватую балацявінку і, нарэшце, непадалёку ад змрочнага лесу выбіліся на нейкую дарогу.
Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і на поўныя грудзі ўдыхнуў пасвяжэлага падранак паветра. У правым вуху, нібы парваная струна, тоненька звінела ад стрэлу, ва ўсім целе, схаладзелым ад ліпкага поту, з’явілася млявасць, як пасля цяжкай шматгадзіннай працы.
Пачынаўся досвітак. Змрок парадзеў, на ўсходзе святлела неба, гасячы зоры. Наперадзе ля лесу пачуліся галасы, іх адразу пазнаў Максім то былі свае.
Толькі тады раптоўна неяк зразумеў ездавы, якой вялікай бяды пашанцавала яму пазбыцца ўначы і як пакутліва далася яму маленькая перамога. Ён парадаваўся яшчэ, што ўсе жахі тыя засталіся ззаду, і, хутка губляючы сілы, моцна захацеў спаць. Мабыць, упершыню так выразна адчуў чалавек, што шмат ужо год за плячыма, а за гэтую ноч прыбавілася яшчэ, — бадай, з дзесяць.
1951 г.
Страта
Матузка, а Матузка! Аглух ты, ці што?
Над шэрай кучай зямлі пад плотам перасталі ўзлятаць угору дробныя камякі і паказалася аблезлая пілотка і кірпаты, апечаны сонцам твар.
Лейтэнант кліча, не чуеш? сказаў вусаты баец Піліпчук, які, пазвоньваючы медалямі, акопваўся побач.
Матузка зірнуў убок дарогі з вербнымі прысадамі, дзе, высунуўшыся з канавы, нешта махаў яму іх камандзір.
Матузка!! гукаў лейтэнант. — Бягом за вёску, перадай Галкіну, каб у лес цераз лагчыну не пусціў ніводнага фашыста. Сам пакуль што застанешся з ім. Давай хутчэй!
Калі загадана трэба бегчы. Баец пашкадаваў крыху свайго ўтульнага сховішча, але што зробіш? Прыхапіўшы вінтоўку, ён спрытна выскачыў з акопчыка і, шмыгнуўшы пад жэрдку паламанага плота, апынуўся ў агародзе.
Летняе сонца ў бясхмарным небе ўжо з раніцы набрала сілу і моцна паліла прастор. Вялае бацвінне, не ачуняўшы за кароткую ноч, бяссільна ляжала на сухой зямлі; жоўклі і курчыліся на градах агурковыя калівы. Капуста і тая згарнула абмяклае лісце і зморшчылася, нібы пастарэўшы да часу. Шморгаючы ў агародніне загнутымі наскамі стаптаных ботаў, Матузка бег між градак і не азіраўся назад, дзе над выганам паспешліва акопваліся яго таварышы — байцы паходнай заставы, уранку напаткаўшай ворага.
Знарок дзеля маскіроўкі баец трымаўся гумнаў і агародаў, і хутка яму трапілася сцяжынка, якая вілася ля саду. Цераз паркан на абцяжараных галінах звісалі буйныя, яшчэ недаспелыя яблыкі, хлопец, па-дзіцячаму азірнуўшыся, на бягу сарваў адзін і памчаў далей. Рухавасці ў яго хапала,
хутка неслі ногі, і заўзята, без роздуму, сігаў ён цераз высокія платы і драцяныя загароды. Першае самастойнае баявое заданне было прычынай яго незвычайнай энергіі і спрыту. Хоць Матузка і не першы дзень на вайне, але неяк здаралася, што яму не давялося трапіць у бой: усё выпадаў рэзерв або марш ці другі эшалон. Толькі вось сёння, здаецца, будзе нешта сур’ёзнае.
Так, па загуменнях і агародах, Матузка амаль ужо мінаў вёску. Захоплены ўласным спрытам і жвавасцю, ён на час забыўся пра пагрозлівыя абставіны, таму зусім нечакана для яго ўгары заверашчэла нешта страшнае і, страсянуўшы наваколле, грымнулі тры выбухі. Якраз у тым кірунку, куды трэба было бегчы, у адно імгненне знесла саламяную страху з хаты. У паветры мільганулі кроквы, шматкі саломы, кавалкі коміна, і ўсё знікла ў гушчары садоў, толькі воблака пылу ціха паплыло ў блакітнае неба.
«Міны», — падумаў Матузка і здзівіўся, адчуўшы пад сваім целам цвёрдыя галінастыя сцяблы бульбоўніку. Падаць не меў ён намеру, а выйшла гэта неяк само сабой, неўпрыцям. Страшныя выбухі развеялі ўзнёслы настрой байца, але, каб не траціць часу і не напаткаць якой бяды, Матузка не стаў асабліва смуткаваць і яшчэ паскорыў бег.
* * *
Зрубленая з яловых вярхоў, счарнелая ад дыму і часу старэнькая лазня, у якой шмат гадоў мыліся людзі гэтай вёскі, набыла цяпер новае значэнне. Яна стала апорай непрыкрытага правага фланга, над якім навісла цяпер пагроза абыходу і які асабліва непакоіў лейтэнанта. Гэта было глухое месца наводшыбе, ля самага лесу. Вакол лазні густа і згодна лезлі ўгору і ўшыркі быльнёг, крапіва, дзядоўнік і іншая раслінная непатрэба, якой нямала развялося на спустошанай вайною зямлі.
Матузка абышоў лазню, але Галкіна нідзе не ўбачыў. Тады ён прыслухаўся і пачуў шамаценне галля: гэта кулямётчык маскіраваў свой акоп на ўзмежку пад лазовым кустом.
Ён ужо акапаўся і цяпер старанна хаваў сляды свежай гліны, рассыпанай наўкола. Хлопец працаваў распрануты, у прапацелай бруднай майцы, а гімнасцёрка яго ляжала пад дыскамі побач з кулямётам на брустверы.
У паветры тым часам завылі новыя міны, і Матузка, не чакаючы запрашэння, скочыў у цесную ячэйку, якая ледзь змясціла дваіх. Трохі здзіўлены кулямётчык не вельмі прыязна агледзеў нечаканага пасланца. Гэта быў дужы і сур’ёзны хлопец, ненамнога старэйшы, але з выгляду куды мажнейшы за Матузку. Рысы яго твару вылучаліся той грубаватай буйнаватасцю, якая разам з некаторай панурасцю ў поглядзе рабіла яго старэйшым за свае, можа, і невялікія гады. А свежы кірпаты твар Матузкі, на пераноссі крануты рабаціннем, і тонкая постаць падлетка ўжо завельмі маладзілі яго. Такім чынам, розніца ў выглядзе двух байцоў, зведзеных вайсковым лёсам, была даволі прыкметная.
3 хваляваннем выклаўшы загад лейтэнанта, Матузка чакаў, што Галкін паскардзіцца на цяжар новай задачы, аднак кулямётчык флегматычна заўважыў, гледзячы ўдалячынь:
Вядома, не пушчаць, a то абыдуць.
Матузка хоць і бачыў раней гэтага байца, але мала ведаў яго. Галкін служыў у кулямётным узводзе, трымаўся заўсёды сваіх хлопцаў і толькі ўчора быў перададзены стралкам для ўзмацнення галаўной паходнай заставы. Размаўляць жа ім давялося толькі першы раз, таму малады баец хацеў бліжэй пазнаёміцца са сваім часовым начальнікам.
Але Галкін маўчаў, і гэтая маўклівасць усё больш не падабалася Матузку. Ён пачаў здагадвацца, што кулямётчык сваёй негаварлівасцю хоча трымаць яго воддаль, маўкліва напамінаючы маладому салдату, што не час яшчэ ім раўняцца. I сапраўды, Галкін, які быў ад прыроды не лёгкі на слова, гэты раз і зусім не меў жадання пачынаць размовы. 3 раніцы яго дапякала незразумелая трывога.
Ён ведаў, што з правага боку няма больш нікога, усе сілы паходнай заставы згрупаваны на тым баку вёскі.
Праўда, дагэтуль тут было спакойна, гітлераўцы паказаліся недзе на левым фланзе, спрабуючы, відаць, ударыць па дарозе, але хто ведае іх сапраўдныя намеры? На вайне трэба быць асабліва пільным, каб не даць ашукаць сябе, і Галкін, ладзячы пазіцыю, увесь час пазіраў у нізіну і прыкмячаў усё, што рабілася ў баку ворага.
Ад лазні на ўвесь прасцяг праглядалася нешырокая травяністая лагчына, якая падступала да вёскі. Справа, уздоўж лугавіны, цягнуўся па адхону ельнік, зараснікамі шырокага ўзлеску амаль даходзячы за ўпадзіны. Там, дзе палоска маладога алешніку заходзіць далёка ў нізіну, гітлераўцы моіуць паспрабаваць прабрацца ў лес, каб абысці вёску з яе безабароннага боку. Кулямётчык ужо заўважыў у тым кірунку некалькі постацей, занятых невядома чым, і таму байцу было зусім не да размовы.
Прыціснуўшыся да халаднаватай сцяны акопа, Матузка таксама пачаў углядацца ў гэты небяспечны ўчастак. Вінтоўку ён паклаў на бруствер побач з кулямётам, але ў гэты час за вёскай затрашчалі рэдкія стрэлы, і баец падцягнуў яе да сябе. Галкін не зварухнуўся. Схіліўшы набок галаву, ён прыслухоўваўся да гукаў бою і сіліўся зразумець па іх, што адбываецца ў вёсцы. На яго заклапочаным твары не шмат адбівалася думак, аднак ніводная праява яго пачуцця не заставалася непрыкмечанай яго напарнікам.
Тым часам страляніна ў вёсцы мацнела, і міны пачалі рвацца часцей і бліжэй. Матузка ў акопе хоць і не вельмі баяўся, але, не ўмеючы яшчэ валодаць сабою, уздрыгваў пасля кожнага выбуху. Толькі ўпэўніўшыся, што міны не набліжаюцца болып да лазні, ён перастаў турбавацца. Хлопец з радасцю адзначыў гэтую перамену ў сабе і падумаў, што прывыкае.
Праз якую гадзіну бой за вёску пачаў сціхаць. Аўтаматы і вінтоўкі змоўклі, толькі кулямёты яшчэ пускалі доўгія чэргі па далёкіх цэлях. Відаць, першая атака гітлераўцам не ўдалася, і цяпер трэба было чакаць другой.