Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Дачок рана паклалі спаць, і ўсе яны ляжалі ў адным вялікім ложку, а на галаве ў кожнай была залатая карона. У пакоі быў яшчэ адзін такі самы ложак, і на ім людаедава жонка паклала спаць семярых хлопчыкаў, а сама пайшла ў спальню да мужа.
Малое Пальчанё ўбачыў, што на людаедавых дочках залатыя кароны, і, баючыся, каб людаед не пера-
думаў ды не прыйшоў зарэзаць яго з братамі пасярод ночы, ціхенька ўстаў, зняў з братоў начныя чапцы і надзеў іх на галовы людаедавым дочкам. А залатыя кароны надзеў на сябе і братоў, каб людаед у цемры ўсё пераблытаў і палічыў іх за сваіх дачок, а сваіх дачок — за хлопцаў, якіх збіраўся зарэзаць.
Усё ўрэшце так і выйшла: апоўначы людаед прачнуўся і пашкадаваў, што адклаў на заўтра тое, што мог бы зрабіць адразу. Ён жвава саскочыў з ложка і, схапіўшы вялізны нож, сказаў:
— Ану, паглядзім, што там робяць нашыя галубочкі. I не будзем болей адцягваць справы.
Навобмацак ён падняўся ў пакой да сваіх дачок і падышоў да ложка, на якім ляжалі хлопчыкі. 3 усіх братоў не спаў толькі Малое Пальчанё. Ён вельмі спалохаўся, калі людаед пачаў абмацваць яго галаву рукой. Але намацаўшы на хлопцах залатыя кароны, людаед падумаў, што гэта ягоныя дочкі, і сказаў:
— Ну і ну! Вось дык штуку я ледзь не ўпароў! Відаць, сапраўды я выпіў учора лішку.
Потым ён падышоў да ложка, на якім ляжалі ягоныя дочкі, і, адчуўшы пад рукой начныя чапцы, крыкнуў:
— Ага! Вось вы дзе, шалапуты! Дык папрацуем жа ў ахвотку!
I з гэтымі словамі ён, не вагаючыся, парэзаў усіх дачок. Вельмі задаволены тым, што зрабіў, ён вярнуўся ў спальню і спакойна лёг спаць побач з жонкай.
Як толькі Малое Пальчанё пачуў, што людаед захроп, ён разбудзіў братоў і загадаў ім хутчэй апранацца і ісці за ім. Яны ціха спусціліся ў сад, пераскочылі цераз мураваную агароджу і кінуліся наўцёкі. Ад страху яны беглі ўсю ноч, самі не ведаючы куды.
А людаед прачнуўся раніцай і сказаў жонцы:
— Ідзі наверх ды прыбяры галубочкаў, што заляцелі да нас учора.
Людаедзіху вельмі здзівіла мужава дабрыня. Яна не здагадвалася, што ён меў на ўвазе, кажучы прыб-
раць гэтых хлопцаў. Яна думала, што ён загадваў добра ды чыста іх апрануць. Добрая кабета паднялася наверх і... аслупянела ад здзіўлення, убачыўшы, што сем яе дачушак ляжаць зарэзаныя ў крыві.
Канечне, яна адразу самлела, бо гэта першае, што робяць амаль усе жанчыны ў такіх выпадках.
Тым часам людаед пачаў непакоіцца, чаму жонка, якой ён даручыў справу, так доўга корпаецца. I ён сам падняўся дапамагчы. Але як жа ён быў здзіўлены, калі ўбачыў такую жахлівую карціну.
— А што ж я нарабіў! — залямантаваў ён.— А гора мне, гора! Ну, паганцы! Вы мне заплаціце за гэта!
Ён плюхнуў жонцы ў твар цэлы збан халоднай вады і, калі яна ачулася, крыкнуў:
— Ану, цягні хутчэй мае сямімільныя боты, я павінен дагнаць гэтых шалахвостаў!
Ён кінуўся ў пагоню, але яшчэ доўга папабегаў ва ўсе бакі, пакуль натрапіў на сцяжыну, па якой ішлі бедныя хлопцы. Яны былі ўсяго за сто крокаў ад сваёй хаты, калі ўбачылі, як людаед бяжыць за імі, пераскокваючы з гары на гару і пераступаючы цераз рэчкі так лёгка, быццам гэта маленькія ручаінкі. На шчасце, зусім побач Малое Пальчанё заўважыў у скале пячору і загадаў братам схавацца. Потым ён залез туды сам і пачаў цікаваць, што будзе рабіць людаед. А людаед, дужа стаміўшыся ад доўгае беганіны (бо той, хто носіць сямімільныя боты, вельмі ад іх стамляецца), захацеў адпачыць. Выпадкова ён сеў якраз на тую самую скалу, пад якой схаваліся хлопчыкі.
Людаед вельмі знямогся і, як толькі сеў, амаль адразу заснуў. Ён так страшэнна захроп, што бедныя хлопцы спалохаліся не менш чым учора, калі ён узяў нож і хацеў іх зарэзаць. Меней за ўсіх напалохаўся Малое Пальчанё. Ён сказаў братам, каб яны, пакуль людаед моцна спіць, хуценька беглі дадому, а пра яго не турбаваліся. Яны паслухаліся яго і неўзабаве былі ўжо дома.
А Малое Пальчанё падкраўся да людаеда, ціхутка сцягнуў з яго боты і хуценька іх надзеў. Боты былі
вельмі вялікія, з вельмі шырокімі халявамі. Але ж яны былі чарадзейныя, і таму маглі павялічвацца ці памяншацца залежна ад таго, хто іх надзяваў. I калі Малое Пальчанё нацягнуў іх сабе на ногі, яны зрабіліся яму ў самы раз, быццам былі на яго пашытыя.
Тады ён пабег да людаедавай хаты і, убачыўшы людаедаву жонку, якая плакала над зарэзанымі дочкамі, сказаў:
— Ваш муж у страшнай небяспецы. Яго схапілі зладзеі, якія пакляліся, што заб’юць яго, калі ён не аддасць усё сваё срэбра і золата. Якраз калі яны падсунулі яму да горла нож, ён заўважыў мяне і папрасіў, каб я хутчэй бег да вас і расказаў пра ўсё, што з ім здарылася. Ён сказаў, каб вы аддалі мне ўсе каштоўнасці і каб нічога сабе не пакідалі, бо іначай яго заб’юць. Гэта трэба зрабіць як мага хутчэй. Таму ён і даў мне свае сямімільныя боты — каб я паспяшаўся і каб вы не падумалі, што я выдумляю.
Кабета вельмі напалохалася і адразу аддала Малому Пальчаню ўсё, што ў яе было. Яна шкадавала людаеда, бо хоць ён і еў маленькіх дзетак, але муж быў вельмі добры. Так Малое Пальчанё завалодаў усімі людаедавымі багаццямі і вярнуўся дадому, дзе яго ўсе чакалі і сустрэлі з вялікай радасцю.
Зрэшты, шмат хто не пагаджаецца з такім канцом гэтай гісторыі. Кажуць, што Малое Пальчанё ніколі не абкрадаў людаеда і што напраўду ён толькі і зрабіў, што зняў з яго сямімільныя боты, якія абуваў потым, толькі каб паганяцца за малымі дзецьмі. Людзі запэўніваюць, што гэта вядома ім з надзейных крыніц і нават ад самога дрывасека, бо яны бывалі ў яго ў хаце, дзе іх частавалі пітвом ды рознымі стравамі. Яны пераконваюць, што, абуўшы людаедавы боты, Малое Пальчанё пайшоў да караля, бо той вельмі непакоіўся за лёс свайго войска, якое паслаў на бітву за дзвесце міль. Кажуць, нібыта ён паабяцаў каралю, што яшчэ завідна прынясе звесткі пра войска, калі на тое будзе каралеўская воля. Кароль вельмі ўзрадаваўся і сказаў, што калі Малое Пальчанё зробіць гэта, яму заплацяць
вялікія грошы. Taro ж вечара Малое Пальчанё прынёс каралю навіны з фронту, і гэты ўчынак прынёс яму такую вядомасць, што цяпер ён мог зарабляць, колькі хацеў: кароль шчодра плаціў яму за тое, што ён насіў загады ягоным войскам, а незлічоныя паненкі не скупіліся на падарункі, каб хутчэй атрымаць вестку ад сваіх каханкаў. I трэба сказаць, што ад жанчын яму даставалася асабліва багата.
Часам, бывала, і некаторыя жонкі прасілі яго занесці ліст мужу. Але плацілі яны за гэта такую дробязь, што за яе і купіць нічога людскага не купіш. I таму Малое Пальчанё ўвогуле нават не лічыў гэта за заробак.
Працуючы пасланцам, Малое Пальчанё добра разбагацеў і, калі вяртаўся ў бацькаву хату, усе яму так радаваліся, што і сказаць немагчыма. Дзякуючы меншаму сыну ў сям’і нарэшце з’явіўся дастатак. Бацьку і братам Малое Пальчанё купіў неўзабаве тытулы ды чыны і добра ўладкаваў іх у жыцці. Дый на сябе Малое Пальчанё таксама не забыўся: ён знайшоў нявесту і, ажаніўшыся з ёю, пачаў жыць-пажываць дый гора не ведаў.
Z’ >Г
3 М Е С Т
ВІЛЬГЕЛЬМ ГАЎФ
Пра каліфа-бусла. Пераклад А. Васілевіч 5
Сказ пра гульдэн з аленем. Пераклад А. Васілевіч 17
Карабель прывідаў. Пераклад У. Ліпскага 36
Адсечаная рука. Пераклад У. Ліпскага 44
Казка пра ўяўнага прынца. Пераклад Я. Хвалея 53
Апавяданне пра Маленькага Мука. Пераклад А. Клышкі 70
Карлік Hoc. Пераклад У. Карызны 87
ЭРНСТ ТЭАДОР АМАДЭЙ ГОФМАН
Кавалер Глюк. Пераклад М. Маляўкі 116
Шчаўкунчык і мышыны кароль. Пераклад В. Гардзея... 127
ШАРЛЬ ПЕРО
Падарункі феі. Пераклад М. Маляўкі 192
Асліная шкура Пераклад М. Маляўкі . 195
Прыгажуня ў сонным лесе. Пераклад Я. Коласа 207
Чырвоны Каптурок. Пераклад Я. Коласа 217
Сіняя Барада. Пераклад Я. Коласа 219
Кот у ботах. Пераклад Я. Коласа 225
Папялушка, ці Крышталёвы пантофлік. Пераклад Я. Коласа 229
Чубаты Рыкэ. Пераклад Я. Коласа 236
Малое Пальчанё. Пераклад Я. Коласа 243
Літаратурна-мастацкае выданне
ГАЎФ ВІЛЬГЕЛЬМ, ГОФМАН ЭРНСТ, ТЭАДОР АМАДЭЙ, ПЕРО ШАРЛЬ
ПРЫГАЖУНЯ Ў сонным ЛЕСЕ
Казкі
Рэдактар Н. А. Грышкова Мастацкі рэдактар 70. Ц. Цярэшчанка Тэхнічны рэдактар Г. Ф. Дуброўская Камп’ютэрны набор Л. А. Макаранка, A. В. Русецкай Камп’ютэрная вёрстка A. В. Русецкай Карэктары Д. Р. Лосік, М. Ч. Пермякова
Падпісана да друку 20.12.2000. Фармат 60*90 /Ів Папера афсетная. Гарнітура школьная. Афсетны друк. Ум. друк. арк. 16,0+0,5 укл. Ул.-выд. арк. 12,44+0,8 укл. Тыраж 3000 экз. Зак. 3094.
Падатковая льгота — Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь АКРБ 007-98, ч. 1;
22.11.20.200
Дзяржаўнае прадпрыемства “Выдавецтва “Юнацтва" Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку. Ліцэнзія ЛВ № 7, 20.12.1997 г. 220600, Мінск, Машэрава, 11.
Надрукавана з арыгінала-макета заказчыка ў друкарні выдавецтва “Беларускі Дом друку”. 220013, Мінск, праспект Ф. Скарыны, 79.
Гаўф В., Гофман Э. Т. А., Перо Ш.
Г 24 Прыгажуня ў сонным лесе. Казкі: Для малод. шк. узросту: /Пер. на бел. мову/ Уклад. У. I. Карызна; Маст. В. С. Сідарава.— Мн.: Юнацтва, 2001.— 254 с.: [4] л. іл.— (Б-ка замежнай дзіцячай літаратуры).
ISBN 985-05-0013-1.
Казкі Вільгельма Гаўфа, Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана, Шарля Перо — любімыя і вядомыя ва ўсім свеце. У гэтым зборніку нашы дзеці прачытаюць іх у перакладзе на беларускую мову.
УДК [830+8401-93(082)
ББК 84(4)
м s