• Газеты, часопісы і г.д.
  • Праблема захавання беларускай этнакультурнай прысутнасці ў славянскім свеце  Леанід Лыч

    Праблема захавання беларускай этнакультурнай прысутнасці ў славянскім свеце

    Леанід Лыч

    Памер: 72с.
    Мінск 2006
    53.57 МБ
    3 усяго сказанага вышэй напрошваецца выснова, што ўсім палітычным дзеячам, якія хацелі б узяць на сябе вельмі адказную місію вырашэння лёсу славянскай супольнасці ў цэлым ці толькі часткі яе, трэба быць надзвычай абачлівымі і справядлівымі, каб яе этнічныя суб’екты свядома не спіхваць на шкодны, небяспечны шлях культурнамоўнай асіміляцыі. А такое, на вялікі жаль, назіраецца. Яскравы прыклад таму Рэспубліка Беларусь. Практычна ўсе нашыя дзяржаўныя і грамадскапалітычныя дзеячы, што актыўна шчыруюць на славянскай ніве, умудраюцца толькі ім вядомымі спосабамі ўхіляцца ад ужывання прыроднай мовы свайго народа пад час сустрэч са сваімі славянскімі партнёрамі, моцна здзіўляючы іх такім адмоўным стаўленнем да культурнай спадчыны ўласнай краіны. 3 такім несусветным нацыянальным нігілізмам, здавалася б, і сярод шараговых людзей сорамна з’яўляцца, а нашыя палітыкі пруць у самыя высокія славянскія вярхі.
    Хтосьці, чытаючы маю працу, на паўдарозе адкіне яе ўбок і ўсклікне: «Ох жа і русафоб гэты Лыч!» Памыляецеся, шаноўны. Я не магу з павагай не ставіцца да рускага народа хаця б таму, што да апошняга належыць мая жонка, на яго мове я атрымаў сярэднюю спецыяльную (Мінск) і вышэйшую (Уфа Башкірскай АССР) адукацыю, напісаў і абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. У маёй хатняй бябліятэцы ў дзесяткі разоў больш літаратуры на рускай, чым на беларускай, мове. Праўда, апошнімі гадамі падпісваюся выключна толькі на беларускамоўныя газеты і часопісы, бо хачу падтрымаць нацыянальны перыядычны друк, пра лёс якога практычна зусім не клапоціцца дзяржава. У працы адкрыта і паслядоўна выказваюся за абмежаванне сферы распаўсюджвання рускай прафесійнай культуры і мовы ў нашым краі
    47
    толькі таму, што бачу ў іх асноўную прычыну выцяснення на задворкі беларускай культуры і мовы, звязаную з гэтым асіміляцыю беларускага народа. Каб усе гэтыя крайне негатыўныя з’явы ў духоўным жыцці Беларусі выклікаліся неўтаймаваным разгулам на яе тэрыторыі польскай, нямецкай, французскай ці якіхнебудзь іншых кулыур і моваў, я з такой жа рашучасцю выступаў бы і супраць іх толькі дзеля таго, каб абараніць, стварыць належныя ўмовы для функцыянавання беларускай прафесійнай культуры і мовы. Палітыкам, творчай інтэлігенцыі трэба ў найбліжэйшы ж час дакладна вызначыць месца гэтага фактару ў жыцці краіны, усяляк дамагаючыся таго, каб у дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх органаў, устаноў адукацыі, культуры і навукі суадносіны паміж нацыянальным і інтэрнацыянальным бьілі такія, як у Польшчы, Літве, Германіі, Францыі і іншых унітарных аднанацыянальных краінах. He думаю, што сапраўдныя рускія патрыёты, інтэлектуальныя людзі пакрыўдзяцца, што беларусы бяруцца ратаваць сваю культуру і мову зпад празмернага, небяспечнага ўплыву на яе рускай культуры і мовы.
    He будзем забывацца, што не ў меру маштабнай русіфікацыяй свайго духоўнага жцця мы ствараем вельмі спрыяльныя ўмовы для новай формы яго асіміляцыі — амерыканізацыі. He сумняваюся, што ніводзін з славянскіх народаў не будзе такім бездапаможным перад яе разбуральным наступам — а ён ужо і зараз добра адчуваецца, — як зрусіфікаваныя беларусы, паколькі іх адвучылі шанаваць сваю родную культуру. I далей. Калі славянскія народы ў жорсткім змаганні з амерыканізацыяй будуць адстойваць сваю родную, нацыянальную, дык мы, беларусы, — рускую культуру і мову. У такіх варунках наўрад ці станемся мы моцным арэшкам для амерыканскай культуры: губляем жа не тое, што належыць нам ад прыроды, перайшло ад прашчураў, а тое, што ўзяло верх, сапхнула ў бездань наша роднае, беларускае.
    У нашым высокародным імкненні не паддацца культурнамоўнай асіміляцыі давайце ўсе, як адзін, будзем браць прыклад з братніх нам славянскіх народаў, якім гэтак доўга даводзілася змагацца за сваё выжыванне. Быў час, што туркі пераўтварылі Сербію ў суцэльны пустынны край, у якім толькі невялікая правінцыя ацалела і захавала сваё імя. ГІазней гэтая сербская правінцыя вярнула захопленыя, аднавіла спустошаныя янычарамі землі і стала дзяржавай, прычым дзяржавай, якой нацыянальнае было даражэй за ўсё на свеце.
    Калісьці перадавыя людзі нашага краю, у іх ліку і прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады марылі, каб беларускі народ не быў «цямнейшым народам у славяншчыне»33. Мара збылася. Цяпер нам трэба імкнуцца да таго, каб не даць беларусам заставацца сама моцна здэнацыяналізаваным у славяншчыне народам. Так доўжыцца не можа бясконца. Этнічная смерць для сённяшніх маладых пакаленняў надыдзе ўжо ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі, і беларускую нішу ў славяншчыне зойме іншы народ. Што гэта за народ, думаю, тлумачыць няма патрэбы.
    33 Ліс Арсень. Цяжкая дарога свабоды // Полымя. — 1994, № 2. — С. 200.
    48
    Лішнім было б даказваць, як нам трэба паважаць прысутнасць на Беларусі ўсіх прыжытых тут культур, і, зразумела, найперш славянскіх — рускай, украінскай, польскай, і ў той жа не будзем забывацца, што свая, беларуская, культура і мова — гэта найдаражэйшыя для нас духоўныя каштоўнасці. He магу не прывесці слушнай думкі шчырай абаронцы славянскіх ідэалаў Я. дэВітэ: «... у вельмі вялікіх дозах чужая культура прыносіць больш шкоды, чым карысці. Пры гэтым усе дурныя бакі чужой культуры не аслабляюцца, а ўзмацняюцца, бо ўсё дурное лягчэй засвойваецца»34.
    У гістарычнай практыцы шматкроць засведчана, што на адной і той жа дзялянцы зямлі не могуць жыць мірна два гаспадары. Тое ж самае можна сказаць пра кулыуру і мову. Пры ўсім старанні на Беларусі ўдасца захаваць такія адпаведнікі толькі або беларускія, або рускія. Сёння лепшыя ўмовы створаны для апошніх. Толькі ці справядліва гэта, калі на сваёй спрадвечнай этнічнай зямлі гінуць яе родная культура і мова, каб даць магчымасць жыць, панаваць тут культуры і мове суседняй краіны?
    Знікненне беларускага народа з гістарычнай арэны ў выніку дэградацыі нацыянальнай культуры, страты роднай мовы нельга разглядаць як толькі яго ўласную праблему. Гэта яшчэ і праблема ўсёй славянскай супольнасці народаў, усёй Еўропы, калі не сказаць усёй сусветнай цывілізацыі, бо знікненне ў іх структуры хоць адной нацыі з уласцівай толькі ёй культурай і мовай ёсць ні што іншае, як збядненне агульначалавечага духоўнага патэнцыялу. Калі нічога не рабіць па выратаванні беларускага народа ад асіміляцыі ўласная дзяржава, гэта не значыць, што ў ролі простых сузіральнікаў павінны заставацца ўсе еўрапейскія краіны, і асабліва славянскія. He трэба забывацца, што дзяржаўныя структуры Беларусі зверху і данізу ўкамплектаваны пераважна асобамі, якія прайшлі найбагацейшую школу русіфікацьй. Яны яшчэ не маглі стаяць на ўласных нагах, а бацькі ўжо папрывучалі іх да рускай культуры і мовы. Такое ж з імі затым зрабілі ў дашкольных і школьных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, у службовых кабінетах партыйных і дзяржаўных, адміністрацыйнагаспадарчых і іншых органаў. Таму чакаць ад такіх людзей нейкага паблажлівага стаўлення да беларускай культуры і мовы не даводзіцца. Усялякая крытыка дзяржаўных дзеячаў за беларускі нацыянальны нігілізм строга асуджаецца і практычна не вядзецца, паколькі на яе накладзена табу ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Беларусу настойліва працягваюць даказваць, што толькі праз рускую культуру, адукацыю і мову яму можа быць забяспечаны шырокі выхад у свет цывілізацыі. I ў масе сваёй людзі паддаюцца на такую агітацыю, бо многія з іх ужо ў некалькіх пакаленнях не маюць магчымасці набыць сур’ёзную адукацыю на роднай мове. Дашчэнту разбураны той беларускі этнакультурны асяродак, які быў у стане стала падсілкоўваць народ усё новым і новым жыццёвым прыродным матэрыялам, які раз за разам разбураўся ў выніку паланізацыі і русіфікацыі. А з’яўлялася ж такім асяродкам наша
    34 Е. деВятте. Действнтельность. Выпуск 11й. С. 134.
    49
    вёска. Цяпер асноўная маса беларусаў сканцэнтравана ў горадзе, які, на вялікі жаль, ужо колькі стагоддзяў таму назад страціў нацыянальнае аблічча карэннага насельніцтва краю. Ледзь не да канца XIX ст. у беларускіх гарадах панавалі польскаяўрэйская ці яўрэйскапольская культуры і мовы, а апошнія сто гадоў — руская. Усё гэта вельмі абцяжарвае магчымасць весці змаганне за яацыянальнакультурнае адраджэнне і развіццё беларускага народа. Ужо шмат часу рускамоўны элемент горада ў сотні разоў перасягае беларускамоўны па сваіх матэрыяльных, фінансавых магчымасцях развіваць адукацыю, выдаваць літаратуру, арганізоўваць перадачы па радыё і тэлебачанні. I перасягае дзякуючы таму, што сама беларуская дзяржава садзейнічае існаванню такіх няроўных суадносін паміж гэтымі дзвюма культурамі і мовамі. Такую ганебную, шкодную для беларускай нацыянальнай ідэі практыку не ўяўляецца магчымым пераламаць толькі ініцыятыўным шляхам, абапіраючыся на нешматлікую колькасць шчырых, неасіміліяваных беларусаў.
    Таму, хто не знаёмы з сучасным нацыянальнакультурным становішчам на Беларусі, цяжка паверыць, што яе карэнны этнас знаходзіцца на мяжы поўнай дэнацыяналізацыі. Яго ж, усялякі падумае, ніхто не падпарадкаваў, не заваяваў. Больш таго, ён мае сваю ўласную дзяржаву. Звонку ўсё гэта быццам бы і так. У адрозненне ад тых далёкіх зусім непакойных часоў, нам і сапраўды зараз ніякія захопніцкія кровапралітныя паходы з боку рускіх ці палякаў не пагражаюць. Затое з парадку дня ніяк нельга здымаць пытання ціхага, мірнага, «цывілізаванага» заваявання Беларусі праз распаўсюджванне на яе тэрыторыі чужой культуры і мовы. Цяпер нават палітык раённага маштабу не можа не бачыць, што ў нашай дзяржаве яе родная беларуская культура і мова займаюць другараднае, пабочнае месца ў параўнанні з рускай культурай і мовай. Калі на самым высокім дзяржаўным узроўні тэрмінова не зрабіць эфектыўных захадаў супроць такога спосабу «заваёвы» суверэннай Беларусі, як максімум праз чвэртку стагоддзя аб гэтым старажытным славянскім народзе застануцца толькі адны тужлівыя ўспаміны. He трэба забывацца, што цяпер асуджаныя ўсім цывілізаваным светам працэсы культурнамоўнай асіміляцыі адбываюцца ў дзесяткі разоў больш інтэнсіўна, чым на пачатку мінулага стагоддзя. Таму залішні супакой за лёс беларускай нацыі ніколькі не апраўданы. Даўно наспеў час крычаць: «Ратуйце яе!»
    У чалавечым грамадстве і ў прыродзе ўсталявалася і назіраецца такое, што, калі хтонебудзь памірае, яго аплаквае ўся радня; калі на адну з кароў ці авечак нападае воўк, у рух прыходзіць увесь статак, падымаецца моцнае рыканне і бляянне. А тут у чалавечай, прычым у блізкароднаснай, этнічнай супольнасці гіне такі ж, як і ўся яна, славянскі народ — беларусы, і ўсе маўчаць, нібы нічога трагічнага не адбываецца. А мо кожны з славян думае: «Няхай гіне беларус, балазе, што не я?» Пазіцыя памылковая і архінебяспечная, бо, калі ў верхніх эшалонах улады славянскіх краін своечасова не выпрацаваць захадаў па захаванні і развіцці этнакультурных адметнасцяў і перадусім роднай мовы карэннага насельніцтва кожнай з іх, асіміляцыя славянскіх нацый у пра