Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Кароль Хадкевіч
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 61с.
Мінск 1998
15
шмат чаму навучыцца ў мясцовых ваяроў, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў супрацьстаялі войскам магутнай Асманскай імперыі*.
За час адсутнасці маладых Хадкевічаў на бацькаўшчыне шмат чаго змянілася. Найперш — памёр славуты Сцяпан Батура. Пайшоў нечакана, рыхтуючыся да чарговага паходу на ўсход, гэтым разам адваёўваць Смаленск. Ім былозроблена шмат: праведзена вайсковая рэформа і разгромлена моц Івана Жахлівага, што больш як на паўстагоддзя змяніла баланс сілаў на беларускамаскоўскай мяжы на нашу карысць. Значныя набыткі былі і ў Прыбалтыцы. I хоць Швецыі ўдалося адхапіць сабе поўнач Эстоніі, бальшыня земляў колішняга Лівонскага ордэна — Інфлянты падначаліліся Рэчы Паспалітай.
Аднак пасля смерці бяздзетнага Батуры зноў паўстала пытанне: хто зойме вялікакняскі і каралеўскі пасады? Распачалося вострае спаборніцтва паміж прыхільнікамі імператарскага роду Габсбургаў і шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы, які па маці паходзіў з Ягайлавічаў. Невядома, як бы склалася наша далейшая гісторыя пры Габсбургах (пэўна б, узмацнілася германізацыя, асабліва польскіх земляў). Выбар жа замор скага кандыдата ў будучым кіне краіну ў пекла спусташальных войнаў са Швецыяй, украінскім казацтвам, Маскоўшчынай, Турэччынай.
Выхаваны пры шведскім каралеўскім двары, Жыгімонт ніколі не пакідаў намеру вярнуцца ў Стакгольм на бацькаў пасад. У гэтым сэнсе на Рэч Паспалітую ён глядзеў як на сілу, якая м.агла дапамагчы яму здзейсніць такі намер. Зацяты каталік, ён у процівагу сваім папярэднікам Ягайлавічам, ды нават і таму ж Батуру, быў нецярпімы да іншаверцаў. Гэта небяспечна абвастрыла сітуацыю ў шматканфесійнай дзяржаве, пасеяла нязгоду з пратэстантамі, якія займалі прыкметнае становішча ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, са шматлікім праваслаўным насельніцтвам, асабліва на Украіне.
* Афіцыйны назоў Турэччыны ад канца XIII стагоддзя да /922 года, паходзіць ад імя заснавальніка дзяржавы Асмана I.
16
Час быў і Яну Хадкевічу, які ў 1590 годзе вярнуўся ў Беларусь, далучыцца да актыўнага жыцця ў краі. Але адбылося гэта не адразу. Малады Хадкевіч доўга адсутнічаў, быў нежанаты, на ім нібы ляжала пляма бацькавых няўдач у Прыбалтыцы. Усё гэта замінала добраму старту.
Найперш трэба было ўладкаваць сямейныя справы. Адбылася дзяльба бацькавай спадчыны з братам Аляксандрам. Яну дасталіся землі з Быхавам, Ляхавічамі, Свіслачам і Гнезнам на Ваўкавышчыне, значныя ўладанні ў Жамойці.
Цяпер можна было падумаць і пра сваё гняздо. Трыццацідвухгадовы кавалер прапанаваў руку і сэрца знатнай і багатай маладзіцы Соф’і — удаве князя Сымона Алелькавіча Слуцкага. Соф’я на доўгія гады стала каханай, шчырай і клапатлівай жонкай, якая як магла дапамагала мужу, падмяняла яго ў гаспадарчых справах пры частых і доўгіх адлучках, нярэдка дзяліла з сваім Янам нягоды вайсковага жыцця. Хадкевіч аддзячваў узаемнасцю. “Наймілейшая Зосечка, адзіная, каханая душа...” — звяртаўся ён да яе ў шматлікіх лістах.
Соф’я прынесла з сабой і пасаг — Цімкавічы і навакольныя землі на Капыльшчыне. Мястэчка стала ўлюбёнай мясцінай для Яна Хадкевіча, дзе ён стараўся праводзіць вольны ад вайсковых клопатаў час.
Неўзабаве сталася нагода маладому арлу паспрабаваць свае крылы на полі бітвы. Праўда, праціўнік быў не чужаземны, а свой, “паспольскі”.
У 1594 годзе на Украіне бяднейшае казацтва, сярод якога было шматуцёклых ад панскага прыгнёту беларускіх сялян, падняло паўстанне. Узначаліў яго Севярын Налівайка. Паўстанцы пад націскам каралеўскіх сілаў і верных Рэчы Паспалітай казакоў адышлі на беларускае Падняпроўе. Тут, абапіраючыся на падтрымку прыгоннага сялянства і гарадской беднаты, яны атрымалі пэўныя поспехі, захапілі Магілеў і шэраг іншых гарадоў. Беларускаўкраінскае магнацтва і шляхта дружна сталі на абарону сваіх уладанняў. Да іх далучыўся і Ян Хадкевіч, тым больш што паўстанне ахапіла таксама землі,
3 Зак. 859
17
што належалі ўкраінскім князям Вішнявецкім, з якімі ён быў спароднены праз стрыечнага брата і сястру. Кіруючы ротай вершнікаў (каля 100 шабляў), малады Хадкевіч атрымаў першае баявое хрышчэнне ў баях з выпрабаванымі ваякамі — казакамі. Свае здольнасці і адвагу ён праявіў і пры ўзяцці Канева і пры аблозе табару Налівайкі пад Лубнамі. Мабыць, ва ўзнагароду за ўдзел у задушэнні казацкага паўстання Ян Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага Вялікага Княства, а ў 1599 годзе ён быў прызначаны і старастам Жамойці, што раўнялася пасадзе ваяводы і давала месца ў найвышэйшым кіраўнічым органе Рэчы Паспалітай — Сенаце.
У 1599 годзе Хадкевіч з уласным загонам вершнікаў накіраваўся ў Сяміграддзе*. Праз год з братам Аляксандрам ён зноў апынуўся на поўдні, на гэты раз у Малдавіі і Валахіі**. Гэта былі землі, дзе сутыкаліся інтарэсы Аўстрыі, Турэччыны і польскаўкраінскіх феадалаў. Сюды, на гора мясцоваму жыхарству, ішлі іх войскі, каб падтрымаць чарговага прыхільнага сабе князя. Як сведчаць сучаснікі, Хадкевіч у паходзе зй значыўся вялікай мужнасцю і адвагай. Праўда, поспех быў часовы, бо неўзабаве туркі выгналі стаўленіка Рэчы Паспалітай. Аднак Яну Каролю быў пажытак не толькі ў тым, што гартаваўся ваярскі вопыт. За кампанію ў Валахіі ён стаў палявым (польным) гетманам — кіраўніком войска і атрымаў адпаведную булаву. Менавіта з гэтага часу ён стаў прафесійным вайскоўцам. Вайна зрабілася часткай ягонага жыцця, адпускаючы толькі ў рэдкія часы зацішша. Нават апошні яго зямны дзень прайшоў пад гарматную кананаду. Але гэта настане праз доўгія два дзесяцігоддзі. Цяпер жа беларускага ваяра клікала на свае палі Прыбалтыка, дзе ўжо чулася гарачае дыханне старадаўняга бога грому і вайны Пяруна.
* Сяміграддзе, або Трансільванія, — гістарычны абшар на паўночным захадзе сучаснай Румыніі.
** Валахія — гістарычная вобласць на поўдні сучаснай Румыніі, паміж Карпатамі і Дунаем.
НА ІНФЛЯНЦКАЙ ВАЙНЕ
Пачатак ваенных дзеянняў * Супярэчкі з Радзвілам Пяруном * Палітычныя захады Яна Хадкевіча * Першыя перамогі * Хто такія гетманы? * Крылатыя вершнікі * Узбраенне і вайсковая тактыка
У 1594 годзе пасля смерці бацькі Жыгімонт Ваза стаў і шведскім каралём. Такім чынам узнікала персанальная вунія паміж Швецыяй і Рэчай Паспалітай, што магло рэальна аб’яднаць сілы дзвюх прыморскіх дзяржаваў у супрацьстаянні Маскоўшчыне, якая вельмі ж энергічна, асабліва ранейшымі гадамі Івана Жахлівага, “прасякала акно” ў Эўропу кірункам на Прыбалтыку. Аднак каталік Жыгімонт, абапіраючыся ўсё на тых жа езуітаў, актыўна пачаў фаварызаваць сваю веру і ў пратэстанцкай бацькавай вотчыне. Гэта выклікала супраціў амаль усяго мясцовага грамадства — феадалаў, месцічаў і сялянства. Малады Ваза быў адхілены ад улады, якая перайшла да яго дзядзькі пратэстанта Карла Судэрманскага.
Цяпер Жыгімонт Ваза мог вярнуцца ў Стакгольм толькі сілай зброі. Аднак ні магнацтва, ні шляхта Рэчы Паспалітай не хацела ваяваць з заморскай суседкай, справядліва мяркуючы, штоспрэчкі за шведскую карону — сямейная справа роду Вазаў.
I тут Жыгімонт, якога Бог не абдзяліў хітрасцю, пайшоў на правакацыю. У 1600 годзе ён абвясціў перадачу ва ўладанне Рэчы Паспалітай Эстоніі, якая фактычна яму не належала, і загадаў нешматлікаму вялікакняскаму войску атакаваць шведаў у тамтэйшых гарадах. Тыя зараз жа перайшлі ў контрнаступ, адкінулі беларускія загоны і неўзабаве, маючы лепшую армію, прасунуліся да Дзвіны. Увосень войскі Карла Судэрманскага ўжо стаялі пад сценамі самой Рыгі.
з*
19
Страта нядаўна набытыху Прыбалтыцы зямельных уладанняў вымусіла феадалаў Рэчы Паспалітай прыхінуцца на бок свайго караля. У студзені 1601 года яе парламент — Сойм абвясціў Швецыі вайну. Але, пакуль збіралася кароннае (польскаўкраінскае) войска на далёкі паход, асноўны цяжар суп раціву лёг на даволі сціплыя ўзброеныя сілы Вялікага Княства, кіраваныя вялікім літоўскім гетманам Крыштопам Радзівілам, празваным за свае перамогі Пяруном.
Вось у такой сітуацыі вясною 1601 года кароль і накіраваў Яна Хадкевіча ў Інфлянты як намесніка вялікага гетмана.
Цяжкое, не на карысць справе было супрацоўніцтва гэтых прадстаўнікоў двух сама ўплывовых у Беларусі, але пасвараных між сабою родаў. Да таго ж Пярун быў пратэстантам, а гэта не выклікала да яго прыхільнасці і Жыгімонта. Хоць вялікі гетман і атрымаў шэраг перамогаў над шведамі, але нескаардынаванасць дзеянняў ягонага войска і сілаў Хадкевіча не дазволіла развіць поспех. “Радзівіл, ваявода віленскі, з панам Каролем Хадкевічам, старастам жамойцкім, на той час, як два каты” — трапна ахарактарызаваў сітуацыю адзін з удзельнікаў той вайны. З’яўленне ў Інфлянтах летам 1601 года каронных сілаў, да якіх далучыўся сам Жыгімонт Ваза, мала дапамагло справе. Тым больш што амбіцыйны Хадкевіч не хацеў падначальвацца і польскаму вялікаму гетману. Справа скончылася адыходам пры канцы года ў Польшчу бальшыні войска, якое не вытрымала зімовых нягодаў. Жыгімонт жа пакінуў Прыбалтыку яшчэ раней. А перад гэтым вярнуўся ў Беларусь састарэлы і хворы Радзівіл, дзе праз год і памёр.
Такім чынам, адзіным гаспадаром ваеннага лёсу ў Інфлянтах застаўся Ян Кароль Хадкевіч, якому манарх даручыў кіраванне рэшткамі войска.
Цяжкасці перад Хадкевічам паўсталі, здавалася, непераадольныя — змалелае войска, на аплату якога да таго ж не ставала сродкаў; нізкая дысцыпліна жаўнераў, якія нярэдка пасапраўднаму галадалі ды ішлі
20
ў навакольныя паселішчы зброяй здабываць харчаванне або нават збягалі зусім. Нашым невялікім сілам у Прыбалтыцы супрацьстаяла здысцыплінаванае войска параўнальна багатай краіны, якая дынамічна развівала сваю гаспадарку — рамесную і мануфактурную вытворчасць, гандаль, земляробства, разбудоўвала флот. Аснову войска ўсё больш пачынала складаць набраная з маладых сялян пяхота з агняпальнай зброяй, якая выкарыстоўвала найноўшыя дасягненні эўрапейскай стратэгіі ітактыкі, а таксама найміты з розных эўрапейскіх краін.
Становішча ўскладнялася і сітуацыяй у самым краі. Мясцовая арыстакратыя была незадаволеная парушэннямі Вільняй і Варшавай аўтаноміі Інфлянтаў, раздачай земляў феадалам Беларусі і Польшчы, насаджэннем чужой адміністрацыі. Латышскія ж ды эстонскія сяляне і месцічы часта глядзелі на ваяроў Хадкевіча як на звычайных рабаўнікоў. Акрамя таго, жыхары паўднёваўсходняй Прыбалтыкі ўжо былі пераважна пратэстантамі, а іх пачалі спрабаваць вярнуць ва ўлонне каталіцкага касцёла. Асабліва шчыравалі ў гэтым езуіты. Усё гэта вяло да таго, што тутэйшыя гарады нярэдка адчынялі брамы перад шведамі, сустракаючы іх амаль як вызвольнікаў.