Прыгажуня ў сонным лесе  Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо

Прыгажуня ў сонным лесе

Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
91.3 МБ
— А гэта вось табе ключы,— дадаў ён.— Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя — да залатога і срэбнага посуду, што ставяць на стол толькі на святы, гэтыя — да куфраў з залатымі і срэбнымі манетамі, гэтыя — да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчыніць усе пакоі ў палацы. I вось яшчэ маленькі ключык — да каморкі на ніжнім паверсе, у самым канцы вялікага калідора. Можаш хадзіць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзіць я строга забараняю. Забараняю так, што калі гэта здарыцца, ты павінна любой бяды чакаць ад майго гневу.
Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сіняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту і пакаціў.
Суседкі і сяброўкі вырашылі не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросіць іх у госці, а ўсе прыйшлі самі — так ім карцела паглядзець на багацці, якіх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баяліся да яе прыходзіць, бо іх вельмі палохала яго сіняя барада. А цяпер усе адразу кінуліся аглядаць пакоі, каморы ды гардэробы, і чым далей, тым болей захаплялі-
ся іх хараством і багаццем. Калі ж яны зайшлі ў кладоўкі, іх захапленню зусім не стала ні краю ні берагу — чаго там толькі не было: і раскошныя дываны, і пышныя ложкі, і канапы, і шафы, і столікі, і сталы, і люстры, у якіх можна бачыць сябе з галавы да пят,— адны ў каляровых шкляных рамах, другія ў срэбных, трэція ў залачоных, і ўсе такія дзівосныя і такія прыгожыя, што такіх у жыцці ніхто ніколі не бачыў. Суседкі і сяброўкі безупынку хвалілі маладую гаспадыню і вельмі зайздросцілі яе шчасцю. А дзяўчыну зусім не цешылі ўсе гэтыя скарбы: ёй рупіла хутчэй пайсці і адчыніць каморку ўнізе, у канцы калідора.
Цікаўнасць настолькі апанавала яе, што яна і не падумала, як няветліва кідаць гасцей адных, і цішком пабегла ўніз па маленькай патаемнай лесвіцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе на скруціла. Каля дзвярэй у каморку яна спынілася і раптам успомніла, што муж забараніў у яе ўваходзіць. “Ах! — падумала яна.— Будзе мне ліханька, што я не паслухалася.” Але спакуса была такая вялікая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык і дрыготкай рукой адчыніла дзверы ў каморку.
Спачатку яна нічога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былі зачыненыя. Але праз хвіліну яна заўважыла, што ўся падлога заліта спечанаю крывёй і ў гэтай крыві адбіваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў,— гэта былі жанчыны, з якімі Сіняя Барада спачатку жаніўся, а потым забіваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, і ключык, які яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукі.
Калі ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачыніла дзверы і паднялася да сябе ў пакой, каб трошкі ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоіцца ёй ніяк не ўдавалася.
Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крыві. Яна паспрабавала яго абцерці — і раз, і другі, і трэці, але кроў не адставала. Яна яго і мыла, і нават церла пяском і жвірам, а кроў усё роўна заставалася.
Ключык быў чарадзейны, і адчысціць яго было немагчыма: абатрэш кроў з аднаго боку, а яна выступае з другога.
Таго ж вечара вярнуўся з вандроўкі Сіняя Барада. Ён сказаў жонцы, што па дарозе атрымаў ліст, у якім яму паведамлялі, што справа, дзеля якой ён ехаў, вырашылася на яго карысць. Жонка ўсімі спосабамі старалася паказаць, як радуецца, што ён так хутка вярнуўся.
Назаўтра ён папрасіў у жонкі ключы. I калі яна іх аддавала, рукі ў яе так калаціліся, што Сіняя Барада адразу здагадаўся пра ўсё, што здарылася.
— Чаму гэта,— спытаў ён,— разам з іншымі няма ключыка ад каморкі?
— Я, напэўна, пакінула яго наверсе, у сябе ў пакоі на стале,— адказала яна.
— Прынясі мне яго,— сказаў Сіняя Барада,— і хутчэй.
Пасля розных адцяжак ды адгаворак, ключык давялося-такі аддаваць. Сіняя Барада агледзеў яго і сказаў:
— Адкуль гэта на ключы кроў?
— He ведаю,— адказала няшчасная жанчына і спалатнела як нежывая.
— Ты не ведаеш?! — перапытаў Сіняя Барада.— Ну, дык я ведаю! Ты хацела ўвайсці ў каморку! Што ж, добра. Ты ўвойдзеш туды — і зоймеш сваё месца побач з іншымі жанчынамі, якіх ты там бачыла.
Яна кінулася мужу ў ногі, пачала плакаць, прасіць прабачэння і, па ўсім відаць, шчыра раскайвалася, што была такая непаслухмяная. Здаецца, нават камень расчуліўся б ад маленняў такой прыгажуні. Але ў Сіняе Барады сэрца было чарсцвейшае за камень.
— Ты павінна памерці,— прамовіў ён,—і зараз жа!
— Калі ўжо я павінна памерці,— сказала жонка, гледзячы на яго вачыма, поўнымі слёз — дык дай мне хоць трошкі часу памаліцца Богу.
— Даю табе паўчвэрткі гадзіны,— адказаў Сіняя Барада,— і ні хвіліны болей.
Калі ён пайшоў і бедная жанчына засталася адна, яна паклікала сваю сястру і сказала ёй:
— Сястра мая Ганна (а так яе звалі), прашу цябе, падыміся на вежу ды паглядзі, ці не едуць нашыя браты, яны абяцалі сёння завітаць да мяне ў госці. Калі іх убачыш, дай ім знак, каб яны паспяшаліся.
Сястра Ганна паднялася на вежу, а нябога ў вялікім смутку час ад часу гукала яе:
— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
А сястра Ганна адказвала:
— He відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.
Тым часам Сіняя Барада схапіў вялізны нож і крыкнуў на ўсё горла:
— Ану, спускайся хутчэй, ці зараз я сам да цябе падымуся!
— Зараз, зараз, калі ласка, яшчэ хвілінку,— адказала жонка і зноўку ледзь чутна гукнула:
— Ганна, сяста мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
А сястра Ганна адказвала:
— He відаць нічога, толькі сонейка яснее, толькі траўка зелянее.
— Ану, спускайся хутчэй,— крыкнуў Сіняя Барада,— ці зараз я сам да цябе падымуся!
— Ужо іду,— адказала жонка, а сама зноў гукнула сястру:
— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
— Бачу, бачу! — адказала сястра Ганна.— Вялізны слуп пылу! Ён набліжаецца да нас...
— Ці не нашыя гэта браты?
— Ах, сястра мая, на жаль, не, гэта статак бараноў...
Ці спусцішся ты нарэшце? — крыкнуў Сіняя Барада.
— Яшчэ адну хвілінку,— адказала жонка і зноў гукнула сястру:— Ганна, сястра мая Ганна, ці не відаць, каб хтось ехаў?
— Бачу,— адказала тая,— два коннікі скачуць сюды, але яны яшчэ вельмі далёка.
I праз хвіліну дадала:
— Дзякуй Богу, гэта нашыя браты! Зараз я дам ім знак, каб яны паспяшаліся.
Тут Сіняя Барада закрычаў так моцна, што ўвесь палац скалануўся. Нябога выйшла да мужа і ў слязах, з раскудлачанымі валасамі, кінулася яму ў ногі.
— Усё дарма,— сказаў Сіняя Барада.— Настаў твой смяротны час!
Ён ухапіў яе адной рукою за валасы, другой падняў свой страшны кухонны нож і ўжо мерыўся быў адсячы ёй галаву... Бедная кабета зірнула на мужа змярцвелымі вачыма і апошні раз папрасіла:
— Дай мне яшчэ хоць адно імгненне.
— He, не! — адказаў ён.— Бог за цябе памоліцца.
Ён падняў руку і...
У гэтую хвіліну пачуўся такі моцны грукат у браму, што ад нечаканасці Сіняя Барада спыніўся. Брама не вытрымала, расчынілася, і на двор уляцелі два коннікі. Яны адразу выхапілі шпагі і кінуліся да Сіняе Барады.
Убачыўшы братоў сваёй жонкі — а з іх адзін быў драгун, а другі мушкецёр,— Сіняя Барада кінуўся наўцёкі. Але браты дагналі яго раней, чым ён паспеў узбегчы на ганак. Яны працялі яго наскрозь шпагамі і кінулі паміраць. Бедная жонка Сіняе Барады была і сама ледзь жывая, у яе не было сілы нават падняцца і абняць сваіх ратаўнікоў.
Сталася так, што ў Сіняе Барады зусім не было спадкаемцаў, і ўсе яго скарбы засталіся ягонай жонцы. Адну частку мужавага багацця яна выкарыстала, каб выдаць сястру Ганну за маладога пана, які быў даўно ў яе закаханы; на другую — купіла братам капітанскія чыны, а за астатняе — сама згуляла вяселле з вельмі сумленным і добрым чалавекам, з якім хутка забылася на ўсё гора, што ёй давялося перажыць з Сіняю Барадой.
KOT У БОТАХ
Памёр адзін млынар і пакінуў сваім тром сынам толькі млын, асла ды ката. Спадчыну дзялілі нядоўга; нават суддзю з падсудкам не клікалі, бо з гэтымі, вядома, нічога не засталося б ад такога небагатага набытку. Старэйшы брат узяў сабе млын, сярэдні — асла, а малодшаму дастаўся кот.
Вельмі смуткаваў малодшы брат, што выпаў яму такі горкі лёс.
— Добра маім братам,— казаў ён.— Калі будуць жыць разам, дык і на хлеб змогуць сабе зарабіць. A я — з’ем свайго ката, зраблю з яго скуры рукавіцы, a потым — хоць ты з голаду пухні.
Пачуў Кот гэтыя словы, але выгляду не падаў. I сказаў такім разважным і сур’ёзным голасам:
— He журыцеся, мой гаспадару, дайце мне лепей якую торбу ды купіце боты — каб мне было ў чым лазіць па кустах. А тады ўбачыце, што не такая ўжо благая вам выпала доля, як здаецца.
Хлопец, вядома, не даў Катовым словам вялікае веры. Але й не збезнадзеіўся, бо хто яго ведае, можа, і праўда, Кот дасць яму якое рады ў няшчасці. Хлопец часта бачыў, як спрытна Кот лавіў пацукоў і мышэй: то павісаў на адных лапах, то хаваўся ў муцэ ды прыкідваўся мёртвым.
Неўзабаве Кот атрымаў усё, чаго прасіў. Ён адразу хвацка нацягнуў боты, закінуў за плечы торбу і, узяўшы яе абедзвюма пярэднімі лапамі за матуз, рушыў у лес, дзе вадзілася многа трусоў. У торбу ён насыпаў вотруб’я, заечай капусты, а сам лёг на зямлі і, удаўшыся за мёртвага, пачаў чакаць, калі якое трусяня, не надта яшчэ абазначанае ва ўсякіх хітрасцях свету, залезе ў торбу, каб пачаставацца пакладзенымі туды ласункамі.
I толькі паспеў ён легчы, як адразу з радасцю ўбачыў, што нейкае легкадумнае трусяня ўжо капошыцца ў торбе. Кот, не марудзячы, зашморгнуў матуз, схапіў труса і бязлітасна яго забіў.
Горды здабычай, ён рушыў да караля і папрасіў мовіць перад ім слова. Ката пусцілі ў пакоі Яго Вялікасці. Увайшоўшы, Кот нізка пакланіўся каралю і сказаў:
— Вашамосць, гэтага труса мне даручыў паднесці вам ад свайго імя пан Маркіз дэ Карабас (такое імя яму ўздумалася даць свайму гаспадару).
— Ну што ж,— адказаў кароль,— скажы свайму гаспадару, што я яму дзякую і вельмі рады яго падарунку.
Другі раз Кот схаваўся ў жыце і зноў разгарнуў сваю торбу, а калі ў яе ўлезлі дзве курапаткі, зацягнуў матуз і злавіў абедзвюх. Потым, як і труса, ён занёс курапатак да караля. Кароль прыняў падарунак ізноў з вялікім задавальненнем і загадаў даць Кату гасцінца.
Так два ці тры месяцы Кот насіў каралю дзічыну, упаляваную нібыта яго гаспадаром. I аднойчы даведаўся, што кароль са сваёй дачкой, найпрыгажэйшаю прынцэсаю ў свеце, збіраецца выправіцца на шпацыр па беразе рэчкі. Вось і кажа ён свайму гаспадару: