Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Пабеглі на мызу, знайшлі Асліную Шкуру і загадалі ёй спячы самы лепшы пірог для прынца.
Кажуць, быццам у той міг, калі прынц заглянуў у замочную шчыліну, Асліная Шкура таксама заўважыла яго. А потым ужо яна падышла да свайго маленькага акенца і добра разгледзела прынца, такога маладога, прыгожага і статнага, што часта ўздыхала, успамінаючы яго. Як бы там ні было,— ці бачыла яго Асліная Шкура, ці толькі чула вечную пахвалу яму,— але яна была ў захапленні ад таго, што ён ведае пра яе. Яна зачынілася ў каморцы, скінула шкуру, прычасала свае бялявыя валасы, надзела зіхоткі срэбны гарсаж, такую ж спадніцу і ўзялася пячы пірог. Муку выбрала самую лепшую і самыя свежыя яйкі і масла. Ці то знарок, ці то выпадкова, але, замешваючы цеста, яна ўпусціла пярсцёнак, які так і застаўся ў цесце. Выняўшы з печы пірог, яна зноў надзела асліную шкуру, аддала пірог прыдворнаму і спыталася ў яго, як здароўе прынца. Але той не ўдастоіў яе адказам, а толькі пагардліва ўсміхнуўся і пабег да прынца — панёс яму пірог.
Прынц выхапіў пірог з рук прыдворнага і пачаў есці так паспешліва, што ўрачы пераглянуліся. “Нічога добрага,— падумалі яны,— гэта нястрымная прагавітасць не абяцае”. I сапраўды, прынц ледзь не падавіўся пярсцёнкам, запечаным у пірагу. Аднак ён лоўка
дастаў яго з рота і, забыўшы пра пірог, пачаў разглядаць ізумруд на залатым пярсцёнку. “Які ён маленькі,— падумаў прынц.— Гэты пярсцёнак налезе толькі на самы пяшчотны пальчык”.
Ён пацалаваў пярсцёнак, схаваў яго пад падушку. I час ад часу даставаў, калі думаў, што на яго ніхто не глядзіць. Як знайсці тую дзяўчыну, якой падыдзе гэты пярсцёнак? Бацькі, вядома, не дазволяць паклікаць Асліную Шкуру, якая спякла яму пірог. I ён не адважваўся нават сказаць, каго бачыў у замочную шчыліну. Яшчэ падумаюць, што ён не чалавек, а нейкі дух: бачыць тое, чаго не бачаць іншыя, і пасмяюцца з яго. Пакутуючы ад гэтых думак, прынц занямог яшчэ цяжэй, чым раней. I ўрачы, ужо не ведаючы, што рабіць, аб’явілі каралеве, што ён захварэў ад кахання.
Каралева і кароль паспяшаліся да сына.
— Сын мой, мілы сын мой,— ускрыкнуў у адчаі кароль,— назаві нам, каго кахаеш, і клянёмся, што любая дзяўчына, нават рабыня, стане тваёй жонкай.
Каралева, цалуючы прынца, пацвердзіла клятву караля. I прынц, крануты слязамі і ласкай тых, каму абавязаны быў жыццём, сказаў:
— Ой мой бацька, о маці мая, я не ажанюся з той, якая вам нялюба. Я вазьму ў жонкі толькі тую дзяўчыну, якой падыдзе знойдзены мной пярсцёнак. He веру, каб дзяўчына з такім далікатным пальчыкам была нязграбнай вясковай служанкай.
Сказаўшы гэта, прынц дастаў з-пад падушкі пярсцёнак з ізумрудам. Кароль і каралева ўзялі пярсцёнак, з цікаўнасцю пачалі яго разглядваць. I гэтак жа, як і прынц, рашылі, што пярсцёнак можа належаць толькі дзяўчыне знатнага роду. Тады кароль пацалаваў сына і, дбаючы пра яго здароўе, загадаў сваім герольдам пад гукі барабанаў, дудак і труб, крычаць па ўсім горадзе, каб дзяўчаты ішлі ў палац — прымяраць пярсцёнак. Тая, якой пярсцёнак прыйдзецца ў самы раз, выйдзе замуж за наследніка прастола. Спачатку з’явіліся прынцэсы, потым герцагіні, маркізы і баранесы. Але як ні сціскалі яны свае пальцы, ні адна з іх
не змагла надзець пярсцёнак. Прыйшлося паклікаць дзяўчат лёгкіх паводзін. Аднак і ў іх, прыгажунь, пальцы былі затоўстыя. Прынц, якому пасля пірага палепшала, сам прымяраў пярсцёнак. Нарэшце дайшла чарга да пакаёвак. Ім таксама не пашанцавала. Тады прынц загадаў прывесці кухарак, пасудніц, пастушак. Але і на іх тоўстыя пальцы, чырвоныя і кароткія, пярсцёнак не лез далей пазногця.
— А ці не паклікаць Асліную Шкуру, якая спякла для мяне пірог днямі? — спытаў прынц.
Усе засмяяліся: яна ж такая неахайная, такая брудная.
— Зараз жа паклічце яе,— загадаў кароль.— He хачу, каб потым казалі, што я камусьці не дазволіў прыйсці.
Са смехам, здзекліва жартуючы, прыдворныя пабеглі па служанку.
Інфанта чула бой барабанаў і крыкі герольдаў. I здагадалася, што прычына гэтага шуму — яе пярсцёнак. Яна пакахала прынца, а паколькі шчырае каханне нясмелае і вольнае ад пыхлівасці, то яна трывожылася: няўжо знойдзецца дама, у якой такі ж маленькі пальчык, як і ў яе? Таму яна вельмі ўзрадавалася, калі па яе прыйшлі і пастукаліся ў дзверы. 3 таго часу, як дазналася яна, што стараюцца знайсці пальчык, на які можна надзець яе пярсцёнак, нейкая надзея прымушала яе доўга і старанна прыбірацца: надзяваць прыгожы срэбны гарсаж і спадніцу, аздобленую ізумрудамі і срэбнымі карункамі.
Пачуўшы, што яе клічуць, яна хуценька накінула на сябе асліную шкуру і адчыніла дзверы. Прыдворныя, крывячыся, як блазны, сказалі, што кароль хоча ажаніць з ёй свайго сына і таму патрабуе, каб яна прыйшла ў палац.
Прынц здзівіўся, убачыўшы дзіўнае ўбранне: няўжо гэта дзяўчына стаяла ў каморцы, велічная і прыгожая? Сумны і разгублены, ён спытаў:
— Гэта вы жывяце на ферме, на трэцім птушыным двары?
— Так, я там служу,— прызналася дзяўчына.
— Пакажыце мне вашу руку,— сказаў прынц, затрымцеўшы, і глыбока ўздыхнуў...
Але каму ж прыйшлося здзівіцца? Здзівіліся кароль і каралева, здзівіліся ўсе камергеры і прыдворныя вяльможы, калі з-пад чорнай і бруднай шкуры працягнулася маленькая ручка, белая, з ружовымі пазногцямі, і пярсцёнак лёгка надзеўся на самы пяшчотны ў свеце пальчык. Інфанта зграбным рухам скінула агідную асліную шкуру і паўстала такой прыгажуняй, што прынц, хоць і быў яшчэ слабы, упаў ёй у ногі і так горача абняў за калені, што яна пачырванела. Але гэтага амаль ніхто не заўважыў, бо кароль і каралева самі пачалі абдымаць яе і спыталі, ці згодна яна выйсці замуж за іх сына. Інфанта, збянтэжаная і ўсхваляваная, не паспела падзякаваць ім за. пяшчоту і ласку, а прынцу — за пылкае каханне. Столь над галавой раптам расчынілася, як дзверы, і чараўніца Сірэні спусцілася да іх на калясніцы, упрыгожанай кветкамі і галінкамі бэзу. I незвычайна міла расказала пра ўсё, што здарылася з інфантай у бацькавым палацы і тут, на мызе, дзе яна даглядала індычак.
Кароль і каралева, усцешаныя тым, што Асліная Шкура — знатная прынцэса, зноў асыпалі яе пахваламі і ласкай. А прынца найболей кранула дабрадзейнасць прынцэсы, і ён пакахаў яшчэ мацней.
Нецярплівы прынц пажадаў у той жа дзень ажаніцца з прынцэсай. I яго ледзь угаварылі адкласці вяселле, каб падрыхтавацца як след да ўрачыстага шлюбу. Кароль і каралева, ачараваныя нявесткай, абдымалі і цалавалі яе як родную. Яна ж сказала, што не можа выйсці замуж за прынца без згоды свайго бацькі. I бацьку яе першаму паслалі запрашэнне, не паведаміўшы аднак, хто нявеста. Аб гэтым папрасіла чараўніца Сірэні, бо заглядвала наперад і ведала, што можа здарыцца. 3 усіх краін прыбылі каралі: адны на насілках, другія ў кабрыялетах, самыя далёкія — на сланах, на тыграх, на арлах. Сярод знатных гасцей вылучаўся бацька інфанты, самы багаты і самы магутны.
На шчасце, ён пазбавіўся свайго дзіўнага кахання і ажаніўся з удавой-каралевай, ад якой у яго не было дзяцей. Інфанта кінулася насустрач бацьку. Ён узрадаваўся, што яна знайшлася, пяшчотна абняў, перш чым яна паспела ўпасці яму ў ногі.
Кароль і каралева прадставілі яму свайго сына, якога ён прыязна прывеціў і адразу ж палюбіў. Вяселле згулялі на славу, багатае, шумнае, пышнае. Малады муж і жонка, праўда, не звярталі ўвагі на ўсю гэту раскошу: яны бачылі адзін аднаго і адзін на аднаго толькі і глядзелі.
Кароль, бацька прынца, у той жа дзень вянчаў яго на царства. Пацалаваў яму руку і пасадзіў на свой трон. Высакародны сын упарціўся, не згаджаўся, але яму прыйшлося падпарадкавацца. Каля трох месяцаў доўжылася свята ў гонар гэтага слаўнага шлюбу. А каханне іх, мужа і жонкі, было такое моцнае, што працягвалася б і да нашых дзён, калі б праз сто гадоў пасля вяселля яны не памерлі.
ПРЫГАЖУНЯ Ў СОННЫМ ЛЕСЕ
Жылі сабе кароль з каралевай, і не было ў іх дзяцей. Так яны сумавалі праз гэта, так сумавалі, што і сказаць няможна. Ужо і ўсе святыя крыніцы на свеце пааб’ездзілі, і маліліся, і бажыліся, і пацеры ўвесь час казалі — чаго толькі не рабілі, а ўсё дарма. Але нарэшце каралева такі зацяжарала і нарадзіла дачку. Хрэсьбіны справілі пышныя. За хросных маці да маленькай прынцэсы паклікалі ўсіх чараўніц, якіх толькі ўдалося знайсці ў каралеўстве (а іх аказалася сем). Бацькам хацелася, каб кожная паводле звычаю, які тады быў у чараўніц, надзяліла іх дачку якім-небудзь дарам і каб прынцэса, такім чынам, мела ўсе найлепшыя якасці, якія сабе можна ўявіць.
Пасля хрэсьбінаў госці ўсёй кампаніяй вярнуліся ў
каралеўскі палац, і там чараўніцам зладзілі вялікі банкет. Перад кожнай паклалі раскошны футарал з чыстага золата, а ў ім ляжалі залатыя лыжка, відэлец і нож, аздобленыя дыяментамі і рубінамі. Калі ўсе сядалі за стол, у залу раптам увайшла старая варажбітка, якую ніхто не запрашаў, бо яна больш за пяцьдзесят гадоў не выходзіла са сваёй вежы і ўсе лічылі, што яна памерла ці ляжыць там зачараваная.
Кароль загадаў прынесці кувэрт і ёй, але залатога футарала больш не знайшлося: іх зрабілі толькі сем — столькі, колькі было запрошана чараўніц. Варажбітка палічыла, што яе зняважылі, і пачала бурчаць скрозь зубы розныя праклёны. Маладая чараўніца, якая сядзела побач, пачула гэтае бурчанне і зразумела, што старая можа наклікаць на прынцэсу якое-небудзь ліха. I таму, калі ўсе ўсталі ад стала, яна адразу адышла ўбок і схавалася за фіранкай, каб гаварыць апошняй і мець такім чынам магчымасць крыху ўхіліць ліха, якое зробіць старая.
Тым часам чараўніцы пачалі надзяляць прынцэсу дарамі. Самая маладая паабяцала, што прынцэса будзе найпрыгажэйшай дзяўчынай ў свеце; другая — што розум у яе будзе светлы, як у анёлка; трэцяя — што яна будзе майстрыха на ўсе рукі; чацвёртая — што яна будзе цудоўна танцаваць; пятая — што голас у яе будзе, як у салавейкі; а шостая — што яна будзе дзівосна граць на самых розных інструментах. Калі ж настала чарга старой варажбіткі, яна, трасучы галавой — не так ад старасці, як ад злосці,— сказала, што прынцэса ўколе руку верацяном і памрэ.
Ад такога страшнага выраку госці аж скалануліся, і ніхто не здолеў стрымаць горкіх слёз. У гэтую хвіліну з-за фіранкі выйша маладая чараўніца і гучна прамовіла: