Прыгажуня ў сонным лесе
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман, Вільгельм Гаўф, Шарль Перо
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 254с.
Мінск 2001
Бібліятэка замежнай дзіцячай літаратуры
В. ГАЎФ, Э. Т. А. ГОФМАН, Ш. ПЕРО
ПРЫГАЖУНЯ Ў сонным ЛЕСЕ
К а з к і
Мінск “Юнацтва” 2001
УДК [830+840]-93(082)
ББК 84(4)
Г 24
Серыя заснавана ў 1992 годзе
Пераклад на беларускую мову
Укладальнік У. I. КАРЫЗНА
Мастак В. С. СІДАРАВА
Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту
Рэдакцыйны савет: Міхась Зарэмба, Уладзімір Карызна, Алесь Камароўскі, Валерый Славук, Іван Чарота.
© УП “Выдавецтва “Юнацтва”, пераклад. 2001
© Карызна У. I., укладанне. 2001
© Сідарава В. С., афармленне. 2001
В. ГАУФ
ПРА КАЛІФА-БУСЛА
I
Каліф Фасад з Багдада аднойчы пад вечар раскашаваў у сябе на канапе; ён крыху прадрымаў, бо дзень выдаўся надта ж спякотны, і зараз, ачнуўшыся, адчуваў сябе асабліва ў добрым настроі. Ён курыў доўгую, з ружовага дрэва люльку, час ад часу адпіваў па глытку кавы, якую наліваў яму раб, і кожны раз, смакуючы напой, задаволена пагладжваў бараду. Адным словам — настрой у каліфа быў выдатны. Менавіта ў гэты час ён бываў памяркоўным, змякчэлым і найболей літасцівым; таму яго вялікі візір Мансор і з’яўляўся да каліфа штодня якраз у гэту пару. Зараз ён таксама прыйшоў, але быў не такі, як звычайна, а нечым заклапочаны. Каліф на момант дастаў люльку з рота і прамовіў:
— Чаму ў цябе такі заклапочаны выгляд, вялікі візір?
Той скрыжаваў рукі на грудзях і з паклонам адказаў свайму валадару:
— Валадар мой! Я не ведаю, ці заклапочаны ў мяне выгляд, але ўнізе перад палацам стаіць разносчык з такімі дзівоснымі рэчамі, што бярэ прыкрасць, чаму ў мяне няма дастаткова грошай.
Каліф, якому даўно ўжо хацелася чым-небудзь усцешыць свайго вялікага візіра, паслаў чорнага раба ўніз па разносчыка. Неўзабаве раб вярнуўся з разносчыкам. Той быў вельмі малога росту, тоўсты, смуглы тварам і апрануты ў страшэннае рыззё. Аднак ён меў пры сабе ладны куфэрак, у якім чаго толькі не было — жэмчуг і залатыя пярсцёнкі, багата аздобленыя пісталеты, келіхі і грэбні! Каліф з візіром усё перагледзелі, і каліф, нарэшце, купіў сабе і візіру Мансору прыгожыя пісталеты, а жонцы сваёй — грэбень. Калі разносчык захацеў ужо замкнуць куфэрак, каліф заўважыў у ім яшчэ адну скрыначку і спытаў, ці няма там яшчэ чаго цікавага. Разносчык адчыніў скрыначку і дастаў табакерку з парашком цемнага колеру і паперу з дзіўнымі пісьмёнамі, якіх не здольныя былі прачытаць ні каліф, ні вялікі візір Мансор.
— Мне даў іх адзін купец,— сказаў разносчык,— ён знайшоў іх на вуліцы Меккі. Я не ведаю, што яны азначаюць, і вам прадам іх вельмі танна, бо самому мне яны зусім не патрэбныя.
Каліф, які любіў збіраць у сваю бібліятэку старадаўнія манускрыпты, хоць і не ўмеў чытаць іх, купіў рукапіс і табакерку і адправіў разносчыка.
Аднак каліфу ўсё ж вельмі захацелася даведацца, пра што гаварылася ў тых пісьмёнах, і ён спытаў у візіра, ці не ведае той, хто б здольны быў разабраць іх.
— Міласцівы валадар мой,— адказаў візір,— пры вялікай мячэці пражывае чалавек, якога завуць Прамудры Селім, ён ведае ўсе мовы. Загадай паклікаць яго, магчыма, ён растлумачыць гэтыя таямнічыя запісы.
Неўзабаве Прамудрага Селіма прывялі да каліфа.
— Селім,— звярнуўся да яго каліф,— кажуць, што ты вялікі мудрэц... Паглядзі, што тут напісана на гэ-
тай паперы. Калі разбярэш, то атрымаеш ад мяне новую святочную адзежу, а калі не разбярэш — атрымаеш тузін аплявух і два тузіны ўдараў па пятках за тое, што дарэмна завешся Прамудрым.
Селім пакланіўся і сказаў:
— Няхай будзе воля твая, валадар мой!
Доўга ўглядаўся, разглядаў ён дзіўныя пісьмёны і раптам закрычаў:
— О, валадар мой! Няхай мяне павесяць, калі гэта напісана не па-латыні!
— Скажы тады, што ж там напісана, калі гэта латынь,— загадаў каліф.
Селім узяўся перакладаць: “Чалавек, які знайшоў гэта, няхай жа будзе ўдзячны Алаху за яго міласць! Хто панюхае парашок з гэтае табакеркі і пры гэтым вымавіць слова “мутабор”, той здолее зрабіцца любым зверам і будзе таксама разумець мову звяроў. Калі ж ён захоча зноў вярнуць сабе чалавечае аблічча, няхай тройчы паклоніцца на ўсход і вымавіць тое ж самае слова “мутабор”. Аднак, зрабіўшыся зверам, асцерагайся смяяцца, інакш чароўнае слова назаўжды знікне ў цябе з памяці, і ты застанешся зверам”.
Калі Прамудры Селім скончыў чытанне, захапленню каліфа не было межаў. Ён прымусіў мудраца прысягнуць, што той нікому не выдасць гэтай тайны, падарыў яму прыгожую дарагую адзежу і адправіў яго.
Затым каліф звярнуўся да свайго візіра:
— Вось ужо сапраўды ўдалая купля, Мансор. Вось ужо будзе цікава апынуцца зверам! Прыходзь заўтра зранку да мяне, і мы разам накіруемся ў поле. Панюхаем крыхалінку з мае табакеркі і паслухаем, пра што гаворыцца ў паветры, у лесе, у полі!
II
Наступнай раніцай, каліф не паспеў яшчэ паснедаць і апрануцца, як ужо з’явіўся — па яго загаду — вялікі візір, каб суправаджаць каліфа на прагулцы.
Каліф заткнуў за пояс табакерку з чароўным пара-
шком і, загадаўшы свіце не суправаджаць яго, удваіх з вялікім візіром накіраваўся ў дарогу. Спачатку яны пайшлі неабсяжнымі каліфавымі садамі, але дарэмна шукалі яны там якіх-небудзь жывых істот, каб паспрабаваць свой фокус. Тады вялікі візір прапанаваў пайсці да сажалкі, дзе — ён ведаў — вадзілася мноства птушак, а найболей буслоў, якія звярталі на сябе ўвагу спаважнасцю паводзін і, як дрыўляным усё роўна, клёкатам.
Каліф згадзіўся на гэтую прапанову візіра, і яны скіравалі да сажалкі. Там і сапраўды яны ўбачылі бусла, які спаважна крочыў сюд-туд, адшукваў жаб і ўсё нешта трашчаў дзюбаю. У гэты ж час яны ўбачылі і другога бусла, які ляцеў да таго ж самага месца.
— Гатовы сваёй барадой пабіцца аб заклад, літасцівы валадар мой,— сказаў вялікі візір,— што зараз двое гэтых даўганогіх распачнуць між сабою цікавую гамонку. Што, калі б нам самім зрабіцца бусламі?
— Разумна ты прыдумаў,— адказаў каліф,— але спярша нам трэба нагадаць, як зноў зрабіцца людзьмі... Значыць так — тры разы пакланіцца на ўсход і сказаць: “мутабор”, і тады я зноў буду каліфам. Але толькі, барані нас Алах, каб не засмяяцца, бо тады мы загінулі!
Пакуль каліф казаў гэта, другі бусел пакружыў у іх над галовамі і спусціўся на зямлю. Каліф хуценька дастаў з-за пояса табакерку, добра нюхнуў з яе і працягнуў вялікаму візіру. Той таксама нюхнуў з табакеркі, і абодва ў адзін голас закрычалі: “Мутабор!”
I ў той жа момант ногі ў іх дзіўна сціснуліся і зрабіліся тонкімі і чырвонымі; прыгожыя пантофлі каліфа і яго спадарожніка ператварыліся ў няўклюдныя бусліныя лапы, рукі — у крыллі, шыі выцягнуліся і сталі ў локаць даўжынёй, зніклі бароды, а цела нібы абрасло мяккім пер’ем...
— А някепская ў вас дзюба, вялікі візір,— усклікнуў, адолеўшы нечуванае здзіўленне, каліф.— Клянуся барадою прарока, я ў жыцці нічога падобнага не бачыў!
— Шчыра дзякую,— з паклонам адказваў вялікі візір,— адважуся заўважыць, што і вашай вялікасці больш да твару быць буслом, чым каліфам... Аднак, ці не заўгодна будзе вам пайсці і паслухаць нашых пабрацімаў і даведацца, ці сапраўды мы зразумеем іх бусліную мову.
Тым часам другі бусел паспеў спусціцца на зямлю, — ён пачысціў сабе дзюбаю ногі, абгладзіў пер’е і накіраваўся да першага бусла. Абодва наваяўленыя буслы паспяшаліся падступіцца да іх бліжэй і, бясконца дзівячыся, вось якую пачулі гаворку:
— Добрай раніцы, пані Даўганогая! 3 самага ранку вы ўжо шчыруеце?
— Дзякуй, пані Трашчотка! Я сапраўды ўжо нарыхтавала сабе сняданак. Ці не заўгодна будзе вам пасмакаваць чвярцінку яшчаркі, ці сцягенца жабы?
— Сардэчна ўдзячная вам, ды штосьці ў мяне зусім няма апетыту. Ды і сюды на луг з’явілася я зусім па іншай патрэбе. У бацькі майго сёння будуць госці, і мне давядзецца танцаваць перад імі, вось я і хачу папярэдне парэпеціраваць, падрыхтавацца.
I маладая бусліха пайшла крочыць па лузе, пайшла выкідваць розныя коленцы. Каліф і Мансор у здзіўленні пазіралі ёй услед, а калі бусліха спынілася ў грацыёзнай паставе на адной назе і пачала велічна размахваць крыламі, яны не здолелі стрымацца і з іхніх дзюбаў вырваўся такі рогат, што яны ледзь адолелі яго. Каліф першы спыніўся рагатаць.
— Такое пацехі нідзе ні за якія грошы не купіш! — ледзь аддыхаўся ён.— Шкада толькі, што гэтыя дурныя птушкі напалохаліся нашага рогату, a то яны, можа, яшчэ і заспявалі б нам!..
Але тут вялікаму візіру раптам прыйшло да галавы, што рагатаць жа ім, калі яны самі ператварыліся ў птушак, не дазволена. I ён спалохана нагадаў пра гэта каліфу.
— Клянуся Меккай і Медынай, нічога б сабе была
пацеха, калі б мне раптам давялося застацца буслом,— азваўся каліф.— Ану, прыгадай тое дурное слова — у мяне яно зусім вылецела з галавы...
— Нам трэба тройчы пакланіцца на ўсход і пры гэтым вымавіць: му-му-му...
Яны павярнуліся на ўсход і пачалі абодва кланяцца, ледзь не б’ючыся дзюбамі да зямлі. Але дарэмна! — чароўнае слова, як ветрам, выдзьмула з іх памяці, і колькі не кланяўся каліф, колькі яго візір пры гэтым не паўтараў у адчаі: му-му-му, слова знікла, і небарака разам са сваім візіром, як былі, так і засталіся бусламі.
III
Самотна цягліся зачараваны каліф і яго візір палеткамі, не ўмеючы даць рады свайму няшчасцю. Скінуць з сябе буслінае аблічча яны не здолелі; вярнуцца назад у горад, каб назвацца, хто яны, таксама было немагчыма: бо хто б гэта паверыў буслу, што ён каліф? А калі б нават хто і паверыў, дык хіба жыхары Багдада захацелі б мець сабе за каліфа бусла?
Так яны бадзяліся многа дзён, абы-як харчуючы сябе травою, злакамі, якія ніяк не здолелі жаваць сваімі доўгімі дзюбамі. Яшчаркі ж і жабы выклікалі ў іх агіду, да таго ж ад такіх ласункаў яны баяліся сапсаваць сабе страўнікі. Адзінай уцехай была цяпер іх здольнасць лятаць, і яны неаднойчы кружылі над дахамі Багдада, назіраючы, што там адбывалася.
У першыя дні яны заўважылі на вуліцах вялікую трывогу і смутак. Але недзе на чацвёрты ўжо дзень пасля свайго ператварэння сядзелі яны на даху ў палацы каліфа, як раптам убачылі ўнізе пышнае шэсце па вуліцы; гучалі трубы і барабаны, на шыкоўна ўпрыгожаным кані сядзеў чалавек у пунсовым, затканым золатам каптане. Яго абступала гэтакая ж, уся ў бляску, світа, і палова Багдада бегла за ім услед, і ўсе крычалі: “Слава табе, Міцра! Валадар Багдада!”