Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— Калі вы паслухаецеся маёй парады, дык будзеце шчаслівы да канца сваіх дзён. А дзеля гэтага вам трэба зрабіць адно: пайсці да рэчкі і там, дзе я пакажу, залезці ў ваду. Усё астатняе я зраблю сам.
Маркіз дэ Карабас паслухаўся Ката і зрабіў усё, як той яму нараіў, хоць, праўду кажучы, зусім не разумеў, навошта ўсё гэта трэба.
I вось сядзіць ён у вадзе, а побач якраз праязджае кароль. Тут Кот як закрычыць:
— Ратуйце! Ратуйце! Маркіз дэ Карабас топіцца!
Пачуўшы гэтыя крыкі, кароль высунуў галаву з карэты і, пазнаўшы Ката, які столькі разоў насіў яму дзічыну, адразу загадаў сваёй варце хутчэй бегчы і дапамагчы маркізу дэ Карабасу.
Пакуль небараку маркіза выцягвалі з рэчкі, Кот падышоў да карэты і сказаў каралю, што калі яго гаспадар купаўся, нечакана з’явіліся злодзеі і ўкралі ўсё
яго адзенне, хоць ён, Кот, крычаў на ўсю сілу: “Трымай іх! Трымай злодзеяў!” (Адзенне ж хітрун схаваў пад вялікім каменем.)
Кароль адразу загадаў служкам пры сваім гардэробе паехаць і прывезці пану маркізу дэ Карабасу адзін з найлепшых сваіх гарнітураў. Калі маркіз апрануўся, кароль сустрэў яго вельмі ласкава. А таму, што прыгожае адзенне, якое маркізу прывезлі, вельмі яму пасавала (а ён і сам з сябе быў хлопец ладны ды зграбны), то каралеўская дачка адразу яго ўпадабала. I варта было маркізу дэ Карабасу два-тры разы зірнуць на каралеўну з пашанай і трошкі з пяшчотай, як яна закахалася ў яго без памяці.
Кароль запрасіў маркіза ў карэту, і далей яны паехалі разам. Кот вельмі радаваўся, што яго планы пачынаюць спраўджвацца. Ён пабег наперад і, убачыўшы на сенажаці сялян, якія касілі траву, сказаў ім:
— Гэй, людзі добрыя, касцы! Ведайце: калі вы не скажаце каралю, што гэтая сенажаць належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!
Кароль сапраўды спытаў у касцоў, чыю гэта сенажаць яны косяць?
— Маркіза дэ Карабаса,— адказалі яны ўсе хорам, бо Катова пагроза вельмі іх напалохала.
— У вас добрыя землі,— сказаў кароль маркізу дэ Карабасу.
— Але, Ваша Вялікасць,— адказаў маркіз.— Гэтая сенажаць кожны год дае багаты прыбытак.
А Кот усё бег наперадзе. I калі напаткаў жняцоў, сказаў ім:
— Гэй, людзі добрыя, жняцы! Ведайце: калі вы не скажаце, што ўсё гэтае жыта належыць маркізу дэ Карабасу, вас усіх патаўкуць на дробны мак!
Кароль, які праязджаў хвілінай пазней, захацеў даведацца, чыё гэта жыта расце ўздоўж дарогі?
— Маркіза дэ Карабаса,— адказалі жняцы.
I кароль зноў парадаваўся такому адказу разам з маркізам.
А Кот усё бег наперадзе карэты і ўсім, каго ні сус-
тракаў, паўтараў тое самае. Кароль быў вельмі ўражаны вялікім багаццем маркіза дэ Карабаса.
Нарэшце Кот прыбег у раскошны замак, дзе гаспадаром быў Людаед, найбагацейшы з усіх людаедаў у свеце, бо ўсе землі, па якіх праязджаў кароль, былі пад уладаю гэтага замка.
Кот, які загадзя паклапаціўся праведаць, хто такі гэты Людаед і што ён умее рабіць, папрасіў дазволу пагутарыць з ім. Ён сказаў, што не мог прайсці міма замка і не выказаць яго гаспадару пашаны.
Людаед прыняў яго так ветліва, як толькі можа прыняць людаед, і запрасіў садзіцца.
— Мяне запэўнівалі,— раптам сказаў яму Кот,— што вы нібыта здольны ператварыцца ва ўсякіх жывёл, што вы можаце зрабіцца, напрыклад, ільвом ці сланом.
— Гэта праўда,— грубым голасам адказаў Людаед.— I каб ты мог сам убачыць і болей не сумняваўся, я зараз на тваіх вачах абярнуся ў ільва.
Кот так напалохаўся, убачыўшы перад сабой ільва, што стрымгалоў ускараскаўся аж на самы дах, хоць зрабіць гэта было цяжка, дый небяспечна, бо хадзіць у ботах па гонце вельмі нязручна.
Праз хвілінку, калі Людаед набыў свой ранейшы выгляд, Кот спусціўся з даху і прызнаўся, што леў нагнаў на яго добрага страху.
— А яшчэ мне бажыліся,— сказаў Кот,— ды ў гэта я ўжо зусім не веру, быццам вы ўмееце абарочвацца ў самых драбнюткіх звяркоў, і можаце абярнуцца, напрыклад, у пацука ці ў мыш. Але мне, прызнаюся, здаецца, што гэта абсалютна немагчыма.
— Немагчыма? — зароў Людаед.— Зараз пабачыш.
I ў тое ж імгненне ён ператварыўся ў мыш, якая забегала па падлозе. Толькі Кот яе ўбачыў, як адразу кінуўся на яе і з’еў.
Тым часам побач якраз праязджаў кароль. Ён заўважыў раскошны людаедаў замак і захацеў паглядзець яго зблізу.
Кот пачуў грукат карэты, якая ехала па пад’ёмным мосце, выбег насустрач і сказаў каралю:
— Сардэчна запрашаем Вашу Вялікасць у замак маркіза дэ Карабаса!
— Няўжо, пане маркізе?! — крыкнуў кароль.— I гэты замак таксама ваш? Хіба можа быць штось прыгажэйшае за гэты двор і будынкі?! Калі дазволіце, хацелася б зірнуць і на вашыя пакоі.
Маркіз падаў маладой прынцэсе руку, і следам за каралём, які ішоў наперадзе, яны ўвайшлі ў вялікую залу. Там стаяў стол з дзівоснымі стравамі, прыгатаванымі Людаедам сваім сябрам, якія меліся завітаць да яго ў той самы дзень, але не адважыліся, убачыўшы, што ў замак прыехаў кароль.
Кароль быў зачараваны знатнасцю маркіза дэ Карабаса, а яго дачка ад кахання ледзь зусім не страціла розум. I вось, убачыўшы, што маркіз валодае такім вялікім багаццем, кароль праглынуў пяць ці шэсць кубкаў запар і прамовіў:
— А ці не хочаце вы, пане маркізе, быць мне зяцем?
3 нізкім паклонам маркіз падзякаваў каралю за такі вялікі гонар і таго ж дня ажаніўся з прынцэсай. А Кот зажыў вялікім панам і болей ужо не лавіў мышэй. Хіба што зрэдку — дзеля забавы.
ПАПЯЛУШКА
ЦІ КРЫШТАЛЁВЫ ПАНТОФЛІК
Жыў сабе адзін удавец, і вырашыў ён ажаніцца другі раз. Ды ўзяў сабе ў жонкі самую ганарыстую і самую фанабэрыстую кабету ў свеце. Ад першага мужа былі ў той кабеты дзве дачкі, і мелі яны такі самы дрэнны характар, як і іхняя маці. А ў чалавека таксама была дачка, але характару добрага, ласкавага — такога, што і параўнаць няма з чым. Яна пераняла яго ад мацінябожчыцы, найдабрэйшай жанчыны, якую толькі можна сабе ўявіць.
I вось, не паспелі яшчэ згуляць вяселле, як мачаха пачала паказваць свой злы нораў: яна трываць не магла сваёй добрай падчаркі, побач з якой яе дочкі здаваліся яшчэ болей агіднымі. Яна прымусіла бедную дзяўчыну рабіць самую чорную работу ў хаце. Падчарка павінна была мыць падлогу і посуд, прыбіраць у спальнях у мачахі і ў яе дачок, а сама спала ў маленькім пакойчыку на гарышчы, дзе ложкам ёй быў мулкі сяннік. У сёстрыных пакоях падлога была тафлёваная, стаялі модныя ложкі і віселі вялікія люстры, у якіх можна было агледзець сябе з галавы да ног. Але бедная дзяўчына моўчкі цярпела такую несправядлівасць і не адважвалася паскардзіцца бацьку, які за гэта толькі насварыўся б на яе, бо ва ўсім патрафляў новай жонцы.
Калі дзяўчына ўпраўлялася з працай, яна ціхутка сядзела каля агменя ў закутку, у які звычайна змяталі попел. I таму ў хаце яе празвалі Папялдупкай. Праўда, малодшая сястра была не такая шкодная, як старэйшая, і звала яе проста Папялушкай. Але нават у беднай вопратцы Папялушка была сто разоў прыгажэйшая за сваіх раскошна прыбраных сястранак.
Аднойчы сын тамтэйшага караля даваў баль і запрасіў на яго ўсіх знакамітых асоб. Дзвюм нашым паненкам таксама прыйшло запрашэнне, бо ў тых краях іх род належаў да высокага свету. Вось ужо яны ўзрадаваліся! Кінуліся адразу выбіраць найлепшыя гарнітуры, прыдумляць прычоскі, каб выглядаць прыгажэйшымі. Але больш за ўсё клопату выпала зноў Папялушцы: яна прасавала сёстрам бялізну, крухмаліла каўнерыкі і манжэты. А тыя толькі і гаманілі, як ды ўва што прыбяруцца.
— Я,— сказала старэйшая,— надзену чырвоную аксамітную сукенку і накідку з карункамі.
— А я,— сказала малодшая,— буду ў звычайнай сукенцы, але наверх надзену манто з залатымі кветкамі і закалю ў валасы дыяментавую шпільку.
Каб завіць паненкам дробныя кудзеркі, паслалі па найлепшую цырульніцу, у найлепшай краме купілі ім
банты. Нарэшце паклікалі спытаць парады і Папялушку, бо густ у яе быў вельмі добры. Папялушка агледзела сястрыц, шчыра параіла ім, як ды што дзе паправіць лепей, і нават сама ўзялася іх прычасаць, на што сёстры адразу згадзіліся.
Пакуль Папялушка прычэсвала іх, сёстры ў яе пыталіся:
— Папялушка, скажы, а ты была б радая, каб і цябе запрасілі на баль?
— Што вы, паненкі, усё кпіце з мяне. Хіба ж мне туды можна?
— I то праўда. Вось бы пасмяяліся ўсе, каб убачылі, як Папялушка на баль сунецца!
За такія кпіны іншая наўмысна прычасала б іх дрэнна, але ў Папялушкі было добрае сэрца, і яна пастаралася зрабіць сёстрам самыя прыгожыя прычоскі. A сёстры так ужо радаваліся, так радаваліся, што два дні амаль нічога не елі. Ды ўсё роўна, зацягваючы гарсэты, парвалі цэлы тузін шнуроў, пакуль ім удалося надаць трошкі зграбнасці сваім станам. Увесь час яны толькі і круціліся перад люстрам.
Нарэшце радасны дзень настаў, і сёстры выправіліся на баль. Папялушка доўга, як магла, праводзіла іх вачыма, а калі карэта знікла за павароткай, горка заплакала. Хросная ўбачыла, што дзяўчына плача, і спыталася, што здарылася?
— Мне так хацелася б... мне так хацелася б...
Але Папялушка плакала так горка, што не здолела дагаварыць.
Тады хросная, якая была чараўніца, сказала:
— Ты, напэўна, вельмі хочаш на баль?
— Але! Вельмі хачу,— адказала Папялушка і сумна ўздыхнула.
— Ну што ж, калі ты будзеш паслухмяная дзяўчынка,— паабяцала хросная,— то я зраблю, каб ты туды трапіла.
Яна завяла яе ў свой пакой і сказала:
— Ідзі ў сад ды прынясі мне гарбуз.
Папялушка адразу пабегла ў сад, выбрала там
не магла зразумець, як гэты гарбуз можа дапамагчы ёй трапіць на баль?
Хросная тым часам вычысціла гарбуз, пакінуўшы адну лупіну, дакранулася да яго чарадзейнаю палачкай, і гарбуз адразу ператварыўся ў чароўную залачоную карэту.
Потым хросная пайшла да мышынае пасткі, дзе аказалася шэсць мышак. Яна загадала Папялушцы трошкі адчыніць дзверцы, і калі мышы адна за адной пачалі выскокваць, дакраналася да кожнай чарадзейнаю палачкай, і мышы адразу ператвараліся ў коней. Праз хвіліну перад імі стаяў ужо выдатны шасцярык шэрых мышастых коней.
Папялушка заўважыла, што хросная задумалася, з чаго ёй зрабіць фурмана, і сказала:
— Чакайце, пайду я гляну, можа, у вялікую пастку трапіў пацук? 3 яго і зробім фурмана.
— I то праўда,— пагадзілася хросная.— Ідзі зірні.
Папялушка прынесла вялікую пастку. А ў ёй сядзелі тры тлустыя пацукі. Чараўніца выбрала таго, у якога былі даўжэйшыя вусы, дакранулася да яго палачкай, і пацук перавярнуўся ў пузатага фурмана з такімі раскошнымі вусамі, якіх ніхто ніколі не бачыў.